Малако — прыватнае, iнтарэс — дзяржаўны
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
У трыццацiгадовым узросце сям’я Еўтушэнкаў памяняла горад на Няве, паўночную сталiцу Расii, на вёску Навасёлкi ў беларускай глыбiнцы. У абодвух па тых часах была добрая зарплата, праз два гады павiнны былi атрымаць кватэру, падрастаў сын.
Але iм, вяскоўцам па паходжанню (Уладзiмiр родам з Чарнiгаўшчыны, Алена — з Гомельшчыны) усё чагосьцi не хапала, i калi зразумелi, што сумуюць якраз па прыродзе, па вясковай гаспадарцы, па ўласнаму падворку, вырашылi: вернемся. На Украiну цi Беларусь. Сiнявокая Беларусь украiнца Уладзiмiра Еўтушэнку прывабiла больш. Чым? Як патлумачыў ён мне, лясамi, грыбамi ды i наогул лепшым, чым дзе пасля распаду Савецкага Саюза, жыццём. Так у 1993 годзе яны апынулiся ў Цiхiнiчах, дзе пасялiлiся ў доме бабулi — Алены Iванаўны — якая памерла. Адрамантавалi на свой манер жыллё, завялi гаспадарку — карову, качак, пар-сюкоў, курэй. Карова спачатку была адна, затым — дзве, а тры гады таму iх стала пяць. I зараз столькi ж. Догляд жывёлы клопатны, патрабуе шмат работы, i без адданасцi справе, калi хочаш дабiцца пэўных поспехаў, тут не абысцiся. Ды Еўтушэнкам да працы не прывыкаць... Таму цалкам заканамерна, што сярод малаказдатчыкаў раёна яны заўсёды ў лiдарах. Па вынiках работы за трэцi квартал Еўтушэнкi занялi першае месца i атрымалi прэмiю ў памеры чатырох базавых велiчынь. А з пачатку гэтага года яны прадалi дзяржаве 23 тоны малака. — У летнi час за суткi я надойваю 120—130 кiлаграмаў малака, — гаворыць Алена Iванаўна, а вось у гэтыя днi — 45—50. Яе дапаўняе Уладзiмiр Мiкалаевiч: — Вядома, уласная гаспадарка дае нядрэнны прыбытак. Без яе, хоць мы з Аленай Iванаўнай працуем (яна — сацыяльным работнiкам, я — рабочым комплекснай брыгады каледжа), не змаглi б набыць легкавушку, iншыя рэчы. Наогул хачу сказаць, што калi мець здароўе ды ахвоту працаваць, можна, асаблiва ў нашым раёне, нядрэнна зарабiць. На тых жа каровах. — Праўду кажа Уладзiмiр Мiкалаевiч, — гаворыць старшыня Цiхiнiцкага сельскага Савета Галiна Серабро. — Узяць хоць бы нашу зямлячку Нiну Зыкаву, якая, дарэчы, у раённым спаборнiцтве сярод здатчыкаў малака па вынiках работы за трэцi квартал iдзе следам за Еўтушэнкамi. Сёлета яна здала дзяржаве больш за пятнаццаць тон, а летась наогул дваццаць чатыры. Не трэба забываць таксама, што людзi атрымлiваюць грошы i за здадзены прыплод — цялушак i бычкоў. Старшыня Рагачоўскага райсавета дэпутатаў Мiкалай Кожанаў i галоўны iнспектар па закупках i якасцi сельскагаспадарчых прадуктаў Анатоль Фiлiпаў расказалi, што ў тым жа Цiхiнiцкiм сельсавеце пяць кароў на сваiм падворку трымае сям’я Марыi Крывашэевай, чатыры — Наталлi Наўгародскай i тры — Тамары Гаянковай. Рагачоўшчына ўжо тры гады з’яўляецца лiдарам у вобласцi па закупках малака з асабiстых падворкаў. «Дзякуючы чаму?» — спытаў я ў старшынi райсавета дэпутатаў Мiкалая Кожанава i атрымаў адказ: дзейнiчае не адзiн нейкi фактар, а цэлая сiстэма. Чатыры гады таму яе не было, i таму ў работу ўключылiся ўсёй грамадой. Накiрунак быў наступны: гэтым пытаннем трэба больш канкрэтна займацца не толькi старшыням сельвыканкамаў, але i кiраўнiкам гаспадарак i мясцовага малочна-кансервавага камбiната, куды яно будзе паступаць. Безумоўна, не павiнны застацца ўбаку i раённыя службы... Сельвыканкамы арганiзоўваюць заключэнне дагавораў i збор малака па населеных пунктах, падводзяць вынiкi спаборнiцтва. Прадпрыемствы аграрнага сектара, апрача гэтага, робяць аплату здатчыкам малака, забяспечваюць iх сенакосамi i пашамi, дапамагаюць па лячэнню жывёлы, калi ў гэтым ёсць патрэба. Малочна-кансервавы камбiнат набывае халадзiльную тэхнiку i iнвентар для збору малака i вызначэння яго якасцi, дастаўляе прадукт на прадпрыемства, рыхтуе лабарантаў, аплачвае прадпрыемствам i гаспадаркам расходы за збор малака, прэмiруе лепшых здатчыкаў па вынiках года. Адпаведныя службы райвыканкама — упраўленне сельскай гаспадаркi i харчавання i аддзел эканомiкi i рыначных адносiнаў трымаюць на кантролi заключэнне дагавораў, iх выкананне, своечасовасць разлiкаў, падсумоўваюць вынiкi закупак малака за кожныя месяц i квартал, а таксама за год. Што важна — кожны дзень зводкi паставак малака ад насельнiцтва кладуцца на стол старшынь райвыканкама i райсавета дэпутатаў Вiктара Банчука i Мiкалая Кожанава. — Умовамi спаборнiцтва прадугледжаны не толькi колькасныя, але i якасныя паказчыкi. — А без гэтага нiяк нельга, i тут справу на самацёк мы не пускаем, — гаворыць Мiкалай Кажанаў. — Як i тое, каб клапацiцца аб дапамозе насельнiцтву ў забеспячэннi жывёлы кармамi, арганiзацыi пашаў, набыццi па заяўках гаспадарак i сельскiх Саветаў мыйных сродкаў, фiльтруючых матэрыялаў, рэактываў i лабараторных прыбораў для вызначэння параметраў малака (тлушчу, шчыльнасцi), iншых рэчаў, звязаных з яго зборам. Трывогу выклiкае той факт, што колькасць жывёлы ў прыватным сектары пастаянна знiжаецца на 5—7 працэнтаў У той жа час, асобныя падворкi ўтрымлiваюць па тры—пяць кароў. I вось тут узнiкае пытанне: а чаму б не паспрабаваць дапамагчы набыць жывёлу тым жыхарам вёскi, якiя хочуць яе мець, ды не маюць на гэта грошай. Тут, напэўна, можна было б задзейнiчаць i крэдыты, i iншыя сродкi фiнансавання. Акрамя таго, здатчыкi малака ўпэўнены, што сёння закупачныя цэны на яго нiзкiя. Ёсць i iншыя праблемы, якiя неабходна вырашаць у маштабах рэспублiкi. Тады i пашырыцца малочны паток з асабiстых падсобных гаспадарак насельнiцтва.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У трыццацiгадовым узросце сям’я Еўтушэнкаў памяняла горад на Няве, паўночную сталiцу Расii, на вёску Навасёлкi ў беларускай глыбiнцы |
|