Каэфіцыент карыснага дзеянняЗВЫЧАЙНЫЯ КЛОПАТЫ Сёння сустрэць у электрычцы цыганят — не дзiва. Не стала выключэннем i мая паездка ў Асiповiчы. За некалькi прыпынкаў да горада ў вагон заскочылi два хлопчыкi (на выгляд — гадкоў шасцi). Худзенькiя, мурзатыя, у паношанай (бачна, што з чужога пляча) вопратцы, а вочкi хiтраватыя, так i «страляюць» па баках, выбiраючы сярод пасажыраў найбольш добразычлiвых i падатлiвых.НАВОШТА ЦЫГАНУ ПРАПIСКА? У Асiповiцкiм раёне сапраўды жывуць цыганы. Яны аблюбавалi населены пункт Верайцы, што на тэрыторыi Пратасевiцкага сельсавета, побач з чыгункай. — Мясцовую прапiску мае толькi адна iх сям’я, — расказвае старшыня сельскага Савета Васiль Дрозд. — Астатнiя самавольна засялiлiся ў пустуючыя дамы (хтосьцi з былых гаспадароў з’ехаў, хтосьцi своечасова не ўступiў у спадчыну пасля смерцi бацькоў, хтосьцi прыязджае сюды толькi на дачны сезон). Самi цыгане заяўляюць, што занялi дамы з дазволу гаспадароў, аднак гэта пакуль немагчыма праверыць. Як немагчыма ўдакладнiць i колькасць самiх пражываючых: учора мы з пажырнымi i мiлiцыяй прыехалi — сустрэлi адных, сёння — iншых. Заўтра хутчэй за ўсё з’явяцца новыя «кватаранты». Натуральна, працаўладкоўвацца верайцоўскiя «навасёлы» не спяшаюцца, хоць на тэрыторыi сельсавета знаходзяцца не адзiн год. Побач чыгунка — нязменная крынiца iх даходаў. Прабеглiся па вагонах, дробязi «настралялi» — вось i папрацавалi. Натуральна, што мясцовыя жыхары такому суседству, мякка кажучы, не рады. «Мы i ў пракуратуру звярталiся, i ў раённае ўпраўленне ўнутраных спраў, каб дапамаглi iх выселiць, — працягвае Васiль Iванавiч. — А ўжо колькi разоў камiсiямi выязджалi — не пералiчыць». Нiякiх камунальных адлiчэнняў гора-жыхары не робяць. Электраправады iм абразалi неаднаразова, але мера гэтая аказалася не дзейснай. Не паспеюць службы электрасеткi кабель зняць, як цыгане накiдваюць на слупы свой (у ход часам iдзе любы дрот, нават ваенны тэлефонны). Лiчыльнiк электраэнергii ёсць толькi ў адной «цыганскай» хаце — але круцiцца ён у адваротным парадку. — Гэту праблему мы зможам вырашыць толькi пры падтрымцы раённых уладаў i органаў правапарадку, — падсумаваў усё сказанае Васiль Дрозд. Акрамя цыган, хапае старшынi клопатаў i са сваiмi (прапiсанымi) грамадзянамi. Напрыклад, з няд-байнымi бацькамi. На ўлiку камiсii па справах непаўналетнiх пры сельвыканкаме сёння стаiць 20 неўладкаваных сем’яў. Разам з прадстаўнiкамi школьнага савета члены камiсii рэгулярна праводзяць тлумачальныя размовы з татамi i мамамi, якiя забываюцца на свае бацькоўскiя абавязкi, выязджаюць з праверкай — глядзець у якiх умовах выхоўваюцца дзецi. Калi становiшча прызнаецца сацыяльна небяспечным, працуючых бацькоў для пачатку абмяжоўваюць у дзеяздольнасцi. У такiм выпадку грашыма, прызначанымi для выхавання дзяцей, распараджаюцца апекуны (як правiла, з лiку работнiкаў школы). Калi гэта не дапамагае альбо бацькi нiдзе не працуюць, дзяцей забiраюць у сацыяльны прытулак (у Асiповiцкiм раёне такiх два). ВЫЯЗНАЯ БРЫГАДА З ДАСТАЎКАЙ НА ДОМ На тэрыторыi Пратасевiцкага сельсавета размяшчаюцца 22 населеныя пункты i 2 ваенныя гарадкi. Працягласць сельсавета — каля 50 кiламетраў. Натуральна, без транспарту старшынi было б няпроста дабрацца да аддаленых вёсак. «Першыя гады, калi я толькi заступiў на сваю пасаду, ездзiў па працоўных справах на сваёй асабiстай машыне, — прызнаўся Васiль Iванавiч. — Потым раённы Савет «выбiў» нам «бэушныя» волгi, якiя за чатыры гады выпрацавалi свой рэсурс. А сёлета мы атрымалi новы ВАЗ 2107. Акрамя Пратасевiцкага, новыя аўто атрымалi яшчэ 3 сельскiя Саветы. Усяго на тэрыторыi раёна 10 сельскiх i 2 пасялковыя Саветы. I амаль усе яны сёння маюць аўтатранспарт. «У нас, як у прадстаўнiкоў мясцовай заканадаўчай i выканаўчай улады, цяпер ёсць магчымасць даехаць да кожнай вёскi, нават самай аддаленай, — гаворыць Васiль Дрозд, — своечасова заўважыць узнiкшую праблему i аператыўна яе вырашыць». «Пагалоўная матарызацыя» мясцовых Саветаў дала магчымасць арганiзаваць у раёне новую форму працы з насельнiцтвам — выязныя дамы сацыяльных паслуг. На Асiповiччыне iх пакуль 30. У тым лiку 5 — на тэрыторыi Пратасевiцкага сельсавета. — Наш ФАП «Пратасевiчы» абслугоўвае 12 вёсак, — распавядае Васiль Iванавiч. — У яго загадчыцы раней былi пэўныя цяжкасцi з дарогай, у некаторыя вёскi было нязручна дабiрацца. А цяпер мы выязджаем разам, арганiзавана. З сабой бяром урача-тэрапеўта з раённай палiклiнiкi, сацыяльнага работнiка, прадстаўнiка службы па надзвычайных сiтуацыях. Выезд па часе «прывязваем» да графiка маршрута «бытоўкi». Вось i атрымлiваецца, што адначасова ў канкрэтны населены пункт заязджае цэлая брыгада рознапрофiльных спецыялiстаў на чале са старшынёй. Я праводжу прыём па асабiстых пытаннях, медык вымярае цiск, цiкавiцца здароўем, выпiсвае рэцэпты, загадчыца ФАПа прадае лекi, пажарны праводзiць тлумачальныя размовы, сацыяльны работнiк гутарыць з мясцовымi жыхарамi, пры неабходнасцi дае накiраванне ў раённы Дом ветэрана, дзе прадугледжаны сацыяльныя ложкi для адзiнокiх старых. З пяцi дамоў сацыяльны паслуг (ДСП) Пратасевiцкага сельсавета 3 размяшчаюцца ў хатах мясцовых жыхароў, адзiн — у будынку сельскага клуба, яшчэ адзiн — у былым будынку ФАПа. — Калi б мы распачалi гэтую справу яшчэ гадоў 10 таму, з памяшканнямi пад дамы сацыяльных паслуг праблем бы не ўзнiкала, — тлумачыць Васiль Дрозд. — Сёння ж многiя пустуючыя дамы сталi зусiм старымi. У якасцi выйсця старшынi сельскiх Саветаў дамаўляюцца з мясцовымi жыхарамi. Людзi пайшлi насустрач i зараз дзве трэцiя ўсiх дамоў сацыяльных паслуг раёна месцяцца ў прыватных хатах. Разумееце, калектыўны выезд цэлай брыгады мае куды большы «каэфiцыент карыснага дзеяння», чым адзiночны вiзiт у вёску старшынi. Мясцовыя жыхары адразу вырашаюць некалькi розных пытанняў, не губляюць час, не бегаюць за кожным спецыялiстам. Гэта вельмi зручная форма працы для ўсiх зацiкаўленых бакоў. АДНА — ДОБРА, А ДЗВЕ — ЛЕПШ! Наяўнасць у кожным сельвыканкаме службовага транспарту дазваляе старшыням эфектыўна кантраляваць выкананне ўсiх дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Асобы нагляд — за работай аўталавак. У Пратасевiцкiм сельсавеце яны аб’язджаюць 16 населеных пунктаў. — Паводле сацыяльнага стандарту, аўталаўка павiнна бываць у сельскiм населеным пункце не менш за 2 разы на тыдзень, — распавядае Васiль Дрозд. — Нашы ж выязджаюць 4 разы: двойчы аўталаўка райспажыўтаварыства i столькi ж — iндывiдуальных прадпрымальнiкаў. — Прадпрымальнiкi не маюць лiцэнзii на гандаль пэўнымi групамi тавараў, напрыклад, алкаголем i тытунёвымi вырабамi, — працягвае Васiль Дрозд. — Затое яны прапануюць пашыраны асартымент па iншых групах. У вынiку атрымлiваецца здаровая канкурэнцыя, ад якой у першую чаргу выйграе спажывец. Такое «сумяшчэнне» працы аўталавак розных формаў уласнасцi ў раёне практыкуецца толькi год, але ўжо станоўча сябе зарэкамендавала. Усе дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў сельскай мясцовасцi на тэрыторыi раёна выконваюцца. Няма праблем нi з транспартным забеспячэннем, нi з бытавым абслугоўваннем. Пытаннi, безумоўна, узнiкаюць (а як жа без iх?). Аднак вырашаць iх сельскiя i раённыя старшынi Саветаў iмкнуцца аператыўна i — на карысць жыхароў. Iнга МIНДАЛЁВА, Асiповiцкi раён, Магiлёўская вобласць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння сустрэць у электрычцы цыганят — не дзiва. Не стала выключэннем i мая паездка ў Асiповiчы
|
|