З якога боку прыйдзе? Чыйго роду будзе?
Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК
Калядныя варожбы Калядная ноч мела некалькi накiрункаў развiцця абрадавага дзеяння. З аднаго боку, абход калядоўшчыкаў быў актам калектыўнай магii, скiраванай на ладны прыбытак у новым сезоне сельскагаспадарчых, найперш земляробчых работ. У абрадавую стыхiю свята ўключалiся ўсе жыхары вёскi. З другога боку, калядная ноч, паводле ўяўленняў нашых далёкiх продкаў, «адкрывала нябёсы» i тым самым давала людзям магчымасць далучыцца да незвычайнага канала лёсавызначальнай iнфармацыi, да таго сусветнага, магчыма, райскага «банка даных», i тым самым паспрабаваць зазiрнуць у заўтрашнi дзень. Натуральна, што перш за ўсё пытаннi лёсу цiкавiлi моладзь перадшлюбнага ўзросту — дзяўчат i хлопцаў, якiя цi то самi марылi стварыць сваю сям’ю, цi то бацькi час ад часу нагадвалi аб тым, што час умацаваць гаспадарку яшчэ адной парай дужых i ўвiшных рук.У большай ступенi прыадчынiць таямнiцы свайго заўтрашняга дня iмкнулiся дзяўчаты перадшлюбнага ўзросту. Iм трэба было рыхтавацца да пераходу ў iншую, чужую, сям’ю, таму, вядома, ж карцела даведацца, адкуль, з якога боку будзе хлопец, чыйго роду ён будзе, як да яго ставiцца радзiна i аднавяскоўцы, якiм характарам надзялiў яго Бог, да чаго ён здатны i якiм гаспадаром стане з цягам часу. На гэтыя i безлiч iншых пытанняў дзяўчаты ды хлопцы маглi атрымаць адказы з дапамогай цэлага шэрагу самых непрадказальных варожбаў. На нашу заўвагу адносна таго, што варажба лiчылася грахом, тая ж Е.I. Махнач адрэагавала наступным чынам: «Грэх — калi чалавека забiваюць, калi людзi ад гарэлкi не прасыхаюць, калi чужое крадуць, на чужую жонку пасквапяцца. А мы ж цiхенька, ноччу варажылi, нiкому шкоды не рабiлi. Маладыя ж былi — хацелася». «Ну i што, хоць раз, хоць у каго спраўдзiлася?» — не сунiмаўся я. «А як жа! — падхапiла гаворку Нiна Барысаўна Махнач, — мне прыснiўся сон, што мой хлопец прыйшоў да мяне ў сарочцы з кароткiмi рукавамi. Як жа я смяялася, калi ён прыйшоў да мяне сватацца. Адно ў адно, што ў сне: i прычоска такая, i тыя ж рукавы караткаватыя. Дзякуй Богу, да гэтага часу ўдваiх жывём». Вера ў тое, што варажба можа спраўдзiцца, перадавалася ад пакалення да пакалення, штогод падмацоўвалася вось такiмi «трапнымi» пападаннямi i тым самым атрымлiвала ўсё новы штуршок для ажыўлення ў кожным новым пакаленнi вясковай моладзi. Такая зацiкаўленасць не магла не ўплываць на тое, каб колькасць варыянтаў падключэння да сусветнага iнфармацыйнага канала паступова пашыралася, а самi варыянты варожбаў ускладнялiся i станавiлiся складовай магii i эзатэрызму. Прывядзём некалькi прыкладаў калядных варожбаў, якiмi ў свой час карысталiся дзяўчаты. 1. Дзяўчына брала кавалачак куццi (а дакладней, яе трэба было ўзяць неўпрыкмет, каб нiхто не бачыў) i перад тым, як легчы спаць, клала пад падушку. Затым пад ложак ставiла мiску з вадой, цераз якую клала лучыну. Дзяўчына лажылася спаць i пра сябе прамаўляла наступныя словы: — Хто мяне па кладачцы правядзе, той мяне замуж возьме. Пры гэтым нi падчас выканання варажбы, нi пасля (аж да самай ранiцы) нельга было нi з кiм гаварыць. 2. У калядную ноч дзяўчаты бралi тыя стужкi, што ў косах насiлi, прывязвалi на вiшню (толькi на вiшню, а не якое-небудзь iншае дрэва). Гэтыя стужкi (адна з iх сiмвалiзавала суджанага, другая — саму дзяўчыну) перапляталi памiж сабой, пры гэтым прасiлi, каб прыснiўся або знайшоўся суджаны. Стужкi пакiдалi на дрэве на ўсю ноч. 3. Варажба «Калодзеж мералi». Вечарам да калодзежа падыходзiла некалькi дзяўчат, бралi вочап i рукамi па чарзе хапалiся за яго. Якая з iх апошняй зверху закрые вочап, тая першая i замуж пойдзе. 4. Варажба «Замкнуць вядро». Дзве сяброўкi набiралi ў калодзежы вядро вады, прыносiлi яго ў хату i ставiлi на лаву. Затым бралi замок i «замыкалi вядро». Пасля гэтага клалiся спаць, не сказаўшы нiводнага слова. Ноччу павiнен быў прыснiцца той, хто прыйдзе «адамкнуць» вядро. 5. Варажба на дровах. У хляве або ў паветцы дзяўчына набiрала ахапак дроў, прыносiла ў хату, клала каля печы i лiчыла iх. Калi пара будзе — замуж пойдзе, калi лiшка — то не. 6. Варажба на аладках. Дзяўчаты ранiцай пяклi аладкi, па адной хавалi. Вечарам збiралiся ў чыёй-небудзь хаце i пачыналi варажыць. На ўслон кожная з прысутных дзяўчат клала сваю аладку, затым у хату прыводзiлi сабаку. Чыю аладку сабака схопiць першай, тая дзяўчына хутчэй за ўсiх замуж пойдзе. Расказвалi, што гэты варыянт варажбы быў самы эмацыянальны. У прысутнасцi многiх кожнай дзяўчыне хацелася, каб ёй пашанцавала. Бывала, сабака падыдзе, нюхае, нюхае, а дзяўчаты аж падскокваюць: i тая хоча, каб хутчэй, i тая. А сабака возьме ды чыю-небудзь аладку скiне, а есцi не стане. Тады ўжо плачуць, бо, лiчылi, што ў гэтым годзе не пашанцуе. 7. Варажба на волаве. Адна дзяўчына садзiцца на ўслон, другая становiцца за спiнай, бярэ расплаўленае волава i вылiвае над галавой у мiску з вадой. Потым глядзяць, якая выява атрымалася. Калi вянок —замуж пойдзе, калi калыска — дзiця народзiць. Аднойчы зрабiлася труна, тая дзяўчына праз паўгода памерла. 8. Варажба на плоце. Дзяўчына выбягала на вулiцу i рукамi абхоплiвала плот. Затым лiчыла штакецiны. Калi ў пару будзе — замуж пойдзе, калi няцот — у дзеўках засядзiцца. Такiм чынам, у святочную ноч усе разам i кожны паасобку думалi пра сваё набалелае. Успамiнаў пра гэту ноч хапала аж да самай Масленiцы. Не раз i не два ўзгадвалi пра гэту ноч у перыяд мясаедных вяселляў, калi i варажба i сон аказвалiся прарочымi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калядная ноч мела некалькi накiрункаў развiцця абрадавага дзеяння. З аднаго боку, абход калядоўшчыкаў быў актам калектыўнай магii, скiраванай на ладны |
|