21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Што мы ведаем пра 2007 год?

25.08.2009 22:17 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

2007-ы — Год «ЗВЯЗДЫ»!

Ён пройдзе пад знакам Чырвонага Кабана (Свiннi). Ён абвешчаны лiтаратурным годам Янкi Купалы i Якуба Коласа, бяспекi дарожнага руху (у Беларусi), годам рускай мовы (у Расii), годам дзiцяцi (у Маскве), годам сацыяльнай абароны (ва Узбекiстане), годам будаўнiцтва жылля (у Калмыкii), годам моладзi (у Мардовii). ЮНЕСКО «прызначыў» 2007-ы годам турэцкага фiлосафа Меўланы, а праграма ААН па навакольным асяроддзi нават прыдумала «год дэльфiнаў»...

Але найперш гэта будзе 2007 год нашай эры. I вялiкае свята для старэйшай з iснуючых беларускiх газет — газеты «Звязда». Нам споўнiцца 90. Мы не прэтэндуем на тое, каб загадзя атрымлiваць вiншаваннi i падарункi, але да такога значнага юбiлею пачынаем рыхтавацца ўжо зараз — таму ў святочным нумары знайшлося месца для падзей i людзей «года «Звязды». Заставайцеся з намi, дарагiя чытачы, а ўжо «свяцiць заўжды, свяцiць паўсюль» мы пастараемся.

НА ПРАСПЕКЦЕ «ЗВЯЗДЫ» ХОРАША...

...КАХАЕЦЦА

Пра гэта нам расказаў Мiхаiл Рудзяк, гандляр жывымi, духмянымi елкамi на Маскоўскiм кiрмашы, якi знаходзiцца на рагу вулiцы Голубева i праспекта «Звязды». Тут, на рынку, Мiхаiл тры гады таму сустрэў дзяўчыну, у якой цудоўнае iмя Iна. Ён цяпер не сумняваецца, што сур’ёзна тады закахаўся, i вельмi спадзяецца ажанiцца з Iнай e новым годзе. Пакуль ён тупае на рынку сярод калючых галiнак у чаканнi чарговых пакупнiкоў, Iна сагравае яго сваiм голасам з дапамогай сотавага тэлефона, ён ведае, яна яго чакае. Таму Мiхаiл елкi прадае весела, з усмешкай, з пажаданнямi ў Новым годзе шчаслiвых сустрэч, гарачых пацалункаў, вясёлых застолляў... Штодзень, кажа, разыходзiцца каля ста лясных прыгажунь па навакольных кватэрах. «Новы год павiнен мець смаляны пах хвоi, змешаны з церпка-салодкiм пахам мандарынаў,» — лiчыць Мiхаiл.

Падчас фотарэпартажу з праспекта «Звязды» мы даведалiся, што тут не толькi хораша кахаецца, але i хораша

...ЛАДЗЯЦЦА СЯМЕЙНЫЯ СВЯТЫ

Прынамсi, Новы год. Мы зрабiлi такую выснову, спынiўшы прыгожую дзяўчыну, якая ў ружовым кароткiм футры спяшалася па праспекце «Звязды» на базар за падарункам для сваёй пляменнiцы. Як аказалася, гэта дзесяцiкласнiца 145-й школы Кацярына Муратава. Яна ўжо ведае, што купiць малой мяккую цацку: нейкага смешнага ката цi сабаку, а можа, ружовую кенгурыху з кенгуранём у кiшэнi альбо двух жырафаў, якiя абдымаюцца шыямi, цi, урэшце, — бесклапотнае парася. Карацей, нешта такое, што спадабаецца ёй самой i з чым яны будуць гуляць, пакуль дарослыя спраўляюцца са сваiмi менш важнымi справамi.

Новы год Муратавы збiраюцца сустракаць усёй сваёй цяпер вялiкай сям’ёй: мацi, тата, сястра з мужам i дзiцем (хай яны цяпер ужо i не зусiм Муратавы) i яна, Каця.

Каця кажа, што любiць свой праспект, скончыла тут музычную школу па класу фартэпiяна, зараз заканчвае сярэднюю школу. Самае галоўнае — тут шмат сяброў, i ўвогуле людзi жывуць вельмi лёгкiя, усмешлiвыя.

Магчыма таму на праспекце «Звязды» яшчэ i хораша

З гісторыі

ПРАСПЕКТ ГАЗЕТЫ «ЗВЯЗДА»

Напярэдаднi 85-годдзя «Звязды» народны пiсьменнiк Беларусi Iван Пятровiч Шамякiн ад iмя чытачоў розных пакаленняў звярнуўся ў Мiнгарвыканкам з прапановай аб прысваеннi адной з вулiц горада Мiнска iмя газеты «Звязда». «Заснаваная яшчэ да Кастрычнiцкай рэвалюцыi 1917 года, «Звязда» была сапраўдным летапiсцам гiсторыi Беларусi, жыцця народа, змагаром за лепшыя iдэалы. Ды i саму газету без перабольшвання можна назваць унiкальным феноменам гiсторыi, культурным набыткам нацыi».... — пiсаў Iван Пятровiч.

Прапанову народнага пiсьменнiка падтрымала шырокая грамадскасць.

I вось у чэрвенi 2005 года, згодна з рашэннем Мiнгарвыканкама, у беларускай сталiцы з’явiўся праспект газеты «Звязда»...

...ВЫХОДЗIЦЦА ЗАМУЖ

Як iнакш патлумачыць, што тут так шмат маладых матуль? Куды нi паглядзi — усюды сiмпатычныя маладыя жанчынкi з каляскамi, з ружавашчокiмi малымi. Нездарма, тут упадабанае месца галубоў, якiя не баяцца, падбiраюць крошкi з маленькiх дзiцячых далоняў, цiкаўна зазiраюць у захопленыя тварыкi.

— Я жыву тут з чатырох гадоў, — расказвае Веранiка Якубовiч. — Спачатку жыла з бацькамi ў доме №8, потым выйшла замуж, таксама за звяздоўца, i стала жыць з яго бацькамi, у доме № 28. Я тут вырасла, скончыла школу, сустрэла свайго мужа — мы разам вучылiся, i два гады таму ў нас нарадзiўся сын Арцемій. Такiм чынам, усё маё жыццё, пакуль усе лепшыя падзеi ў iм — звязаны з гэтым праспектам.

Веранiка любiць праспект «Звязды» за тое, што тут шмат моладзi. Таму ў яе шмат сяброў. Зараз — гэта ў асноўным такiя ж маладыя мацi, як яна, яны часта разам шпацыруюць па шырокiх тратуарах, аддзеленых ад дарогi вялiкiмi газонамi, дзеляцца вопытам, смешнымi выпадкамi, якiя iм дораць малыя, а тыя тым часам завязваюць адносiны памiж сабой. Так на праспекце iмя старэйшай беларускай газеты вось ужо трэцяе пакаленне завязвае памiж сабой сяброўскiя стасункi.

— Зараз у нас у двары, дзякуй ЖЭСу, стаiць уласная ёлка, якую мы самi ўпрыгожылi, — хвалiцца Веранiка. — Пазаўчора я была Дзедам Марозам, раздавала дзеткам нашага двара падарункi. Увогуле, двор у нас вельмi прыгожы, дзiцячая пляцоўка ў iм лiчыцца ўзорнай — там усё новае. I сем’i надзвычай дружныя: мы вiншуем кожнае малое з Днём нараджэння!

Усё гэта сведчыць, што гэтае месца сапраўды незвычайнае. Гэта пацвярджае i тая несумненная акалiчнасць, што на праспекце «Звязды» хораша

...ПIШУЦЦА КНIГI

Што датычыцца газеты «Звязда», то супрацоўнiцтва з пiсьменнiкамi — характэрная яе рыса. Аказалася, што i на праспекце «Звязды» жыве шмат пiсьменнiкаў, паэтаў i нават выдаўцы. Анатоль Клышка, Раiса Баравiкова, Сяргей Панiзьнiк, Васiль Якавенка, Вiктар Хурсiк... Цяпер паспрабуйце сказаць, што гэта — выпадковасць!

— Раней тут праходзiў Койданаўскi тракт, — паказвае нам з акна сваёй кватэры ў доме №23 Сяргей Панiзьнiк, паэт, перакладчык, старшыня таварыства дружбы «Беларусь—Латвiя». — Вунь, бачыце — курган. Iх было тут каля 30, засталося два, гэты — меншы. Яшчэ адзiн — улюбёнае зiмой месца для дзятвы. Калiсьцi тут была шыльда, што ахоўваецца дзяржавай. Потым вырашана было паспрабаваць экскаватарам: раптам золата. Нiчога не аказалася, яны пустыя. Гэта запiсныя кнiжкi старажытных плямёнаў, якiя тут жылi. Кожны курган — напамiнак пра нейкую падзею: нехта не вярнуўся з паходу...

Але тут наша размова перарываецца гукам «збеглага» чаю i потым аднаўляецца ўжо ў iншым накiрунку, бо гаспадар нас частуе экспанатам з заснаванага iм лiтаратурна-этнаграфiчнага музея ў Верхнядзвiнскiм раёне на Вiцебшчыне — чырвона-жоўтымi яблыкамi сорту «Цыганы». Другi, заснаваны Сяргеем Панiзьнiкам, музей — у Мiёрскiм раёне. Аднаму 26 гадоў, другому — сёмы. У хуткасцi мы зразумелi, што апынулiся не ў нейкай там кватэры, а ў фiлiяле названых музеяў, бо нам былi прадстаўленыя шматлiкiя цiкавыя экспанаты: лыжка з надпiсам «У памяць Айчыннай вайны 1914, 1915, 1916 гадоў. Камарнiцкi», жалейка, падораная Караткевiчам, кварта бабкi Альжбэты, зробленая са снараду Першай сусветнай...

Дарэчы, тут, на праспекце «Звязды», паэт жыве каля трыццацi гадоў. Тут выгадавалася ягоная дачка Веранiка. Тут яго дом напаўняецца гамонкай любiмых людзей: жонкi, сына, дачкi i ўнукаў. Тут захоўваецца невялiкi вернiсаж з выявамi блiзкiх сэрцу мясцiн i людзей, багацейшыя бiблiятэка i архiў, частку якога складаюць магнiтафонныя запiсы з дарагiмi галасамi: Уладзiмiра Караткевiча, мацi, сваякоў, жыхароў знiкаючых вёсак малой радзiмы.

Так здарылася, што свой рэпартаж мы распачалi ад рынку — з сярэдзiны праспекта. Напэўна, таму, што тут і галубы, i дзецi, i елкi... Але ж калi б мы пачалi яго з пачатку, то нашым першым адрасам стаў бы дом № 9, у якiм жыве паэтка Раiса Баравiкова. Праўда, застаць яе на праспекце «Звязда» не так проста. Ужо а восьмай гадзiне яна зыходзiць на працу — у рэдакцыю часопiса «Маладосць», якi пад яе кiраўнiцтвам стаў пераможцам Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай iнфармацыi «Залатая Лiцера».

— На праспекце «Звязды» я жыву з 1982 года, — расказвае нам Раiса Баравiкова. — I, напэўна, самая значная падзея тут адбылася ў 1983-м, калi ў нас нарадзiлася дачка. У яе тут прайшло ўсё дзяцiнства i юнацтва. Увогуле, я лiчу праспект «Звязды» самай лепшай мясцiнай у нашым горадзе. Гэта той самы спальны раён, якi лiчыцца прэстыжным. Да таго ж, ён заўсёды зялёны, там лiпы летам распускаюцца.

А так як дачка была маленькая, спачатку наведвала садок, потым заканчвала школу, то ў нас тут аказалася шмат знаёмых. Хоць у магазiн зайду, хоць на пошту — увесь час з кiмсьцi вiтаюся, ад гэтага робiцца на душы цёпла. Нягледзячы на тое, што дамы тут вялiкiя, шматкватэрныя, мы ведаем адзiн аднаго не толькi кожны са свайго дома, а нават i з суседнiх — атрымалася нейкая супольнасць цэлага раёна.

Напэўна, у гэтым ёсць заслуга i адмiнiстрацыi Маскоўскага раёна горада, бо тут часта ладзяцца святочныя мерапрыемствы, створаны ўтульныя зоны адпачынку.

Да таго ж, самыя лепшыя свае кнiжкi я напiсала менавiта калi ўжо жыла на праспекце «Звязды». Магчыма, менавiта праспект падштурхнуў мяне да iншых жанраў, там я пачала пiсаць кнiжкi для дзяцей. Бо там увесь час жыве шмат дзетак.

Гэтай восенню мне ўвогуле аддзел адукацыi Маскоўскага райвыканкама зрабiў падарунак. У мяне выйшла кнiжка «Казкi астранаўта. Касмiчнае падарожжа беларусаў» i яны прапанавалi мне выступiць амаль у кожнай школе, у кожнай гiмназii, каледжы Маскоўскага раёна горада. Таму цяпер я сустракаю знаёмыя твары, дзецi са мной вiтаюцца...

Я думаю, што ў праспекта «Звязды» вялiкая будучыня, што тут будуць сялiцца новыя пакаленнi. I самае галоўнае, што гэта праспект, якi названы iмем нашага аднаго з самых старэйшых выданняў, вельмi вядомага, беларускамоўнага, якое сцвярджае нашу нацыянальную годнасць, адметнасць. Таму што газета «Звязда» — незвычайна цiкавая. Я думаю, тыя новыя пакаленнi, якiя будуць сялiцца на нашым праспекце, будуць ганарыцца тым, што ён носiць iмя газеты «Звязда». Газета гэтая — адна з галоўных магiстраляў друкаванага слова Беларусi. Я ганаруся не толькi сваiмi сямейнымi справамi, творчымi поспехамi, а яшчэ i тым, што месцам жыхарства далучаная да славутага выдання.

Такiм чынам, мы высветлiлi, што на праспекце iмя газеты «Звязда» людзям хораша, цiкава жывецца i працуецца. Але падчас рэпартажу мы даведалiся i пра тое, што тут яшчэ i хораша

...РЭЖУЦЦА ЗУБКI

Бо ў Захара Дапiра, якi жыве ў доме № 23, 27 снежня прарэзаўся першы зуб, i гэта не было б дзiўным, калi б Захару не споўнiлася толькi... паўтара месяца. Захар нарадзiўся ў сям’i архiтэктараў Iны i Уладзiмiра, гэта трэцяе iх дзiця, i якраз у дзень нашага вiзiту, 28-га, сям’я Дапiра атрымала пасведчанне шматдзетнай.

— Я ўбачыла гэты праспект задоўга да таго, як тут пасялiлася, — расказвае Iна. — проста праязджала мiма i запомнiла, бо ён мне вельмi спадабаўся — прасторны, зялёны. Я люблю i раён, i дом, у якiм жыву, бо тут усё зручна, усё ёсць для жыцця: i царква, i магазiны самыя розныя, i рынак, i аптэка, i нават сцежка здароўя... Тут добра гуляць з малымi, а падлеткам зручна катацца на ролiках i скейтах — бо тратуары гладкiя, шырокiя i далёка ад дарогi.

Захар маўклiва i глыбакадумна пагаджаўся з мацi, i толькi калi яна расказала, што на трэцяе дзiця «ўгаварыла» мужа не адразу, хутчэй нават проста паставiла перад фактам — не вытрымаў i засмяяўся. Ён жа лепей ведае, як усё было. А гэтыя дарослыя, ну што з iх возьмеш. Вунь учора мацi нават выклiкала ўрача — так перапужалася, што тэмпература ўзнялася высокая. А гэта быў зуб. Пра якi таксама ведаў да часу толькi Захар. Затое цяпер — уся краiна. Дзякуючы газеце, на вулiцы iмя якой ён нарадзiўся.

Дарэчы, дзецi, якiя нараджаюцца на праспекце «Звязда» — гэта, магчыма, незвычайныя дзецi. Нездарма ж тут i сярод навучальных устаноў не абы што, а — лiцэй № 1! У якiм, ну як вы думаеце? Канешне, хораша

...УСЁ АТРЫМЛIВАЕЦЦА

Бо тут навучаецца 435 таленавiтых маладых жыхароў сталiцы. I навучаюцца яны якасна, пра што сведчыць i атэстацыя, якую нядаўна паспяхова прайшоў лiцэй, i высокi працэнт паступлення выпускнiкоў у ВНУ — 97 працэнтаў. I тое, што лiцэй — лiдар алiмпiяднага руху раёна. I хаця лiцэй рускамоўны, там на кожных дзвярах — беларускамоўныя прыказкi, а дзецi запаўняюць па ўласнай iнiцыятыве дзённiкi на беларускай мове i робяць цiкавыя навуковыя даклады па гiсторыi Беларусi. Нягледзячы на тое, што галоўныя тут профiлi — фiзiка-матэматычны i хiмiка-бiялагiчны. А гэта, што нi кажыце, — заўтрашнi дзень i нашага праспекта, i нашай краiны, а значыць i нашай газеты.

Па праспекту «Звязды» шпацыравалi Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. i Анатоль КЛЯШЧУК.


«ЗВЯЗДА» ЗА 31 СТУДЗЕНЯ...

Мы вырашылі пагартаць пераднавагоднія старонкі «Звязды» за розныя гады. Ніякай сістэмы у выбары гадоў вы не знойдзеце. Ды мы яе і не прытрымліваліся. Бо жыццё — яно выходзіць за рамкі любой сістэмы. А Новы год — гэта самае выходзячае за рамкі, каноны, правілы свята. Напэўна, у нашай краіне яно і было сродкам хаця б кароткачасовага такога зыходу — да сваіх родных, любімых, каханых. Таму на старонках газеты адлюстроўваецца, канешне, не ўсё. Аднак... такім чынам, «Звязда» за 31 студзеня...

1921 года

Сегодня в клубе Карла Маркса состоится для членов клуба новогодний концертный вечер. Во всех рабочих клубах состоится встреча Нового года. После докладов на тему: “Итоги старого года и перспективы нового” состоятся концертные отделения. В Гостеатре Белорусский Красный Крест устраивает грандиозную встречу Нового года с многочисленными развлечениями. В Белом зале встречу Нового года устраивает русская труппа. После спектакля (“Бабушка”) состоится большой концерт-кабаре.

(“По Минску. Встреча Нового года”)

1945 года

Мы адкрываем апошнія лісткі календара 1945 года. Прайшоўшы год — асаблівы ў жыцці нашай Радзімы. Гэта быў год гістарычнай перамогі над гітлераўскай Германіяй і імперыялістычнай Японіяй. Гэта быў рубеж, які аддзяляе ваенную паласу жыцця краіны ад новага мірнага перыяду жыцця. Азіраючыся на пройдзены ў 1945 годзе шлях, беларускі народ, як і ўсе народы Савецкага Саюза, пранікнут пачуццём законай гордасці за сваю сацыялістычную Радзіму.

(Перадавіца. “На парозе новага, 1946 года”)

1956 года

... з часу гістарычнага з’езда КПСС мінула дзесяць месяцаў, а колькі зроблена за гэты невялікі перыяд! Перш за ўсё партыя шчыра і смела ўскрыла перад народам тыя асобныя памылкі, якія былі ў мінулым, правяла вялікую работу па ліквідацыі вынікаў культу асобы і народжаных ім парушэнняў дэмакратыі і савецкай законнасці...

(Усевалад Краўчанка, “Пераднавагоднія думы”)

1958 года

Падведзены вынікі аб’яўленага “Звяздой” пятага конкурсу на лепшае апавяданне, нарыс, фель-етон, карыкатуру і фотаздымак. Журы конкурсу вырашыла па апавяданнях першую прэмію прысудзіць пісьменніку Я. Брылю за апавяданне “Двадццаць”, другую прэмію пісьменніку І. Шамякіну за апавяданне “Дубы”, трэція прэміі пісьменніку А. Чарнышэвічу за апавяданне “Марцін Когут” і журналісту В. Быкаву за апавяданне “Ціхая жонка”...

1978 года

...Як многа знаёмых асоб за святочнымі столікамі! Новы год сустрэнуць з намі Клаўдзія Шульжэнка і Дзмітрый Гнацюк, Эдзіта П’еха і Таццяна Дароніна, Ала Пугачова і Генадзь Хазанаў. Гледачы пачуюць даўно знаёмую ўсім “Здаравенькі булы!”. Сумненняў няма, гэта прыехалі з Кіева Тарапунька і Штэпсель... Завершыцца “Блакітны агеньчык”, і слова будзе перададзена папулярным майстрам зарубежнай эстрады. Тыя, каму не ўдалося пабываць на нядаўніх канцэртах вакальна-інструментальнага ансамбля “Боні М” (Ямайка), сустрэнуцца з ім у навагоднюю ноч. У праграме прымуць удзел шведскі ансамбль “Аба” і польскі “Чэрвоны гітары”...

(“Экран збірае сяброў”)

1980 года

Час палёту ад Гомеля да многіх гарадоў краіны скараціўся ў некалькі разоў: яго аэрапорт пачаў прымаць умяшчальныя, камфартабельныя і скарасныя авіялайнеры ТУ-134... З асаблівым нецярпеннем гэтых палётаў чакалі беларускія нафтавікі, якія ўдзельнічаюць у асваенні нетраў Цюменскай і Томскай абласцей. Па-першае, значна зменшыўся час палёту да Ніжневартаўска, з якім наладжана штодзённая транспартная сувязь...

(БЕЛТА, І скарачаюцца вялікія адлегласці”)

1994 года

1994 год быў зорным годам для Аляксандра Лукашэнкі. Набраўшы разгон у 1993-м, калі ўзначаліў антыкарупцыйную парламенцкую камісію, мала каму вядомы дэпутат Вярхоўнага Савета за некалькі месяцаў, як метэор, уварваўся ў вялікую палітыку і ўзляцеў на вяршыню ўлады... Аляксандр Лукашэнка, у няпоўныя сорак гадоў без падтрымкі палітычных сіл, без апоры на капітал стаўшы Прэзідэнтам дзяржавы — пабіў многія рэкорды сярод еўрапейскіх палітыкаў.

(“Палітык года”)

“Звязду” гарталі Вікторыя ЦЕЛЯШУК, Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.


ПРЫКОЛЫ НАШАГА ПАВЕРХА

Сёння многае з таго, што адбывалася, сапраўды, успамiнаецца, як несур’ёзнае, нязначнае. Пра нешта ж i па-ранейшаму ўзгадваецца з дрыжыкамi...

«Ноч пасля выбараў»

Адзначылi ў тэлеанонсе. Праграма перадач канала НТБ на 26 сакавiка (здаецца, быў 2000 год, дзень выбараў Прэзiдэнта РФ): «21.30 Баявiк «Танга i Кэш». 23.30 Праграма «Вынiкi. Ноч пасля выбараў». У ролях: С. Сталоне, К. Расел. Наркамафiя ўстрывожана...». Можна сёння толькi сабе ўявiць, як бы «ўстрывожылiся» паны Жырыноўскi, Яўлiнскi, Зюганаў, Скуратаў, Тулееў i iншыя прэтэндэнты на расiйскi прастол, калi б ведалi, куды iх запiсалi. Зусiм выпадкова. Проста радкi з тэлеанонса да кiнафiльма нехта з аператараў нашай вёрсткi, думаючы пра нешта сваё, «уклеiў» у папулярную тады штотыднёвую праграму Я. Кiсялёва «Вынiкi», якая тым разам была прысвечана галасаванню па выбарах Прэзiдэнта Расii. Праграму тэлебачання, па звычцы, дзяжурныя прачытваюць «па дыяганалi», ведаючы, што крамолы там няма, але ж вось прамахнулiся. Вялiкага рэзанансу тыя анонсы, на шчасце, не нарабiлi — начальства не заўважыла, а асаблiва пiльныя з чытачоў, калi i западозрылi нешта, то тэлефанаваць у рэдакцыю ўжо было позна: газета з праграмай выйшла ў пятнiцу, а выбары адбылiся праз тыдзень, у нядзелю...

ЗА ШТО ПАКРЫЎДЗIЛI САДОК

Яшчэ ўспомнiў — калега расказвала. У першай палове 90-х гадоў рэдакцыi розных газет у барацьбе за чытача, сталi актыўна прымяняць розныя выязныя кампанii, «прамыя лiнii», «круглыя сталы» г.д. У iх, акрамя супрацоўнiкаў рэдакцый, бралi ўдзел спецыялiсты розных мiнiстэрстваў, мясцовых адмiнiстрацый, прафсаюзаў. Пра вынiкi некаторых мерапрыемстваў трэба было паведамляць «наверх»: маўляў, акцыя адбылася, прымаюцца меры. I вось у аддзеле сацыяльных праблем складаюць справаздачу па абследаванню дзiцячых садкоў на прадмет... чаго ўжо не помню там (падрыхтоўкi да асенне-зiмовага сезона, здаецца). I вось, справаздача складзена, праверана, раздрукавана, аднесена начальству, копiя адаслана ў раённую адмiнiстрацыю. I тут усе звяртаюць увагу на яе назву — нешта накшталт «Справаздача аб вынiках падрыхтоўкi да зiмовага сезона дзiцячых задоў N-скага раёна».

ПЕРШАЯ ВЫМОВА

Такое не забываецца. Гадоў шэсць—сем назад у газеце выходзiў спецыялiзаваны дадатак, якi называўся «Чалавек i экалогiя». Нумар быў здвоены — 16 палос так званага «трэцяга» фармату». Рабiць пачыналi з канца — з 16-й, 15-й старонак. I так да вечара дабiралiся да 1-й—2-й. I вось чарговы нумар прысвячаўся Дню абароны акаляючага асяроддзя (зараз, пэўна, ён завецца iнакш).

Як водзiцца ў такiх выпадках, газеты змяшчаюць абавязковае iнтэрв’ю з кiраўнiкамi адпаведных мiнiстэрстваў. Так было i на гэты раз. Iнтэрв’ю з мiнiстрамi маленькiмi не бываюць, таму пачынаецца матэрыял звычайна на першай паласе (тут змяшчаецца фота, прадстаўляецца субяседнiк, акрэслiваецца тэма гутаркi), а асноўныя пытаннi пераносяцца на iншыя старонкi. Дык вось, асноўная частка iнтэрв’ю з самай ранiцы была завярстана на адной з апошнiх старонак, далей рабiлiся iншыя палосы. Калi ж а 17 гадзiне прыступiлi да фармiравання 1-й старонкi, пра iнтэрв’ю з мiнiстрам... забылiся. Усе! Начыста! У тым лiку i аўтар, i дзяжурны, i вядучы нумара. Вось так i выйшла тое iнтэрв’ю — з кiм, аб чым?... Як кажуць, каму трэба, той разабраўся. Назаўтра з ранiцы ўсiх чакаў загад па рэдакцыi — вымовы, папярэджаннi, пазбаўленне прэмiй...

На шчасце, тая вымова так i засталася першай i пакуль (спадзяюся) апошняй, але асадак i дасюль жыве.

«ВОДАЧНАЕ» НАДВОР’Е

Прагноз надвор’я на газетнай старонцы, асаблiва летнiм часам, — вельмi папулярная рубрыка. Чытаюць усе, чытаюць уважлiва — з паўтузiна чалавек дзяжурных ды адказных. Але ж вось не дагледзелi: «Сёння ўдзень чакаецца сонечнае, малаВОДАЧнае, без ападкаў надвор’е...». Як набрала аператар камп’ютарнага набору, так i выйшла. Санкцый, здаецца, не было — заўважылi толькi праз некалькi дзён. Пасмяялiся толькi. Надвор’е сапраўды было малавоблачнае. Хай i застаецца такiм!

«ЦЯЖКАЯ АРТЫЛЕРЫЯ» Ў МАГIЛЁВЕ

А вось зусiм «цёпленькi» выпадак. Наш уласны карэспандэнт у Магiлёве Iлона I. вельмi любiць ужываць у сваiх матэрыялах якiя-небудзь незвычайныя слоўцы. I, трэба сказаць, яны амаль заўсёды бываюць дарэчы, дадаюць матэрыялам адметнасцi. Здараюцца асечкi (на гэты раз амаль што ў прамым сэнсе). Здарэнне было такое. У Магiлёве хулiган з пнеўматычнай зброi стрэлiў па тралейбусу, куля пашкодзiла шкло, людзi не пацярпелi. Паведамляючы падрабязнасцi, спадарыня I. пiша: «27-гадовы мужчына стрэлiў з гаўбца (паводле яе меркавання, такое гучанне ў беларускай мове мае слова «балкон») дома па вулiцы Крупскай, па якой праходзiць тралейбусны маршрут». Намеснiк рэдактара, якi чытаў матэрыял, тлуста падкрэслiвае слова i ставiць пытальнiк, што азначае: удакладнiць. Стылiст рэдакцыi спадарыня К.»удакладняе», i назаўтра заметка выходзiць са словамi «27-гадовы мужчына стрэлiў з гаўбiцы...» i далей па тэксту. Дзякаваць Богу, чытачы з гумарам паставiлiся да сiтуацыi, але ж у той дзень нам народу i пазванiла...

Анатоль СЛАНЕЎСКI.

НАШЫ ДЗЕЦІ

Яшчэ ў 2000 годзе рэдакцыю напаткаў дэмаграфiчны «выбух», якi дагэтуль не жадае згасаць. Ну, i цудоўна, скажаце вы. Яно, канешне, цудоўна, але зразумейце нашага «галоўнага», якi ўвесь гэты час не можа выкараскацца з шокавага стану: спадарынi, дэмаграфiя дэмаграфiяй, але хто працаваць будзе? Iншая справа, калi дзетанараджэнне прывязана да мужчынскай паловы калектыву. Гэтак сёлета парадаваў Сяргей Грыб. Ён i на працы ў першых радах, i дома ў яго цяпер — мама, тата, я. Без адрыву ад работы рэалiзуецца ў якасцi бацькi i ўласны карэспандэнт па Вiцебскай вобласцi Аляксандр Пукшанскi. Так трымаць i не спыняцца на дасягнутым! У абсалютнай жа большасцi выпадкаў «дзiцячая» радасць прыходзiць з жаночага боку. Зараз у дэкрэтным водпуску знаходзяцца сямёра «звяздовак» — Алена Дзядзюля, Алена Аўчыннiкава, Алена Даўжанок, Наталля Бабiна, Алена Гiлеп ды Iрына Самулевiч. Усiх — з Новым годам, усiм — найлепшага!

А наш расказ — пра тых, пра каго 7 гадоў таму «Звязда» пісала як пра равеснікаў веку. Ім сёння па 7...

Трымайся свайго — i табе пашанцуе!



У невялiкiм сямiгадовым жыццi Томцi найбольш значная падзея, канешне, — тое, што сёлета яна пайшла ў школу. Разумеючы, што школа для дзiцяцi — другi дом, мы падышлi да яе выбару досыць грунтоўна. Што выбраць? Раённую, у двух кроках ад дому? «Прэстыжную» з вывучэннем англiйскай мовы? Мастацкую, з эстэтычным ухiлам? На сямейным савеце вырашылi: перш за ўсё, гэта павiнна быць беларускамоўная школа. Такiх у Мiнску, на жаль, нямнога — хопiць пальцаў адной рукi, каб пералiчыць. Кажуць, няма попыту на беларускую адукацыю... Мы выбралi гiмназiю № 23.

Якое ж было наша здзiўленне, калi, прыйшоўшы запiсвацца ў першы клас у сярэдзiне мая, мы даведалiся, што набор ужо скончаны, i абодва першыя класы цалкам скамплектаваныя. Вось табе i няма попыту! Пры нас прыйшлi яшчэ двое бацькоў: тата-падпалкоўнiк i мама, двое старэйшых дзяцей якой ужо вучацца ў гэтай школе. Гледзячы на нашы разгубленыя твары, дырэктар сказала: «Ну што ж, за ганкам вас не пакiнем!» Так мы лiтаральна ў апошнi момант усё ж трапiлi ў выбраную навучальную ўстанову.

Супакоiўшыся, пагулялi па школе. Якая прыгажосць! Стылёвы, якасны еўрарамонт; шклопакеты цалкам затрымлiваюць шум цэнтральнага мiнскага праспекта; ва ўтульным дворыку — прыгожая ландшафтная кампазiцыя... А прасторная, чыстая сталоўка-кавярня! А школьны музей! А добра абсталяваныя класы! Яшчэ большае захапленне выклiкала тое, што прапануе гiмназiя дзецям у плане праграмы: вывучэнне англiйскай мовы на ўзроўнi спецшколы, вывучэнне кiтайскай у якасцi другой мовы, магчымасць трапiць, на выбар, у класы з матэматычным, эканамiчным i мастацка-эстэтычным ухiлам...

Томцi вельмi падабаецца вучыцца. Падабаюцца новыя школьныя сябры — iх, дарэчы, прывозяць у гiмназiю з розных канцоў горада i нават з Мiнскага раёна! Вельмi падабаецца першая настаўнiца Ала Канстанцiнаўна Шахрай, якая не толькi вучыць сваiх гадаванцаў чытаць i лiчыць, а i — што яшчэ важней — адрознiваць дабро ад зла, праўду ад хлусні...

Словам, са школай Томцi вельмi пашанцавала.

Гэтая гiсторыя пацвердзiла выснову, да якой мы ў сям’i прыйшлi ўжо даўно: трымайся свайго — i табе пашанцуе!

Малы i мора




Данiк СКОРАБАГАТАЎ — сын магiлёўскага аглядальнiка «Звязды» Iлоны Iвановай i журналiста «Магiлёўскай праўды» Андрэя Скорабагатава. Хлопчыку цяпер 7 гадоў, i ён — вучань 3-й гiмназii абласнога цэнтра.

Малы па чарзе захапляецца Бэтмэнам, Гары Потэрам, гоблiнамi, робатамi, пiратамi Карыбскага мора i «Востравам скарбаў».

Пiрацкай тэме, як гэта бачна на фота, усё ж такi надаецца самая пiльная ўвага. Таму што насамрэч самае вялiкае захапленне Данiка — гэта мора, Чорнае i ласкавае. Ён не баiцца вады i глыбiнi, паводзiць сябе ў моры нiбыта рыбiна. I любiць шакiраваць бацькоў заявамi аб адплыццi з крымскага пляжа на другi край мора. Хлопчык сам навучыўся плаваць, яшчэ зусiм малым, а пазней яго прыродныя здольнасцi развiлi ў магiлёўскiм спартыўным басейне. Карацей, ад нырцоў i скокаў у хвалях Данiка адцягнуць немагчыма. А любiмыя морапрадукты — крэветкi, мiдыi i рапаны — ён праглынае на моры неверагоднымi порцыямi i гучна патрабуе дабаўкi. Штогод малы пачынае пакаваць рэчы i цацкi для вандроўкi на мора яшчэ ў студзенi.

Энергiя хлопчыка льецца цераз край, гутарку ён можа падтрымаць з любым суразмоўцам на любую тэму. Апошняе заўважыла i любiмая настаўнiца Данiка, якая з уздыхам праглядаючы яго сшыткi па матэматыцы, цвёрда паведамiла бацькам, што iх сын — «чысты» гуманiтарый. Нядаўна малы заявiў сям’i, што хоча стаць журналiстам. Тым больш што першая спроба пяра ўжо была: у актыве Данiка тры незавершаныя раманы пра пiратаў i iх прыгоды на моры. Праўда, раманы пакуль складаюцца з некалькiх сказаў, але ўсё наперадзе: галоўнае пачаць, а там — Новы 2007 год пакажа!


 
Теги: Гомель, Минск
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ён пройдзе пад знакам Чырвонага Кабана (Свiннi). Ён абвешчаны лiтаратурным годам Янкi Купалы i Якуба Коласа, бяспекi дарожнага руху (у Беларусi), года
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика