21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вулiца дзiцячага шчасця

25.08.2009 22:17 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iлона IВАНОВА

На вулiцы Салаўiнай у раённым цэнтры Горкi ёсць два дамы, дзе па суседству жывуць незвычайна вялiкiя сем’i. У Алейнiкавых i Палявых — дзiцячыя дамы сямейнага тыпу, дзе ўжо даўно не дзеляць малых на сваiх i прыёмных. У адным выхоўваюць 9 дзяцей, у другiм — 8. Новы год, паводле традыцыi, яны сустрэнуць сваёй сям’ёй. I тут у свята дарослыя нiколi не забываюцца пажадаць, каб не было на зямлi кiнутых дзяцей, а малыя просяць у Дзеда Мароза, акрамя падарункаў, здароўя i дабрабыту для ўсёй сваёй сям’i.

Цётка Люба

Любоў Iванаўна Палявая яшчэ пяць гадоў таму жыла ў Хоцiмскiм раёне, працавала бiблiятэкарам, гадавала з мужам траiх дзяцей. Аднойчы яна з дачкой трапiла ў бальнiцу, i гэта перавярнула ўсё яе жыццё. Разам з дачкой на бальнiчным ложку апынулася 11-гадовая дзяўчынка з iнтэрната для дзяцей-сiрот. Любоў Iванаўну тады моцна ўразiла, што да малой нiхто не прыйшоў, хоць яна была ў цяжкiм стане. I жанчына ўзялася яе даглядаць. Марына паслухмяна ела курыны булён, i толькi ўсё хапала апякунку за руку, прасiла не сыходзiць. Тады Любоў Iванаўна i дала сабе абяцанне не кiдаць сiрату. I, нягледзячы на тое, што тады Палявыя жылi ўпяцярых у адным пакоi, ад таго часу яны кожныя канiкулы забiралi да сябе Марыну, яе малодшага брата i сяброўку.

А потым Любоў Iванаўна пачула па радыё пра сямейныя дзiцячыя дамы. А калi напiсала лiст з прапановай i ўсё «закруцiлася», то стала страшна. Як у 40 гадоў памяняць усё? I лад жыцця, i працу, i месца жыхарства... Але ўсё ўрэшце ўладкавалася. Беларускi дзiцячы фонд разам з англiйскiмi дабрачыннiкамi набыў для Палявых катэдж у Горках, i ўжо пяты год Любоў Iванаўна працуе выхавальнiцай сямейнага дзiцячага дома.

Яна атрымлiвае заробак, ды яшчэ дапамогу на кожнае прыёмнае дзiця. Разам з заробкам мужа на дрэваапрацоўчай фiрме гэта складае бюджэт вялiкай сям’i. Цяпер у доме жыве восем дзяцей, з iх самаму малодшаму — 7 гадоў. Мiкiтка сустракае гасцей на парозе. На яго грудзях напiсана «STАR», i адразу зразумела, што ён — сапраўдная зорка ў доме, усе старэйшыя пра яго клапоцяцца.

Лiзе, сястры Мiкiткi, 10 гадоў. Яна добра вучыцца, i з’яўляецца галоўнай навагодняй забаўнiцай. Лiза, як i iншыя дзецi, называе прыёмную мацi цёткай Любай. Так ужо склалася. Тым больш, што тая ж Лiза з Мiкiткам кожныя выхадныя днi наведваюць сваю сапраўдную мацi, якую пазбавiлi бацькоўскiх правоў. Суд вырашыў, што не трэба перашкаджаць сустрэчам дзяцей з сапраўднымi бацькамi, i Любоў Iванаўна падпарадкавалася, хоць i памятае, што забiралi брата i сястру з хаты, дзе не было нi ацяплення, нi святла, анiчога. Аднак у Палявой ёсць цвёрдая пазiцыя: не нашкодзiць дзецям i не рваць iх сувязi з бацькамi, якiмi б яны нi былi.

— Не важна, кiм вы будзеце, — кажа яна малым. — Але важна, каб вы заўсёды, пры любых абставiнах маглi зарабiць сабе на хлеб. А для гэтага трэба добра вучыцца.

Мацi Таiса

У сям’i Алейнiкавых калiсьцi моцна чакалi нараджэння хлопчыка — але атрымалася дзяўчынка. Бацькi не сталi засмучацца, i праз нейкi час спадзявалiся на нараджэнне Алёшкi — а выйшла Алёнка. Мацi Таiсiя Вiктараўна ўбачыла тэлерэкламу пра сiрот i вырашыла з мужам узяць хлопчыка. Алейнiкавы прынялi ўдзел у конкурсе прыёмных бацькоў i поўнасцю рэалiзавалi сваю даўнюю мару займець сына — цяпер у iх трое хлопчыкаў.

Таiсiя Вiктараўна працавала выхавальнiцай у дзiцячым садку, таму яна не толькi з задавальненнем, але i з веданнем справы няньчыцца з 9 выхаванцамi. Сяргей Пятровiч рашуча падтрымаў жонку ў новай справе, бо сам ён нарадзiўся ў вялiкай сям’i i на правах старэйшага прыглядаў за дзiцячым калектывам. Так што не прывыкаць! Спыталiся i ў дачок, i яны не пярэчылi бацькам у iх жаданнi ўзяць дзяцей.

Любiмiца ў сям’i — 4-гадовая Лiза, маленькая дзяўчынка ў ярка-блакiтным модным сарафане. Яна трапiла да Алейнiкавых, калi ёй не было i двух гадоў. А важыла яна як гадавалая. Гавораць, што яна нарадзiлася маленькая. А можа, i недаядала. Яе мацi — адзiночка, яе пазбавiлi бацькоўскiх правоў. Спачатку Лiза ўвогуле не размаўляла. Вымаўляла толькi два словы «Баба» i «Ам». А цяпер часта спявае Таiсii Вiктараўне песню пра любiмую матулю.

Бацькi дзяцей, якiя жывуць у доме Алейнiкавых, не шукаюць сустрэч са сваiмi малымi. Толькi адна бабуля знайшла i наведвае ўнучку. Таму ўсе яны дружна называюць Таiсiю Вiктараўну мамай.

— Я шкадую дзяцей, — прызнаецца жанчына. — Калi яшчэ працавала ў садку, то бачыла, што некаторыя дзецi ядуць толькi ў нас. Пасля выхадных дзён iх галодныя вочы блiшчэлi, яны прасiлi есцi. А як iх не шкадаваць? Вось Ягор: ходзiць у 3 клас, а дасюль нiдзе не можа застацца адзiн. Усё баiцца, што яго кiнуць. У iншага малога — апёкi. Расказвае, што адным разам мацi гарачую патэльню выпусцiла з рук, у другi — вылiла нешта гарачае на нагу. А вось яшчэ адна гiсторыя дзяцiнства: жылi ў аднапакаёўцы мацi, яе сужыцель i 5 дзяцей. Iх зачынялi, i малых фактычна выгадавала старэйшая дачка Ганна, якая цяпер жыве ў нас.

Сямейны закон

—Я не з мяккага цеста зробленая, магу строга спытаць, — прызнаецца Любоў Iванаўна. — Але дзецi востра адчуваюць справядлiвасць i, калi яны заслужылi вымову, даруюць i рэзкасць. А так я сваiмi дзецьмi задаволеная, ад iх дрэннага слова не чула.

Дзецi, канешне, могуць пасварыцца — без гэтага не абыходзiцца, але калi трэба абаранiцца разам — усе крыўды iмгненна забываюцца, стаяць адзiн за аднаго гарой.

Абедзьве сям’i маюць агароды каля дамоў, а таксама яшчэ i дадатковыя соткi, дзе садзяць бульбу. Усе дзецi, без выключэння, бяруць удзел у вырошчваннi гароднiны.

— Я хачу, каб мае дзецi прывучылiся да звычайнай сялянскай працы, бо гэта iм можа спатрэбiцца ў жыццi, — лiчыць Любоў Iванаўна. — Яны ў сваiх iнтэрнатах не бачылi хлеб у бохане. Елi боршч, а не ведалi, што бывае качан капусты.

Дзецi

14-гадовы Сяргей захапляецца камп’ютарнымi гульнямi i конным спортам. Праўда, цётка Люба апошняе не ўхваляе: моцна перахвалявалася, калi хлопец упаў з каня i потым былi праблемы са зрокам. На Новы год Сяргей спадзяецца на грашовы падарунак, i марыць набыць згушчанага малака, каб неасцiся ўдосталь: ужо чатыры гады ён жыве ў сям’i, але нiяк не ад’есца любiмага ласунку. Сяргей правёў больш за два гады ў iнтэрнаце, i цяпер, хоць i бачыцца са сваёй сапраўднай мацi, гаворыць, што ставiцца да яе i яе ладу жыцця раўнадушна.

Паша, якому 15 гадоў, хоча правесцi так Новы год, каб ён запомнiўся. Ён рыхтуе ў падарунак цётцы Любе сувенiр i паштоўку, а сабе хацеў бы мабiльны тэлефон.

12-гадовы Ваня, сын Любовi Iванаўны, зусiм не шкадуе, што ў яго стала шмат братоў i сясцёр. Спачатку, праўду сказаць, цяжка прывыкаў да iх i раўнаваў, а цяпер задаволены: старэйшыя абараняюць i дапамагаюць, а малыя забаўляюць.

А 10-класнiцу Ганну пытаннi наконт сям’i i Новага года давялi да слёз.

— Тут мне цудоўна жывецца, i ўсё тут добрае, — гаварыла дзяўчына i плакала. — У параўнаннi з тым жыццём, што ў нас было, гэта шчасце. А мацi Таiсiя Вiктараўна больш зрабiла для мяне i братоў, чым мая сапраўдная мацi.

Свята

У сямейных дзiцячых дамах гатуюць шмат ежы. Супу i макароны ў 7-лiтровых каструлях хапае на адзiн раз. На новагоднi стол у Алейнiкавых будуць запякаць тры курыцы, каб хапiла ўсiм. Абавязкова плануюць падаць i рыбу, але толькi не свiнiну — каб Чырвоны Кабан не пакрыўдзiўся. А Палявым шэфы з упраўлення сельскай гаспадаркi Магiлёўскага аблвыканкама прывезлi свiнiны i каўбасы, таму тут вырашылi, што да кiтайскага Новага года яшчэ далёка, i Кабан да iх жыцця i ўдачы пакуль дачынення не мае.

— Я жадаю людзям, каб яны былi больш добрымi, спагадлiвымi, — гаворыць Любоў Iванаўна. — Каб людзi не зайздросцiлi iншым, а радавалiся свайму жыццю. Каб хоць аднойчы ў дзень яны паглядзелi на неба i ўзрадавалiся таму, што iснуе свет i яны ёсць у гэтым свеце. I дзецям заўсёды кажу: трэба не крыўдзiць свой лёс, а жыць з аптымiзмам. I яшчэ хачу, каб не было на зямлi кiнутых дзяцей.

— Жадаю найперш моцнага здароўя ўсiм, — дадае Таiсiя Вiктараўна. — Калi няма футра i модных ботаў, то можна пражыць i без гэтага. I яшчэ каб мацi любiлi сваiх дзяцей, а дзецi — сваiх мацi.

г. Горкi.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На вулiцы Салаўiнай у раённым цэнтры Горкi ёсць два дамы, дзе па суседству жывуць незвычайна вялiкiя сем’i. У Алейнiкавых i Палявых — дзiцячыя дамы ся
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика