Год адкрыццяў, дасягненняў, юбiлеяў
Ірына ПРЫМАК
Чым у 2006-м вызначылiся беларускiя спартсмены?
Сёлета нацыянальная зборная па хакею выйграла ў каманды Канады, а футбольная дружына — у англiчан. Беларускiя баскетбалiсткi ўпершыню заваявалi пропуск у фiнальную частку чэмпiянату Еўропы, а наша каманда стралкоў з лука ўпершыню выйграла «золата» на кантынентальным першынстве. На высокiм узроўнi на мiжнароднай арэне выступiлi фрыстайлiст Дзмiтрый Дашчынскi (фота 1), веславальшчыца Кацярына Карстэн, велагоншчыца Наталля Цылiнская (фота 2), лёгкаатлеты Алеся i Рыта Туравы, Iван Цiхан, Наталля Харанека, Андрэй Мiхневiч, цяжкаатлет Андрэй Рыбакоў, стралок Сяргей Мартынаў, гiмнастка Iна Жукава. Сярод беларускiх трэнераў вызначыўся Iгар Крыўшэнка, якi прывёў барысаўскi футбольны клуб БАТЭ да перамогi ў Кубку Беларусi i ў нацыянальным чэмпiянаце. Паўабаронца лонданскага «Арсенала» i нацыянальнай зборнай Аляксандр Глеб (фота 3) у чарговы раз названы лепшым футбалiстам краiны. Самымi гучнымi адстаўкамi мiнулага года сталi змена трэнераў нацыянальнай хакейнай i футбольнай зборных (пасаду Глена Хэнлана заняў Курт Фрэйзер, а Анатоля Байдачнага — Юрый Пунтус), а таксама настаўнiка сталiчнага МТЗ-РIПА (кiраваць трактаразаводцамi будзе знакамiты футбольны спецыялiст Эдуард Малафееў). У мiнулым годзе найчасцей абмяркоўвалi наступныя пытаннi: калi Юрый Пунтус перастане сумяшчаць пасаду ў клубе i зборнай (зараз трэнер будзе працаваць толькi ў галоўнай футбольнай дружыне), чаму лепшы бамбардзiр чэмпiянату Беларусi па футболу Аляксандр Клiменка нiяк не з’явiцца ў саставе нацыянальнай каманды, што ў зборнай робiць малодшы Глеб? Сёлета былi прыняты вельмi важныя рашэннi для далейшага развiцця спорту ў нашай рэспублiцы: кiраўнiк хакейнай федэрацыi Расii Уладзiслаў Траццяк запрасiў беларускую каманду гуляць у вышэйшай лiзе (адтуль можна прабiцца ў суперлiгу, якая дапаможа палепшыць свой узровень), з наступнага сезона беларуская футбольная элiта будзе спаборнiчаць у новым турнiры — кубку асацыяцыi «Беларуская федэрацыя футбола» (з’явiцца больш практыкi перад першынствам краiны), а з 2008 года ў вышэйшай лiзе чэмпiянату Беларусi будуць выступаць на два клубы больш (гэта будзе спрыяць развiццю клубнай iнфраструктуры прадстаўнiкоў першай лiгi i iх канкурэнтаздольнасцi). На ўзроўнi кiраўнiка дзяржавы ўзнялося пытанне наконт развiцця iгравых вiдаў спорту ў Беларусi i ў вынiку падпiсаны Указы Прэзiдэнта. Былi адкрыты новыя спартыўныя аб’екты — Вышэйшая школа трэнераў, Дом футбола, школа вядомых расiйскiх фiгурыстаў Iльi Авербуха i Iрыны Лабачовай у Гомелi. Сёлета адзначаўся шэраг юбiлеяў. У прыватнасцi 15 гадоў таму з’явiўся Нацыянальны алiмпiйскi камiтэт, споўнiлася 50 гадоў беларускаму гандболу i 30 — хакейнаму клубу мiнскае «Дынама», паўстагоддзя таму беларускiя спартсменкi дэбютавалi на Алiмпiядзе, нацыянальная зборная па футболу правяла свой 100-ы матч. Як бачым, год не прайшоў упустую. Канешне, былi i паражэннi, i расчараваннi, але без падзенняў нiколi не зразумееш, што такое сапраўдны ўзлёт. Спадзяёмся, што 2007 год адкрые новыя спартыўныя iмёны, будзе здабыта шмат лiцэнзiй на летнюю Алiмпiяду ў Пекiне-2008 (першымi iх заваявалi сёлета беларускiя стралкi), а беларускiх атлетаў абыдуць траўмы, а чытачам «Звязды» мы жадаем «хварэць» за нашых спартсменаў i займайцеся спортам на здароўе. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чым у 2006-м вызначылiся беларускiя спартсмены? |
|