Сцяжынкамi Адама Мiцкевiча
Марыя ЖЫЛIНСКАЯ
На ўскрайку Гродзеншчыны, амаль на памежжы з Брэсцкай вобласцю, сярод векавых калматых дрэў i шыкоўных садоў прытулiлася вёсачка Варонча, што ў Карэлiцкiм раёне. Подых даўнiны, простай, толькi злёгку кранутай часам самабытнасцi адчуваеш у кожным куточку вёскi i наваколля. Ваеннае лiхалецце не пашкадавала панскую сядзiбу — комплекс збудаванняў, куды ўваходзiлi два палацы, скарбнiца, флiгелi, касцёл, гаспадарчыя пабудовы, невялiкi парк. Уцалеў толькi бровар, помнiк архiтэктуры ХVIII ст. Зараз тут месцiцца спiртавы завод, дзе працуе значная частка вяскоўцаў.
Упершыню Варонча ўпамiнаецца ў судовых актах Вялiкага княства Лiтоўскага ў 1576 годзе. Прыгажосць i адметнасць гэтай мясцiны вабiла ў свой час вядомага этнографа i фалькларыста Адама Чарноцкага. Адам Мiцкевiч узгадвае Варончу i ваяводу Несялоўскага, былога ўладальнiка мясцiны, у паэме «Пан Тадэвуш». Дарэчы, тут жылi бацькi вялiкага, неаднойчы апетага кахання Мiцкевiча — Марыi Верашчакi. На мясцовых могiлках яны i пахаваны. Амаль што побач з бацькамi Марыi ляжаць родныя Яна Чачота. А самога знакамiтага паэта хрысцiлi ў тутэйшым касцёле Святой Ганны — выдатным помнiку ХVIII стагоддзя, якiм ганарыцца Варонча. Пра гэты куточак пiсаў у «Зямлi пад белымi крыламi» Уладзiмiр Караткевiч, называючы яго вечным музеем. Гэтыя цiкавыя звесткi пра родны край па кропельцы збiраюцца ў музеi «Наша памяць», што створаны ў Варанчанскай сярэдняй школе выкладчыкам гiсторыi Змiцерам Алексяевiчам пры падтрымцы дырэктара школы Таiсы Грыбок. Варонча — цэнтр сельскага Савета. Старшыня яго Сяргей Баранаў з цiкавасцю i ахвотай распавядзе пра час мiнулы i сённяшнi, пра людзей, iх праблемы i клопаты. Зараз Варанчанскi сельсавет ахоплiвае 13 вёсак з насельнiцтвам, якое складае менш за тысячу чалавек. Асаблiвасць мясцiн у тым, што тут захавалася, акрамя вёсак вялiкiх i малых, нямала хутароў. На жаль, гэты прыгожы i адметны куточак спасцiгае лёс многiх беларускiх вёсачак. Яны старэюць. З 840 жыхароў працаздольных 364. А зусiм адзiнокiх пенсiянераў 204. Догляд гэтых немаладых, часам нямоглых людзей, як расказвае Сяргей Платонавiч, — адна з асноўных праблем старшынi сельскага Савета. Каб пажылыя людзi не адчувалi сябе адзiнокiмi i бездапаможнымi, iм аказваецца пасiльная дапамога за сiмвалiчную плату ў пасадцы i зборы ўраджаю, нарыхтоўцы дроў, сена. Штогод пенсiянерам выдзяляецца па 100 кiлаграмаў збожжавых па кошту нiжэй закупачнага. Насельнiцтва таксама iмкнецца аддзячыць мясцовыя ўлады. У мiнулым годзе з прысядзiбных гаспадарак дзяржавай закуплена 208 тон малака. Кожны гаспадар па магчымасцi iмкнецца добраўпарадкаваць сваю сядзiбу, вулiцу. Сельскi Савет жа трымае ў полi зроку пытаннi парадку на зямлi. Высекчы залiшняе кустоўе, пашырыць праезды, абкасiць, расчысцiць мясцовыя азёры, закiнутыя дамы, — вось кола вясковых клопатаў. З высоказатратных праблем пры дапамозе мясцовых уладаў удалося летась вырашыць дарожную. Цяпер з Варончы ў Мiнакi i Раманы ехаць адно задавальненне, хоць бокам кацiся — жартуюць вяскоўцы. Штогод пад эгiдай сельскага Савета праводзiцца конкурс па добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Вяскоўцы, а асаблiва старасты заўсёды з энтузiязмам рыхтуюцца да гэтых конкурсаў-аглядаў. Яны ператвараюцца ў сапраўдныя святы. Вясковыя старасты — асноўная падтрымка i дапамога старшынi сельскага Савета, лiчыць Сяргей Баранаў. I асноўная крынiца iнфармацыi мясцовага жыцця. — Без iх мне цяжка было б даведацца, што робiцца ў аддаленых вёсачках i хутарках, — гаворыць старшыня Савета. — Напрыклад, тэлефануе мне днямi стараста вёскi Равiны Соф’я Захарчук. Просiць дапамагчы ўладкаваць на зiму хворую 74-гадовую адзiнокую бабульку на сацыяльны ложак. Канешне ж, дапаможам! Мае «правыя рукi», — усмiхаецца Сяргей Платонавiч, — гэта Ганна Васiльеўна Сiнкевiч, — стараста вёсак Раманы i Мiнакi, Марыя Мiхайлаўна Барысевiч — стараста ў вёсках Белыя Лугi, Саленiкi, Цiневiчы, Антон Адамавiч Шыкальскi, Мiхаiл Мiхайлавiч Пасюкевiч, Марыя Казiмiраўна Маладзецкая.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На ўскрайку Гродзеншчыны, амаль на памежжы з Брэсцкай вобласцю, сярод векавых калматых дрэў i шыкоўных садоў прытулiлася вёсачка Варонча, што ў Карэлi |
|