Дапамажыце пазваночнiку
Дыскагенныя радыкулiты, астэахандрозы, розныя захворваннi дробных суставаў пазваночнiка — у апошнi час гэтыя хваробы сталi праблемай стагоддзя. Ад боляў у паяснiцы i спiне церпiць амаль палова насельнiцтва планеты. А калi ўзяць узрост 50—60 гадоў, дык i ўсе 80 працэнтаў. Хвароба развiваецца часцей за ўсё так: дзесьцi пасля 25 гадоў чалавек адчувае боль у пазваночнiку, якi пасля 40 гадоў турбуе ўсё часцей. А мiж тым хвароба не знiкла, а «затаiлася». Таму вельмi важна паставiць раннi дыягназ, накiраваць сiлы на прафiлактыку захворвання. I сучаснай медыцыне гэта цалкам пад сiлу. Напрыклад, яшчэ не так даўно дыягназ «дыскагенны радыкулiт» укладваў хворага ў ложак на 2—3 тыднi. Цяпер жа пацыент ходзiць назаўтра. I гэта дзякуючы новым аперацыйным методыкам, аўтарам якiх з’яўляецца загадчык нейрахiрургiчнага аддзела Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогii i нейрахiрургii, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь, доктар медыцынскiх навук, прафесар Арнольд Фёдаравiч СМЕЯНОВIЧ. Ён прыняў удзел у «прамой лiнii» «Звязды» — адказаў на пытаннi, што паступiлi ў рэдакцыю, адносна хвароб пазваночнiка.
— Добры дзень. Я званю з Лепельскага раёна. Мне 21 год. У мяне — астэахандроз груднога аддзела пазваночнiка, а таксама грыжа Шморля. Пастаянна пакутую ад болю ў спiне. Якое лячэнне дапаможа пазбавiцца ад iх? — Астэахандроз не такое ўжо i страшнае захворванне, хоць сустракаецца даволi часта. Пры iм трэба праводзiць кансерватыўнае лячэнне. Акрамя таго грыжа Шморля — укараненне мiжпазванковага храшча ў цела пазванка — таксама можа даваць боль. Вам трэба звярнуцца да неўролага па месцы жыхарства, якi прызначыць комплекснае лячэнне. Яно можа ўключаць i масаж, i фiзiяпрацэдуры, i магнiтатэрапiю, i лазератэрапiю. Карацей кажучы, усе вiды лячэння, якiя iснуюць пры гэтым захворваннi i якiя могуць вам дапамагчы. — Але ў Лепелi няма неўролага. — Тады вам трэба папрасiць накiраванне да спецыялiстаў у Вiцебск цi ў наш Рэспублiканскi навукова-практычны цэнтр, якi знаходзiцца ў Мiнску па вулiцы Ф. Скарыны, 24. Там вас пракансультуюць неўролаг i нейрахiрург. I прызначаць лячэнне. — Мяне завуць Марыя Фiлiмонаўна. Тэлефаную са Жлобiна. Мой дыягназ — правабаковы скалiёз пазваночнiка. Магчыма ад гэтага ў мяне вельмi баляць суставы рук i ног. — Зразумела. Скрыўленне пазваночнiка дае перагрузку на мышцы, таму ў вас болi могуць узмацняцца. Але гэта артапедычная праблема, якая патрабуе адпаведнага лячэння. Вам трэба звярнуцца да артапеда-траўматолага. Спачатку да спецыялiста па месцы жыхарства. Калi ж лячэнне не дапаможа, прасiце накiраванне ў Гомельскую абласную бальнiцу. Там працуе вельмi добры ўрач — загадчык кафедры артапедыi i траўматалогii Гомельскага медунiверсiтэта, прафесар Дзятлаў. Я б параiў пракансультавацца ў яго. — У майго сына — грыжа пазваночнiка. Гэта пацвердзiў здымак. Апошнiм часам сыну становiцца ўсё горш. Не знiкаюць болi ў назе. Нiякае лячэнне не дапамагае. Званю з Глыбокага. — Калi на здымку ўстаноўлена мiжпазванковая грыжа i ёсць клiнiчныя праявы хваробы, боль у назе нiжэй калена працяглы час, то трэба рабiць аперацыю. Аперыравацца можна ў нейрахiрургiчным аддзяленнi Вiцебскай абласной бальнiцы цi бярыце накiраванне ў наш цэнтр. — Добры дзень, я з Гомельскай вобласцi. У 1999 годзе мне быў пастаўлены дыягназ — грыжа пазваночнiка i вызначана група iнвалiднасцi. Зараз групу знялi. Але я адчуваю сябе вельмi дрэнна, болi працягваюцца, нямее нага. Кансерватыўнае лячэнне не дапамагае, урачы рэкамендуюць рабiць аперацыю. Цi абавязкова гэта? — У вашай сiтуацыi, калi ёсць мiжпазванковая грыжа, маецца боль у назе i не дапамагае кансерватыўнае лячэнне, магчыма i трэба будзе рабiць аперацыю. Зразумейце, група iнвалiднасцi сама па сабе не лечыць хворага. Гэта толькi сацыяльнае паняцце. Група даецца толькi тады, калi нiякiя метады лячэння хвораму не дапамагаюць. Калi ж ёсць магчымасць вылечыцца, як вам раяць, пры дапамозе аперацыi, трэба прыслухацца да думкi спецыялiстаў. — Званю з Глыбокага. Мне 32 гады. У мяне — пастаянныя болi ў пазваночнiку, баляць ногi, лячэнне не дапамагае. — Вам рабiлi камп’ютарную тамаграфiю пазваночнiка? — Не. — А чаму ваш неўролаг не накiроўвае на такое даследаванне ў Вiцебск? Ён абавязаны гэта зрабiць, калi лячэнне не дапамагае. — I яшчэ. У мяне астэахандроз шыйнага аддзела пазваночнiка... — Гэта паталогiя патрабуе кансерватыўнага лячэння. Але ў вашым узросце захворванне пачало развiвацца вельмi рана. Вам трэба правесцi даследаванне ў раённым цi абласным цэнтры. Трэба, каб вас паглядзеў нейрахiрург. Магчыма, высветлiцца, што хвароба мае нейрахiрургiчны профiль, а не неўралагiчны. — Турбуе Аляксей Рыгоравiч з Буда-Кашалёва. Два гады таму я ўпаў з колаў, i ў мяне пачалiся моцныя болi ў спiне i плячах. Нядаўна быў на прыёме ў Гомелi ў артапеда. Ён паставiў дыягназ — астэахандроз паяснiчна-крыжавога i нiжнегруднога аддзела пазваночнiка. Прымаў дыклафенак, капсiкам. Болi не праходзяць. Што мне рабiць? — Скажыце, калi ласка, акрамя боляў у спiне, грудной клетцы, болi ў нагах ёсць? — Пабольваюць, але не моцна. — Вам трэба звярнуцца да свайго неўролага, якi прызначыць лячэнне. Хутчэй за ўсё вам не патрэбна нейрахiрургiчная дапамога. Калi ж лячэнне не будзе эфектыўным, раю пракансультавацца ў Гомелi, дзе вас паглядзяць адначасова i неўролаг, i нейрахiрург i дадуць рэкамендацыi. — Добры дзень, доктар. Мяне завуць Юрый, званю з Асiповiчаў. Мне 42 гады. Вось ужо гадоў шэсць хварэю на дыскагенны радыкулiт, адчуваю моцныя болi, асаблiва балiць нага ў нiжняй частцы ззаду. — Думаецца, у вас выпадзенне мiжпазванковага дыска L5, S1. Вам трэба зрабiць камп’ютарную цi магнiтна-рэзанансную тамаграфiю пазваночнiка i абавязкова пракансультавацца ў спецыялiстаў, яны падкажуць, што рабiць. Гэта можна зрабiць i ў нашым цэнтры. — Ганна Сцяпанаўна з Асiповiцкага раёна. Вельмi балiць паяснiца, бываюць болi ў нагах. — Боль у нагах пастаянны цi не? — Не. — Я хачу вам сказаць, што боль у паяснiцы ўказвае хутчэй за ўсё на астэахандроз. I вам трэба пракансультавацца ў неўролага, а не ў нейрахiрурга. «Прамую лiнiю» правялi Святлана БАРЫСЕНКА i Вольга ШАЎКО. (Працяг будзе.) Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дыскагенныя радыкулiты, астэахандрозы, розныя захворваннi дробных суставаў пазваночнiка — у апошнi час гэтыя хваробы сталi праблемай стагоддзя. Ад бол |
|