На цвярозае вокаДобры дзень, родныя словы! Вось i мiнулiся навагоднiя святы. З далiкатным посудам для пiтва трэба асцярожна абыходзiцца не толькi за сталом, але i ў мове, дбаючы тут ужо, вядома, не пра тое, якую пасудзiну для чаго ўжываць, а якое слова — да тае пасудзiнкi.Найпершыя i найменшыя — гэта кiлiшак i чарка. Суфiксы iх памяншальныя, затое каранi згадваюць пра былую велiч: чарка ўзыходзiць да чары, а кiлiшак мае нават рымскую санавiтасць — лацiнскага продка келiха (calix). Некаторыя людзi чарку i кiлiшак не адрознiваюць, нават мовазнаўцы. Напрыклад, у адным з акадэмiчных выданняў можна прачытаць пра кiлiшак: «Невялiкая шкляная пасудзiна на ножцы». Тое самае пiшацца там i пра чарку, толькi яшчэ пазначаецца: «для пiцця спiртных напiткаў». Пра кiлiшак гэта не адзначана. Аўтар слоўнiкавага артыкула, вiдаць, палiчыў: што тут тлумачыць, i так усё зразумела — не ваду кiлiшкам пiць. I дадаў толькi ўдакладненне: «чарка». Усё ж кiлiшак i чарку адрознiваюць. Вось i мы ўмовiмся: «кiлiшак — з ножкаю, а чарка без ножкi» — так, як адрознiваюць iх сёння ў народзе i як гэтая характарыстыка цытатна запазычана мною з другога тома пяцiтомнага «Слоўнiка беларускiх гаворак паўночна-заходняй Беларусi i яе пагранiчча». Бо на цвярозае вока рознiца мiж посудам з ножкаю i без ножкi ўсё-ткi ёсць, хоць, вядома, у добрай бяседзе бязногая чарка, як i кiлiшак з ножкаю, можа лёгка хадзiць... Гэта ўжо напрыканцы бяседы, пасля чаркi-пакатухi або калi п’ецца развiтальная «на рукавiцы» або «аглабельная», усялякi посуд можа страцiць выразныя абрысы, i не толькi кiлiшак, а нават шклянка можа сысцi за чарку. Дык адрознiвайма гэты посуд. Праўда (гэта i адзначаецца ў пятым томе таго ж «Слоўнiка беларускiх гаворак...» да слова чарка), даўней яна не мела цвёрдага вызначэння паводле формы, а толькi паводле прызначэння: для пiцця спiртных напiткаў. Вось чаму ў нашай мове якраз з чаркаю павязалiся розныя фразеалагiзмы пра пiццё: «куляць чарку», «прыкладацца да чаркi», «за чаркаю», «пад чаркаю» (под хмельком, под градусом), пiць «чарка ў чарку», «заглядаць у чарку» (заглядывать в бутылку). Хай апошнi фразеалагiзм не адгукнецца комплексам непаўнацэннасцi перад суседнiм братам (што чарка, а што бутэлька!), аднак сёння п’юць у нас часам пераблытаўшы чарку i бутэльку. На маёй памяцi гэта пачыналася ў вайну. Шклянка, якая дагэтуль i кроплi алкаголю не брала ў сябе, звязалася з бутэлькаю, праганяючы са стала ўсялякiя кiлiшкi i чаркi. Спачатку саромелася. Налiвалi ў яе чвэртку, трэць, а пасля палавiну... Былi пасля вайны такiя шклянкi, гранёныя знiзу да палавiны. Так i казалi: «Па Марусiн паясок»... Але ў прыстойных людзей i сёння шклянка не для спiртнога пiтва. Дарэчы, у рэдакцыю быў званок: «А як па-беларуску сказаць пра пластмасавыя «стаканчики»: шкляначкi тут не падыходзяць, занадта чуецца ў iх шкляное паходжанне». Адказваем: кубачкi. У дзяцiнстве, памятаю, так мы называлi не толькi звычайныя металiчныя цi глiняныя пасудзiнкi, але i ўпадабаныя белыя фарфоравыя штучкi на тэлефонных слупах, якiя толькi што тады паставiлi ў вёсцы. (Металiчны кубак яшчэ называлi конаўкаю, i яна, бразгаючы сваiм iмем, згадвае нам заходнееўрапейскiх сваякоў: нямецкую Kanne (кубак, збан, бiтон), англiйскага can (бiтон, канiстра, бляшанка), сягаючы радаводам у далёкую антычнасць). А што да мороженого в стаканчике, то ў народзе кажуць: марожанае (марозiва) у вафельцы. Дарэчы, такi выраз сустракаецца ў апошняй прыжыццёвай кнiжачцы Янкi Брыля. Ну а што такое фужэр, тлумачыць не трэба. Для рускага бокала (для вiна) у нас ёсць адпаведнiк келiх. У «Слоўнiку» I. I. Насовiча даецца яшчэ i такое тлумачэнне: церк. Чаша. I прыводзiцца прыклад: «Прыйшоў у цэркаў, як свяшчэннiк з келiхам выйшаў». А таму i выслоўе: «выпiць келiх да дна (перанесцi дарэшты цяжкасцi, няшчасцi, пакуты)». А для пивной кружки («бокал пива») ёсць кухаль: (куфель пiва). I, значыць, узбагачаць бакалам беларускую мову, як робяць сёння некаторыя газеты, няма нiякай патрэбы. Рубрыку вядзе Анатоль КЛЫШКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вось i мiнулiся навагоднiя святы. З далiкатным посудам для пiтва трэба асцярожна абыходзiцца не толькi за сталом, але i ў мове, дбаючы тут ужо, вядома
|
|