Праз адно акно — да паляпшення жылёвых умоў
Iнга МIНДАЛЁВА
За мiнулы год у Мiнскi гарадскi выканаўчы камiтэт паступiла звыш 18 тысяч зваротаў ад сталiчных жыхароў. З iх больш за 9 тысяч склалi пiсьмовыя i вусныя звароты, атрыманыя ў ходзе асабiстага прыёму кiраўнiцтвам выканкама. Яшчэ 9200 было прынята па тэлефонах «гарачай лiнii».
— Калi прааналiзаваць першую групу зваротаў (пiсьмовыя i вусныя), кожны трэцi з iх датычыўся пытанняў жыллёвай палiтыкi i ўзвядзення жылля, — расказвае начальнiк аддзела пiсьмаў i прыёму грамадзян Мiнгарвыканкама Галiна Ерамцова. — Крыху менш — 27 працэнтаў зваротаў — пытанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркi. А вось у такiх галiнах, як гандаль, бытавое абслугоўванне, ахова здароўя, парушэнняў стала менш: доля зваротаў грамадзян па ўсiх гэтых пытаннях не перавысiла 8 працэнтаў. Толькi ў сферы аховы здароўя колькасць зваротаў за мiнулы год скарацiлася на трэць (у 2005-м iх было 80, у 2006-м — 50). У першую чаргу гэта звязана з тым, як аператыўна наш сталiчны камiтэт аховы здароўя рэагуе на ўсе «сiгналы» мiнчан. Так, летась пасля разгляду скаргаў грамадзян былi пазбаўлены сваiх пасад 4 медработнiкi. Якасць аказваемых насельнiцтву паслуг знаходзiцца на пастаянным жорсткiм кантролi. Тое ж справядлiва i для сферы гандлю i бытавога абслугоўвання. За апошнi год доля зваротаў па азначаных тэмах зменшылася на 6 працэнтаў. Паводле слоў Галiны Андрэеўны, у Мiнску за мiнулы год на адну пятую скарацiлася доля скаргаў на iндывiдуальных прадпрымальнiкаў i арганiзацыi недзяржаўнай формы ўласнасцi. Гэта абумоўлена ростам прававой культуры прадпрымальнiкаў i кампанiй, а таксама жорсткай пазiцыяй упраўлення прадпрымальнiцтва, якое ставiць у аснову сваёй працы Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Напрыклад, па 60 працэнтах скаргаў на iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, якiя паступiлi ва ўпраўленне ў 2006 годзе, пасля разгляду было прынята станоўчае рашэнне, грамадзянам дапамагалi адстаяць iх правы. За мiнулы год колькасць зваротаў сталiчных жыхароў у гарвыканкам павялiчылася на 4 працэнты. Галiна Андрэеўна патлумачыла гэты факт наступным чынам: «У першым квартале мiнулага года ў краiне адбылiся дзве значныя палiтычныя падзеi — выбары Прэзiдэнта i III Усебеларускi народны сход. Лёгка зразумець жаданне грамадзян скарыстаць палiтычную сiтуацыю для найбольш эфектыўнага вырашэння сваiх злабадзенных праблем. Так, за першы квартал колькасць зваротаў павялiчылася на 36 працэнтаў (у параўнаннi з аналагiчным перыядам 2005 года). А потым пачалося iх стабiльнае скарачэнне: у другiм квартале на 1,7 працэнта адносна такога ж перыяду папярэдняга года, у трэцiм квартале — на 4 працэнты, у чацвёртым — на 17. Такая заканамернасць у нас назiраецца заўсёды падчас значных палiтычных падзей. Што датычыцца выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, якiя прайшлi на мiнулым тыднi, сур’ёзнага ўсплеску актыўнасцi мiнчан i павышэння колькасцi зваротаў у выканкам яны не выклiкалi». Больш будуем — больш скардзiмся На працягу апошнiх двух гадоў у сталiцы назiраецца стабiльны рост колькасцi зваротаў па пытаннях выдзялення зямельных участкаў пад узвядзенне iндывiдуальнага жылля. У людзей ёсць жаданне будавацца, аднак тэрыторыя Мiнска мае пэўныя межы (Мiнскай кальцавой аўтадарогi). Частка вольных плошчаў, якiя не выходзяць за МКАД, маюць статус сельскагаспадарчых угоддзяў i не падлягаюць забудове. «Свабодных плямаў» у межах горада практычна няма. Атрымлiваецца, што попыт на зямельныя ўчасткi пад iндывiдуальнае будаўнiцтва расце, а задаволiць яго па аб’ектыўных прычынах немагчыма. Станоўчае рашэнне прымаецца толькi па аднаму з дзесяцi зваротаў (як правiла, у адносiнах да льготных груп насельнiцтва). Яшчэ адной спецыфiчнай сталiчнай асаблiвасцю з’яўляюцца велiзарныя чэргi на паляпшэнне жыллёвых умоў. У iх людзi стаяць па 18 гадоў. «У Мiнску будуецца вельмi многа жылля, — тлумачыць Галiна Ерамцова. — Толькi ў мiнулым годзе было здадзена звыш 930 тысяч квадратных метраў жылой плошчы, а чарга маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў за гэты час павялiчылася ўдвая. Такi рост у многiм абумоўлены iснуючым заканадаўствам. Для пастаноўкi на ўлiк неабходна, каб на чалавека прыходзiлася менш за 15 квадратных метраў агульнай плошчы. Аднак, калi двое несваякоў (не муж i жонка) пражываюць у аднапакаёвай кватэры — нават калi ў iх абодвух хапае «метраў» — яны маюць права стаць на ўлiк. Прыкладаў можна прыводзiць шмат. З укараненнем прынцыпу «аднаго акна» актыўнасць мiнчан у пастаноўцы на ўлiк на паляпшэнне жыллёвых умоў значна павялiчылася». За мiнулы год па пытаннях будаўнiцтва жылля толькi ва ўпраўленне капiтальнага будаўнiцтва Мiнгарвыканкама звярнулася каля 700 чалавек. Гэта пры тым, што згодна з адпаведным рашэннем гарвыканкама, грамадзян, якiя стаяць на ўлiку на паляпшэнне жыллёвых умоў, на будаўнiцтва накiроўваюць адмiнiстрацыi раёнаў. Аднак даведаўшыся, якiя там вялікія чэргi, людзi iдуць напрамую ў выканкам з надзеяй, што там iм дапамогуць пабудавацца па-за чаргой. Аднак такое адбываецца выключна рэдка. Апошнiя два гады ў сталiчным выканкаме павялiчылася колькасць зваротаў грамадзян па пытаннях якасцi ўзводзiмага жылля. Аднак гэты рост напрамую звязаны з павелiчэннем аб’ёмаў узводзiмых метраў. «Паводле iснуючага заканадаўства, чалавек, якi пабудаваў кватэру, мае права звяртацца за ўстараненнем будаўнiчых недахопаў да непасрэднага забудоўшчыка на працягу года, — тлумачыць Ерамцова. — Калi па нейкiх прычынах праблема не вырашаецца, грамадзяне звяртаюцца да нас. Станоўчым момантам з’яўляецца тое, што да канца 2006 года прыкладна 70 працэнтаў усiх прэтэнзiй па якасцi ўзведзенага жылля, што трапiлi да нас, ужо знятыя». Самыя «гарачыя» — камунальныя пытаннi «Гарачая лiнiя» з’явiлася ў гарвыканкаме 3 гады таму. Самымi папулярнымi ў мiнчан з’яўляюцца звароты па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркi. «Аналагiчныя «гарачыя лiнii» створаны ва ўсiх буйных камунальных арганiзацыях сталiцы, таму да нас тэлефануюць толькi з найбольш складанымi праблемамi, — тлумачыць Галiна Андрэеўна. — З дзевяцi тысяч тэлефонных зваротаў на «гарачую лiнiю» гарвыканкам узяў на кантроль 830. З iх 22 працэнты атрымалi станоўчае рашэнне». Што датычыцца пiсьмовых зваротаў, на кантроль было ўзята больш за палову. I ў кожным пятым выпадку праблема была вырашана на карысць грамадзянiна. З усёй колькасцi зваротаў мiнчан у сталiчны выканкам за 2006 год непасрэдна скаргi склалi 1015 (год таму iх было 1334), абгрунтаванымi ў вынiку праверкi аказалася 233. «Шмат часу аднiмае пераправерка пасля таго, як грамадзянiну былi дадзены ўсе тлумачэннi па яго праблеме, але ён застаўся незадаволены прынятым рашэннем i накiраваў скаргу ў Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта цi ў Камiтэт дзяржкантролю, — падкрэслiвае Галiна Андрэеўна. — Рашэннi гарвыканкама грунтуюцца на iснуючым заканадаўстве, пасля пераправеркi вынiк застаецца такiм жа, але ўсё гэта аднiмае час». Галоўнае — дакладнасць Сярод мноства пiсьмаў, што прыходзяць у Мiнгарвыканкам, трапляюцца i незвычайныя. Напрыклад, са словамi ўдзячнасцi — у вершах. А зусiм нядаўна прыйшоў лiст ад жанчыны-немiнчанкi, якая расказала пра сваю ўнучку. Дзяўчына выйшла замуж i цяпер жыве разам з мужам i дзiцем у сталiчнай цёткi. Разам iм там цесна. «Дайце, калi ласка, маладой сям’i месца ў iнтэрнаце», — гаварылася ў пiсьме. Але нi прозвiшча ўнучкi, нi яе адраса не ўказана. Як жа адшукаць чалавека ў горадзе, дзе афiцыйна пражывае 1 700 000 чалавек? — Калi гаварыць пра мiнчан, iх адукацыйны i ментальны ўзровень дастаткова высокi, — падводзiць вынiк размове Ерамцова. — I патрабаваннi ў iх адпаведныя. Як правiла, пры разглядзе звароту адразу зразумела ў чым сутнасць праблемы. Акрамя таго, мiнчане звычайна ведаюць, куды канкрэтна трэба звяртацца для вырашэння свайго пытання. За мiнулы год доля пiсьмаў, якiя не датычылiся кампетэнцыi гарвыканкама, не перавысiла аднаго працэнта».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За мiнулы год у Мiнскi гарадскi выканаўчы камiтэт паступiла звыш 18 тысяч зваротаў ад сталiчных жыхароў. З iх больш за 9 тысяч склалi пiсьмовыя i вусн |
|