21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

ЗЮЗЯ

25.08.2009 22:17 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Анатоль БУТЭВIЧ

Iх шанавалi продкi

(Працяг. Пачатак у нумарах за 13 і 16 студзеня.)

Мама апранае сыночку цёплае футра, хавае ручкi ў цёплыя рукавiчкi i толькi тады вядзе на вулiцу, дзе пануе мароз. На сынава пытанне, чаму трэба так цёпла апранацца, адказвае, што на дварэ Зюзя, трэба баранiцца, каб не нарабiў шкоды. I ўжо сярод белых снежных гурбаў, ад бляску якiх ажно коле ў вочы, мама расказвае пра таямнiчага i загадкавага Зюзю.

Даўным-даўно, калi яшчэ не было цэркваў, нашы продкi называлi бога зiмы i холаду Зюзяй. Ведалi яго толькi на беларускiх землях. Як зазначае вядомы даследчык П. Шпiлеўскi, iмя гэтага «халоднага» бога паходзiла ад слова «зюзець», што азначае мерзнуць, калець ад марозу.

А ад гэтага, вiдаць, пайшло яшчэ адно слова — «акалець», што значыла памерцi, практычна — ахалодаць, страцiць жыццёвую сiлу. Лiчылася, што зiма з усiм сваiм воiнствам прыязджае на зямлю на пярэстых кабылах. Часам з’яўляецца на ваўках. Затым яна становiцца на ногi i пачынае сваю сцюдзёную справу: скоўвае зямлю, будуе на рэчках ледзяныя масты, выстуджвае ўсё навокал, нават неба.

Па-рознаму ўяўлялi людзi Зюзю. Але ўсе, бадай, сыходзiлiся, што гэта стары тоўсты дзед. Нiзенькага росту. У яго белыя, як снег, валасы i такая ж белая i доўгая барада. Паназiрайце калi-небудзь, як падаюць з неба мяккiя сняжынкi, як кружацца ў бясконцым танцы. Гэта бог зiмы Зюзя цiхiм снегавеем плыве над зямлёй. Здаецца, нябачны дзед сваёй пушыстай i вялiкай барадой замятае ўсе сцежкi i дарожкi, атуляе снегам дрэвы ў лесе i садзе, насыпае высокiя гурбы, з якiх так добра з’язджаць на санках.

I вось дзiва, гэты стары не зважае на мароз — чым ён мацнейшы, тым яму лепш. Ходзiць па сыпкiм снезе босы, без шапкi. Здагадалiся, чаму? Дык ён жа сам мароз ды холад, каго яму баяцца? Хiба што цёплага бога Сонца Ярылу, якi, праўда, з’ехаў адсюль у падземнае царства. Аднак, вiдаць, каб не захварэць, апранаецца Зюзя ў доўгае белае футра. Блукае па белым свеце з вялiзнай жалезнай булавою ў руцэ. Калi нехта раззлуе яго, так стукне булавою ў пень, што ажно несцiханы гул ды трэск навокал разыходзяцца. Вось тады i пачынаюцца самыя маразы. Таксама траскучыя. Калi ў такiм настроi Зюзя з’явiцца ў вёсцы, то i там наступае халадэча. Ходзiць, пагруквае булавою па дрэвах, а то возьме i смальне па сценах хат. Асаблiва любiць гэткiя забавы светлымi зорнымi начамi. Бярвеннi ў сценах пачынаюць трэскацца з такiм гукам, як бы страляе хто. Калi хлапчук цi дзяўчынка спытаецца, хто гэта, бацькi адказваюць: «Гэта сам Зюзя стукае. Бог холаду ўшчувае людзей».

Здараецца, зграяй лютых ваўкоў рассыпаюцца па зямлi Зюзевы служкi — завея ды мяцелiца, кудаса ды завiруха, дзiкiм завываннем да жаху даводзяць малых i старых, а вецер такi, што не зразумець — гэта ён у комiнах падвывае, цi чэрцi скуголяць.

Любiмым месцам побыту для Зюзi з’яўляецца лес. Утульна яму тут, весела i звыкла, паветра марознае i здаровае, ёсць з кiм забавы ладзiць. Зайчыкi, якiя змянiлi шэрае адзенне на белае — гэткае ж, як i ў Зюзi, у хованкi з iм гуляюць. Вавёркi займальныя казкi расказваюць, а самi смакавiтыя арэхi лускаюць, сухiмi грыбамi ласуюцца. Загуляецца Зюзя ў лесе i забудзецца пра людзей, не даймае iх сцюжай.

А яму ж разам са сваiмi служкамi трэба на палi снегу насыпаць, каб цёпла iм было, каб вясной закусцiлася ўраджайная збажына. У садзе дрэўцы снегам атулiць трэба, каб не патрэскалася кара, не вымерзлi карэньчыкi. На рэках ды азёрах, на самых багнiстых балотах разам з ледзяным Дзедам марозам будуе Зюзя масты. Каб праверыць iхнюю надзейнасць, у абдымку ходзяць пасля па лёдзе, Зюзя стукае па iм булавою: адно крэхча ды стогне пад iмi тоўсты лёд, але вытрымлiвае.

Кажуць, што ў вёсцы Зюзя з’яўляўся толькi дзеля таго, каб папярэдзiць сялян пра суровую зiму. Шанаваў, выходзiць, бог холаду добрых людзей, не меў ахвоты дарма пацьвельвацца ды насмiхацца. Асаблiва спагадлiвым быў да бедных сялянскiх сем’яў. Мо каб падвесялiць iх, возьме i ўпрыгожыць дрэвы бялюткiм iнеем, а пасля папросiць вецер, каб патрос iх. I сам радуецца, калi мiрыяды яркiх блёсткаў лётаюць у паветры, ззяюць на сонцы каштоўнымi крышталiкамi.

Калi ж на некага засярдуе, то можа адмарозiць палец, нос, руку цi нагу, можа выстудзiць хату. Часам да самых костачак прабярэ, усю кроў застудзiць, а тады адпусцiць небараку, каб помнiў пра Зюзеву дабрыню. Ачомаецца чалавек, а Зюзi ўжо i след прастыў. Калi ж сустрэне каго на добрым падпiтку, можа да смерцi замарозiць. Ператворыцца тады ў вялiкага снежнага мядзведзя, нападзе на чалавека, сцiсне ў абдымках, павалiць на зямлю i прыцiскае, пакуль той не зледзянее.

Зюзю лiчылi галоўным распарадчыкам маразоў. Ад яго залежала, будзе мароз шкодным альбо памяркоўным. Асаблiва моцныя маразы нахоплiвалiся перад Новым годам i Калядамi. Яшчэ раз лютаваў Зюзя напрыканцы зiмы. Цi не таму апошнi зiмовы месяц назвалi лютым: «Пытаецца люты, цi добра абуты».

Каб не злаваць «халоднага» бога, людзi старалiся задобрыць яго. Асаблiва любiў Зюзя куццю. Таму цёмнымi марознымi каляднымi начамi прыходзiў у вёску, зазiраў праз шыбы ў хату, шукаў на сталах свой любiмы наедак. Яму i дагэтуль пакiдаюць на стале трошкi куццi. Пры гэтым прыгаворваюць: «Зюзя на дварэ — куцця на стале». Часам кiдаюць першую лыжку каляднай кашы за акно i клiчуць ягонага служку: «Хадзi, мароз, куццю есцi». Падсiлкаваўшыся, Зюзя станавiўся дабрэйшым, больш лагодным. У падзяку за чалавечую шчодрасць пакiдаў на ваконным шкле прыгожыя ўзоры, розныя зiмовыя кветкi. А багаты Дзед Мароз прыносiў дзеткам падарункi. Калi ж у некага калядны стол быў пусты, Зюзя страляў i грукаў у сцены, не даваў сквапнаму гаспадару спаць, палохаў яго.

Але на Грамнiцы, 15 лютага, настойлiвае сонейка праб’ецца праз хмары i засвецiць цяплей. Не вытрымае тады Зюзя, заплача ад разумення, што хутка ўцякаць яму давядзецца, каб жывым застацца. Людзi ж сачылi: калi на Грамнiцы певень нап’ецца вадзiцы, то на Юр’я (6 мая) вол наесца травiцы. У дзень веснавога сонцавароту — 21 сакавiка, калi на сваю вахту заступае «цёплы» бог Ярыла, пачне Зюзя змятаць апошнi снег з нябесных палацяў i ў далёкую дарогу збiрацца, каб адпачыць за лета, да наступнай зiмы сiлы набрацца.

(Працяг будзе.)


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мама апранае сыночку цёплае футра, хавае ручкi ў цёплыя рукавiчкi i толькi тады вядзе на вулiцу, дзе пануе мароз. На сынава пытанне, чаму трэба так цё
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика