21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Канфліктная эканоміка

25.08.2009 22:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей КУЗНЯЦОЎ

Дыскусiйная трыбуна

Аб апошнiм канфлiкце вакол паставак у Беларусь расiйскiх нафты i газу, а таксама iх транзiту праз тэрыторыю рэспублiкi карэспандэнт «Звязды» гутарыць з намеснiкам старшынi Камiсii па бюджэту, фiнансах i падатковай палiтыцы Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Вiктарам МАРАХIНЫМ i беларускiм палiтолагам Юрыем ШАЎЦОВЫМ.

Вiктар МАРАХIН: «Кiраўнiцтва Расii будзе вымушана зрабiць крок назад»

— Як вы ацэньваеце пагадненнi, якiя былi дасягнутыя беларускiм i расiйскiм бакамi па пытаннях аб пастаўках у Беларусь i транзiце праз тэрыторыю краiны расiйскiх газу i нафты? Якiя страты панясе Беларусь у 2007 годзе i ў наступныя некалькi гадоў?

— Галоўнае тое, што бакам удалося дамовiцца. Самы благi мiр лепш, чым самая добрая вайна. Бо ад гэтай сiтуацыi цярпеў iмiдж i Расiі, i Беларусi.

Дзве краiны былi надзейнымi партнёрамi, якiя ўжо дзесяцiгоддзе iшлi насустрач адзiн аднаму як незалежныя дзяржавы. Заставалася некалькi крокаў да адзiнай Саюзнай дзяржавы. Але тут аказалася, што мы маем розныя падыходы да пытання аб яе стварэннi. I мы бачылi, што нафтагазавая вайна была хоць i кароткая, але вельмi агрэсiўная. I гэта не з лепшага боку характарызуе нашы адносiны. Таму першы станоўчы момант у тым, што ўдалося дамовiцца i Беларусь выйшла з крызiсу з мiнiмальнымi стратамi.

Якiя страты мы маем па газу? Спачатку было заключана пагадненне аб тым, што мы будзем працаваць у такiх жа ўмовах, як i пяты цэнавы пояс Расii, як Смаленск. Гэта значыць сёлета газ у Беларусь павiнен быў паступаць па цане 54—55 долараў за тысячу кубiчных метраў. Аднак мы заключылi пагадненне аб цане ў 100 долараў.

Калi параўноўваць з тым, што з самага пачатку Расiя прапаноўвала кошт у 200 долараў, то, канешне, мы маем значны поспех. Калi ж параўноўваць з тым, што павiнен быў быць кошт у 54 долары, то мы маем дастаткова значныя страты для нашай эканомiкi. Аднак цану газу трэба ўвязваць з ацэнкай «Белтрансгаза». Расiя ацанiла гэтае прадпрыемства спачатку ў 800 млн, а затым у 1,2 млрд долараў, а Беларусь — у 5 млрд. У рэшце рэшт удалося дамовiцца аб продажы «Белтрансгаза» за 5 млрд. Таму пагадненнi з расiйскiм бокам з’яўляюцца поспехам для Беларусi.

Мы павiнны быць гатовыя працаваць у рынкавых умовах. Бо мы заўсёды лiчылi, што сяброўства i братэрства не прадаюцца, аднак, аказваецца, яны маюць цану, якую вызначае наш стратэгiчны партнёр — Расiя. Мы разумеем, што Расiя ўступае ў СГА. Беларусь таксама мае намер уступаць у гэтую арганiзацыю, адной з умоў уступлення ў якую з’яўляецца пераход на рынкавыя цэны. Але дадзены пераход можа быць больш бязболным. Напрыклад, Расiя вызначыла, што расiйскiя прадпрыемствы выйдуць на ўзровень рынкавых цэн да 2011 года (прыкладна 180 долараў за 1 тыс. кубiчных метраў газу) i гэта будзе паступовы працэс. Так, сёлета па пятаму поясу Расii кошт газу складае 55 долараў.

А для Беларусi — ужо 100. Такiм чынам наша краiна мае дастаткова рэзкую нагрузку на эканомiку. У той жа час, калi паглядзець на сусветныя цэны, то 100 долараў — гэта кошт, якi задавальняе Беларусь. Хоць мы, згаджаючыся з гэтай цаной, разлiчвалi, што не будзем мець нiякiх пошлiн на нафту, якая ўвозiцца ў краiну з Расii. Такая дамоўленасць была з расiйскiм бокам.

Першапачаткова Расiя ўвяла пошлiну ў памеры 180 долараў за тону нафты, аднак мы выйшлi на суму ў 53 долары. Канешне, гэта значны поспех i я думаю, што пры такiх цэнах беларуская эканомiка справiцца з пастаўленымi задачамi. Недзе, напэўна, давядзецца скарацiць нейкiя расходы. Але, як заявiў Прэзiдэнт нашай краiны, усё, што было вызначана ў бюджэце на сацыяльнае развiццё, адназначна застаецца... Мы будзем разлiчваць на пераабсталяванне беларускiх прадпрыемстваў, на iх мадэрнiзацыю. За кошт энергазберагальных тэхналогiй мы павiнны справiцца з задачамi, якiя стаяць перад эканомiкай.

— Падчас расiйска-беларускага крызiсу, што ўзнiк вакол паставак газу i нафты, у Беларусi не назiралася вялiкай панiкi сярод насельнiцтва. Адзiным выключэннем сталi нязначныя зрухi на валютным рынку. Чаму, на ваш погляд, насельнiцтва так адрэагавала на сiтуацыю?

— Думаю, так адбылося дзякуючы Прэзiдэнту Аляксандру Лукашэнку. Ён заявiў у сродках масавай iнфармацыi, што ў нас павышэння цэн не будзе. I людзi ведаюць, што калi сказаў Прэзiдэнт, то гэта будзе выканана любой цаной, людзi не пацерпяць. Таму i на запраўках не пачалi хаваць бензiн, не пачалi знiкаць нейкiя вiды палiва. У нас нармальна працавалi банкi...

— Наколькi, на ваш погляд, рэальная версiя, што падчас апошняга крызiсу расiйскае кiраўнiцтва прапаноўвала кiраўнiцтву Беларусi танныя энерганосьбiты ў абмен на максiмальнае аб’яднанне дзвюх дзяржаў?

— Думаю, такiм чынам Расiя магла паспрабаваць актывiзаваць працэс уступлення адной дзяржавы ў iншую. Але гэта не стварэнне Саюзнай дзяржавы. Уступленне адной дзяржавы ў склад iншай было б вельмi негатыўнай справай для Беларусi i яе грамадзян, якiя ўжо ведаюць, што такое суверэнiтэт, што такое жыць у сваёй краiне, дзе няма вайны, дзе iснуе стабiльнасць, дзе няма масавых беспарадкаў... Рух можа быць толькi да саюза роўных дзяржаў, а не да паглынання адной дзяржавы iншай. I мы максiмальна адстаялi свой суверэнiтэт.

— Цi можна, на ваш погляд, казаць пра тое, што сёння мы назiраем канец iснавання Саюзнай дзяржавы?

— Напэўна, канец iснавання Саюзнай дзяржавы не наступiў. Зараз Расiя проста перажывае чарговы этап палiтычнай барацьбы ўнутры дзяржавы. Сёлета ў Расii адбудуцца парламенцкiя выбары, а ў пачатку наступнага года — прэзiдэнцкiя. I пэўныя палiтычныя сiлы, пэўныя фiнансавыя дзялкi iмкнуцца максiмальна выкарыстоўваць гэты час для атрымання звышпрыбыткаў.

А простым расiйскiм грамадзянам, думаю, гэта не патрэбна. Iм трэба жыць у сяброўстве з братэрскiм беларускiм народам. Яны ведаюць, што Беларусь з’яўляецца надзейным саюзнiкам, якi нiколi не кiдаў Расiю. Простыя расiяне разумеюць, што адмаўляцца ад адзiнага надзейнага саюзнiка няварта. I я думаю, што i кiраўнiцтва Расii будзе вымушана зрабiць крок назад, крок да зблiжэння нашых дзяржаў.

— Цi можна чакаць, на ваш погляд, скарачэння палiтычнай падтрымкi беларускага кiраўнiцтва з боку расiйскага кiраўнiцтва (якая была вельмi моцнай апошняе дзесяцiгоддзе, у прыватнасцi, на мiжнароднай арэне) пасля апошняга крызiсу?

— Беларусь таксама заўсёды была верным саюзнiкам Расii. У знешнепалiтычнай дзейнасцi мы адстойвалi ўзаемныя iнтарэсы. Думаю, што такая сiтуацыя захаваецца, нягледзячы на нафтагазавы крызiс, якi быў. Я ўпэўнены, што, якiя б зараз нi былi вострыя адносiны памiж краiнамi, але крызiс пераадолены i намецiлiся шляхi выраўноўвання адносiнаў, шляхi па далейшаму зблiжэнню краiн. I на мiжнароднай арэне мы маем адзiныя мэты i будзем працаваць разам.

Юрый ШАЎЦОЎ: «Мы адстаялi большую частку сваiх эканамiчных iнтарэсаў»

— Хто, на ваш погляд, прайграў, а хто выйграў падчас апошняга газавага i нафтавага канфлiкту памiж Расiяй i Беларуссю?

— Напэўна, выйграла Беларусь. Бо iнiцыятарам канфлiкту была Расiя, расiйскiя мэты былi акрэслены. I гэтых мэтаў Расii дасягнуць не ўдалося. Нi па газу, нi па нафце тых цэн, пра якiя з спачатку iшла размова, няма. Цэны меншыя. Больш за тое, «Газпрам» спачатку ацэньваў «Белтрансгаз» у 600 млн долараў, а зараз ён пагадзiўся на кошт у 5 млрд.

Таму, калi глядзець на сiтуацыю ў катэгорыях «хто перамог, а хто прайграў», то, думаю, мы перамаглi. Гэта не трыумф, але Беларусь засталася незалежнай краiнай, мы адстаялi большую частку сваiх эканамiчных iнтарэсаў. I, што самае галоўнае, за час эканамiчнай вайны мы, здаецца, здолелi палепшыць адносiны з Захадам. Гэта вельмi важна, бо нiводная краiна не можа радавацца, калi ў яе дрэнныя адносiны з суседзямi.

— Некаторыя лічаць, што, мабыць, Расii не ўдалося дасягнуць сваiх мэтаў з-за таго, што расiйскае кiраўнiцтва вырашыла не абрушваць эканомiку рэспублiкi, бо першапачаткова прапанаваныя цэны беларуская эканомiка не магла б вытрымаць?

— Не думаю. Напрыклад, сiтуацыя вакол «Белтрансгаза» не мае адносiнаў да таго, абрушыць эканомiку цi не. Давялося расiйскаму боку пайсцi на яго ацэнку ў 5 млрд i на беларускiя ўмовы прыватызацыi — i ўсё... Мне падаецца, што няздольнасць расiйскага боку дасягнуць сваiх мэтаў не з’яўляецца нейкай яго ўнутранай высакароднасцю цi жалем да беларускай эканомiкi.

— Вы сказалi, што падчас крызiсу «Беларусь змагла застацца незалежнай». Такiм чынам вы падзяляеце версiю аб тым, што кiраўнiцтва Расii магло прапанаваць беларускаму кiраўнiцтву танныя энерганосьбiты ў абмен на максiмальнае аб’яднанне дзвюх краiн?

— Думаю, да гэтага iшло. Проста гэта не прагучала падчас дадзенай кампанii так адкрыта, як было ў 2003 годзе. Тады мы мелi такую ж эканамiчную вайну з Расiяй. Тады нават справа дайшла да газавай блакады Беларусi. I тады гучна было сказана пра тое, што Беларусь можа пазбавiцца ад усiх праблем, калi ўвойдзе ў склад Расii... Хоць i зараз расiйскiя чыноўнiкi казалi, што альбо вы будзеце часткай Расii i тады ўсё будзеце атрымлiваць па ўнутраных цэнах, альбо...

— Як, на ваш погляд, беларускi электарат (а не палiтычнае цi эканамiчнае кiраўнiцтва) ставiцца сёння да iдэi ўваходжання Беларусi ў склад Расii?

— Сацыялагiчныя апытаннi сведчаць, што прыхiльнiкаў такога кроку iснуе вельмi невялiкая колькасць.

— Чаму, на ваш погляд, у беларускiм грамадстве падчас апошняга расiйска-беларускага канфлiкту не назiралася значнай панiкi (акрамя невялiкiх зрухаў на валютным рынку)?

— Вострая фаза крызiсу цягнулася з пачатку снежня i больш чым за месяц была магчымасць упасцi ў панiку. Аднак давер да дзяржавы вельмi шмат значыць. Да таго ж, мне падаецца, што людзi за апошнiя 12 гадоў столькi разоў бачылi схваткi памiж Беларуссю i Расiяй, што ўжо прызвычаiлiся да таго, што мы так цi iнакш устаiм.

— Цi можна, на ваш погляд, сцвярджаць, што апошнi крызiс прывёў да канца iснавання Саюзнай дзяржавы?

— Так, безумоўна. Як нейкi iнстытут Саюзная дзяржава захоўваецца, яе не скасавалi. Але дамоўленасцi i па нафце, i па газу сфармуляваныя не ў катэгорыях, якiя б базiравалiся на дагаворы аб стварэннi Саюзнай дзяржавы, а на iншых пунктах.

Так, цэны на газ зараз вылiчваюцца па формуле, якая прывязвае iх да ўсходнееўрапейскiх цэн. Гэта значыць, што агульнай эканамiчнай прасторы Саюзнай дзяржавы ў той частцы, якая датычыцца газу, не iснуе. Што датычыцца нафты, то мы зараз маем мытныя пошлiны на нафту, якая пастаўляецца з Расii. Гэта значыць, што наш Мытны саюз з’яўляецца вельмi хiсткiм. У iм знiкла вельмi важная частка.

Таму мы маем вельмi iстотны крок назад. Нашы галоўныя эканамiчныя iнтарэсы па газу i нафце абараняюцца не механiзмам Саюзнай дзяржавы, а мiждзяржаўнымi дамовамi, якiя не маюць адносiнаў да Саюзнай дзяржавы. I можна гаварыць пра тое, што Саюзная дзяржава з’яўляецца найбольш пацярпелым iнстытутам у эканамiчнай вайне.

— Цi можна чакаць, што эканамiчнае «раздзяленне» дзвюх краiн будзе працягвацца ў блiжэйшы час?

— Хутчэй за ўсё, так. Мы будзем разыходзiцца, але пакуль не зразумела, якiмi тэмпамi. Бо з сiтуацыi, якая склалася, беларуская дзяржава зрабiла выснову: нам патрэбна энергетычная незалежнасць. Мы гатовыя супрацоўнiчаць па гэтаму пытанню з Еўропай. I гэта ўжо ёсць база для новага курсу, якi разводзiць нас з Расiяй.

Расiя нас адштурхнула. Як будуць далей развiвацца нашы адносiны, праз канфлiкты цi яшчэ неяк, — пытанне складанае. Але хутчэй за ўсё мы будзем «плаваць» у нейкiм iншым накiрунку.

— Цi будзе, на ваш погляд, Расiя ў блiжэйшы час паскараць тэмпы працы па змяншэнню залежнасцi ад Беларусi ў транзiце газу i нафты?

— Думаю, не. Бо ўсе вядомыя праекты, якiя сапраўды могуць iстотна паўплываць на сiтуацыю, з’яўляюцца доўгатэрмiновымi. А новых праектаў Расiя нiдзе не дэкларуе. Нават калi яны i будуць прадэклараваны, то яны будуць патрабаваць значнага часу.

— Аднак кiраўнiк расiйскай кампанii «Транснафта» заявiў, што накiраваў кiраўнiцтву Расii прапановы аб тым, як прыкладна за 13—14 месяцаў ледзь не цалкам вырашыць праблему транзiтнай залежнасцi ад Беларусi.

— Думаю, што гэта нерэальна. Бо праз Беларусь нафта iдзе перш за ўсё ў Цэнтральную Еўропу i туды вельмi дорага дастаўляць нафту iншымi шляхамi. Расiя можа iмкнуцца да нечага такога, але спатрэбiцца не 13—14 месяцаў, а значна больш часу.

Тут ёсць iншае пытанне. Частка транзiту можа скарацiцца, бо Расiя можа не весцi мадэрнiзацыю на сваёй тэрыторыi нафтаправода «Дружба». А яму ўжо 40 гадоў. I ён аб’ектыўна праз сябе можа прапампоўваць менш нафты. I як кажуць вельмi сур’ёзныя эксперты, Расiя, нiбыта, арыентуецца на тое, што транзiт скароцiцца недзе на пачатку 2009-га. Але гэта не поўнае скасаванне транзiту.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб апошнiм канфлiкце вакол паставак у Беларусь расiйскiх нафты i газу, а таксама iх транзiту праз тэрыторыю рэспублiкi карэспандэнт «Звязды» гутарыць
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика