21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

ДАЖБОГ

25.08.2009 22:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Анатоль БУТЭВIЧ

Iх шанавалі продкi

(Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 13, 16—19 студзеня.)

З «Аповесцi мiнулых гадоў» вядома, што ў 979 годзе кiеўскi князь Уладзiмiр Святаславiч зладзiў непадалёк ад свайго палаца вялiкае капiшча. Яго назвалi Пантэонам Уладзiмiра. Сюды сабралi выявы ўсiх язычнiцкiх багоў, якiя знаходзiлiся ў святых дубровах. У самым цэнтры, пад засенню свяшчэннага дуба паставiлi драўляную выяву Перуна, якi здаўна лiчыўся ў нашых продкаў галоўным богам. Сярод шанаваных багоў асаблiвае месца займаў Дажбог, выява якога таксама знаходзiлася ў Пантэоне Уладзiмiра. Быў ён сынам Сварога i ўнукам Вялеса. Таму назвалi часам Сварожычам.

Многiя даследчыкi лiчылi Даж-бога богам Сонца, ягоным светлым увасабленнем, таму i клiкалi часта «Сонца-цар». А само Сонца заўсёды найбольш падабалася славянам наогул i нашым далёкiм продкам таксама. Людзi разумелi, што ад яго залежаў лёс усяго жывога, яно было крынiцай жыцця. Калi Сонца з’яўлялася на небе, чалавек радаваўся, адчуваў сябе бадзёра, бо разам з цяплом i святлом усё навокал адраджалася, ажывала. Калi ж Сонца заходзiла альбо хавалася за хмары, чалавека апаноўвала трывога: цi вернецца нябесны жыццядаўца зноў, цi прадоўжыць сваё панаванне жыццё? Мо любоў да Сонца i ягонага цяпла пераўвасобiлася пазней у пакланенне агню наогул? Людзi лiчылi агонь вечным — нязводным i непагасным.

За сонечную дабрыню i шчодрасць, а мо каб задобрыць яго, Сонца называлi святым, светлым, праведным. Лiчылi самым добрым i справядлiвым, надзейным абаронцам пакрыўджаных i слабых. На яго нiколi нельга было паказваць пальцам. А паколькi культ Сонца быў такiм высокiм, то i ўсё, што звязана з iм, таксама мела вялiкую значнасць i асаблiвую каштоўнасць. Некаторыя даследчыкi нават сэнс слова «славянiн» тлумачылi як «нашчадак Сонца» альбо «той, хто паходзiць ад Сонца».

Iснуе меркаванне, што Дажбог з’яўляецца родапачынальнiкам усходнiх славян, iхнiм апекуном, а ўсе гэтыя народы — унукi Сонца. Нават невядомы аўтар «Слова пра паход Iгараў» прытрымлiваўся гэтага погляду i называў усходнiх славян Дажбогавымi ўнукамi. Дык мо гэты слаўны i славуты бог i сапраўды з’яўляецца тым мiфiчным родапачынальнiкам i нас, беларусаў, мо ад яго ўсе мы i пайшлi? У некаторых народаў сустракалiся iмёны людзей, падобныя на Дажбога.

Паходжанне iмя гэтага незвычайнага бога неабходна выводзiць не ад слова «дождж», хоць яны i блiзкiя па гучанню. Дажбог — гэта бог, якi дае, гэта даравальнiк усiх даброт. А што для селянiна магло быць важнейшым за дабрадзейнае цяпло ды жыватворнае святло? Мо таму дагэтуль сярод людзей жыве ўстойлiвы выраз, у якiм гучыць надзея на спагадлiвасць i дапамогу вышэйшай сiлы: «Дай Бог...» Калiсьцi, у глыбокай старажытнасцi, слова «дай» гучала як «дажь», таму па-руску iмя гэтага бога дагэтуль прамаўляецца як Дажьбог, Даждьбог.

Паколькi Дажбог — бог Сонца, то яго ўяўлялi прыгожым i дужым юнаком. Ён меў дзiўныя сонечна-залатыя валасы. Яны шырока i вольна развявалiся на крылах спадарожнага ветру, дадаючы яшчэ большай вабнасцi дужацеламу юнаку. Нябесна-блакiтныя вочы Дажбога заўсёды пазiралi прама, без фальшу, нiкога не падманвалi. Таму i мiж людзьмi Дажбог таксама не любiў падману.

Надзвычай велiчным быў ён у сваёй хадзе. Калi абыходзiў дазорам свае нябесныя i зямныя ўладаннi, нельга было адвесцi вачэй. Аднак найбольш любiў ён ездзiць, цi, калi казаць праўду, проста лётаць на прыгожай каляснiцы, запрэжанай чацвёркай беласнежных коней. Грывы ў прыгожых коней вогненныя, крылы залатыя, а на ветры пышнай намiткай развяваюцца сонечна-залатыя Дажбогавы валасы.

У руцэ сонечны бог трымае рытуальны жэзл у выглядзе лiсцяў папарацi. Мо сабраў iх чароўнай Купальскай ноччу ў запаветных беларускiх барах? Лiчылася, што сонечнае святло зыходзiць ад вялiзнага вогненнага шчыта, якi Дажбог заўсёды возiць з сабой. Святло гэтае пранiкае ў самыя цёмныя з найцямнейшых лясныя гушчары, асвятляе самыя глыбокiя з найглыбейшых марскiя i азёрныя воды, зiхоткiмi светлячкамi iскрыцца на расiстай траве.

Многiя паданнi звязваюць Даж-бога з вадой. Кажуць, што ён меў сваю ладдзю. Двойчы за суткi перасякаў на ёй мора-акiян. Адбывалася гэта светлай ранiчкай i вечаровым сутоннем. А ладдзю тую цягнулi па вадзе гусi з лебедзямi ды качкамi. У фальклоры захаваўся мiф пра жанiцьбу Дажбога з Ладай, адна з iпастасяў якой — марская царэўна. Дажбог прыкмецiў прыгожую Ладу з неба. Яе краса запалiла моцнае каханне. Ведама — каса залатая. На залатой лодцы ездзiць па моры. Вяслуе сярэбраным вяслом. А калi гарэзуе, то плюхае iм так, што пырскi ажно да Дажбога далятаюць. Аднак ягонаму каханню перашкаджае суровы бацька Лады. Калi Дажбог паехаў да яго, каб папрасiць рукi Лады, бацька не толькi не згадзiўся, а нават пабiў госця. Аднак Дажбог паправiўся i абхiтрыў Ладу, якая, як i кожная жанчына, любiла ўсё прыгожае. Слуга Дажбога разаслаў на беразе мора такiя дзiвосныя ўборы, што Лада не стрымалася i выйшла на бераг. Там яе ўкралi для Дажбога.

Бога святла, цяпла, пладавiтасцi, а значыць, шчасця, людзi моцна любiлi як сапраўднага рыцара святла i праўды. Дажбог i сам любiў падабацца людзям, таму не шкадаваў для iх сваiх добрых спраў. Вясной ён пасылаў на зямлю цудаспеўнага салавейку з наказам, каб той замкнуў зiму i адамкнуў лета, выпусцiў на волю цяпло.

Вера ў гэтага добрага бога была такой моцнай, што людзi не сумнявалiся: ён дапаможа iм у любой бядзе, выручыць заўсёды i ўсюды, дзе б яны нi знаходзiлiся — у дзённым свеце цi ў начным. Бывала, шкадаўлiвы Дажбог адпускаў са свайго нябеснага царства тых, хто рана i заўчасна памёр. Аднак для людзей яны заставалiся нябачнымi. У такiм выглядзе з’яўлялiся ў родных мясцiнах, каб паглядзець на сваiх дзяцей i ўнукаў. Дажбогаў дзень альбо Вялiк-дзень раней святкавалi ўвесну, акурат на цяперашнi Вялiкдзень — хрысцiянскую Пасху. Гэтае старажытнае свята ў гонар Сонца, вясны, абуджэння прыроды i пачатку земляробчых клопатаў мела ў людзей вялiкую пашану.

Нашы далёкiя продкi, Дажбогавы ўнукi, верылi, што iхнi апякун прысутнiчае на ўсiх вяселлях. Ранняй-ранiчкай шлюбнага дня ён з першымi сонечнымi прамянямi сустракае жанiха памiж трох дарог i вядзе яго да сваёй абраннiцы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З «Аповесцi мiнулых гадоў» вядома, што ў 979 годзе кiеўскi князь Уладзiмiр Святаславiч зладзiў непадалёк ад свайго палаца вялiкае капiшча. Яго назвалi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика