Зямельнае пытанне патрабуе сур’ёзнага падыходу
Сяргей КУРКАЧ
Чытачам «Звязды» адказвае старшыня Дзяржаўнага камiтэта па маёмасцi Беларусi Георгiй КУЗНЯЦОЎ
(Працяг. Пачатак у нумары за 20 студзеня ). — Ад бацькоў мужа ў нас застаўся гараж у Лепелi. Гараж быў куплены даўно без дакументаў. Бацькi памерлi. Гараж знаходзiцца ў гаражным масiве, за яго спраўна плацiлi зямельны падатак i за святло. Марына ГАЛКО, г. Вiцебск. — Вам зараз трэба ўзяць даведку з гаражнага кааператыва, кiраўнiцтва якога ведае, што гараж належыць вашай сям’i. На падставе даведкi трэба заказаць правядзенне iнвентарызацыi памяшкання. Потым гэты аб’ект трэба зарэгiстраваць у агенцтве па дзяржаўнай рэгiстрацыi i кадастру. Пасля гэтага гараж можна прадаваць. — Калi будуць праведзены першыя аўкцыёны па продажы зямельных участкаў у Мiнскiм раёне i ўвогуле недалёка ад сталiчнага мегаполiса? На якiх умовах будзе весцiся такi продаж? Аляксандр РАЗАНЦАЎ, г. Мiнск — Наш камiтэт гэтае пытанне не вырашае. Рашэнне на аўкцыёнах прымаюць раённыя ўлады або кiраўнiцтва сельскiх Саветаў. Зараз распрацавана палажэнне аб парадку правядзення аўкцыёнаў, якое сёння яшчэ не прынята. У праект палажэння былi ўнесены змяненнi. Гэты дакумент прымае Савет Мiнiстраў краiны па ўзгадненню з Прэзiдэнтам Беларусi. Праект пастановы зараз цалкам падрыхтаваны i максiмум праз тыдзень дакумент будзе мець юрыдычную сiлу. Адразу пасля гэтага мясцовыя ўлады будуць мець магчымасць арганiзоўваць продаж зямельных участкаў для будаўнiцтва і абслугоўвання жылога дома. — Купiла хату ў гаспадынi ў лiстападзе 2006 года. Хата была вельмi старой, а зараз я адрамантавала яе. Хачу дакументальна аформiць дом, але зрабiць гэта вельмi цяжка, бо ўласнiца жыве ў г. Маладзечне. Былая ўласнiца перадала мне ўсе дакументы на дом. Цi можна зараз аформiць дом па спрошчанай схеме, бо ён быў пабудаваны прыкладна ў 30-я гады? Праблема заключаецца яшчэ ў тым, што, згодна з дакументамi, дом аформлены на iмя брата жанчыны, якая прадала дом, а ён памёр чатыры гады таму. Алена АЛЕЖКА, вёска Брылькi Валожынскага раёна. — Гэтую задачу можна вырашыць двума спосабамi. Згодна з першым варыянтам, прадавец нерухомасцi павiнен аформiць дом у спадчыну на сябе, пасля чаго можна афармляць здзелку куплi-продажу. У другiм варыянце спадарыня Алежка з усiмi дакументамi павiнна звярнуцца ў суд, дзе вырашаецца права ўласнасцi на яе iмя. — Але ж гэта працэдура ў судзе, напэўна, вельмi доўгая i складаная? — Звычайна не. Суд павiнен прызначыць права ўласнасцi вызначанай нерухомасцi за вамi. Суд будзе ўлiчваць усе нюансы справы. Калi гаспадыня дома з’яўляецца прамой спадчыннiцай брата i пацвердзiць гэта дакументальна ў судзе, то справа вырашаецца адносна хутка. Аднак калi ў брата засталася жонка i дзецi, тады дом часткова (або цалкам) будзе належаць i iм. Слушная парада вам i ўсiм чытачам «Звязды»: купляючы хату або iншую нерухомасць, заўсёды патрабуйце ад прадаўца дакументы, якiя ў поўнай меры i беспамылкова вызначаюць права ўласнасцi на аб’ект. Абавязкова рэгiструйце нерухомую маёмасць на сваё iмя ў агенцтве па дзяржаўнай рэгiстрацыi i кадастру, а здзелку куплi-продажу — у натарыяльнай канторы. — У вёсцы Жыровiчы Слонiмскага раёна застаўся дом бацькоў. Бацька памёр 2 месяцы таму, мацi — iнвалiд 1-й групы. Сястра ўзяла яе жыць да сябе ў г. Смаргонь. Я жыву ў Крупскiм раёне. Як хутка i правiльна аформiць дом бацькоў, каб потым яго прадаць? Наведваць вёску вельмi часта мы з сястрой не маем магчымасцi. Мацi засталася прамой спадчыннiцай гэтай нерухомасцi. Дом дагледжаны, зроблены са шлакабетону з водазабеспячэннем i каналiзацыяй. Каля дома прыкладна 40 сотак зямлi. Гатовых дакументаў на дом i зямельны ўчастак няма. У сельскiм Савеце ёсць запiс, што дом належыць бацькам. Як гэта арганiзаваць? Валянцiна КАРНЕЙКА, Мiнская вобласць. — Калi дом не быў папярэдне зарэгiстраваны, трэба браць даведку паводле iнфармацыi пагаспадарчай кнiгi i на яе падставе атрымлiваць пасведчанне аб праве на спадчыну, якое потым неабходна зарэгiстраваць у агенцтве па дзяржаўнай рэгiстрацыi i кадастру. Трэба рабiць тэхнiчны пашпарт будынка, афармляць зямлю, а потым рэгiстраваць усё гэта цалкам у выглядзе ўжо аб’екта нерухомасцi. На практыцы гэту аперацыю па дому можна ажыццявiць значна прасцей. Звяртаецеся ў сельскi Савет, дзе дом ў пагаспадарчай кнiзе перапiсваецца на iмя вашай мацi. Пасля гэтага на падставе пiсьмовай заявы вашай мацi спецыялiсты нашага камiтэта зробяць абмер зямельнага ўчастка, тэхпашпарт на дом i зарэгiструюць аб’ект. Калi дом у пагаспадарчай кнiзе будзе запiсаны на iмя мацi i вы знойдзеце пакупнiка на жыллё, то адчужэнне нерухомай маёмасцi можна будзе зрабiць па спрошчанай схеме згодна з нормай Указа Прэзiдэнта Беларусi № 368. Здзелку куплi-продажу дома па спрошчанай схеме сведчыць старшыня сельсавета бясплатна. Iснуе толькi адно патрабаванне да пакупнiка: новы гаспадар дома павiнен ужо самастойна на працягу 6 месяцаў пасля даты куплi дома зрабiць тэхнiчны пашпарт будынка, аформiць зямельны ўчастак i зарэгiстраваць жыллё як аб’ект нерухомасцi. (Працяг будзе).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чытачам «Звязды» адказвае старшыня Дзяржаўнага камiтэта па маёмасцi Беларусi Георгiй КУЗНЯЦОЎ |
|