ДВОР
Алесь КАСЦЕНЬ
Простыя рэчы Калi сёння гавораць слова «двор», то гараджане найперш разумеюць пад гэтым словам тую тэрыторыю, якая прылягае да шматкватэрнага дома цi дамоў. Вяскоўцы ж — альбо комплекс жылых i гаспадарчых пабудоў, альбо ўчастак зямлi пры хаце, абгароджаны плотам цi сценамi будынкаў.А ў сярэднявеччы дваром цi дымам называлася асобная гаспадарка, якая абкладалася падаткамi i павiннасцямi. Са старажытнасцi ж дварамi называлiся памесцi, маёнткi, якiя належалi князю, магнатам, шляхце. Былi нават спецыяльныя — у князя i магнатаў — загарадныя, паляўнiчыя двары. Чым не сучасныя дачы? Зрэдку называлiся яны яшчэ i дзядзiнцамi. За горкай панская пасада, Як у вяночку, каля саду Ў глыбi прасторнага дзядзiнца Стаяла збоку ад гасцiнца. Я. Колас. У беларускiм фальклоры, у беларускай лiтаратуры вельмi шмат такiх устойлiвых выразаў: «узялi ў двор», «пайшла жаць у двор», «працавала ў двары», «паклiкалi ў двор»... I без нiякiх вызначэнняў. I так зразумела, што двор гэты панскi. Двор у разуменнi маёнтка iснаваў на Беларусi на працягу многiх стагоддзяў. Яшчэ, напрыклад, на пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусi было 10 тысяч двароў, якiм належала 40 працэнтаў усёй зямлi, а мiльёны сялян валодалi астатнiм. Цi не гэта было адной з галоўных прычын рэвалюцый, якiя раскалолi былую Расiйскую iмперыю? Што да Заходняй Беларусi, дык тут падзел на двары i вёскi iснаваў да 1939 года. Шмат яшчэ ў маiх родных мясцiнах людзей, якiя помняць, як iхнiя бацькi ды i яны самi дзецьмi хадзiлi ў панскiя двары парабкаваць. Статыстыка сведчыць, што ў Заходняй Беларусi на 6 тысяч двароў прыпадала 3 мiльёны гектараў, а на 350 тысяч сялянскiх гаспадарак — 2,4 мiльёна гектараў. Але трэба заўважыць, што тагачасны польскi ўрад, абапiраючыся на колiшнiя сталыпiнскiя рэформы ў Расii, праводзiў пэўныя рэформы ў землекарыстаннi. Так званую парцэляцыю — продаж праз зямельны банк часткi памешчыцкай зямлi дробнымi ўчасткамi — парцэлямi, лiквiдацыю цераспалосiцы i звядзенне ў адзiн участак, на хутар, дробных сялянскiх палосак i iншае. Да 1939 года на хутары было расселена 200 тысяч сялянскiх двароў. Зразумела, што пасля прыходу савецкай улады панскiх двароў не стала. А пасля вайны многiя з iх сталi апiрышчам для ўзнiкнення калгасаў i саўгасаў у Заходняй Беларусi. Дарэчы, само слова «двор» прыжылося i ў новым жыццi — «калгасны двор», «скацiнны двор», «машынны двор»... Але досыць пра панскае, звернемся да раднейшага нам, простага сялянскага двара. У ХVI стагоддзi для яго азначэння ўзнiк новы тэрмiн — сядзiба альбо сялiба, аселiшча. Звязана гэта з аграрнай рэформай 1557 года, так званай валочнай памерай. Сядзiба ўключала ў сябе жыллё селянiна, гаспадарчыя пабудовы, агарод, сад, двор. На Беларусi вёскi ў асноўным забудоўвалiся дзвюма вiдамi сядзiб. Сядзiба — вяночны двор. Гэта калi будынкi «звязвалiся» ў квадрат цi прамавугольнiк, своеасаблiва замыкалiся. Сядзiба — пагонны двор. Гэта калi будынкi выстройвалiся ў адзiн цi два рады. Сёння, зразумела, на сялянскай гаспадарцы няма патрэбы ў многiх ранейшых пабудовах, мяняецца аблiчча сядзiб, але можна заўважыць, што ў нашых мясцiнах нават новабудоўлi ў вёсцы маюць ухiл да «вяночнага» двара. Ну а колькi ў беларускай i класiчнай, i сучаснай лiтаратуры ёсць апiсанняў сялянскiх сядзiб! Ды i як не быць. Беларускiя лiтаратары, за адзiнкавымi выключэннямi, выйшлi з-пад стрэх. А жылi ў сталiцы. Таму так шчымлiва ў сваiх творах расказалi яны пра родныя сядзiбы, апiсвалi iх прыгажосць. У «Новай зямлi» Коласа сядзiба ўвогуле, нароўнi з самой зямлёй, асноўным багаццем селянiна, з’яўляецца адной з галоўных i паўнапраўных гераiнь. Першы раздзел паэмы Коласа апiсанню яе i прысвечаны: Вось як цяпер, перада мною Ўстае куточак той прыгожы, Крынiчкi вузенькае ложа I елка ў пары з хваiною... .......................................... Прасторны, роўны двор вясёлы Заўсёды поўны быў жывёлы. Дварышча — гэта слова стала распаўсюджаным у вёсцы ў ХХ стагоддзi, ёсць яшчэ размоўнае — панадворак. Гэта той жа ўчастак з хатамi i дваровымi будынкамi, але гэта ўжо не самi будынкi, а менавiта кавалак зямлi ля iх. З дварышча толькi выйдзеш за такi — Вясельных скрыпак нават не чуваць. Гэта ў Максiма Танка. Радкi паэта прывёў нездарма. Дварышча ў час вяселляў адыгрывала немалую ролю. Само вяселле прымяркоўвалася да пастоў. Зiмою — памiж Калядным i Велiкодным пастамi, летам зноў жа абмежаванне было ў час Пятроўскага i Успенскага пастоў. Зiмою ў хаце, дзе праходзiла вяселле, з-за цеснаты танцаў арганiзаваць не было як, прасiлiся да суседзяў. А ўлетку таньчылi на дварышчы. Ды i ў любую пару года выходзiлi «пахаладацца», пакурыць на дварышча. Каб не ўздымаўся пыл — палiвалi яго вадою. Яно, дварышча i ўвогуле ў сялянскай сядзiбе ўтоптавалася, як ток. Столькi калёс, людскiх ног тут бывала. Напiсаў пра гэта i ўспомнiў расповед аднаго старога вяскоўца. Розныя i шматлiкiя вiхуры прызвычаiлi вясковага чалавека хаваць самае каштоўнае ў зямлю. Паблiзу хаты, на дварышчы. А людзi са зброяй, якiя прыходзiлi па гэта каштоўнае, мелi i такi спосаб пошуку. Палiвалi зямлю вадой. Там, дзе зямля ўбiтая — вада затрымлiвалася даўжэй. Там, дзе нядаўна капаная — вада хутка прасочвалася. Помнiце яшчэ анекдот даўнiх ужо часоў. «Чаму ён у кутку свайго дварышча зямлю газай (карасiнам) палiвае?» «Ды там у яго кулямёт закапаны». Але пра вяселлi. У райцэнтраўскiм жыццi дварышча ў час вяселляў часта станавiлася месцам танцаў таксама. Але пакаленне маiх сяброў ужо таньчыла на спецыяльных насцiлах, якiя для гэтай урачыстасцi рыхтавалiся. Потым стала модным ставiць у дварышчах вайсковыя палаткi, дзе засцiлалiся i сталы. Палаткi вайсковыя, вайскоўцаў у нас хапала, маглi ўмясцiць i больш за сотню гасцей. Сённяшнiя вяселлi зусiм не падобныя на былыя вясковыя i нават нашы местачковыя. Сёння практычна ўсе вяселлi арганiзуюцца цi ў кафэ, цi ў рэстаране. Заплацiў грошы — i нiякiх табе клопатаў. Закончылася ўрачыстасць — сабралiся, i дадому, дзе чыста, па-хатняму ўтульна. Нават большасць хаўтур цяпер арганiзуецца так. Але ўсё роўна i перад вяселлем, i перад хаўтурамi, i перад якой iншай бяседай людзi збiраюцца ў дварышчы, выходзяць сюды «пахаладацца» i перакурыць. Недзе ў семiдзесятых напiсаў верш пра празмерную «гасцiннасць» сваiх местачкоўцаў, часы тады былi ледзь не застольныя. Заканчваўся ён так: Мы б заўсёды зухавата, Але ўсё гаспадары — Iм жа госць, калi ён з хаты Праз дварышча носам рыў. Усё бывала, усяк вялося. А быў жа яшчэ i «двор», якi ў сваiм значэннi мае месца быць i ў цяперашнiх манархiчных краiнах — кароль цi iншы самадзержца i яго акружэнне. Ёсць i «прахадны двор» — калi гавораць пра якую-небудзь хату цi кватэру цi, як цяпер кажуць, офiс, дзе заўжды тоўпяцца людзi. А вось такое: «Нi кала, нi двара». Старажытны выраз. Зразумела з вышэйсказанага, двор — гэта сядзiба. Але пры чым тут кол? Аказваецца, раней была такая мера ворнай зямлi — кол. Так што прыказка пра чалавека, у якога нi зямлi, нi двара няма. Гэта ўжо жабрацтва. А ў Купалы: Прывяла гусляра з яго нiўных сялiб Дворня князева ў хорам багаты. Дзякаваць богу, цяпер нiкога нi на якi двор нiякая дворня не водзiць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi сёння гавораць слова «двор», то гараджане найперш разумеюць пад гэтым словам тую тэрыторыю, якая прылягае да шматкватэрнага дома цi дамоў |
|