21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Доктар у Беларусi — беларускую мову можа i не ведаць?

25.08.2009 22:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Надзея НIКАЛАЕВА

ПІСЬМО З КАМЕНТАРЫЕМ

...Не паспелi адгрымець фанфары з нагоды 15-годдзя выкладання беларускай мовы ў Гродзенскiм медыцынскiм унiверсiтэце, як жыццё прынесла чарговы сюрпрыз: з 1 верасня 2007 года ў медыцынскiх установах (як, зрэшты, i ў тэхнiчных, сельскагаспадарчых i г.д.) такi прадмет, як «Беларуская мова. Прафесiйная лексiка»... лiквiдуецца.

Зразумела: у вышэйшых навучальных установах краiна пераарыентуецца на развiццё тэхнiчных дысцыплiн (што магчыма за кошт гуманiтарных), але каб гэтай...

У прыватнасцi, у медыцынскiх унiверсiтэтах (атрымлiваецца так) будзе вывучацца тэрмiналогiя на рускай мове, на лацiнскай, англiйскай (французскай, нямецкай) i не будзе — на першай дзяржаўнай, на мове карэннага насельнiцтва, як быццам зусiм не яго давядзецца лекаваць выпускнiкам.

А як тады быць з канстытуцыйным правам кожнага атрымаць iнфармацыю ў любой дзяржаўнай установе (у тым лiку i медыцынскай) на беларускай мове?..

Нехта скажа, што калi моцна балiць, то загаворыш i зразумееш на любой. Але ж мы не манкурты нейкiя, жывём у цэнтры Еўропы.

Да таго ж за паўтара дзесяцiгоддзя выкладання мовы ў негуманiтарных ВНУ распрацаваны тэрмiналагiчныя слоўнiкi, напiсаны падручнiкi. I зараз што — гэта нiкому не патрэбна?

Паказальна, радасна, што студэнты думаюць iнакш: паводле анкетавання сярод першакурснiкаў, больш за 80 адсоткаў апытаных лiчаць неабходным вывучэнне беларускай мовы, веданне яе ўсiмi медыцынскiмi работнiкамi. Людзi ж дарослыя...

Безумоўна, новыя вучэбныя праграмы патрабуюць дадатковага часу на профiльныя прадметы. На беларускую мову адводзiлася 60 гадзiн. Магчыма, гэта i мнагавата. У крайнiм выпадку прымальным было б 36, але каб «пад нуль» i выкладчыкаў на вулiцу?

...Так склалася: у Беларусi моўнае пытанне заўсёды было яшчэ i палiтычным. Мовай спекулявалi. Яе — то забаранялi, то адраджалi. I зусiм незразумела, што з ёй — шматпакутнай — некаторыя чыноўнiкi робяць зараз. У незалежнай краiне.

Вiктар ВАРАНЕЦ,

выкладчык беларускай мовы

Гродзенскага медыцынскага ўнiверсiтэта.

Шчыра кажучы, трывожны сiгнал, якi мы атрымалi ад нашага чытача, нас моцна азадачыў i нават збянтэжыў. Першая думка — гэтага не можа быць! Але тут жа прыгадалася, як громам сярод яснага неба стала рашэнне Мiнiстэрства адукацыi аб пераводзе з новага навучальнага года выкладання ў беларускiх школах гiсторыi Беларусi з беларускай на рускую мову. Калi беларускую мову ўжо практычна выцiснулi са школы, то нядзiўна, што наступным аб’ектам маглi стаць ВНУ. Таму па каментарый мы звярнулiся да начальнiка аддзела выкладання грамадазнаўчых дысцыплiн упраўлення вышэйшай i сярэдняй спецыяльнай адукацыi Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь Надзеi ГАНУШЧАНКА, якая, у прыватнасцi, пацвердзiла выкладзеную ў лiсце iнфармацыю.

— Беларуская вышэйшая школа пераходзiць на дыферэнцыяваныя тэрмiны навучання i на першай яе ступенi на шэрагу спецыяльнасцяў змяншаюцца тэрмiны навучання, што, адпаведна, патрабуе i змяншэння аб’ёму вучэбнага плана. У адпаведнасцi з праграмай пераходу на дыферэнцыяваныя тэрмiны навучання пастаўлена задача пазбавiцца ў вучэбным працэсе ад другасных i дапаможных курсаў. Усё гэта робiцца для таго, каб узмацнiць фундаментальную адукацыю i прафесiйную падрыхтоўку будучых спецыялiстаў. У новы адукацыйны стандарт па цыклу сацыяльна-гуманiтарных дысцыплiн курс прафесiйнай лексiкi ў якасцi абавязковага не ўвайшоў. Рабiлася гэта таксама з улiкам таго, што ў 12-гадовай школе на старшай яе ступенi (у 11—12-х класах) у навучэнцаў ёсць магчымасць вывучаць прадметы на базавым, павышаным i паглыбленым узроўнях. Гэта датычыцца i беларускай мовы. Улiчваючы вялiкую колькасць гадзiн на вывучэнне беларускай мовы ў школе, напэўна, не зусiм мэтазгодна захоўваць у ВНУ кароткi курс па прафесiйнай лексiцы. Але, хачу падкрэслiць, што калi ў нейкай вышэйшай навучальнай установе для пэўнай часткi студэнтаў спатрэбiцца выкладаць такi курс, то гэта можна будзе зрабiць за кошт гадзiн, якiмi распараджаецца Савет ВНУ.

— А студэнты-медыкi самi могуць iнiцыяваць выкладанне iм прафесiйнай лексiкi на беларускай мове?

— Зразумела, што ў гэтым пытаннi многае будзе залежыць ад профiлю падрыхтоўкi студэнтаў i таго, наколькi iм спатрэбiцца ў далейшай прафесiйнай дзейнасцi беларускамоўная лексiка. У ВНУ выкладаецца як абавязковы блок дысцыплiн, так i дысцыплiны, рашэнне аб выкладаннi якiх прымаецца Саветам ВНУ. Выкажу сваю думку, што на гуманiтарных спецыяльнасцях знойдуцца жадаючыя вывучаць беларускую тэрмiналогiю...

— Надзея Мiкалаеўна, карыстаючыся выпадкам, хацелася б пацiкавiцца, а цi многiя школы перайшлi на выкладанне гiсторыi Беларусi на рускай мове? Цi ўлiчвалася меркаванне дзяцей i iх бацькоў? I як вырашалася пытанне з забеспячэннем школ падручнiкамi па гiсторыi Беларусi на рускай мове?

— На беларускай мове гiсторыя Беларусi па-ранейшаму выкладаецца ва ўсiх школах з беларускай мовай навучання. А пераважная большасць школ з рускай мовай навучання перайшлi на выкарыстанне на ўроках гiсторыi Беларусi рускай мовы. Хачу падкрэслiць, што ў адпаведнасцi з Законам «Аб мовах», Законам «Аб адукацыi» i Законам «Аб агульнай сярэдняй адукацыi», вызначэнне статусу школ або класаў па мове навучання ажыццяўляецца па рашэнню мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў, з улiкам пажаданняў навучэнцаў i iх законных прадстаўнiкоў. Рускамоўныя падручнiкi па гiсторыi Беларусi друкавалiся ў адпаведнасцi з заказамi абласных упраўленняў адукацыi i Камiтэта па адукацыi Мiнгарвыканкама, таму ўсе школы, якiя выказалi такое жаданне, былi забяспечаны неабходнай колькасцю падручнiкаў. Мы ўвогуле нiколi не друкуем падручнiкi без узгодненага папярэдняга заказу. Але на рускую мову перайшлi не ўсе. Напрыклад, ёсць гiмназii з рускай мовай навучання, у якiх на ўроках па гiсторыi Беларусi захавалася беларуская мова. I яны таксама будуць забяспечвацца падручнiкамi па гiсторыi на беларускай мове.

Ад сябе хацелася б дадаць, што вельмi цяжка пагадзiцца з афiцыйнай пазiцыяй Мiнiстэрства адукацыi, якое вырашыла скарачаць аб’ём вучэбных планаў за кошт гадзiн, адведзеных на вывучэнне прафесiйнай беларускай тэрмiналогii. Чамусьцi беларуская мова заўсёды аказваецца лiшняй — цi то ў школе, цi то ў ВНУ. Тым больш, што медыцынскiя ВНУ не збiраюцца скарачаць колькасць гадоў навучання для падрыхтоўкi будучых урачоў. Фактычна дзяржаўнае двухмоўе ў Беларусi засталося толькi на паперы. Цяжка ўявiць сабе, як можна перавесцi дзяржаўнае справаводства на беларускую мову, калi вывучэнне роднай мовы будзе завяршацца цяпер нават не ў сярэдняй школе, дзе на яе паўтарэнне адводзiцца ўсяго адна гадзiна ў тыдзень, а ў базавай школе. А на профiльнай ступенi школы старшакласнiкi, зразумела, будуць выбiраць тыя дысцыплiны, якiя iм спатрэбяцца пры паступленнi ў ВНУ. I беларуская мова, як няцяжка прадказаць, у iх кола ўваходзiць не будзе. Папракнуць падрастаючае пакаленне ў празмерным прагматызме не дазваляе сумленне. А навошта, скажыце, выдаткоўваць час на беларускую мову, якая ў ВНУ цяпер аднесена да дапаможных дысцыплiн?... Дарэчы, аб тым, што гiсторыя Беларусi будзе выкладацца на рускай мове, у многiх школах даведалiся па факту напрыканцы жнiўня. Прычым не толькi дзецi i iх бацькi, але i педагогi. I нiхто не цiкавiўся iх меркаваннем...



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Не паспелi адгрымець фанфары з нагоды 15-годдзя выкладання беларускай мовы ў Гродзенскiм медыцынскiм унiверсiтэце, як жыццё прынесла чарговы сюрпры
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика