На хатнiя заданнi — максiмум тры гадзiны
Надзея НIКАЛАЕВА
Новыя гiгiенiчныя патрабаваннi да ўладкавання, зместу i арганiзацыi вучэбна-выхаваўчага працэсу ў агульнаадукацыйных установах пачалi дзейнiчаць са студзеня гэтага года.
Як патлумачыла нашай газеце загадчыца аддзялення гiгiены дзяцей i падлеткаў Рэспублiканскага цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Ала МАЛАХАВА, па-першае, новыя санiтарныя правiлы i нормы прыведзены ў адпаведнасць з Законам Рэспублiкi Беларусь «Аб агульнай сярэдняй адукацыi», якi ўступiў у дзеянне некалькi дзён таму, а па-другое, яны ахоплiваюць лiтаральна ўсе бакi школьнага жыцця: ад патрабаванняў да будынкаў устаноў адукацыi, iх зямельных участкаў, штучнага i натуральнага асвятлення, школьнай мэблi, спартыўнага рыштунку да арганiзацыi вучэбна-выхаваўчага працэсу, харчавання школьнiкаў i гiгiенiчнага выхавання навучэнцаў. Многiя з палажэнняў, занатаваных у Санiтарных правiлах i нормах, дзейнiчалi i раней, але ў новых СанПiНах знайшлi адлюстраванне таксама i прынцыпова новыя моманты, якiя падказала школьная практыка, заходнi вопыт i, зразумела, бацькоўская грамадскасць... Для прыкладу, шмат скаргаў паступала ў санiтарную службу ад бацькоў, дзецi якiх навучалiся на другой змене. У Санiтарных правiлах запiсана, што аптымальнай з’яўляецца арганiзацыя ўрокаў у агульнаадукацыйных установах у адну змену з 9 гадзiн ранiцы (дапускаецца таксама i ў 8 гадзiн). Забараняецца правядзенне ўрокаў у другую змену ў першых, другiх, пятых i выпускных класах, у лiцэях, гiмназiях i класах з вывучэннем асобных вучэбных дысцыплiн на павышаным цi паглыбленым узроўнях. Адкрыццё лiцэяў, гiмназiй, школ-каледжаў, гiмназiй-каледжаў i iншых школ i класаў з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным цi паглыбленым узроўнях дапускаецца толькi пры адсутнасцi перагрузкi навучальнай установы. Для таго, каб малодшыя школьнiкi не цягалi штодня цяжкiя ранцы цi рукзакi, у памяшканнях пачатковых класаў павiнны стварацца ўмовы для захоўвання там прыналежнасцяў для ўрокаў працоўнага навучання, кнiг для дадатковага чытання ў класе, падручнiкаў i вучэбных дапаможнiкаў (для першакласнiкаў, якiм хатнiя заданнi не задаюць) i спартыўнай формы. Гэта могуць быць iндывiдуальныя цi ўбудаваныя шафы або ячэйкi. Пры будаўнiцтве (рэканструкцыi) будынкаў агульнаадукацыйных устаноў такiя ж iндывiдуальныя шафы i ячэйкi трэба прадугледжваць i для навучэнцаў сярэднiх i старшых класаў. Яшчэ адно новаўвядзенне — гэта патрабаванне да ўстаноўкi ў вучэбных памяшканнях афтальмалагiчных трэнажораў. Не сакрэт, што менавiта праблемы са зрокам займаюць лiдзiруючыя пазiцыi ў структуры захворванняў сучасных школьнiкаў... Навучэнцы 1—4-х класаў, якiя пражываюць на адлегласцi больш за 2 кiламетры ад установы адукацыi, i навучэнцы 5—12-х класаў, якiя пражываюць на адлегласцi больш за 3 кiламетры, падлягаюць транспартнаму абслугоўванню. Падвоз сельскiх навучэнцаў павiнен забяспечвацца грамадскiм цi спецыяльна выдзеленым для гэтых мэтаў транспартам. Месца збору павiнна быць абсталявана навесам, агароджаным з трох бакоў. У тым выпадку, калi навес размяшчаецца побач з транспартнай магiстраллю, патрабуецца бар’ер, якi б аддзяляў яго ад праезнай часткi дарогi. Вучэбная нагрузка павiнна рацыянальна размяркоўвацца па днях тыдня, а расклад заняткаў неабходна складаць з улiкам рангавай шкалы цяжкасцi прадметаў. Максiмальная вучэбная нагрузка павiнна прыпадаць на днi найбольшай фiзiялагiчнай працаздольнасцi: пры 6-дзённым вучэбным тыднi — гэта аўторак i серада, пры 5-дзённым — аўторак, серада i пятнiца. У пачатковых класах — аўторак i серада. Правядзенне заняткаў па вучэбных прадметах, якiя патрабуюць вялiкага разумовага напружання, засяроджанасцi i ўвагi (матэматыка, фiзiка, хiмiя i г.д.) не рэкамендуецца праводзiць у панядзелак i суботу, а таксама ставiць iх у раскладзе на першым i апошнiм уроках. Увогуле ў школьным раскладзе трэба чаргаваць вучэбныя прадметы, якiя патрабуюць статычнага напружання (матэматыка, мова i г.д.) з вучэбнымi прадметамi, якiя ўключаюць рухальныя i дынамiчныя кампаненты (фiзiчная культура, танец, музыка, выяўленчае мастацтва i г.д.). Аб’яднанне двух урокаў дапускаецца ў некалькiх выпадках: пры вывучэннi прадметаў на павышаным i паглыбленым узроўнях у 8—12-м класах (акрамя фiзкультуры); пры вывучэннi вучэбных прадметаў у аб’ёме адной гадзiны ў тыдзень у 11—12-м класах; пры правядзеннi лабараторных i кантрольных работ; пры правядзеннi ўрокаў працоўнага навучання, iнфарматыкi, а таксама фiзкультуры, калi выконваецца праграма па лыжнай падрыхтоўцы. Дарэчы, заняткi па фiзiчнай культуры на адкрытым паветры мэтазгодна праводзiць пры тэмпературы не нiжэй 15 градусаў па Цэльсiю i хуткасцi ветру 1—3 метры за секунду. На працягу школьнага дня дазваляецца праводзiць кантрольную работу не больш чым па адной вучэбнай дысцыплiне, прычым на апошнiх уроках правядзенне кантрольных работ санiтарнымi ўрачамi забараняецца. Не рэкамендуецца таксама праводзiць кантрольныя работы ў панядзелак i суботу. Наступная iнфармацыя, не сумняваемся, будзе асаблiва карысная для бацькоў: гiгiенiчныя патрабаваннi прад’яўляюцца таксама i да аб’ёму хатнiх заданняў, якiя павiнны адпавядаць узроставым i фiзiялагiчным магчымасцям дзiцячага арганiзма. У другiм класе дзецi не павiнны праводзiць над хатнiмi заданнямi больш за 1,2 гадзiны, у 3—4-м класах — 1,5 гадзiны. Пяцiкласнiкi i шасцiкласнiкi павiнны спраўляцца з хатнiмi заданнямi за 2 гадзiны, сямi- i васьмiкласнiкi — за 2,5 гадзiны, а вучнi дзевятых—дванаццатых класаў — не больш чым за 3 гадзiны. Няхай i нязначна, але аб’ёмы хатняй вучэбнай нагрузкi усё ж такi былi скарочаны санiтарнай службай. Агульная працягласць канiкулаў на працягу навучальнага года складае не менш за 30 дзён. Самыя працяглыя (не менш за 14 дзён) — зiмовыя канiкулы. Для навучэнцаў першых i другiх класаў устанаўлiваюцца ў лютым (трэцi тыдзень месяца) дадатковыя канiкулы працягласцю ў 1 тыдзень. На дадатковыя канiкулы могуць разлiчваць i навучэнцы агульнаадукацыйных устаноў, размешчаных на забруджаных радыенуклiдамi тэрыторыях: у другiм паўгоддзi iм павiнен прадастаўляцца дадатковы адпачынак агульнай працягласцю 7 дзён. На думку Алы Малахавай, больш апраўдана было б рабiць для школьнiкаў невялiкiя канiкулы пасля кожных трох вучэбных тыдняў, калi ўвага дзяцей ужо рассейваецца, адпаведна, знiжаюцца i iх здольнасцi ўспрымаць i засвойваць новую iнфармацыю. Праўда, у гэтым выпадку навучальны год завяршаўся б пазней (так як гэты адбываецца ў еўрапейскiх краiнах). А вось пасля працяглых летнiх канiкулаў, наадварот, у дзяцей узнiкаюць праблемы, як iм сканцэнтравацца i ўвайсцi ў «рабочы рэжым». Але медыкам пакуль не ўдаецца знайсцi падтрымку ў гэтым пытаннi... Рангавая шкала цяжкасцi прадметаў у 5—10-х класаў агульнаадукацыйных устаноў Матэматыка — 12 балаў Замежная мова — 11 балаў Беларуская, руская мова — 10 балаў Фiзiка, хiмiя, iнфарматыка — 9 балаў Бiялогiя — 8 балаў Гiсторыя Беларусi, Сусветная гiсторыя i «Чалавек. Грамадства. Дзяржава» — 7 балаў Геаграфiя — 6 балаў Беларуская, руская лiтаратура, айчынная i сусветная культура — 5 балаў Працоўнае навучанне (тэхналогiя) — 4 балы Фiзiчная культура i здароўе — 3 балы Музыка — 2 балы Выяўленчае мастацтва — 1 бал
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Новыя гiгiенiчныя патрабаваннi да ўладкавання, зместу i арганiзацыi вучэбна-выхаваўчага працэсу ў агульнаадукацыйных установах пачалi дзейнiчаць са
|
|