Кватэра. У «рабочым» варыянце
Сяргей ГРЫБ
Твае правы Кожная поўная сям’я, якая мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, можа адначасова знаходзiцца адразу ў трох чэргах — па месцы жыхарства, а таксама па месцах работы мужа i жонкi. Мiж тым, якраз наконт апошнiх варыянтаў вырашэння вядомага «жыллёвага пытання» раз-пораз i ўзнiкаюць няпростыя пытаннi. У прыватнасцi, каго i на якiх умовах прымаюць на ўлік на рабоце, якую ролю адыгрывае тут «фактар прапiскi», як часта неабходна аднаўляць пакет неабходных дакументаў, i, уласна кажучы, цi магчыма ў такой сiтуацыi прэтэндаваць на дапамогу дзяржавы або «свайго» прадпрыемства? З усiм гэтым i iншым мы паспрабуем разабрацца з дапамогай намеснiка загадчыка юрыдычнай кансультацыi галоўнага прававога ўпраўлення апарата Савета Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi Васiля Мiкалаевiча КОРСУКА.Метраж. Але не толькi Першая i цi не галоўная ўмова для пастаноўкi на ўлiк як па месцы жыхарства, так i па месцы працы — наяўнасць менш чым 15 квадратных метраў агульнай плошчы на кожнага члена сям’i. Разам з тым гэта ўмова не адзiная. Як зазначае Васiль Корсук, Палажэнне аб парадку ўлiку грамадзян, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, i прадастаўлення жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду, што зацверджана ўказам кiраўнiка дзяржавы ад 29 лiстапада 2005 года, вызначае даволi вялiкi пералiк падстаў, паводле якiх прыняць на ўлiк могуць i незалежна ад метражу. Такiм чынам, спынiмся на некаторых, найбольш распаўсюджаных сiтуацыях. Так, па-першае, не зважаючы на колькасць квадратных метраў, прымаюцца на ўлiк грамадзяне, якiя пражываюць у жылых памяшканнях, што прызнаныя неадпаведнымi санiтарным i тэхнiчным патрабаванням. Па-другое, жыхары iнтэрнатаў — за выключэннем выпадкаў пражывання ў сувязi з навучаннем, сезоннымi цi часовымi работамi. Па-трэцяе, асобы, што пражываюць у памяшканнях дзяржаўнага жыллёвага фонду па дагаворах паднайму, або ў памяшканнях прыватнага фонду — па дагаворах найму. Па-чацвёртае, на пастаноўку на ўлік могуць разлiчваць работнiкi, што пражываюць у службовых дамах цi кватэрах. Па-пятае, грамадзяне, якiя пражываюць у аднапакаёўцы цi ў адным пакоi з iншымi асобамi, што, згодна са спецыяльным пералiкам Мiнiстэрства аховы здароўя, маюць небяспечныя для навакольных захворваннi. Па-шостае, грамадзяне, якiя пражываюць у адной кватэры цi аднакватэрным жылым доме, якiя заселены некалькiмi ўласнiкамi, або, кажучы iнакш, у «кватэрах з агульнай кухняй». Па-сёмае, гаворка iдзе аб грамадзянах, што пражываюць у кватэрах з неiзаляванымi сумежнымi пакоямi пры адсутнасцi блiзкага сваяцтва. Па-восьмае, аб асобах, што ўзялi першы шлюб, — пры ўмове, што нi муж, нi жонка не маюць асобнай кватэры. Наступная падстава — нараджэнне цi ўсынаўленне дзiцяцi без уступлення ў шлюб пры адсутнасцi зноў-такi асобнай кватэры. Далей. Без улiку метражу ў чаргу прымаюцца спецыялiсты, якiя прыбылi на працу па размеркаванню навучальных устаноў або па накiраванню дзяржаўных органаў у зоны з радыяцыйным забруджваннем з узроўнем больш за 5 Кюры. Нарэшце, не бяруцца пад увагу метры ў адносiнах да дзяцей-сiрот i дзяцей, што засталiся без бацькоўскай апекi, якiя не маюць ва ўласнасцi жылля цi не могуць ўсялiцца ў жылое памяшканне, з якога яны некалi выбылi. — Апроч агульных нормаў, кожнае прадпрыемства цi арганiзацыя мае права практыкаваць i свае падыходы, — працягвае Васiль Корсук. — Да прыкладу, у калектыўным дагаворы можна вызначыць патрэбу ў залежнасцi i ад iншай забяспечанасцi квадратнымi метрамi. Аднак мiнiмальная «планка» такой патрэбы зноў-такi не павiнна складаць менш за 15, а максiмальная — больш за 20 «квадратаў». Праўда, трэба мець на ўвазе, што ў выпадку забяспечанасцi жылплошчай у такiм iнтэрвале можна разлiчваць на фiнансавую падтрымку ў будаўнiцтве толькi з боку наймальнiка. Тады права на дапамогу з боку дзяржавы тут ужо не будзе. Прапiска — не падстава для адмовы Адно з «папулярных» пытанняў: цi могуць паставiць на ўлік па месцы працы паўторна? Да прыкладу, у выпадку змянення складу сям’i. — Калi змянiўся склад сям’i, i на кожнага яе члена ўжо не хапае тых жа 15 «квадратаў» агульнай плошчы, паставiць на ўлік на паляпшэнне жыллёвых умоў не толькi могуць, але i абавязаны, — адзначае Васiль Корсук. — Прычым паставiць незалежна ад таго, атрымлiваў такi чалавек кватэру раней цi не. I яшчэ адна няпростая тэма. Не сакрэт, што ў той жа сталiцы працуе значная колькасць жыхароў навакольных раёнаў. Цi мае права наймальнiк ставiць на ўлiк такiх грамадзян? — Згодна з нашым заканадаўствам, зараз ёсць магчымасць прымаць работнiкаў на ўлік па месцы знаходжання арганiзацыi незалежна ад прапiскi, — тлумачыць Васiль Корсук. — Пры гэтым ранейшая норма, якая вызначала адной з умоў пастаноўкi на ўлiк у арганiзацыi пэўны час работы ў ёй, ужо не дзейнiчае. Галоўнае — падаць заяву Пакет дакументаў, неабходны для пастаноўкi на ўлiк па месцы работы, такi ж, як i для пастаноўкi па месцы жыхарства. У прыватнасцi, у гэты пакет уваходзiць даведка з бюро па рэгiстрацыi i тэхнiчнай iнвентарызацыi, даведка аб складзе сям’i. Апроч таго, у пэўных сiтуацыях могуць спатрэбiцца, да прыкладу, рашэнне мясцовага выканаўчага i распарадчага органа аб прызнаннi цяперашняга жылога памяшкання работнiка неадпаведным санiтарным i тэхнiчным патрабаванням, медыцынскае заключэнне дзяржаўнай арганiзацыi аховы здароўя аб наяўнасцi захворванняў, пры якiх немагчыма сумеснае пражыванне ў адным пакоi цi кватэры, i г.д. I яшчэ. Калi гаворка iдзе аб сацыяльным жыллi, давядзецца прадставiць даведку аб даходах. А ў выпадку, калi работнiк мае пэўныя льготы, трэба дадаць дакументы, якiя гэтыя льготы пацвярджаюць. — Разам з тым з 8 красавiка мiнулага года змянiўся сам парадак улiку дакументаў, — зазначае Васiль Корсук. — Раней адначасова з падачай заявы ўсе патрэбныя даведкi павiнен быў прадставiць сам грамадзянiн. Зараз жа, згодна з прынцыпам «аднаго акна», непасрэдна работнiк пiша толькi заяву. Тады як запыт на дакументы з БРТI, ЗАГСа, даведку з месца жыхарства абавязаны зрабiць з месца работы. I прычым — на працягу 3 дзён з даты падачы заявы. У сваю чаргу на падрыхтоўку дакументаў установам, куды робiцца запыт, адводзiцца 10 дзён. Пасля даведкi накiроўваюцца на месца работы заяўнiка. З прыкладаннем квiтанцый аб аплаце — калi, вядома, тая цi iншая даведка з’яўляецца платнай i падлягае аплаце самiм грамадзянiнам. Зрэшты, тут жа трэба зрабiць вельмi iстотную агаворку — сабраць дакументы можа i сам работнiк. Прынамсi, такое права ў яго застаецца. Важнае новаўвядзенне датычыцца таксама парадку «абнаўлення» дакументаў. Раней грамадзянiн павiнен быў рабiць гэта кожны год. Зараз жа штогадовыя пацвярджэннi патрэбы ў паляпшэннi жыллёвых умоў не прадугледжаны. Заканадаўства вызначае, што абнаўленне (за выключэннем выпадку, калi чалавек прэтэндуе на сацыяльнае жыллё) патрабуецца адзiн раз у пяць гадоў. I здзяйсняць яго можа той жа наймальнiк. Дарэчы, цiкавы нюанс. Паводле слоў Васiля Корсука, улiк работнiкаў, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, у кожнай арганiзацыi павiнна весцi адказная асоба, якая прызначаецца спецыяльным загадам кiраўнiка. Прычым такой асобай не можа быць старшыня прафкама. Бо ёсць канкрэтнае патрабаванне заканадаўства — кантроль за вядзеннем улiку на прадпрыемстве здзяйсняецца прафсаюзным камiтэтам. А кантраляваць «самiх сябе» прафкам цi яго старшыня, зразумела, не могуць. — Пасля збору ўсiх дакументаў рашэнне аб прыняццi работнiка на ўлiк прымаецца на сумесным пасяджэннi адмiнiстрацыi прадпрыемства i прафкама, — працягвае Васiль Корсук. — Такiм чынам, складаецца ўлiковая справа, у якой, апроч усяго, павiнна быць выпiска з пратакола сумеснага пасяджэння i копiя паведамлення аб прыняццi на ўлiк, якая накiроўваецца работнiку на працягу 10 дзён. А далей улiковыя справы перадаюцца адказнай асобе, задача якой — праводзiць штогадовыя зверкi патрэбы i фармiраваць спiсы. Прычым для кантролю за правiльнасцю размеркавання жылля экзэмпляр гэтых спiсаў можа перадавацца ў выканкам. Пенсiянеры застаюцца ў спiсах Асноўная падстава для выключэння з чаргi — зразумела, «самастойнае» вырашэнне кватэрнага пытання непасрэдна работнiкам. Або змяненне колькасцi членаў яго сям’i. Да таго ж са спiсаў будуць выключаны асобы, якiя вырашаюць змянiць месца працы. Застацца ў чарзе тут можна толькi пры адной умове — звальнення ў вынiку скарачэння. I тое толькi да таго моманту, пакуль скарочаны работнiк не здолеў уладкавацца зноў. Асобны выпадак — выхад на пенсiю. Як падкрэслiвае Васiль Корсук, выкрэслiваць са спiсаў грамадзян на гэтай падставе нельга. Чарга захоўваецца нават у выпадку, калi пенсiянер знайшоў сабе новае месца ў iншай арганiзацыi. — Аднак пры гэтым ёсць правiла — чалавек, якi ўжо знаходзiцца на пенсii, на ўлік на паляпшэнне жыллёвых умоў па месцы працы прыняты быць не можа, — зазначае Васiль Корсук. — I выключэнне з падобнага правiла магчыма толькi ў адным выпадку — прадастаўлення дадатковых гарантый пенсiянерам непасрэдна ў калектыўным дагаворы арганiзацыi. Шанц дае калдагавор Зноў-такi варта паўтарыцца: чалавек, якi стаiць на ўлiку па месцы работы на падставе нормаў агульнага заканадаўства, можа разлiчваць на дзяржаўную падтрымку. I ў тым лiку — на льготны крэдыт i аднаразовую субсiдыю. Мiж тым, якую дапамогу ў будаўнiцтве акажа непасрэдна арганiзацыя? — Абавязковага патрабавання да наймальнiкаў аказваць фiнансавую падтрымку работнiкам у паляпшэннi жыллёвых умоў няма, — зазначае Васiль Корсук. — У той жа час ёсць магчымасць вызначыць такую падтрымку ў рамках калектыўнага дагавора. Прычым якiх-небудзь абмежаванняў тут не iснуе. Па сутнасцi, памер дапамогi будзе залежыць толькi ад аднаго — фiнансавых магчымасцяў канкрэтнай арганiзацыi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожная поўная сям’я, якая мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, можа адначасова знаходзiцца адразу ў трох чэргах — па месцы жыхарства, а таксама па
|
|