Беларускi Напалеон i ягоная вечнасць сталi галоўнай тэмай фестывалю камернай музыкi ў Заслаўi
Ларыса ЦIМОШЫК
Фестывалi Па малюнках Напалеона Орды сёння можна ўявiць тую Беларусь, якая iснавала амаль два стагоддзi таму. Сядзiбы i палацы, гарады i мястэчкi, якiя бачыў, i проста краявiды, родныя i мiлыя сэрцу, ён пераносiў на паперу, стаўшы не толькi адным з выдатных мастакоў нашай мiнуўшчыны, але захавальнiкам знакаў гiсторыi для нашчадкаў. Якая музычная тэма магла б падысцi да гiсторыi самога Напалеона Орды? Хутчэй за ўсё — тая, якую ён марыў напiсаць. I дзеля гэтага браў урокi музыкi ў самога Фрэдэрыка Шапэна...Сёлета ў Беларусi адзначаецца 200-годдзе з дня нараджэння Напалеона Орды — мастака i кампазiтара. Першым балем у яго гонар можна лiчыць фестываль «Заслаўе-2007», якi прайшоў у старажытным горадзе ў сёмы раз. Яго наладзiў Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусi пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Фiнберга сумесна з Заслаўскiм гарадскiм саветам i Мiнскiм аблвыканкамам. Гэта адзiн з тых фестываляў, дзе сёння можна пачуць старадаўнюю беларускую музыку i закрануць у сваёй душы патрыятычныя ноткi. Вучыцца патрыятызму можна хоць бы на прыкладзе выдатных асобаў, пра якiх сёння мы гаворым з пiетэтам i ўдзячнасцю. На прыкладзе Напалеона Орды, лёс якога распарадзiўся так, што пабываўшы ў розных краiнах, пажыўшы ў Еўропе, ён усё роўна iмкнуўся на радзiму. ...У вёсцы Варацэвiчы, тады Пiнскага павета, у сям’i iнжынера-фартыфiкатара нарадзiўся сын. Наўрад тады хтосьцi вылучаў дзяцей з тэхнiчным складам розуму i гуманiтарным. Напалеон мог бы таксама стаць iнжынерам. У Вiленскiм унiверсiтэце ён вывучаў матэматыку. Але яна не зрабілася яго лёсам... дзякуючы патрыятычнаму настрою юнака, якi стаў членам аднаго з тайных студэнцкiх таварыстваў. За гэта яго выключылi з унiверсiтэта. А потым давялося i радзiму пакiнуць — з-за ўдзелу ў паўстаннi супраць царызму. Парыж адкрыў беларускаму Напалеону шлях да прафесiйнага мастацтва. Маляваць ён вучыўся ў студыi Жэрара. Ён пасябраваў з Шапэнам, браў урокi iгры на фартэпiяна ў яго i ў Ферэнца Лiста. Яны ж былі першымi знатакамi кампазiтарскiх здольнасцяў Орды. Ён сам стаў пiсаць паланэзы, мазуркi, вальсы, накцюрны... Але разам з музыкай Напалеона Орды ў Заслаўi ў выкананнi камерных калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра гучалi творы яго сучаснiкаў — Шапэна, Лiста, Берлiёза, Шумана, Мендэльсона. Напэўна, паўтара стагоддзя таму музыка самога Орды гучала зусiм iнакш, сёння прафесiйныя музыканты робяць яе перакладаннi для самых розных музычных саставаў. Напрыклад, заслаўчане аднымi з першых паслухалi новы калектыў — струнны квартэт. Па музыцы Напалеона Орды сёння можна ўявiць дух тых часоў, iх рамантыку i пачуццi людзей, якiя ведалi, дзеля чаго жывуць. Такая музыка гучала калiсьцi ў сядзiбах, на вечарынах, святах. I нават на канцэртах, якiя даваў i сам Орда. Яго памкненнi былi ацэненыя — ён нават быў прызначаны кiраўнiком Iтальянскай оперы ў Парыжы. Але цалкам сваiм там стаць не змог. I як толькi стала магчыма — калi абвясцiлi амнiстыю ўдзельнiкам паўстання — вярнуўся на радзiму. Але з музыкай не парваў: даваў прыватныя ўрокi, нават напiсаў i выдаў «Граматыку музыкi». Яму было важна стаць карысным менавiта для сваёй зямлi. Яна ж дала яму вечны прыстанак — у фамiльным склепе ў родным Янаве (цяпер Iванаве). Але музыку Орды сёлета, напэўна, можна будзе пачуць па ўсёй Беларусi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па малюнках Напалеона Орды сёння можна ўявiць тую Беларусь, якая iснавала амаль два стагоддзi таму. Сядзiбы i палацы, гарады i мястэчкi, якiя бачыў, i
|
|