Зямельнае пытанне патрабуе сур’ёзнага падыходу
Сяргей КУРКАЧ
На пытаннi чытачам «Звязды» адказвае старшыня Дзяржаўнага камiтэта па маёмасцi Беларусi Георгiй КУЗНЯЦОЎ
(Працяг. Пачатак у нумарах за 20, 23 і 24 студзеня.) — Што рабiць, калi маладыя хлопцы наладзiлi мыццё сваiх машын у двары шматпавярховага дома? Чысцiня ўласнага аўтамабiля, можа, гэта i добра, але ручаi з хiмiчнымi рэчывамi сцякаюць у бок дзiцячай пляцоўкi, якую летась толькi адрамантавалi. Летам каля нашага дома, што па вул. Казiнца, 35, увогуле ў выхадныя юныя прадпрымальнiкi арганiзоўваюць дробны рамонт пабiтых машын. Хто павiнен кантраляваць становiшча? Вiялета Лiма, г. Мiнск. — Калi ваш дом кааператыўны, то звяртацца лепш адразу да старшынi арганiзацыi. Калi кiраўнiцтва кааператыва не вырашае праблему, то трэба аб такiх парушэннях сiгналiзаваць ужо мясцоваму ўчастковаму або на «гарачую лiнiю» да спецыялiстаў па ахове навакольнага асяроддзя. Зараз у Мiнску хапае сучасных мыек. Каштуе гэта каля 8—15 тысяч рублёў. Калi жыхары вашага дома будуць маўчаць, то праз некалькi гадоў маладыя аўтааматары зробяць на вашым двары звалку, дзе нiколi ўжо нiчога не будзе расцi. — Два гады таму набыла невялiкi зямельны ўчастак недалёка ад Мiнска для будаўнiцтва i абслугоўвання жылога дома. У гэтым масiве каля вёскi Ружампаль зямельныя ўчасткi для будаўнiцтва давалi прыкладна 10 гадоў таму, але i зараз там не праведзены вада i электрычнасць. Каб аформiць i зарэгiстраваць сваю нерухомасць, дом трэба дабудаваць. Але як мы яго дабудуем без святла i водазабеспячэння? Елiзавета Ткачова, г. Мiнск. — Адкажу вам на сваiм прыкладзе. Мы скiнулiся i правялi электрычнасць з вёскi да дамоў, потым яшчэ сабралi грошай i зрабiлi водазабеспячэнне. — Мы таксама збiралi грошы. Рабiлi гэта шмат разоў, але сродкаў не хапала, бо плацiлi не ўсе. Хто можа нам дапамагчы? — У вас павiнен гэтым кiраваць актыўны арганiзатар, якi будзе збiраць сродкi. Iншага выйсця няма. Зараз iснуе ўказ кiраўнiка дзяржавы, якi забараняе выдзяляць зямельныя ўчасткi без iнжынерных камунiкацый. — Усё зразумела. Аднак праблема не вырашыцца. Без вады i святла я не здам дом у эксплуатацыю праз 3 i нават 4 гады. Што тады? Участак канфiскуюць? — Згодна з iснуючым заканадаўствам, у кожным асобным выпадку спрэчныя пытаннi вырашаюць мясцовыя органы ўлады, а не наш камiтэт. — Калi ў садаводчым таварыстве ў нас ёсць участак зямлi i дом на двух гаспадароў, але другi гаспадар дабудоўваць сваю палову дома не жадае, то як можна зарэгiстраваць дом, калi другi гаспадар на сваёй жылплошчы нiчога не робiць? Антон Маляўка, г. Мiнск. — Калi дом недабудаваны, то зарэгiстраваць яго нельга. У садаводчым таварыстве будаваць дом не абавязкова. Прымусiць яго зрабiць гэта немагчыма. — З боку суседа стаiць «каробка» , якая пачала разбурацца. За пасiўнасць яго могуць аштрафаваць? — Не. Мы збiраемся ўнесцi змяненнi ў нарматыўныя дакументы па гэтаму пытанню, што калi заблакiраваны дом, то асобны сусед змог бы зарэгiстраваць сваю кватэру ў такiм доме. — Мы атрымалi спадчыну на дваiх. — Са спадчынай вам будзе вельмi складана. Паспрабуйце па-мiрнаму купiць у сваяка яго долю, так будзе прасцей. Прымусiць немагчыма. — Я ўзяла крэдыт, пазычыла яшчэ грошай i хачу купiць дом. Сваю кватэру потым прадам i аддам пазыку. Пасля таго як я прадам кватэру, на гэту суму налiчаць падатак цi не? Зiнаiда Коршун, г. Чэрвень. — Калi вы прадаяце кватэру ўпершыню за апошнiя 5 гадоў, то даход ад такой здзелкi падаткам не абкладаецца. — Я буду купляць дом у вёсцы. Нiколi да гэтага такiя здзелкi не рабiла. Як правiльна аформiць дакументы, каб не нарабiць памылак? — Пры куплi аб’екта нерухомасцi дом трэба абавязкова зарэгiстраваць у агенцтве па дзяржаўнай рэгiстрацыi i кадастру, каб было ў вас права ўласнасцi на дом, права валодання цi ўласнасцi на зямельны ўчастак. Потым усё гэта трэба афармляць праз натарыят. Калi дом пабудаваны да 1993 года, то можна яго аформiць i праз сельскi Савет. Калi ён быў пабудаваны пазней, то тады толькi праз натарыуса. Натарыус пракантралюе, каб здзелка была аформлена выключна па закону. — Калi я пажадаю купiць дом, мне трэба будзе абавязкова выпiсвацца са сваёй гарадской кватэры i прапiсвацца ў вёсцы? Але ж я яшчэ кватэру не прадала. — Не, не iснуе абавязковага патрабавання аб выпiсцы i прапiсцы па новаму адрасу. Вы можаце, калi хопiць грошай, у кожнай вёсцы нашай краiны мець дом ва ўласнасцi, але прапiсаны будзеце толькi ў адным месцы. — У вёсцы ад бацькi застаўся дом. Хата была пабудавана без дапамогi дзяржавы. Зараз для рэгiстрацыi гэтай нерухомасцi мне трэба будзе плацiць каля 300 тысяч рублёў. Лiчу вашы зямельныя законы несправядлiвымi. Людмiла Мiхайлаўна, г. Навагрудак. — За што 300 тысяч вам трэба плацiць? Акт на зямлю 93 тысячы рублёў плюс трэба зрабiць тэхнiчны пашпарт i зарэгiстраваць дом з зямлёй як аб’ект нерухомасцi. — Здарылася так, што ў дакументах на спадчыну маё iмя па бацьку не зусiм дакладна запiсалi. Зараз трэба ўжо ў судзе за грошы гэтую памылку выпраўляць. Нерухомасць зарэгiстраваць трэба, але ў мяне зараз грошай няма. — Вы збiраецеся потым гэты дом прадаць? — Не. Добры дом, хай стаiць. Але кiраўнiцтва сельскага Савета патрабуе зарэгiстраваць, бо ў адваротным выпадку пагражаюць разбурыць будынак i аддаць яго на дровы «бамжам». — Вас проста напалохалi. Рэгiстраваць гэты дом абавязкова вам не трэба. Неабходна напiсаць заяву ў сельскi Савет аб тым, што дом належыць вам на праве ўласнасцi або, што вы хочаце атрымаць гэта права па суду. Таксама трэба дадаць, што будзеце рамантаваць плот ля дома, касiць траву, даглядаць агарод, сад i ўвогуле ўтрымлiваць дом у належным стане. Трэба, каб дом выглядаў жылым. Можна не афармляць, але трэба ведаць, што пасля вас дом застанецца нашчадкам. Яны павiнны будуць зарэгiстраваць нерухомую маёмасць ужо па складанаму варыянту. Трэба будзе шукаць шмат дакументаў, магчыма, зноў звяртацца ў суд i плацiць за рэгiстрацыю па поўнай праграме. Дзецi або ўнукi, якiя не жывуць побач з бацькамi, могуць адмовiцца ад такой спадчыны, калi афармленне яе патрабуе шмат часу i грошай. — Мая добрая сяброўка з Маладзечна разам з мужам назбiрала грошай i збiраецца пабудаваць дом у Мiнску. Аднак кажуць, што зараз прасцей пабудаваць у сталiцы кватэру, чым атрымаць або набыць участак зямлi ў сталiцы. Няўжо гэта так? Марына К., г. Мiнск. — Зараз атрымаць якi-небудзь прывабны зямельны ўчастак у сталiчным рэгiёне вельмi складана. У самiм горадзе Мiнску — практычна немагчыма. Нават у Мiнскiм раёне атрымаць участак пакуль вельмi цяжка. Зараз, згодна з указам Прэзiдэнта краiны № 58, тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, мае магчымасць набыць зямельны ўчастак у тым лiку i на аўкцыёнах. Такiх аўкцыёнаў сёлета пакуль яшчэ не было. Раю вам уважлiва сачыць за публiкацыямi ў друкаваных СМI. — Я з’яўляюся iндывiдуальным прадпрымальнiкам. Маю жаданне ўзяць у арэнду зямельны ўчастак плошчай прыкладна паўгектара. Што мне зараз рабiць? Вiктар Свiрко, г. Iвацэвiчы. — Я магу прапанаваць вам вырашыць гэта пытанне толькi праз аўкцыён. Трэба звярнуцца ў адпаведную службу райвыканкама. Няхай спецыялiсты сфармiруюць неабходны вам зямельны ўчастак, адшукаюць яшчэ мiнiмум аднаго заяўнiка, а потым арганiзуюць аўкцыён, на якiм будзе прадавацца права арэнды гэтага ўчастка. Атрымае гэта права толькi той, хто больш заплацiць. — Мне здаецца, што зараз сельскiя Саветы ўжо завяршылi перапiс безгаспадарчых дамоў у сельскай мясцовасцi. Мяне турбуе лёс прысядзiбных зямельных участкаў, дзе ёсць старыя дамы. Па якому кошту iх плануецца прадаваць прыватнiкам? Уладзiмiр Бярэзiн, г. Мiнск. — Калi гэтыя дамы з участкамi будуць прадаваць пад жыллё, то яны будуць рэалiзоўвацца мясцовымi органамi на аўкцыёнах. Стартавым коштам зямельных участкаў стане кадастравая цана такой зямлi. Да гэтага спецыялiсты камiтэта правялi кадастравую ацэнку ўсiх населеных пунктаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачам «Звязды» адказвае старшыня Дзяржаўнага камiтэта па маёмасцi Беларусi Георгiй КУЗНЯЦОЎ
|
|