21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

БАБКА

25.08.2009 22:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алiна ЛАТЫШ

На конкурс апавяданняў

Дзiўная доля i вялiкае наканаванне нашых вясковых настаўнiкаў, часцей — жанчын, дзяўчат, выкладчыкаў роднай мовы i лiтаратуры: захоўваць i несцi ў свет святло i зачараванне матчынага слова, не забываць i доўжыць традыцыi i памяць продкаў. Пра гэта нам яшчэ раз нагадвае настаўнiца Алiна Латыш.

Вiктар КАЗЬКО.


Маёй прабабулi Юстыне, бабцы, чыя дабрыня асвятлiла жыццё нашчадкаў, чыя ўмеласць дапамагла нараджэнню многiх дзетак-беларусаў, прысвячаецца.

ЮСТЫНА НIБЫ НЕ МАЛIЛАСЯ, А АБ НЕЧЫМ ДАМАЎЛЯЛАСЯ З БОГАМ.

— Мне так страшна, мне так страшна, — гучаў у хаце глухi шэпт Марыйкi, унучкi. Юстына не чула яго.

Да нараджэння гэтага дзiцяцi Юстына рыхтавалася асаблiва старанна. З таго часу, як даведалася, што нявестка зацяжарыла. На свет павiнен быў прыйсцi яе першы ўнук. Або ўнучка. Прадаўжальнiкi iх роду. З нараджэннем гэтага дзiцяцi яна станавiлася сапраўднай бабкай.

Бо прымаць нованароджаных — бабiць — маглi толькi тыя, хто стаў ужо бабуляй, каму перакулiла за 40. Яе ж пачалi запрашаць да парадзiх значна раней, калi сама яна была яшчэ ў жаночай сiле. I ўсё з-за суседкi Антосi.

Пайшлi яны ўдзвюх восенню ў журавiны. Назбiралi амаль па кошыку, як раптам Антося схапiлася за спiну, ускрыкнула ад болю:

— Ой, не дайду дадому, напэўна, раджу. Як нажом хто паяснiцу рэжа.

— Табе ж яшчэ рана, сама казала. Можа пройдзе зараз боль, — супакойвала яе Юстынка, дапамагаючы iсцi.

Сяк-так выцягнулiся з балота на ўзгорак, тут i прылягла, стогнучы i кусаючы вусны, Антося.

— Не магу больш iсцi. Не пакiдай мяне, прашу. Я баюся заставацца адна. Здаецца, памру.

— Але ж я нiчога не ўмею...

— Можа, хто падыдзе, тады i паклiча людзей. Толькi не пакiдай мяне...

Юстынка, халадзеючы ад страху, клiкала на дапамогу. Але нiхто не адгукаўся. Вёска адсюль была недалёка, за якую вярсту. Але як на тое, нiхто не iшоў.

Юстынку палохала адказнасць: у суседкi не было дзяцей. Раджала яна не раз, але дзiця было цi адразу мёртвае, цi памiрала праз некалькi дзён: казалi, пупавiна абкручвалася вакол шыйкi i прыдушвала.

Юстына сядзела каля Антосi, то падкладала ёй лепш жакетку пад галаву, то гладзiла высокi жывот, чула — дзiця жывое, б’ецца. Нажом-складанчыкам зрэзала галiнкi з бярозы i дуба, бо чула ад старых — на бярозе пераразаюць пупавiну ў дзяўчынак, каб былi белымi з твару i стройнымi, а на дубе — у хлопчыкаў, каб раслi моцнымi. Распарола рукаў сваёй кофты i выцягнула чырвоную нiтку, каб перавязаць пуп. Супакойвала Антосю, а сама нячутна малiлася, прасiла лiтасцi ў Мацi Божай...

Што рабiць? Яна не адзiн раз дапамагала цялiцца карове. Можа i тут падобна? Але лепш бы хто падышоў...

На захадзе сонца Антося нарадзiла дзяўчынку — жывую, прыгожанькую. Юстынка закруцiла яе ў свой фартух i падала мацi, а сама, плачучы ад радасцi, кiнулася ў вёску па падводу. Праз тыдзень у Антосiнай хаце былi хрэсьбiны, i хроснай мацi была яна, Юстынка.

З лёгкай суседчынай рукi i стала яна бабiць. Прыязджалi па яе нават з суседнiх вёсак, асаблiва тады, калi роды зацягвалiся. I перажывалi, што яна марудзiць, доўга збiраецца. Не ведалi, што яна, укленчыўшы перад абразамi, молiцца за дзiцятка, за мацi. I толькi пасля гэтага, адчуўшы ўпэўненасць, сiлу, збiрала зёлкi для парадзiхi.

Ужо больш за дваццаць дзетак прыняла яна. I ўсе былi здаровыя, падрасталi.

Юстынка марыла больш пра ўнучачку. Бо самой дзяўчынак Бог не даў. Выжылi з усiх дзяцей, сталi дарослымi толькi два сыны. I то адзiн ажанiўся, а другi далёка дзесьцi на заробках.

Красавiцкай ранiцай, гатуючы з нявесткай ежу, бабка па адной ёй вядомых прыкметах здагадалася: сёння. Сёння яна стане бабуляй. I клiкнула мужа, якi разам з сынам збiраўся ехаць араць:

— Вазьмiце з сабой сала з хлебам, з’ясце ў полi. Кацярынка, вiдаць, не прынясе, не зможа. I пабудзьце ў полi як найдаўжэй.

На яго запытальны позiрк позiркам адказала: так, напэўна сёння. А сыну нiчога не сказала, бо звычай такi ў вёсках, каб як мага менш людзей ведала пра роды.

Але «сёння» не атрымалася. Мужчыны вярнулiся ўжо з цемнатой, у хату iх не пусцiлi. Занепакоеная, узрушаная Юстынка падала iм даёнку, махнула рукой: «Неяк падоiце!». I дадала: «Мучыцца вельмi. Каб крычала, лягчэй было б...».

Кацярына не крычала. Саромелася. Ад болю закусвала вусны, кусала рукi.

Распляла валасы, развязала ўсе вузельчыкi на адзеннi — тады, гавораць, хутчэй можна нарадзiць. Якiх толькi зёлак не заварвала Юстынка! Якiх толькi парад не давала! Адчувала бабка — дзiцятка жывое, але вялiкае, вось i цяжка нявестцы.

Мужчын у хату нанач не пусцiла. Есцi iм вынесла на ганак. I сядзелi яны на ганку ўвесь вечар, смалiлi табаку, а потым, узяўшы кажухi, пайшлi ў хлеў на сена.

Толькi на свiтаннi ў хаце пачуўся дзiцячы крык. З вачэй бабкi, якая ледзьве трымалася на нагах, палiлiся слёзы радасцi: на яе руках была дзяўчынка, прыгожанькая i тоўсценькая. «Дзякуй табе, Святая Марыя, што ўсё шчаслiва скончылася. Прашу: апякуйся душой гэтага дзiцяцi...». Абмыўшы i закруцiўшы ў пялюшкi ўнучачку, пабегла будзiць мужчын. Ды тыя ўжо не спалi.

— Пацалуй, каб заўсёды яе любiў, — паказала на падушачку побач з задрамаўшай Кацярынкай.

Сын наблiзiўся да ложка, нахiлiўся над скрутачкам i засмяяўся: малая не спала, глядзела проста яму ў вочы. Сустрэўся вачамi з жонкай, дакрануўся ўдзячна да яе рукi.

Малеча — а праз тыдзень яе ахрысцiлi Марыяй — была на дзiва спакойная. Нiкому не перашкаджала. Цiхенька ляжала ў люльцы, падвешанай у запечку, самым цёплым месцы ў хаце. Бабка не магла нацешыцца з яе...

* * *

Бабка адарвалася ад шчаслiвых успамiнаў i як быццам правалiлася ў чарнату. Як даўно гэта было! Цэлых шаснаццаць гадоў таму. Перад ёй на пасцелi ляжала любiмая ўнучка. Ляжала, як усе ведалi, на Божай пасцелi: дажывала апошнiя днi. Дзяўчынка ўся гарэла ад жару: запаленне лёгкiх трымалася, хоць i да доктара за 30 км ездзiлi, i банькi ставiлi, i чым толькi нi нацiралi.

— Бабулька, чаму я цябе не бачу, толькi чую? У вачах зоркi мiгаюць, — прашаптала хворая. Вочы яе былi шырока раскрытыя, але яна не бачыла бабку, глядзела ўверх.

— Галубка мая, ты стамiлася, заснеш зараз — i жар спадзе, — усцiшала яе бабка, гладзячы па гарачай — апячыся можна — ручцы.

— Не, бабулечка, я хутка памру, мне так страшна, — прашаптала Марыйка i страцiла прытомнасць.

Юстына заходзiлася нячутным плачам. Каб жа хто ведаў, як дакарала яна сябе, што адпусцiла тады Марыйку на возера пакоўзацца. Тая i тады крыху кашляла. Але кашаль — частая хвароба ў сялянскай хаце. Пакашляе дзiця i перастане. Але на гэты раз Марыйцы стала горш.

Бабуля адыходзiць ад ложка ўнучачкi. Звыкла ўкленчвае перад абразамi. «Божа мiласцiвы, пачуй маю просьбу. Злiтуйся над маёй унучачкай, аздаравi яе. Ведаю, шмат Цябе прасiлi пра гэта, усе вочы выплакалi мы, просячы Цябе. Але я не проста прашу. Я шмат пражыла, многа пабачыла. А яна ж яшчэ пупышачка. Ёй дзяцей нарадзiць трэба, унукамi пацешыцца. У мяне iх вунь колькi — калi i сваiх не шмат, дык многа тых, хто пры маёй дапамозе на свет прыйшоў. На Вялiкдзень цэлае рэшата яек фарбую — кожны дзiцёнак бяжыць бабку павiншаваць, а я яму чырвонае яйка. Я для цябе, Божа, усё жыццё шчыравала. Вунь колькi дзетак Цябе славiць будуць, да Цябе пойдуць. Дай i маёй Марыйцы пахадзiць па зямлi. Але ты, Усемагутны, лепш за мяне ведаеш, што рабiць. Я толькi папрасiла, слабая i старая, а твая воля няхай будзе... Толькi калi ўжо так трэба, прыбяры лепш мяне».

Бабка павольна ўстала, падышла да хворай. Прыслухалася. Тая па-ранейшаму ўся гарэла, цяжка дыхала. Пайшла на свой ложак у запечку, усцягнулася на яго...

— Мамачка, мне есцi захацелася!— уздрыгнула ранкам Кацярына ад Марыйчынага крыку.

Хворая сядзела ў ложку i ўсмiхалася. Кацярына кiнулася да яе, вуснамi дакранулася да даччынага лба: жару не было.

Здзiвiлася, што за перагародкай не чуваць свекрывi: яна заўсёды ўставала яшчэ ў цемры.

Падышла да ложка Юстынкi. Тая ляжала нерухома, заплюшчыўшы вочы, быццам спала. Дакранулася да яе рукi — рука была ўжо халодная.

г. Паставы.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзiўная доля i вялiкае наканаванне нашых вясковых настаўнiкаў, часцей — жанчын, дзяўчат, выкладчыкаў роднай мовы i лiтаратуры: захоўваць i несцi ў све
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика