Аляксандр IВАНКОЎ: «Беларусы зрабiлi адназначны выбар на карысць тавараў айчыннай вытворчасцi»
Iнга МIНДАЛЁВА
— Аляксандр Iванавiч, на працягу апошнiх некалькiх гадоў у краiне забяспечваецца рост рознiчнага тавараабароту, прычым са значным перавышэннем прагнозных паказчыкаў. Не стаў выключэннем i 2006 год: гандлёвыя арганiзацыi Беларусi прадалi тавараў больш чым на 31 трыльён рублёў з тэмпам росту да папярэдняга года 117,7 працэнта (пры ўстаноўленым прагнозе 109—10,5). Чым, на ваш погляд, абумоўлена такая станоўчая тэндэнцыя? — Абумоўлена яна сукупнасцю фактараў, аснову якiх складаюць агульнаэканамiчныя паказчыкi развiцця краiны: стабiльны рост унутранага валавога прадукту i вытворчасцi тавараў народнага спажывання, рост рэальных даходаў насельнiцтва. Натуральна, азначаныя фактары станоўча паўплывалi на тэмпы росту рознiчнага тавараабароту, якi за апошнiя пяць гадоў павялiчыўся больш чым ў два разы. А на наступную пяцiгодку мы плануем павялiчыць рознiчны тавараабарот у 1,6 раза. Радуе нас i тое, што тэмпы росту тавараабароту гандлёвых арганiзацый аказалiся ўдвая вышэй, чым рост продажу на рынках. Гэта гаворыць аб тым, што нашы спажыўцы сёння аддаюць перавагу пакупкам у магазiнах. Мы агучылi колькасныя паказчыкi тавараабароту. Але больш важным з’яўляецца якасны бок яго развiцця. Ён у гандлi вызначаецца структурай абароту. Таму хацелася б адзначыць, што дзякуючы павышэнню дабрабыту беларускага народа, попыт насельнiцтва пераарыентаваўся на тавары працяглага карыстання — тэлевiзары, халадзiльнiкi, бытавую тэхнiку, аўтамабiлi, вопратку i абутак. У вынiку ў складзе рознiчнага тавараабароту ўдзельная вага нехарчовых тавараў у параўнаннi з 2005 годам павялiчылася на два працэнтныя пункты i склала 47 працэнтаў. Змяняецца i структура харчавання насельнiцтва — у бок павелiчэння спажывання найбольш бiялагiчна каштоўных прадуктаў i знiжэння вугляводазмяшчальных. У параў- наннi з 2000 годам спажыванне на душу насельнiцтва рыбы i рыбапрадуктаў узрасло з 9,5 да 17,6 кiлаграма, гароднiны i бахчавых — з 93 да 118, пладоў i ягад — з 25 да 46, алею — з 8,7 да 14,3 кiлаграма, яек з 225 да 234 штук на чалавека ў год. У той жа час скарацiлася спажыванне хлеба, макаронных вырабаў, мукi, крупы — са 110 да 100 кiлаграмаў у год, што пацвярджае тэндэнцыю росту спажывання больш каштоўных прадуктаў харчавання. Можна адзначыць i яшчэ адну станоўчую тэндэнцыю — у асноўным попыт насельнiцтва задавальняецца за кошт тавараў, што вырабляе айчынная прамысловасць, доля якiх у агульным аб’ёме абароту гандлёвай сеткi склала амаль 80 працэнтаў (з iх харчовых — 86 i нехарчовых — 70,1 працэнта). — Беларусь уступiла ў так званую «эру кiтоў», калi буйныя сеткавыя кампанii рознiчнага гандлю i гiпермаркеты выцясняюць дробны бiзнэс. Цi выжыве ён? Як гэта адаб’ецца на спажыўцу i што чакае дзяржаўны гандаль? — Працэс узбуйнення гаспадарчых структур ва ўсiх галiнах сусветнай эканомiкi, стварэння буйных карпарацый не мог абысцi i гандаль. Гэта пацвярджае i сусветная практыка развiцця рознiчнага гандлю, дзе ўсё большы сегмент гэтага рынку займаюць буйныя магазiны — гiпермаркеты, супермаркеты, мегамаркеты, молы i iнш. Не абмiнуў працэс глабалiзацыi i нашу краiну. Створаны ў Беларусi iнвестыцыйны клiмат паспрыяў значнаму росту iнвестыцый у развiццё гандлю, дзе адным з асноўных накiрункаў укладання фiнансавых сродкаў з’яўляецца будаўнiцтва буйных магазiнаў (унiверсамаў, супермакетаў, гiпермаркетаў). Пакуль што яны займаюць невялiкi сегмент у гандлёвай сетцы нашай рэспублiкi. За апошнiя два гады адкрыта некалькi гiпер- i супермаркетаў з гандлёвай плошчай ад 1700 да 6000 квадратных метраў («Bigzz», «Гиппо», «РrоStоrе», «Карона», падземны грамадска-гандлёвы цэнтр «Сталiца» ў Мiнску, супермаркет ТАА «Астор-Вест» у Брэсце, супермаркет ААТ «Веста» ў Вiцебску i iнш.) У гэтае пяцiгоддзе плануецца рэалiзаваць 40 iнвестыцыйных праектаў будаўнiцтва гандлёвых аб’ектаў, з iх 12 — у Мiнску. — Якiя патрабаваннi да фармату такога магазiна? — Тут павiнен быць шырокi асартымент якасных беларускiх тавараў, камфортныя ўмовы для набыцця пакупак, высокi ўзровень гандлёвага абслугоўвання, сучасныя тэхналогii продажу. Часта ў сусветнай практыцы такiя магазiны ўваходзяць у склад гандлёва-забаўляльных цэнтраў з кiнатэатрамi, выставамi, аб’ектамi службы быту, рэстаранамi, дзiцячымi пакоямi i г.д. Адначасова з адкрыццём новых буйных магазiнаў змяняюцца i арганiзацыйныя формы кiравання гандлёвымi арганiзацыямi. Асноўны накiрунак тут — стварэнне буйных структур, якiя прымяняюць сеткавыя тэхналогii. Ужо сёння шэраг буйных гандлёвых арганiзацый краiны выкарыстоўвае ў працы прынцыпы сеткавага гандлю. Да такiх можна аднесцi гандлёвыя сеткi, што працуюць пад маркамi «Марко», «Соседи», «Копилка», «Рублёўскi» ў Мiнску, «Веста», «Ника» — у Вiцебску, «Продтовары» — у Брэсце. Стварае сваю сетку кампанiя «БелВиллесден», якая ў дапаўненне да ўжо адкрытага ў Мiнску гiпермаркета «Гиппо» плануе пабудаваць такiя ж магазiны ва ўсiх абласных цэнтрах краiны. Будаўнiцтва i адкрыццё буйных магазiнаў, як паказвае сусветная практыка, часта прыводзiць да выцяснення з рынку невялiкiх i сярэднiх магазiнаў. Таму наша задача сёння — на аснове глыбокага аналiзу развiцця сеткi знайсцi формы i метады ўплыву дзяржавы на аптымальнае суаднясенне розных фарматаў магазiнаў з тым, каб максiмальна ўлiчыць пажаданнi i iнтарэсы нашага насельнiцтва. Пагадзiцеся, для таго, каб набыць толькi хлеб i малако цi пачак цыгарэт, не вельмi зручна шукаць iх на плошчы ў 6000 квадратных метраў. Вялiкiя магазiны прызначаны для набыцця тавараў у запас — на тыдзень, на месяц. Наша задача — захаваць iснуючую сетку невялiкiх магазiнаў незалежна ад формы ўласнасцi i забяспечыць пешаходную даступнасць для насельнiцтва. На 2007 год яна для нас з’яўляецца адной з першачарговых. — Пастанова Савета Мiнiстраў ад 1 верасня 2006 года № 1120 адмянiла норму суаднясення ўдзельнай вагi айчынных тавараў i iмпарту на палiцах нашых магазiнаў. Растлумачце, калi ласка, чым гэты крок быў абумоўлены i што змянiлася з адменай гэтай нормы? — Паводле даных Мiнстата, у 2006 годзе ўдзельная вага продажу тавараў айчыннай вытворчасцi ў аб’ёме рознiчнага тавараабароту гандлёвай сеткi практычна не змянiлася i знаходзiцца на ўзроўнi 80 працэнтаў, у тым лiку па харчовых таварах — 86, нехарчовых — 70—71 працэнта. Па цэламу шэрагу прадуктаў харчавання (мясу i птушцы, каўбасных вырабах i вэнджаных прадуктах, маслу, натуральнамалочнай прадукцыi, сыру) доля продажу тавараў беларускiх вытворцаў перавышае 95 працэнтаў. Удзельная вага айчынных тэлевiзараў i льняных тканiн склала 99 працэнтаў, панчошна-шкарпэткавых вырабаў — 90, трыкатажных — 88, халадзiльнiкаў i маразiльнiкаў — 85 працэнтаў. З улiкам такой статыстыкi рэгламентаваць суаднясенне тавараў айчыннай i замежнай вытворчасцi няма неабходнасцi, прыведзеныя лiчбы красамоўна сведчаць, што пакупнiкi аддаюць перавагу беларускiм таваравытворцам, якiя прадастаўляюць канкурэнтаздольную прадукцыю, што не саступае па спажывецкiх вартасцях i якасных характарыстыках iмпартным аналагам, а ў шмат якiх выпадках i пераўзыходзiць iх. Безумоўна, на спажывецкiм рынку былi i заўсёды будуць прысутнiчаць тавары, якiя не вырабляюцца ў Беларусi цi вырабляюцца ў недастатковых аб’ёмах, так званыя тавары «крытычнага iмпарту»: чай, кава, рыба i морапрадукты, цытрусавыя, некаторыя вiды гароднiны i садавiны i г.д. Разнастайнасць асартыменту i стабiльнасць на спажывецкiм рынку будуць забяспечаны. — Аляксандр Iванавiч, а як пасля адмены нормы цяпер стымуляваць продаж айчынных тавараў? Што робiцца для таго, каб скарацiць запасы заляжалых беларускiх тавараў на палiцах i складах? — Спажывец зрабiў адназначны выбар на карысць тавараў айчыннай вытворчасцi па асноўных групах харчовых тавараў, аб’ёмы iх продажу пастаянна ўзрастаюць, вытворца зарыентаваны на попыт i пашырэнне асартыменту. Мы сёння ставiм перад арганiзацыямi прамысловасцi задачу па асваенню новых вiдаў iмпартазамяняльных тавараў, пералiк якiх распрацаваны i накiраваны ўсiм зацiкаўленым мiнiстэрствам i канцэрнам. Вытворчасць iмпартазамяняльных тавараў па пералiку, прапанаванаму Мiнiстэрствам гандлю, дазволiць асартымент рэалiзуемых тавараў зрабiць больш разнастайным i, адпаведна, павялiчыць аб’ёмы продажу айчыннай прадукцыi на спажывецкiм рынку краiны. Для актывiзацыi продажу айчынных тавараў, скарачэння запасаў прадукцыi гандлёвымi структурамi пастаянна праводзяцца пашыраныя продажы нехарчовых тавараў з арганiзацыяй рэкламных мерапрыемстваў (прызавых акцый, дэманстрацый мадэляў, прэзентацый новых тавараў i iнш.), выставы-продажы, дысконтныя продажы. Аднак знiжэнне цэн толькi за кошт рознiчных гандлёвых арганiзацый ва ўмовах рэгулявання цэн не можа быць адчувальным, бо сярэдняя гандлёвая надбаўка складае ўсяго 22 працэнты. Яе знiжэнне нават напалову прывядзе да знiжэння цаны тавару ўсяго на 10 працэнтаў. У якасцi даведкi магу сказаць, што ў многiх краiнах Еўрасаюза прымяняецца надбаўка на харчовыя тавары ў памеры 30—40 працэнтаў, а на нехарчовыя яна дасягае часам i 80—100 працэнтаў. Зразумела, што ў такiм выпадку знiжэнне гандлёвай надбаўкi дае адчувальны вынiк. Менавiта таму ўсё часцей пры рабоце з таваравытворцамi прымяняюцца ўмовы паставак, якiя прадугледжваюць знiжэнне цаны на тавары, што знаходзяцца ў рознiчным i аптовым гандлi больш за 90 дзён, уцэнка хуткапсавальных тавараў, абмен i вяртанне тавараў, якiя не карыстаюцца попытам у насельнiцтва. Як вы разумееце, сёння такiя адносiны павiнны будавацца не адмiнiстрацыйнымi метадамi, а на аснове дамоўленасцi. Аднак нягледзячы на фiнансавыя цяжкасцi арганiзацый гандлю, iмi актыўна практыкуецца правядзенне распродажу тавараў па знiжаных цэнах. Ён прымеркаваны да заканчэння сезона, да святаў, у тым лiку з удзелам вытворцаў тавараў. Цэны на тавары знiжаюцца за кошт памяншэння цi зняцця цалкам гандлёвых надбавак арганiзацыямi гандлю, а таксама за кошт памяншэння адпускных цэн таваравытворцамi. У 2006 годзе гандлёвымi арганiзацыямi краiны было праведзена каля 200 распродажаў, рэалiзавана нехарчовых тавараў на суму звыш 15 мiльярдаў рублёў. Акрамя таго, праведзена каля 1000 каляднага i навагодняга распродажаў тавараў па знiжаных цэнах. Нельга не сказаць i пра такi важны рачаг стымулявання продажу, як рэклама. Лозунг «Рэклама — рухавiк гандлю» нiколi не згубiць сваю актуальнасць. Падкрэслю: рэклама не дзеля рэкламы, а дзеля iнфармавання пакупнiка i прасоўвання тавару. Менавiта дзякуючы сучаснай i прафесiйнай падачы iнфармацыi мы даведваемся пра спажывецкiя якасцi тавараў, навiнкi вытворцы, дысконтныя акцыi. Усё гэта дазваляе спажыўцу зрабiць свой выбар. — Продаж тавараў праз Iнтэрнэт-магазiны зараз з’яўляецца тым сегментам электроннага гандлю, якi развiваецца найбольш актыўна. Сёння з iх дапамогай, не выходзячы з дому, можна заказаць кнiгi, кампакт-дыскi, цацкi, мэблю, вопратку, бытавую тэхнiку, прадукты харчавання, аўтамабiлi, кватэры. Раскажыце, калi ласка, як кантралюецца дзейнасць Iнтэрнэт-магазiнаў i якасць прапануемых iмi тавараў? — Паводле ацэнак экспертаў, у беларускiм Iнтэрнэце функцыянуе каля 400 магазiнаў. Няма нiякага сумнення, што гэты сегмент рознiчнага гандлю будзе развiвацца i далей, аднак пад пiльным наглядам дзяржавы. Растлумачу чаму. У апошнi час пачасцiлiся звароты грамадзян у тым лiку i ў Мiнiстэрства гандлю наконт парушэння iх спажывецкiх правоў пры набыццi твараў праз Iнтэрнэт-магазiны. Напрыклад, падчас праверкi апошнiх сямi зваротаў грамадзян было ўстаноўлена, што толькi ў двух выпадках рэалiзацыя тавараў праз Iнтэрнэт-магазiны праводзiлася на законных умовах суб’ектамi гандлю, якiя атрымалi лiцэнзiю на рознiчны гандаль. У астатнiх выпадках уладальнiкамi Iнтэрнэт-магазiнаў з’яўлялiся фiзiчныя асобы, якiя ажыццяўлялi незаконную прадпрымальнiцкую дзейнасць. У гэтай сiтуацыi церпяць не толькi пакупнiкi, але i дзяржава, якая не атрымлiвае даходаў ад такой дзейнасцi. Аднак яшчэ большую занепакоенасць выклiкаюць магазiны-аднадзёнкi: пагандлявалi крыху i знiклi з сеткi. Каму тады прад’яўляць прэтэнзii ў выпадку парушэння правоў спажыўца? Для недапушчэння ў далейшым падобных фактаў з 18 сакавiка 2007 года ўводзяцца дадатковыя патрабаваннi да ўладальнiкаў Iнтэрнэт-магазiнаў наконт iнфармацыi аб прадаўцу тавараў, размяшчаемай на сайце, указання даменнага iменi сайта Iнтэрнэт-магазiна ў лiцэнзii на рознiчны гандаль i размяшчэння iх толькi ў зоне BY. Застаецца заклiкаць спажыўца быць уважлiвым пры заказе тавару праз Iнтэрнэт-магазiн: звяртаць увагу на наяўнасць лiцэнзii ва ўладальнiка сайта, патрабаваць прадаставiць разам з таварам суправаджальныя дакументы, у якiх павiнна быць указана iнфармацыя аб прадаўцу. Гэта дазволiць у выпадку неабходнасцi знайсцi прадаўца i прад’явiць яму прэтэнзii. — Скiдкi — бадай што самы старажытны iнструмент уздзеяння на пакупнiка i самы хуткi спосаб нешта прадаць. Не так даўно ў сферы айчыннага гандлю з’явiлася новае паняцце — «дыскаунт». Як сёння развiваюцца ў краiне падобныя «магазiны скiдак» i цi магчыма iх эфектыўная праца пры iснуючай гандлёвай нацэнцы? — Развiццё сеткi магазiнаў па знiжаных цэнах, так званых дыскаунтаў цi дысконтаў — адна з задач, пастаўленых Праграмай развiцця ўнутранага гандлю на 2006—2010 гады. Асноўная мэта развiцця дысконтаў — стымуляванне продажу тавараў i адначасова выкананне сацыяльнай функцыi, бо грамадзяне з сярэднiм i нiзкiм узроўнямi даходу атрымаюць магчымасць набываць тавары па адносна нiзкiх цэнах. Сусветная практыка да тыпу дыскаунта адносiць магазiн, якi гандлюе спецыяльна адабраным асартыментам тавараў па нiзкiх цэнах за кошт невялiкiх эксплуатацыйных затрат, высокага тавараабароту, прамых закупак тавараў, арганiзацыi працэсу продажу па метаду самаабслугоўвання. Дыскаунт, як правiла, працуе толькi з фасаваным у прамысловых умовах таварам. Працэсы ўзважвання, нарэзкi тавару ў мэтах эканомii расходаў выключаны. Выкладаецца тавар на стэлажах у спажывецкай упакоўцы, а таксама непасрэдна на палетах (паддонах) у прамысловай тары. Дыскаунты могуць падтрымлiваць нiзкi ўзровень цэн пры пэўных умовах. У прыватнасцi, яны павiнны з’яўляцца часткай цi знаходзiцца пад кiраваннем буйной сеткавай структуры, якая мае магчымасць набываць вялiкiя партыi тавараў, бо ў такiм выпадку вытворцы i iншыя пастаўшчыкi прадастаўляюць значныя скiдкi (так званы «бонус»). Бухгалтэрыя i камерцыйная служба павiнны быць цэнтралiзаванымi, кiраванне тавараперамяшчэннем — камп’ютарызаваным. Паводле ацэнкi спецыялiстаў, сiстэма дыскаунтаў жыццяздольная пры наяўнасцi ў сетцы не менш за 3 магазiны, працуе без страт — калi iх не менш за 5, становiцца прыбытковай — калi магазiнаў 10 i больш. Пакуль што ў нашай краiне класiчнай сеткi магазiнаў дыскаунтаў не створана. Гэтую задачу мы ставiм сёння найперш перад мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi. Яны валодаюць iнфармацыяй — колькi грамадзян маюць патрэбу ў набыццi больш танных тавараў, як аптымальна размясцiць гэтыя магазiны па тэрыторыi, цi патрэбна будаваць новыя магазiны альбо дастаткова пераспецыялiзаваць iснуючую гандлёвую сетку. Усё гэта кампетэнцыя выканкамаў. Шырокiя паўнамоцтвы па ўстанаўленню мясцовых збораў дазволяць вырашыць гэтыя пытаннi. У той жа час у галiне ўсё больш шырокае развiццё атрымлiвае сiстэма прадастаўлення скiдак пакупнiкам, так званая сiстэма дысконтных продажаў. Сёння скiдкi прымяняе большасць спецыялiзаваных магазiнаў, унiвермагаў, гiпер- i супермаркетаў. У практыцы прымянення дысконтных сiстэм найбольшае распаўсюджванне атрымаў продаж дысконтных карт, прадастаўленне скiдак у пэўныя гадзiны цi днi работы магазiна, на пэўныя вiды тавараў, пры правядзеннi сезонных распродажаў, рэкламных акцый, пэўным катэгорыям малазабяспечаных грамадзян i iнш. — Аляксандр Iванавiч, якiм вам бачыцца будучыня рынкаў у сувязi з развiццём новых формаў арганiзаванага гандлю? Знiкнуць яны цi эвалюцыянуюць? — За апошнiя гады знешняе аблiчча рынкаў значна змянiлася, асаблiва ў гарадах. Паступова продаж нехарчовых тавараў на рынках скарацiўся i перамясцiўся ў гандлёвыя цэнтры. Змяненне эканамiчнай сiтуацыi, рост даходаў насельнiцтва далi чалавеку магчымасць дазволiць сабе набываць больш якасныя тавары ў камфортных умовах. Адкрыццё буйных гiпермаркетаў i сучасных гандлёвых цэнтраў падштурхоўвае ўладальнiкаў рынкаў шукаць шляхi ўтрымання свайго пакупнiка, ствараць для яго ўсё больш спрыяльныя ўмовы для набыцця пакупак. Яны актыўна займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыi рынкаў, будаўнiцтвам гандлёвых цэнтраў, размяшчэннем павiльёнаў для фiрменнага гандлю. За прыкладамi далёка хадзiць не трэба. Мiнскi Камароўскi рынак адкрыў павiльён, у якiм размясцiлiся магазiны агракамбiната «Сноў», Мiнскага маргарынавага завода, мiнскiх малочных i мясаперапрацоўчых камбiнатаў, рыбакомплексу. На тэрыторыi гандлёвага дома «Ждановiчы» функцыянуе пяць гандлёвых цэнтраў «Свет моды», цэнтр гандлю будаўнiчымi матэрыяламi. Наша задача — зрабiць так, каб рынкi адпавядалi iх гiстарычнаму прызначэнню. Гэта значыць, сталi месцам, дзе грамадзяне маглi прадаць лiшкi вырашчанай прадукцыi, непатрэбныя iм рэчы i iнш. Што датычыцца долi рынкаў у тавараабароце, то зараз яна складае крыху больш за 30 працэнтаў. — Напрыканцы нашай размовы не магу не задаць пытанне, якое хвалюе лiтаральна кожнага беларуса. Цi не знiзiцца доля экспарту беларускiх тавараў у сувязi з абвастрэннем адносiнаў з Расiйскай Федэрацыяй? — Мы перакананыя, што гандлёва-эканамiчныя адносiны, якiя склалiся ў нас з Расiйскай Федэрацыяй, будуць развiвацца. Умовы гаспадарання ў Саюзнай дзяржаве павiнны быць роўнымi ўзаемавыгаднымi. Напрыканцы хачу адзначыць, што задачы ў сферы гандлю на гэтую пяцiгодку пастаўлены вялiкiя, складаныя, але яны рэальна выканальныя. Гэта пацвярджаецца вынiкамi мiнулага, першага, года пяцiгодкi. Наша стратэгiя зараз — задзейнiчаць усе рэзервы i магчымасцi галiны з тым, каб паспяхова справiцца з намечанымi мэтамi, узняць гандаль на новы больш якасны ўзровень. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гандаль — гэта тая сфера, з якой мы сутыкаемся лiтаральна кожны дзень, i ад таго, як адладжана яе праца, у многiм залежыць i якасць нашага жыцця i душ |
|