Як вяскоўцу палепшыць свой дабрабыт? Спытайце ў Мажэйкаў!
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
На Бога спадзявайся, ды сам не паддавайся... Гэту народную прыказку ведаюць многiя, але, будзем шчырымi, не ўсе прытрымлiваюцца яе. У тым сэнсе, што хто-нiхто мяркуе наступным чынам: як iдзе — так няхай i коцiцца жыццё. Бо паспрабуй перайначыць той лёс — цяжкая гэта справа. А можа нават i дарэмная. Бо, маўляў, колькi нi бiся, колькi нi старайся — толькi гузакамi разжывешся. А каму гэта патрэбна?
Калi iншым разам падобныя разважаннi даводзiцца чуць сям’i Мажэйкаў з вёскi Барсукi Кармянскага раёна, члены яе катэгарычна з iмi не згаджаюцца. Бо цвёрда перакананы: усё ў руках канкрэтнага чалавека. Яго ўчынкi, яго паводзiны. Манера жыцця. Заможнасць. I лёс, у рэшце рэшт. У гэтым яны ўпэўнiлiся на сваiм прыкладзе, калi яшчэ ў 80-я гады паставiлi мэту жыць дастойна, мець добры заробак, не залежаць нi ад якiх абставiнаў. Сяргей i Святлана вучылiся тады ў Рэчыцкiм сельгастэхнiкуме на заатэхнiка, дзе i пажанiлiся. На апошнiм курсе Святлана нарадзiла дачку Марыну, але акадэмiчны водпуск не брала, як гэта робяць у такiх выпадках iншыя, а паспяхова здала дзяржаўныя экзамены. Родам яна з вёскi Насовiчы Добрушскага раёна, а Сяргей — з Сапажкоў Кармянскага раёна. У адной сям’i было чацвёра дзяцей, у другой — трое. А гэта азначае, што ўсе яны змалку ўпрагалiся ў нялёгкую сялянскую работу як на сваiх агародах — участках, так i на палях цi фермах калгаса. Закончыўшы вучобу, Сяргей i Святлана Мажэйкi атрымалi работу ў вёсцы Барсукi Кармяншчыны, у саўгасе iмя Валадарскага, дзе iм выдзелiлi дом. Некалькi гадоў Сяргей працаваў заатэхнiкам-селекцыянерам, брыгадзiрам, галоўным заатэхнiкам гаспадаркi, завочна закончыў Горацкую сельгасакадэмiю. Не сядзела без справы i Святлана, працуючы i заатэхнiкам, i фуражырам i нарадзiўшы потым яшчэ сына Сяргея i дачку Таню. Адным словам, грошай у сям’i было столькi, як i ў iншых, хто на падобных пасадах працаваў у саўгасе. Мажэйкi ж лiчылi, што гэтага недастаткова. Iм было незразумела, чаму вялiкая, а калi дакладней, дык абсалютна большая частка сельскiх жыхароў абмяжоўваецца ўтрыманнем ну зусiм малой падсобнай гаспадаркi. Калi гэта людзi пажылога ўзросту, якiх падводзiць здароўе, дык тут не паспрачаешся. А калi маладыя цi сярэдняга ўзросту, поўныя сiл? Куды яны растрачваюць сваю энергiю, свой запал? Хiба што на выпiўкi, якiмi злоўжываюць. Не, так жыць нельга. Калi ўжо лёс звязаў цябе з вёскай, дык як належыць займайся сваiм падворкам, сваёй гаспадаркай. Бо зараз зусiм iншае стаўленне дзяржавы да людзей прадпрымальных. Яна дапамагае iм, дазваляе тое, на што раней цяжка было разлiчваць. Вось з такiм меркаваннем Сяргей Iванавiч i Святлана Мiкалаеўна праз тры гады купiлi сабе карову. Далей — болей: адна, другая, трэцяя. З цялятак вырошчвалi, якiх набывалi ў гаспадарцы. А то i ад прыплоду ад сваiх рагуль. Зараз у Мажэйкаў цэлы статак буйной рагатай жывёлы — разам з трыма цялятамi i быком-вытворцам дзевяць галоў. Каровы — адно, а конi — зусiм iншае, падумалi Мажэйкi i сышлiся на тым, што набылi кабылу. Таксама ў тыя 90-я гады. Зараз на падворку чатыры кабылы i жарабец. А што за гаспадарка без свiней? Нiкуды не вартая. Набудзем, завядзём i iх. Сёння ладных парсюкоў у Мажэйкаў больш за дзесяць. Адзiн з iх, якога Святлана Мiкалаеўна назвала цыркавым, так пасябраваў з цялятамi, што i начуе разам з iмi i бурна пратэстуе, калi яго хочуць загнаць у агульны хлеў да родзiчаў. Куры? А як жа без iх i галасiстых пеўняў? Сорак штук сёння ў гаспадарцы. Было болей. Як i iндыкоў, якiх на зiму засталося шэсць. Але самае вялiкае птушынае царства — гэта гусi. Пра гэты занятак маладой сям’i (а Святлане Мiкалаеўне i Сяргею Iванавiчу ўсяго па 40 гадоў) раскажам больш падрабязна. Гусей разводзiлi бацькi Сяргея Марыя Пятроўна, якая была ў свой час адной з лепшых даярак раёна, за што яе ўзнагародзiлi ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, i Iван Iванавiч, якi пайшоў на пенсiю, адпрацаваўшы ў мясцовай гаспадарцы больш за паўвека. Сяргей ведаў з дзяцiнства, што затраты на ўтрыманне гэтай птушкi — самыя мiнiмальныя. Выганеш iх на лугавiну, дзе ёсць якая азярына цi рачулка — вось i ўвесь, да самай восенi, клопат. Праўда, вясной трэба прасачыць, каб злодзей-каршун не схапiў гусяня. Дык вось, некалькi гадоў таму Сяргей Iванавiч прывёз з Сапажкоў у Барсукi гусянят, i развялося тут птушынае царства. Да ста i больш гусей з падворка Мажэйкаў кожны год пасвiлася на лугавiне за вёскай ды плёскалася ў возеры. Дастаткова сказаць, што гэты занятак, як i трэба было чакаць, ператварыўся ў своеасаблiвы промысел сям’i. Бо гусей у Мажэйкаў пажадалi набыць многiя жыхары не толькi Кармянскага, але i суседнiх Чачэрскага, Рагачоўскага i Жлобiнскага раёнаў. А быў i такi выпадак, калi 15 гусей купiў у Мажэйкаў жыхар Падмаскоўя, якi знаходзiўся на Гомельшчыне ў камандзiроўцы. А наогул за апошнiя два гады яны прадалi людзям паўтысячы гусей. — Сёння ў нас на зiму засталося 16 гусей. На развод, — расказвае Святлана Iванаўна. — Вунь яны на возеры. Разам з фотакарэспандэнтам раённай газеты Мiхаiлам Багдановiчам мы захацелi сфатаграфаваць яе на тым фоне. Аднак птушкi, пэўна, думаючы, што чарговую партыю iх хочуць камусьцi прадаць, не давалi магчымасцi наблiзiцца да чарады i ўсё аддалялiся ад берага. А наперадзе i трохi збоку шыбавала нейкая шэрая, меншая за iншых сваiх сародзiчаў, гусь. Дзiкая, унесла яснасць Святлана Мiкалаеўна. Мабыць, параненая была, выказалi мы сваё меркаванне, вось i адстала калiсьцi. З вясны яна тут, працягвала Святлана Мiкалаеўна. Лётае добра з той пары. Ходзiць з нашай чарадой, начуе ў нас i спажывае тое ж самае, што i нашы гусi. Але ж людзей асцерагаецца. Пасля мы яшчэ аглядалi памяшканнi гаспадаркi. У руплiвых Мажэйкаў i хлявы, i лазня, i невялiкiя склады. Стажкi сена, салома — усё, што патрэбна. Ёсць садок, а ў iм стаяць вуллi, у якiх восем пчаласем’яў. Каля дома — дваццаць сотак зямлi, а ў полi — паўтара гектара. Работы хапае, адным словам. Як толькi справiцца з ёю? Адказ гаспадароў такi: хочаш лепш жыць — жывi. Працуй больш. Не лянуйся. Вядома, цяжка, складана. Але што даецца лёгка? Так, трэба раней устаць, пазней легчы. Дзецi, Сяргей i Таня, дапамагаюць, ды i Марына, якая вучыцца ў кааператыўным лiцэi ў Гомелi, таксама. Гультаямi яны не вырастуць, нармальныя адзнакi атрымлiваюць. Каб больш часу займацца хатняй гаспадаркай, Святлана Мiкалаеўна памяняла месца работы i зараз працуе паштальёнам, абслугоўваючы жыхароў Барсукоў i Бялёва. Раней яна на канi вазiла прадаваць малако ў райцэнтр, зараз ужо некалькi гадоў Мажэйкi здаюць яго мясцовай гаспадарцы, а коней i кароў могуць купiць жывой вагой мясакамбiнаты — толькi пажадай гэтага. Апошнiм часам у Святланы Мiкалаеўны, апавядаў нам Сяргей Iванавiч, нагрузка па дому павялiчылася. Справа ў тым, што ён перажыў канфлiкт з кiраўнiком той гаспадаркi, дзе працаваў галоўным заатэхнiкам, i вымушаны быў пакiнуць пасаду. Тры гады быў качагарам, а потым вартаўнiком у райцэнтры. Новы старшыня райвыканкама Васiль Яцэвiч, якi з Гомеля прыбыў у Карму летась, расказаў нам, што да яго звярнулiся мясцовыя жыхары з пытаннем, чаму чалавек з вышэйшай сельскагаспадарчай адукацыяй ходзiць у вартаўнiках? Таму ён запрасiў яго да сябе i прапанаваў узначалiць СВК «Каменскi», на што Сяргей Iванавiч даў згоду i пяць месяцаў ужо старшынствуе там. Цi ёсць якiя зрухi ў гэтай самай адстаючай гаспадарцы раёна, спыталi мы ў Мажэйкi. Цяжка, прызнаўся ён. Даводзiцца дзейнiчаць самымi рознымi метадамi. Бо ёсць катэгорыя людзей, якiя п’юць на рабочых месцах, прагульваюць, крадуць. Таму з 210 рабочых пасля яго прыходу ў гаспадарцы засталося 155. Непарадку ён не пацерпiць. Маленькая iскрынка надзеi з’явiлася: сутачныя надоi ад каровы павялiчылiся на 1,1 кiлаграма. А нам падумалася: дык жа i асабiстая гаспадарка Мажэйкаў пачыналася з малога — адной кароўкi. А зараз...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Бога спадзявайся, ды сам не паддавайся... Гэту народную прыказку ведаюць многiя, але, будзем шчырымi, не ўсе прытрымлiваюцца яе. У тым сэнсе, што х
|
|