21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вясковыя прывiлеi

25.08.2009 22:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Барыс ПРАКОПЧЫК

На тэрыторыi Абухаўскага сельскага Савета — 23 населеныя пункты, 1420 двароў, дзе на сёння пражываюць 3900 чалавек. Пры гэтым не ўсе з iх з’яўляюцца членамi СВК «Абухава», але кiраўнiк гаспадаркi Iлья Сянько i старшыня сельскага Савета дэпутатаў Алена Пiхун не падзяляюць людзей на сваiх i чужых. Жывеш на тэрыторыi сельсавета — значыць, дзе б ты нi працаваў, маеш права на клопат i пэўныя прывiлеi ў адпаведнасцi з iснуючымi тут правiламi.

Жыллёвы бум

Будаўнiцтва жылля ў СВК «Абухава» — пытанне прыярытэтнае. Скажам, летась пабудавалi дванаццацiкватэрны жылы дом, i на сёлета такая ж задача. Аднак асаблiва ўражваюць маштабы будаўнiцтва iндывiдуальных жылых дамоў. На ўлiку ў сельскiм Савеце цяпер значыцца 71 новазабудоўшчык. Некаторыя з iх, праўда, не падразлiчыўшы, мабыць, свае магчымасцi, будуюцца яшчэ з 1991 года. Але такiх адзiнкi, а ў асноўным жыллёвая справа рухаецца наперад даволi паспяхова. У мiнулым годзе ўваходзiны справiлi ў васьмi iндывiдуальных дамах (агульнай плошчай 811 квадратных метраў), у тым лiку тры маладыя сям’i, якiя скарысталiся льготным крэдытаваннем. А 21 дом на сённяшнi момант практычна ў стопрацэнтнай гатоўнасцi.

Гэтыя дамы, у прыватнасцi, той, куды летась засялiлася маладая сям’я Жанны i Мiкалая Кошчыцаў (на здымку) радуюць вока i ўнутры, i звонку. Чаго не скажаш аб фасадах жылфонду, якому ўжо гадоў дваццаць. Таму i распачата праца па iх абнаўленню згодна з сучаснымi эстэтычнымi патрабаваннямi.

— Цi адпавядаюць гэтыя шматкватэрныя дамы вясковым традыцыям вядзення падсобнай гаспадаркi? — цiкаўлюся ў Алены Пiхун.

— Умоў для вядзення падсобнай гаспадаркi там няма, ды яны ў прынцыпе i не патрэбны, — лiчыць Алена Аляксандраўна. — Сёння стаiць задача, каб чалавек папрацаваў, атрымаў дастойную зарплату, а дадому пайшоў адпачываць. Каб ён прыйшоў у нашу фiрменную краму i па нармальных цэнах купiў усё, што яму трэба з шырокага асартыменту прадукцыi. А вольны час патрацiў не на гадоўлю свiней, а на плаванне ў басейне i заняткi ў спартыўнай секцыi. Хочаш жа папрацаваць, як кажуць, для душы — калi ласка, для кожнай сям’i побач са шматкватэрным домам выдзелена па дзве соткi агарода.

Летась у прыватным сектары на тэрыторыi сельсавета мелася 93 каровы, а на пачатак гэтага года — ужо 73. Не скажаш, што гаспадарка надта ўжо зацiкаўлена ў пастаўках малака з уласных падворкаў, але ўсiм, хто хоча трымаць карову (каб i на сваiм стале, i на продаж былi масла, сыр i тварог дамашняга вырабу), абавязкова дапамогуць — людзям бясплатна выдзяляюць грубыя кармы для жывёлы, нiхто нi рубля не плацiць за пашу.

Бульба па «поўнай праграме»

Рашэннем праўлення СВК «Абухава» кожны жыхар сельскага Савета мае права на атрыманне 35 сотак зямлi ў полi, дзе можа вырошчваць бульбу, збожжа i («ноў-хау» для вобласцi) кукурузу. Пры гэтым не кожны нават ведае, дзе знаходзiцца яго ўчастак, паколькi ўсе клопаты i па пасадцы, i па апрацоўцы раслiн, i па ўборцы ўраджаю бярэ на сябе кааператыў. Абсалютна вiдавочна, што сваiмi сiламi чалавеку i блiзка не дасягнуць такой якасцi ўсiх тэхналагiчных аперацый, як гэта ўжо стала нормай для гаспадаркi ўзорнай культуры земляробства.

Што ж датычыцца фiнансавых затрат, то вяскоўцам трэба разлiчыцца толькi за апрацоўку прыватных сотак. Прычым з пенсiянера ў межах 35 сотак плата за 15 з iх наогул не бярэцца. Такiм чынам, калi ў калгасе працавалi муж i жонка, то льгота распаўсюджваецца ажно на 30 сотак. Можна, як кажуць, па поўнай праграме забяспечыць бульбай i сябе, i дзяцей, i ўнукаў.

А што рабiць з ячменем i кукурузай? Можна забраць ураджай i выкарыстаць, як хочаш. Альбо, як гэта звычайна бывае, прадаць кааператыву, для чаго патрабуецца толькi ўзяць у сельскiм Савеце даведку аб тым, што ў вас пасаджана. Тым самым гаспадарка рэальна паляпшае матэрыяльны дабрабыт сваiх людзей, прычым не толькi механiзатараў цi даярак, але i настаўнiкаў, медыкаў, работнiкаў культуры. Дарэчы, не застаюцца забытымi i пенсiянеры, якiя раней не мелi дачынення да калгаса i працавалi на iншых, нават ужо расфармiраваных прадпрыемствах. Iм таксама выдзяляецца зямля пад бульбу — трэба толькi прадставiць чэк аб аплаце за апрацоўку, а ўсё астатняе выконваецца тэхнiкай гаспадаркi.

Вулiчным асвятленнем «камандуюць» таймеры

У мiнулым годзе ў Абухаве адчынiлi кафэ (на здымку), да якога па дызайну далёка i многiм гарадскiм, а таксама новы магазiн «Прадукты». У СВК наладзiлi вытворчасць жалезабетонных агароджаў i ўжо распачалi iх устаноўку (для жыхароў — бясплатна) у «сталiцы» гаспадаркi, а затым дойдзе чарга i да iншых населеных пунктаў. На рэканструкцыю цэнтральнай сядзiбы, якая ўсё больш набывае сучасны выгляд, сельгаскааператывам затрачана 840 мiльёнаў рублёў.

З гэтага года за харчаванне ў школе бацькi дзяцей не плацяць — усе расходы ўзяла на сябе гаспадарка. А дзiцячаму садку сельгаспрадпрыемства бясплатна выдзяляе малако, яблыкi са свайго саду. I, канешне, забяспечвае аўтобусамi для падвозу ў Абухава дашкольнiкаў i навучэнцаў з iншых населеных пунктаў.

Зразумела, што не застаецца ў баку ад надзённых праблем i сельскi Савет, бюджэт якога (даходная частка) фармiруецца за кошт зямельнага, падаходнага падаткаў з грамадзян, падатку на нерухомасць, дзяржпошлiны, штрафаў, а таксама з падатковых плацяжоў прадпрымальнiкаў, якiя працуюць на тэрыторыi сельсавета. У мiнулым годзе завершана вулiчнае асвятленне ва ўсiх населеных пунктах, прычым лямпачкi ўжо не гараць усю ноч, а працуюць па праграме, што зададзена таймерам. А гэта — электразберажэнне i, адпаведна, эканомiя бюджэтных сродкаў. Акрамя таго, летась 170 мiльёнаў рублёў было выдзелена з мясцовага бюджэту на рамонт дзiцячага садка, дзе працуюць iнструктар лячэбнай фiзкультуры i масажыст, i, адпаведна, ёсць плавальны басейн. Дарэчы, маюцца ў Абухаве i яшчэ два басейны — дарослы i дзiцячы пры Доме культуры.

Летась са сродкаў мясцовага бюджэту 35 жыхароў атрымалi матэрыяльную дапамогу на набыццё палiва, лекаў, рамонт печаў, гаспадарка падтрымала малазабяспечаных, адзiнокiх i iнвалiдаў прадуктовымi пасылкамi. Бясплатна альбо за чыста сiмвалiчную суму ў дастаўцы прадуктаў i вырашэннi iншых надзённых пытанняў састарэлым адзiнокiм людзям дапамагае сацыяльны работнiк. Устаноўлена 55 аўтаномных пажарных апавяшчальнiкаў, служба энергетыкi СВК па заяўках прыводзiць у парадак электраправодку, а сельскi Савет заўсёды дапаможа адрамантаваць печ, запрасiўшы печнiка з лiцэнзiяй на гэту работу.

Дапамога, але не заахвочванне ўтрыманства

— Прэзiдэнт вельмi жорстка патрабуе ад дзяржаўных структур адказных адносiнаў да работы з людзьмi. Толькi не заўсёды грамадскасць гатова да правiльнага разумення дадзенай пазiцыi, — лiчыць Алена Пiхун. — Часам гэта нагадвае вулiцу з аднабаковым рухам. Тэзiс пабудовы дзяржавы для народа ўспрымаецца некаторымi грамадзянамi як заахвочванне сацыяльнага ўтрыманства. Маўляў, усе будуць за мной бегаць i пытацца, што трэба, а я буду толькi пальчыкам паказваць, што i як для мяне зрабiць.

I сапраўды, калi здараецца бяда, i дзецi застаюцца сiротамi, то гаспадарка i сельскi Савет нiколi не пакiдаюць iх сам-насам з жыццёвымi праблемамi: клапоцяцца i аб жыллёвых умовах, i аб працаўладкаваннi пасля вучобы.

Але вось iншая сiтуацыя. Маладыя бацькi — зусiм не iнвалiды, аднак, колькi iх не ўгаворвалi, не працуюць i жывуць толькi за кошт матэрыяльнай дапамогi на дзяцей.

— Я баюся гэтым дзецям у вочы глядзець, потым ноч не сплю, — гаворыць Алена Пiхун. — I чаму мы, падаткаплацельшчыкi, павiнны фiнансаваць iснаванне такiх бацькоў? Таму я падтрымлiваю нядаўнi прэзiдэнцкi дэкрэт аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у падобных сем’ях. У гэтым дакуменце сказана, што з 1 студзеня гэтага года бацькi, якiя не займаюцца выхаваннем сваiх дзяцей, будуць прымусова працаваць i аплачваць па рахунках утрыманне сваiх дзяцей. Жорстка, але справядлiва.

А калi хочаш працаваць, не сумняваецца Алена Пiхун, то заўсёды знойдзеш сабе справу. I падтрымку, i клопат.

Гродзенскi раён.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На тэрыторыi Абухаўскага сельскага Савета — 23 населеныя пункты, 1420 двароў, дзе на сёння пражываюць 3900 чалавек
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика