21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Пачуць кожнага

25.08.2009 22:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей ГРЫБ, Мiкалай ЛIТВIНАЎ

«Выязная прыёмная»: Бярэзінскі раён

Сто кiламетраў ад сталiцы i роўна столькi ж — ад Магiлёва. Аддаленасць ад буйных гарадоў шмат у чым вызначае асаблiвасцi Бярэзiншчыны. Раёна, дзе адсутнiчае буйная прамысловасць, i, адпаведна, раёна не самага багатага. Але нас найперш цiкавiлi не эканамiчныя паказчыкi, а людзi. Сустрэцца, выслухаць усе праблемы i пажаданнi, а таксама дапамагчы цi проста растлумачыць палажэннi заканадаўства — уласна кажучы, такiмi былi галоўныя мэты сумеснай «выязной прыёмнай» кансультацыйнай групы Мiнскага аблвыканкама i журналiстаў нашай газеты.

Страхоўка — юрыдычным асобам

Адна з галоўных праблем, якая хвалюе жыхароў вёскi Капланцы, ужо высветлiлася праз некалькi хвiлiн пасля пачатку сустрэчы. У друку з’явiлася паведамленне аб новых умовах абавязковага страхавання. Дакладней, аб яго пашырэннi на ўсе сельскагаспадарчыя культуры, жывёлу i птушку. Такi парадак мяркуецца ўвесцi са студзеня 2008 года.

— Асабiста я трымаю вялiкую гаспадарку — кароў, свiней, курэй, трусоў, пчол, — распавяла пенсiянерка Нiна Мацвееўна Бурко. — I калi я ўсё гэта застрахую, цi хопiць мне пенсii? Або, магчыма, лепш не весцi лiшнiя размовы, а проста заараць пасевы i пусцiць усю жывёлу «пад нож»?

Трывога Нiны Мацвееўны падалася цалкам зразумелай. Аднак тут неабходна зрабiць iстотнае ўдакладненне. Узгаданы ў размове ўказ, якi мае на ўвазе абавязковае страхаванне сельскагаспадарчых культур, жывёлы i птушкi (ад 31 снежня мiнулага года), датычыцца толькi юрыдычных асобаў, асноўным вiдам дзейнасцi якiх i з’яўляюцца вызначаныя накiрункi. I ў той жа час указ не распаўсюджваецца на гаспадароў прыватных падворкаў.

Куды падзелiся мылiцы?

На «грамадскiх пачатках» Нiна Мацвееўна Бурко — яшчэ i старшыня раённага таварыства iнвалiдаў. Таму той факт, што падчас нашай сустрэчы не абышлося без праблем людзей з абмежаванымi магчымасцямi, выпадковым назваць нельга. У прыватнасцi, Нiна Мацвееўна зазначыла: вось ужо некалькi гадоў запар у раёне не ўзнiкае пытанняў з забеспячэннем нi пратэзнымi вырабамi, нi артапедычным абуткам, нi iнвалiднымi каляскамi. Сур’ёзная праблема з iншым — атрыманнем звычайных мылiц i «хадункоў». Знайсцi iх амаль нерэальна.

— Сваiмi сiламi мы неяк спрабуем выйсцi са становiшча, да прыкладу, звяртаемся ў дабрачынныя арганiзацыi i атрымлiваем там дапамогу, — зазначыла Нiна Бурко. — Аднак магчымасцi такiх арганiзацый таксама не бязмежныя.

Прызнаемся шчыра: пытанне крыху збянтэжыла. Таму падчас сустрэчы ўдзельнiкi кансультацыйнай групы вырашылi накiраваць яго абласному ўпраўленню аховы здароўя. З надзеяй на адказ. Тым больш, што чакаем яго не столькi мы, колькi паўтара дзесятка iнвалiдаў Бярэзiнскага раёна.

Пасведчанне. А потым — iльготы

Сацыяльную тэму ўзняла таксама жыхарка Капланцаў Алена Васiльеўна Парамонава. Суседцы жанчыны — 63 гады. Яна з’яўляецца iнвалiдам II групы і атрымлiвае вельмi нiзкую пенсiю — 134 тысячы рублёў. А адсюль пытанне: на якую дапамогу яна можа разлiчваць? I яшчэ — што рабiць у выпадку, калi пасведчанне iнвалiда раптам згубiлася?

Адказы ж аказалiся такiмi. Калi пасведчанне згубiлася, то першы крок да аднаўлення — зварот у раённае тэрытарыяльнае медыцынскае аб’яднанне. У сваю чаргу там дадуць накiраванне на абследаванне, на падставе якога выдадуць новы дакумент.

Цяпер што датычыцца падтрымкi. Паколькi суседка Алены Васiльеўны з’яўляецца непрацаздольнай i мае пенсiю, памер якой не дасягае бюджэту пражытковага мiнiмуму, то можна звярнуцца па матэрыяльную дапамогу ў раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва. Аднак трэба заўважыць, што звычайна такая дапамога выдзяляецца не больш, чым адзiн раз на працягу каляндарнага года.

Нарэшце, калi гаворка зайшла аб падтрымцы, нельга не абысцi ўвагай ільготы. Тут заканадаўства вызначае наступнае. Па-першае. Iнвалiды I i II груп забяспечваюцца лекамi па рэцэптах урачоў (а пры захворваннях хiрургiчнага профiлю i наяўнасцi заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камiсii — таксама перавязачнымi матэрыяламi) з 90-працэнтнай скiдкай. Па-другое, iнвалiды маюць перавагi пры абслугоўваннi ў амбулаторна-полiклiнiчных установах i аптэках, а таксама права на першачарговае санаторна-курортнае лячэнне ў парадку, вызначаным заканадаўствам.

Па-трэцяе, iнвалiды I i II груп (зноў-такi ў парадку, вызначаным заканадаўствам) маюць права на бясплатную цi льготную ўстаноўку кватэрнага тэлефона па-за чаргой. Далей, iм гарантавана сацыяльная дапамога ў выглядзе грашовых выплат (пенсii, дапамогi) i забеспячэнне ў выпадку патрэбы спецыялiзаванымi аўтамабiлямi, крэсла-каляскамi, пратэзна-артапедычнымi вырабамi, iншымi тэхнiчнымi сродкамi рэабiлiтацыi, друкаванай прадукцыяй са спецыялiзаванымi шрыфтамi, гукаўзмацняльнай апаратурай i сiгналiзатарамi, нарэшце, гарантавана права на атрыманне паслуг па рэабiлiтацыi i бытавому абслугоўванню. Iнвалiды I i II груп карыстаюцца правам бясплатнага праезду на ўсiх вiдах гарадскога i прыгараднага транспарту, акрамя таксi, а iнвалiды ў сельскай мясцовасцi — таксама на мiжгароднiх аўтобусах у межах свайго адмiнiстрацыйнага раёна. Iнвалiдам I i II груп прадастаўляецца 50-працэнтная скiдка з кошту праезду на ўнутраных лiнiях паветранага, чыгуначнага, рачнога i аўтамабiльнага транспарту з 1 кастрычнiка па 15 мая i аднойчы — на працягу астатняга перыяду года. Прычым падобная льгота распаўсюджваецца i на асобу, якая суправаджае iнвалiда I групы ў паездках.

Iнвалiды маюць права на выраб i рамонт усiх вiдаў пратэзаў (за выключэннем зубных пратэзаў з каштоўных металаў) за кошт бюджэту ў парадку, вызначаным заканадаўствам. Iнвалiдам I i II груп (калi яны не маюць працаздольных членаў сям’i) прадастаўляецца 50-працэнтная скiдка па аплаце за карыстанне жылым памяшканнем у межах 20 квадратных метраў агульнай плошчы i тэхнiчнае абслугоўванне, за карыстанне тэлефонам (апроч мiжгароднiх i мiжнародных размоў), за камунальныя паслугi (гарачая i халодная вада, каналiзацыя, цепла- i электраэнергiя, вываз смецця), палiва ў межах вызначаных нормаў, пры гэтым само палiва выдзяляецца ў першачарговым парадку. I, нарэшце, варта зазначыць, што iнвалiды I i II груп маюць iльготы па падаткаабкладанню.

Як размеркаваць прэмiю?

Даволi цiкавы факт. Работнiкi капланцаўскага СВК «Бярэзiнскi» працуюць не па кантрактах, а па бестэрмiновых працоўных дагаворах. Цi ёсць у такiм выпадку такiя ж гарантыi, як у «кантрактнiкаў»? I, у прыватнасцi, цi мае права наймальнiк звольнiць чалавека, што працуе бестэрмiнова, у перадпенсiйным узросце?

Такiм чынам, варта адзначыць наступнае. Работнiкi, якiя заняты на ўмовах бестэрмiновага працоўнага дагавора, маюць яшчэ большую ступень абароны ад звальнення ў перадпенсiйным узросце, чым кантрактнiкi. Па сутнасцi, такога работнiка перад пенсiяй могуць звольнiць толькi ў двух выпадках: або за тыя цi iншыя «вiнаватыя дзеяннi», або, зразумела, з прычыны ўласнага жадання.

Калi ж наймальнiк знойдзе якую-небудзь iншую падставу, то яго дзеяннi можна абскардзiць у судзе. Праўда, рабiць гэта давядзецца хутка — тэрмiн падачы iскавых заяў аб аднаўленнi на працоўным месцы абмежаваны адным месяцам.

Таксама «працоўнай» аказалася нагода да звароту i ў дырэктара мясцовай школы Васiля Васiльевiча Бурага. Дырэктар распавёў, што пры распрацоўцы новага калектыўнага дагавора ў школе ўзнiкла iдэя пайсцi на новаўвядзенне. I для стымулявання супрацоўнiкаў размяркоўваць прэмiяльны фонд наступным чынам: 60 працэнтаў — на «зароблены рубель», а 40 працэнтаў — па рашэнню праф-кама. Работнiкi школы, паводле слоў Васiля Васiльевiча, супраць падобнай раскладкi нiчога не маюць. Аднак цi пагодзяцца з ёй у райвыканкаме — падчас зацвярджэння калдагавора?

Мiж тым, адказ аказаўся простым. Нiякiх «абавязковых» нормаў наконт размеркавання прэмiяльнага фонду не iснуе. Падобныя пытаннi рэгулююцца лакальнымi нарматыўнымi актамi, тымi ж калектыўнымi дагаворамi, у кожнай канкрэтнай арганiзацыi. Таму калi работнiкi вызначаць формулу «60 на 40» — гэта iх поўнае права. I райвыканкам павiнен зацвердзiць такi варыянт.

Выселiць нельга. Пакiнуць

Традыцыйна сельгаспрадпрыемствы маюць службовае жыллё, якое яны прадастаўляюць сваiм работнiкам альбо тым спецыялiстам, што працуюць часова. Тут, здаецца, нiякiх пытанняў не ўзнiкае. Яны з’яўляюцца ў тым выпадку, калi чалавек такое права губляе. Якiм чынам высяленне «прапiсана» ў заканадаўстве? З такой праблемай звярнуўся прараб СВК «Бярэзiнскi» Уладзiмiр Бельскi.

Гаспадарка мае права выселiць са службовага жылля тых работнiкаў, якiя прыпынiлi з ёй працоўныя адносiны. На гэты конт у яе ёсць цалкам законныя падставы. Калi ўзнiкаюць якiя-небудзь перашкоды, то высяленне адбываецца ў судовым парадку. Аднак трэба мець на ўвазе, што iснуе шэраг выпадкаў, якiя з’яўляюцца, так бы мовiць, выключэннем з агульнага правiла. Пералiк такiх катэгорый вызначаны ў артыкуле 96 Жыллёвага кодэкса. Са службовага памяшкання без прадастаўлення iншага жылля не могуць быць выселены грамадзяне, якiя сталi iнвалiдамi па прычыне ранення, кантузii, знявечання, прафесiйнага захворвання, атрыманых падчас выканання вытворчых або службовых абавязкаў.

Такiм жа правам карыстаюцца тыя, хто адпрацаваў на прадпрыемстве, што выдзелiла жыллё, не менш, чым дзесяць гадоў. Не могуць быць выселены i работнiкi, якiя звольнены ў сувязi з лiквiдацыяй арганiзацыi, прадпрыемства, установы па скарачэнню колькасцi альбо штату супрацоўнiкаў. У пералiк трапiлi i грамадзяне, якiя захварэлi i перанеслi прамянёвую хваробу, выклiканую вынiкамi катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама iнвалiды, у дачыненнi да якiх устаноўлена прычынная сувязь iнвалiднасцi з аварыяй на ЧАЭС. Таксама пад высяленне не трапляюць i сем’i памерлых работнiкаў, а таксама ваеннаслужачых, якiм было прадастаўлена службовае памяшканне.

Апроч таго, асаблiвыя ўмовы вызначаны для iнвалiдаў вайны i iншых iнвалiдаў з лiку ваеннаслужачых, якiя сталi iмi ў вынiку ранення, кантузii цi знявечання, атрыманых падчас абароны СССР, Рэспублiкi Беларусь альбо пры выкананнi iншых абавязкаў воiнскай службы цi ў вынiку захворвання, звязанага са знаходжаннем на фронце. Не могуць быць выселены ўдзельнiкi Вялiкай Айчыннай вайны, якiя знаходзiлiся ў складзе армii, воiны-iнтэрнацыяналiсты, якiя бралi ўдзел у баявых дзеяннях. У пералiку ўказаны сем’i ваеннаслужачых i партызан, якiя загiнулi альбо прапалi без вестак пры абароне СССР, Рэспублiкi Беларусь цi пры выкананнi iншых абавязкаў ваеннай службы, а таксама iнвалiды I i II груп. I яшчэ адна з вызначаных катэгорый — грамадзяне, якiя маюць права на працоўную пенсiю па ўзросту (у тым лiку на льготных умовах) i за выслугу гадоў.

Можна i без згоды

Той жа Уладзiмiр Бельскi задаў i iншае, але не менш цiкавае пытанне. Уладзiмiр Францавiч з’яўляецца трымальнiкам акцый ААТ «Канфа», што знаходзiцца ў Маладзечанскiм раёне. У свой час ён уклаў у iх усе свае чэкi «Маёмасць». Як можна зараз перааформiць гэтыя акцыi на дзяцей? Гэтае пытанне для Уладзiмiра Бельскага зусiм не рытарычнае, а нават вельмi надзённае, паколькi, як аказалася, вырашыць яго ён пакуль не можа.

— Я звяртаўся на фабрыку, але там адказалi, што свае акцыi можна перааформiць толькi ў спадчыну, — паведамiў Уладзiмiр Бельскi. — Цi так гэта на самай справе?

Як аказалася, адчужаць цi дарыць акцыi можна. I нават без згоды акцыянернага таварыства. Адпаведная працэдура акрэслена адным з артыкулаў Грамадзянскага кодэкса. А першым крокам тут павiнен стаць вiзiт у натарыяльную кантору, дзе, уласна кажучы, i можна аформiць здзелку.

Закон прымаюць дэпутаты

Жыхаркi вёскi Сялiба Таццяна Ананiна i Ларыса Лапцёнак прыйшлi з аднолькавай нагоды. Таццяна Анатольеўна працуе ў лясгасе, а Ларыса Сцяпанаўна — у гандлi. Прычым абедзве плацяць падатак на нерухомасць. У адрозненне ад абсалютнай большасцi аднавяскоўцаў.

Чаму? Зрэшты, прычына аказалася простай. Справа ў тым, што льготамi па падатку на нерухомасць могуць карыстацца пенсiянеры i работнiкi некаторых сацыяльна-культурных галiн, якiя жывуць i працуюць у вёсцы. У спiсе такiх галiн — ахова здароўя, адукацыя, сацыяльнае забеспячэнне. А вось работнiкаў лясной гаспадаркi, гандлю цi сельскага Савета тут няма. Адпаведна, у iх адсутнiчае i права на падатковую «палёгку».

Такiм чынам, засталося параiць адно — звярнуцца да свайго дэпутата Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу. Бо падаткаабкладанне нерухомасцi вызначаецца заканадаўствам. I змянiць яго можа толькi парламент.

Не мясцовыя праблемы

Жыллёвыя пытаннi што ў горадзе, што ў вёсцы, адносяцца да разраду, бадай, найбольш складаных. Падчас iх вырашэння ўзнiкае шэраг праблем. Ганна Аўхiмовiч зараз жыве ў Капланцах, аднак у жанчыны ёсць кватэра i ў раённым цэнтры. У свой час яна атрымала гэтае жыллё, калi працавала на льнозаводзе. У пачатку 1990-х гадоў завод пабудаваў чатыры шасцiкватэрныя дамы для сваiх работнiкаў. Яны размешчаны на вулiцы Красiна. Здавалася б, для многiх людзей было вырашана тое самае кватэрнае пытанне. Аднак на самай справе ўсё аказалася не зусiм так. У дамах «забылiся» зрабiць цеплаiзаляцыю. Падчас маразоў сцены проста прамярзаюць, а тэмпература ў пакоях часам складае ўсяго 9—11 градусаў цяпла. Што, зразумела, вельмi далёка ад нормы.

Жыхары не сядзелi склаўшы рукi — звярталiся па дапамогу ў розныя iнстанцыi, выклiкалi жыллёвыя iнспекцыi. Па закону, калi тэмпература ў кватэры не дасягае належных 18 градусаў, можна патрабаваць адпаведнага змяншэння плацяжоў за ацяпленне. Гэтага, у рэшце рэшт, людзi i дамаглiся. Больш цяжкiм аказалася пытанне наконт цеплавой «рэабiлiтацыi» будынкаў. У датацыйнага раёна няма патрэбных сродкаў, словам, усе спадзяваннi — на абласны бюджэт.

Таксама не мясцовая праблема — сiтуацыя вакол новых домiкаў у вёсцы Лешнiца. Домiкi атрымалiся прыгожымi. Бяда толькi, што каля iх пабудавалi вельмi маленькiя хлеўчыкi. У лепшым выпадку тут хiба толькi веласiпед паставiць. А вось дзе трымаць свойскую жывёлу — невядома. Ды i прысядзiбныя ўчасткi маленькiя. Таму ўмовы для вядзення ўласнай гаспадаркi аказалiся вельмi абмежаванымi. I, вядома, гэта — папрок у бок праекцiроўшчыкаў.

I ўсё ж, як падалося, некаторыя цяжкасцi магчыма пераадолець i на ўзроўнi раёна. Да прыкладу, гэта датычыцца звароту жыхаркi вёскi Сялiба Галiны Кашкан. Галiна Мiхайлаўна адпрацавала ў мясцовай гаспадарцы 39 гадоў, мае шмат ганаровых грамат. У свой час тая ж гаспадарка дапамагла з жыллём — трохпакаёўкай у шматкватэрным доме. Сам дом яшчэ не стары. Аднак паступова будынак стаў прыходзiць у заняпад — пачаў працякаць дах, сапсавалiся сiстэмы водазабеспячэння i ацяплення. А ў кватэрах з’явiлiся вiльгаць i цвiль.

Жыхароў дома з дапамогай мясцовага сельгаскааператыва перасялiлi ў iншыя месцы. Усiх, апроч Галiны Мiхайлаўны. Бо ў адрозненне ад астатнiх яна ўжо выйшла на пенсiю. I, паводле калдагавора, не магла разлiчваць на пастаноўку ў чаргу па месцы работы.

Прыняць Галiну Мiхайлаўну на ўлiк у СВК зараз — значыць, парушыць заканадаўства. Затое ў пенсiянеркi ёсць iншае права — стаць на ўлiк у сельскiм Савеце. А далей магчымы розныя варыянты. Прынамсi, як зазначыў старшыня Бярэзiнскага райвыканкама Уладзiмiр Карпейчык, асабiста ў яго няма сумненняў — з «праблемнага» дома жанчыну трэба адсяляць.

Бярэзiнскi раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сто кiламетраў ад сталiцы i роўна столькi ж — ад Магiлёва. Аддаленасць ад буйных гарадоў шмат у чым вызначае асаблiвасцi Бярэзiншчыны. Раёна, дзе адсу
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика