21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Ад барока да запусцення

25.08.2009 22:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Барыс ПРАКОПЧЫК

Жамчужыны Айчыны

Аўгустоўскi канал адноўлены, а размешчаны побач палацава-паркавы комплекс XVIII стагоддзя ў Свяцку працягвае разбурацца

Нядаўна мы з сябрамi зноў пабывалi на Аўгустоўскiм канале, а на зваротным шляху ў Гродна заехалi ў Свяцк. I адразу ж, як кажуць, адчулi рознiцу — ва ўбачаным i, адпаведна, ва ўласным настроi. Славутая водная артэрыя, шэдэўр гiдратэхнiчнай думкi, намаганнямi дзяржавы вернута да жыцця i цяпер чакае выкарыстання свайго турыстычнага патэнцыялу. А размешчаны побач не менш знакамiты помнiк архiтэктуры i садова-паркавага мастацтва ў Свяцку, якi занесены ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублiкi Беларусь, гiне. Марудна, але няўмольна. На вачах у нешматлiкiх жыхароў тутэйшай вёскi i экскурсантаў, якiх, згодна з турыстычным маршрутам, прывозяць сюды па дарозе на Сапоцкiн i Аўгустоўскi канал.

Калi гродзенскi маршалак Юзаф Валовiч вырашыў пабудаваць у Свяцку палац, то праект быў заказаны не абы каму, а выдатнаму архiтэктару Джузэпэ дэ Сака, якi ў той час пражываў у горадзе над Нёманам. Пэўна, каб не ўдарыць тварам у гразь перад памяццю сваiх нашчадкаў (Валовiчы здаўна ўладарылi ў тутэйшых мясцiнах) i ў вачах не менш знакамiтых родаў — Сапегаў, Бранiцкiх, Патоцкiх, Друцка-Любецкiх...

Аўтар праекта i майстры з Гродна, Варшавы, Вiльнi (муляры, каменячосы, цесляры, сталяры, тынкоўшчыкi) пастаралiся на славу, стварыўшы ўнiкальны палацава-паркавы комплекс у стылi барока з рысамi класiцызму. У цэнтры кампазiцыi — двухпавярховы палац з высокiм мансардным дахам. Вынесеныя ўперад флiгелi злучаны з цэнтральным корпусам паўцыркульнымi галерэямi, што надае палацу параднасць i маштабнасць. Элементы iнтэр’еру (панэлi, камiны, люстры, вазы, мэбля) былi зроблены па эскiзах i пад кiраўнiцтвам Джузэпэ дэ Сака, сцены ўпрыгожвалi рамантычныя пейзажы з руiнамi, антычнымi збудаваннямi i статуямi. Фрагменты гэтых роспiсаў мастакоў-дэкаратараў Томаша Манькоўскага i Антонiя Смуглевiча iснавалi да 20—30-х гадоў мiнулага стагоддзя, а некаторыя элементы лепкi захавалiся да нашых дзён.

Палац размешчаны ў глыбiнi дванаццацiгектарнага парку — аднаго з першых у Беларусi, створаных у канцы XVIII стагоддзя ў пейзажным стылi. Перад палацам — вялiкi авальны партэр, якi пераходзiць у сiстэму штучных вадаёмаў, а за стаўкамi ў паўднёвай частцы сядзiбы знаходзiцца пакрыты лесам вялiкi пагорак, адкуль адкрываюцца цудоўныя краявiды. На беразе цэнтральнага вадаёма пабудавана каплiца ў стылi неаготыкi.

Вось такi «аўтограф» пакiнулi будучым пакаленням Юзаф Валовiч i яго сын Антонiй, якi пасля смерцi бацькi завяршаў будаўнiцтва палаца. Аднак радавым гняздом ён быў толькi да канца ХIХ стагоддзя, а затым прадаваўся i перапрадаваўся iншым i, на жаль, не заўсёды клапатлiвым гаспадарам. Падчас Першай сусветнай вайны ў палацы размяшчалiся штабы спачатку расiйскiх, а затым нямецкiх войскаў, i салдаты грэлiся ля камiнаў палiвам з... мастацкага паркету, мэблi, рамаў ад карцiн... А затым пайшлi «ваяваць» з палацам мясцовыя жыхары, ды так, што ў канцы 1920-х гадоў у iм не засталося нi дзвярэй, нi вокнаў.

Так i разбураўся б, а, можа, i зусiм сканаў Свяцкi палац, калi б не гродзенскi гiсторык, археолаг i краязнаўца Юзаф Ядкоўскi, якi дабiўся ў Варшаве фiнансавання на яго рэстаўрацыю. Пасля чаго тут адкрылi адзiную ў Рэчы Паспалiтай... лячэбнiцу для наркаманаў, у тым лiку для так званай багемы — пiсьменнiкаў, артыстаў, мастакоў. Потым тут размяшчалiся ваенны шпiталь, Дом iнвалiдаў, а ў другой палове мiнулага стагоддзя i да нядаўняга часу — санаторый абласнога падпарадкавання для лячэння лёгачных захворванняў i цэнтр медыцынскай рэабiлiтацыi хворых туберкулёзам. Галоўных урачоў памянялася шмат, адзiн з iх, да прыкладу, захапляўся камянямi i нацягаў да палаца мноства шматтонных валуноў. А вось да беражлiвых адносiнаў да стану будынка i ўсяго гiстарычнага комплексу рукi не даходзiлi. Не гаворачы ўжо аб рэканструкцыi, на якую сродкаў нiхто не меў.

У 2005 годзе гэту медустанову зачынiлi i ўвесь комплекс збудаванняў перададзены ва ўласнасць Гродзенскага раёна, а дакладней, на баланс аддзела адукацыi райвыканкама. Можна, канешне, сабраць школьнiкаў на суботнiк па ўборцы тэрыторыi, што прылягае да палаца. Аднак не ўпiльнуеш жа за аматарамi моцнаградусных напояў, якiя, вiдаць, ужо даўно аблюбавалi тутэйшыя мясцiны (убачылi б Валовiчы гэтыя бутэлькi i пластыкавыя шкляначкi... ). А яшчэ горш, што не абаронiш палац ад далейшай дэградацыi, у прыватнасцi, ад разбурэння тынкоўкi i сцен з-за адсутнасцi вадасцёкавых труб. Можа здарыцца i так, што пачнуць размывацца i фундаменты.

Нядаўна старшыня Гродзенскага райвыканкама Ян Васiлеўскi звярнуўся да старшынi Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi Уладзiмiра Канаплёва з просьбай разгледзець пытанне аб аказаннi фiнансавай дапамогi ў рэстаўрацыi i добраўпарадкаваннi палацава-паркавага комплексу «Свяцк», паколькi выканаць такiя маштабныя работы за кошт раённага бюджэту немагчыма. Гэты аб’ект мог бы стаць лагiчным працягам турыстычнага маршруту па Аўгустоўскаму каналу. Прычым справа тут не толькi ў павазе да архiтэктурнага таленту i ўмелых рук нашых продкаў, але i ў практычнай выгадзе для турыстычнай iнфраструктуры, паколькi ў Свяцкiм комплексе маглi б размясцiцца цэнтр адпачынку з выдатнай гасцiнiцай, а таксама дырэкцыя беларускай часткi канала, якая займалася б арганiзацыяй турызму.

Добра, канешне, калi ў бюджэце знойдуцца сродкi на аднаўленне палаца i ўсёй навакольнай тэрыторыi. Але як жа з iнвестарамi? Чаргi з жадаючых тут пагаспадарыць не бачна. Дзелавыя людзi ў Свяцк прыязджалi, нават з замежжа, аднак энтузiязм у гасцей прысутнiчаў толькi да таго моманту, як яны даведвалiся аб фiнансавым баку справы. Паводле iнфармацыi галоўнага архiтэктара Гродзенскага раёна Анатоля Караля, балансавы кошт комплексу на сённяшнi дзень перавышае два мiльярды рублёў. Такую суму, заўважце, трэба выкласцi не за гатовы да эксплуатацыi i атрымання прыбытку аб’ект, а толькi за права на тое, каб у дзесяткi разоў больш затрацiць непасрэдна на рэканструкцыю. I дзе ж знойдзецца такi дзiвак?

Зразумела, што зацiкавiць iнвестара аб’ектам, якi ў далейшым запатрабуе ад яго вялiзных затрат, можна толькi выгаднай цаной. Няхай чыста сiмвалiчнай, каб толькi быў факт продажу. Але ў перспектыве выйграюць усе, у тым лiку i дзяржава, якая выканае свае абавязкi па абароне гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ад разбурэння, а затым i атрымае падаткi ад яе выкарыстання ў турыстычных мэтах. Такi вопыт у Еўропе ёсць, аднак у нас адсутнiчае адпаведная заканадаўчая база. Хоць яна магла бы паслужыць справе выратавання не толькi палацава-паркавага комплексу ў Свяцку, але i iншых гiстарычных помнiкаў Беларусi.

...У сумным настроi, быццам пасля «памiнак» па колiшняй велiчы i прыгажосцi мы вярталiся са Свяцка. А потым усё ж падумалася: калiсьцi такiм жа пакалечаным выглядаў i Аўгустоўскi канал, i слаба верылася, што нешта зменiцца ўжо на нашых вачах. Але ж ён адноўлены — не ў марах, а на практыцы. Дык, мо, не будзе пакiнута на абочыне жыцця i Свяцкая жамчужына?



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аўгустоўскi канал адноўлены, а размешчаны побач палацава-паркавы комплекс XVIII стагоддзя ў Свяцку працягвае разбурацца
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика