Забарона ўведзена, каб дасягнуць максiмальнага эфекту ад зарыблення
Сяргей РАСОЛЬКА
«Гарачы» тэлефон «Звязды» 287-17-41 «У сярэдзiне студзеня вы пiсалi пра тое, што ў сувязi з праведзеным зарыбленнем асобных вадаёмаў краiны на гэтых рыбалоўных угоддзях на пэўныя тэрмiны, якiя залежаць ад вiдаў уселеных рыб, забаронена аматарскае рыбалоўства. У прыватнасцi, на вадасховiшчы Краснаслабодскае ў Капыльскiм i Клецкiм раёнах да 28 лютага забаронена здабываць шчупака, паколькi менавiта iм праводзiлася зарыбленне. Я даволi часта бываю на вадасховiшчы, таму лiчу, што шчупака там i дагэтуль было дастаткова, прынамсi, ва ўловы ён трапляў. Дык цi было на Краснаслабодскiм зарыбленне драпежнiкам насамрэч? Магчыма, усялялiся яшчэ нейкiя iншыя вiды рыб?». З такiмi пытаннямi ў рэдакцыю звярнуўся мiнчанiн Сяргей Iвашкевiч.— Зарыбленне таго цi iншага вадаёма адбываецца на падставе абгрунтавання, якое даюць, улiчваючы шэраг фактараў, навукоўцы. Таму сцвярджаць на бытавым узроўнi, маўляў, у дадзеным вадаёме шчупака i так было дастаткова, не правiльна, — патлумачыла намеснiк начальнiка ўпраўлення рыбаводства ў натуральных вадаёмах дэпартамента па мелiярацыi i воднай гаспадарцы Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання Хрысцiна ПАЛЬЧЭЎСКАЯ. — Увосень вадасховiшча Краснаслабодскае сапраўды было зарыблена: у яго было ўселена 25 тысяч сяголеткаў шчупака (гэта каля 6 тон). Нiякiх iншых вiдаў рыб адначасова з драпежнiкам не ўсялялi (калi не лiчыць 1980-х гадоў, калi вадасховiшча зарыблялi сомам), iнакш забарона на аматарскую лоўлю тут была б поўнай. Забарона ж на лоўлю канкрэтна шчупака на Краснаслабодскiм дзейнiчае, сапраўды, да 28 лютага. Потым неўзабаве, як усе ведаюць, уступiць у сiлу забарона на аматарскае рыбалоўства падчас веснавога нерасту. Такiм чынам, здабываць драпежнiка на вадасховiшчы можна будзе не раней чэрвеня (у залежнасцi ад канкрэтных тэрмiнаў веснавой забароны). — Як вы ведаеце, адносна нядаўна была адменена i прамысловая мера. Для шчупака яна складала 35 сантыметраў, г.зн. здабываць рыбу меншага памеру забаранялася. Сяголеткi ж маюць памер 20—25 сантыметраў. Ва ўмовах адмены прамысловай меры рыбаловы вылавiлi б сяголеткаў вельмi хутка. Дарэчы, сёлета паспрыяла надвор’е, iнакш гэта адбылося б з лёду, — працягвае Хрысцiна Iванаўна. — Якi тады сэнс у зарыбленнi, на якое выдаткаваны дзяржаўныя грошы? Сяголеткi павiнны вырасцi, хоць аднойчы аднерасцiцца, адначасова выканаць пэўную санiтарную функцыю для вадаёма. Толькi тады будзе эфект ад зарыблення, у тым лiку i для рыбаловаў-аматараў, якiя ў будучым змогуць лавiць нармальнага шчупака. Дарэчы, зараз падрыхтаваны змяненнi i дапаўненнi ў Правiлы вядзення рыбалоўнай гаспадаркi i рыбалоўства, у прыватнасцi, павiнна быць зменена ўжо згаданая намi прамысловая мера.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«У сярэдзiне студзеня вы пiсалi пра тое, што ў сувязi з праведзеным зарыбленнем асобных вадаёмаў краiны на гэтых рыбалоўных угоддзях на пэўныя тэрмiны |
|