400 i дзесяць тысяч
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Каля чатырох соцень новых кнiг прадстаўлена на выставе «Днi Яўрэйскай Кнiгi», якая адкрылася ў Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi. Побач з iмi экспануецца таксама частка ўласнай бiблiятэчнай калекцыi, якая налiчвае каля 10 тысяч выданняў на iдыш i iўрыце ХVII—ХХI стагоддзяў.
Падобныя выставы праходзяць у Мiнску не першы год, але гэта — асаблiвая. Не толькi таму, што арганiзавалi яе пасольства Дзяржавы Iзраiль, Нацыянальная бiблiятэка i выдавецтва «МЕТ» пры падтрымцы яўрэйскiх арганiзацый «Джойнт» i «Сахнут». У адрозненне ад абшчынных, гэта экспазiцыя прадстаўляе лiтаратуру асобных выдавецтваў: iзраiльскiх, расiйскiх i беларускiх (усяго амаль 30-цi), прычым усю, якая датычыцца яўрэйскай тэматыкi. Акрамя таго, да сёлетняй выставы прымеркаваны яшчэ дзве падзеi: фотаэкспазiцыя «Пераводныя карцiнкi» знакамiтых iзраiльскiх фатографаў Юлii Камiсараф i Давiда Дэктара i прэзентацыя першай кнiгi iзраiльскага пiсьменнiка ў перакладзе на беларускую мову — зборнiка Этгара Керэта «Кiроўца аўтобуса, якi хацеў стаць богам». — Кнiга, з усiх формаў культурнага самавыяўлення, несумненна, была заўжды блiжэй за ўсё да яўрэйскага народа, — сказаў на адкрыццi «Дзён» Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Iзраiль у Беларусi Зееў Бэн-Ар’е. — Добра, што выстава праходзiць у Беларусi, дзе яўрэйская кнiга i яўрэйская лiтаратура ўвогуле — не экзатычныя дзiвосы, а прадукт творчасцi народа, з якiм беларусы жылi стагоддзямi побач. Пасол паведамiў, што частка экспазiцыi будзе перададзена ў дар Нацыянальнай бiблiятэцы. — Кнiгавыданне — вельмi значны набытак для нашай краiны, — нагадала пасля слоў ўдзячнасцi iзраiльскаму пасольству першы намеснiк мiнiстра iнфармацыi Лiлiя Ананiч. — Толькi ў мiнулым годзе было выдадзена звыш 11 з паловай тысяч назваў кнiг агульным накладам звыш 53 мiльёнаў экзэмпляраў. Гэта — вялiкае дасягненне краiны, якая рушыць наперад, будуе сваю незалежнасць у супольнасцi з братнiмi народамi, з тымi народамi, якiя адвеку насялялi нашу мужную, прыгожую Беларусь. Намеснiк дырэктара беларускага выдавецтва «МЕТ» Ганна Фрыдман патлумачыла, чаму, на яе думку, патрэбны такiя выставы: — Мой дзед падчас Другой сусветнай вайны абараняў нашу краiну — Беларусь, зараз ён жыве ў Iзраiлi. Мой брат, грамадзянiн Iзраiля, служыў у Iзраiльскай армii i абараняў Iзраiль, зараз ён ажанiўся i жыве ў Мiнску. Я думаю, што ў многiх з прысутных ёсць сваякi як у Iзраiлi, так i ў Беларусi. Вось чаму так важна дасягнуць узаемаразумення памiж нашымi народамi. Выдавецтва «МЕТ» робiць крокi ў дадзеным напрамку: друкуе iзраiльскiх аўтараў, а таксама аўтараў, якiя пiшуць на яўрэйскую тэматыку. Адна з такiх кнiг вядомага iзраiльскага паэта Рэнаты Мухi «Однажды, а может быть, дважды», праiлюстраваная беларускiм мастаком Таццянай Сучковай, атрымала ў 2005 годзе прэмiю iмя Францыска Скарыны за афармленне i дыплом першай ступенi на мiжнародным кнiжным кiрмашы. Выстава будзе працаваць да 4 лютага.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каля чатырох соцень новых кнiг прадстаўлена на выставе «Днi Яўрэйскай Кнiгi», якая адкрылася ў Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi
|
|