У шклянцы малака — здароўе
Надзея НIКАЛАЕВА
Малако i малочныя прадукты спажываюць штодня толькi 48 працэнтаў беларусаў, хоць калiсьцi малако было абавязковым прадуктам на стале кожнай беларускай сям’i. Мiж iншым, менавiта малако з’яўляецца адным з найбольш даступных i паўнавартасных бялковых прадуктаў. Зусiм невыпадкова малаком забяспечваюцца людзi, якiя працуюць на шкоднай вытворчасцi. А для дзяцей i састарэлых людзей малако — увогуле проста незаменны прадукт у рацыёне.
— Малако i малочныя прадукты ўтрымлiваюць усе неабходныя для арганiзма чалавека рэчывы: бялкi, тлушчы i вугляводы, якiя знаходзяцца ў збалансаваных суадносiнах i вельмi лёгка засвойваюцца арганiзмам, — расказвае загадчыца лабараторыi вывучэння статуса харчавання насельнiцтва Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра гiгiены Iрына КЕДРАВА. — Акрамя таго, у малацэ прысутнiчаюць сотнi каштоўных кампанентаў: больш за 20 аптымальна збалансаваных амiнакiслот, больш за 140 тлустых кiслот, малочны цукар (лактоза), якi больш нi ў якiх прадуктах не сустракаецца, багаты асартымент мiнеральных рэчываў, мiкраэлементаў, вiтамiнаў (А, В, Д, карацiн, токаферол, аскарбiнавая кiслата), пiгменты, фасфатыды, гармоны i iншыя рэчывы. Пры сваёй высокай бiялагiчнай каштоўнасцi бялкi малака характарызуюцца яшчэ i высокай засваяльнасцю (ад 96 да 98 працэнтаў), пры гэтым засваяльнасць малочных бялкоў перавышае засваяльнасць бялкоў, якiя мы атрымлiваем з мясных прадуктаў, рыбы i злакавых культур. А яшчэ малако ўяўляе сабой унiкальную крынiцу кальцыю, паколькi кальцый, што ўтрымлiваецца ў малацэ — самы лёгказасваяльны, якi толькi сустракаецца ў прыродзе. Кальцый выконвае ў арганiзме чалавека мноства разнастайных i важных функцый. Ён уваходзiць у склад асноўнага мiнеральнага кампанента косных тканак. Важная роля належыць кальцыю ў ажыццяўленнi мiжклетачных сувязяў i ўмацаваннi клетачных мембранаў. Ад кальцыю залежыць нават функцыянаванне нервовай сiстэмы чалавека. Важнае значэнне мае i тая акалiчнасць, што кальцый i фосфар, лiшак якога заўсёды перашкаджае засваенню кальцыю ў кiшэчнiку, знаходзяцца ў малацэ ў аптымальных суадносiнах: 1 да 0,8. I нават малочныя тлушчы з’яўляюцца найбольш каштоўнымi сярод жывёльных тлушчаў, паколькi ўтрымлiваюць дэфiцытную арахiдонавую кiслату i бiялагiчна актыўны бялкова-лецытынавы комплекс, якi сустракаецца толькi ў малочных прадуктах. Спецыялiсты сцвярджаюць, што неразведзенае малако адносiцца да прадуктаў харчавання з сярэднiм узроўнем утрымання халестэрыну, тым не менш многiя маладыя людзi сёння карпатлiва падлiчваюць з’едзеныя калорыi i па гэтай прычыне... адмаўляюцца ад малака. — Гэта памылковы падыход, бо сёння ў продажы без праблем можна знайсцi малочныя прадукты з нiзкiм утрыманнем тлушчаў цi ўвогуле абястлушчаныя прадукты. Хоць на думку дыетолагаў, поўнае адмаўленне ад жывёльных тлушчаў — мера неапраўданая, паколькi жывёльныя тлушчы неабходныя для падтрымання iмунiтэту i засваення цэлага шэрагу жыццёва важных рэчываў i элементаў, таму лепш перайсцi на так званыя «аблегчаныя» малочныя прадукты, — раiць Iрына Кедрава. — Трохпрацэнтнае малако замянiць на паўтарапрацэнтнае, сметанковыя ёгурты i ёгурты «экстра» замянiць на малочныя, адмовiцца ад тлустай смятаны i тварагу. Тым, хто сумняваецца, што абястлушчаныя малочныя прадукты могуць прыносiць карысць, паведамляем, што ў абястлушчанае малако з неразведзенага малака цалкам пераходзяць бялкi, малочны цукар i звыш за 70 працэнтаў сухiх рэчываў. Амаль поўнасцю пераходзяць у абястлушчанае малако i мiнеральныя рэчывы. Таксама ў яго трапляюць фасфатыды, небялковыя азоцiстыя спалучэннi, вiтамiны, ферменты, гармоны i iншыя спалучэннi. Сярод фасфатыдаў асаблiвае значэнне мае лецытын, якi з’яўляецца рэгулятарам халестэрынавага абмену. Па сваёй бiялагiчнай каштоўнасцi абястлушчаныя малочныя i кiсламалочныя прадукты практычна не саступаюць неразведзенаму малаку. Аднак энергетычная каштоўнасць абястлушчанага малака амаль удвая меншая, чым неразведзенага. Менавiта па гэтай прычыне яны выкарыстоўваюцца ў дыетычным харчаваннi... Дарэчы, амерыканскiя дыетолагi раяць спажываць штодня 2—3 шклянкi абястлушчанага малака. У Фiнляндыi, напрыклад, 82 працэнты насельнiцтва спажываюць у дзень 2—3 шклянкi малака, але хоць адну шклянку — малака сярэдняй цi нiзкай тлустасцi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Малако i малочныя прадукты спажываюць штодня толькi 48 працэнтаў беларусаў, хоць калiсьцi малако было абавязковым прадуктам на стале кожнай беларускай
|
|