«Барсетачнiкi», аматары чужых мабiльнiкаў i iншыя зладзеi
Колькасць крадзяжоў з кватэр i прадпрыемстваў не змяншаецца
Мiлiцыя Магiлёўскай вобласцi дамаглася iстотнага памяншэння цяжкiх i асаблiва цяжкiх злачынстваў. Меней зарэгiстравана забойстваў, разбояў i цяжкiх цялесных пашкоджанняў, а таксама павялiчылася iх выкрыццё. Аб гэтых i iншых вынiках 2006 года паведамiў журналiстам начальнiк УУС Магiлёўскага аблвыканкама Аляксандр Канавалаў. Мiж тым, адной з самых вялiкiх праблем у крымiнагеннай абстаноўцы застаюцца крадзяжы, якiх летась у рэгiёне ўчынена каля 14 тысяч. Гэта найбольшая лiчба за апошнiя пяць гадоў. Усё больш крадзяжоў рэгiструецца ў буйных гарадах — Магiлёве i Бабруйску. Летась болей, чым у год папярэднi, кралi з кватэр i дамоў людзей, прычым у некаторых сельскiх раёнах — аж на трэць. У сувязi з крадзяжамi з прадпрыемстваў мiлiцыя заклiкае адмiнiстрацыi паклапацiцца аб захаваннi сваёй маёмасцi. Нягледзячы на вартаўнiкоў i ахову, рэгiструюцца буйныя крадзяжы. У снежнi з Магiлёўскага лiфтавага завода скралi 1,7 тоны медзi, а нядаўна злачынства раскрылi i затрымалi зладзеяў. Iмi аказалiся работнiкi гэтага ж прадпрыемства. Цяпер iдзе расследаванне справы аб крадзяжы з аўтазавода iмя Кiрава. Адтуль знеслi гiдраўзмацняльнiкi рулёў на суму ў 40 мiльёнаў рублёў. А днямi з Бабруйскай футравай фабрыкi (якая, дарэчы, з’яўляецца банкрутам) знiклi 2,8 тысячы кушнерскiх нажоў. Каму яны спатрэбiлiся? Колькасць крадзяжоў у сельскай мясцовасцi, наадварот, паменшылася. Аднак там рэгiструецца нямала крадзяжоў жывёлы з фермаў i прыватных падворкаў. Попыт на мяса вялiкi: ледзь не ў кожнай мясцовай газеце можна прачытаць прапановы набыць свiнiну цi ялавiчыну, прычым дорага. Па-ранейшаму з аўтамабiляў крадуць магнiтолы, таму мiлiцыя раiць аўтааматарам карыстацца ахоўваемымi стаянкамi, а не паркаваць машыны ў дварах i на ўзбочынах дарог. Трэба сачыць за сваёй маёмасцю i ўладальнiкам мабiльных тэлефонаў, бо толькi прыкладна трэць такiх крадзяжоў раскрываецца. Справа ў тым, тлумачаць у мiлiцыi, што людзi часта губляюць апараты самi, асаблiва ў нецвярозым стане. А таксама тэлефоны даверлiвых грамадзян становяцца лёгкай здабычай дробных махляроў: звычайна просяць патэлефанаваць i знiкаюць або проста вырываюць мабiльнiк з рук на цёмнай вулiцы або ў бязлюдным месцы. Аляксандр Канавалаў таксама расказаў, што магiлёўская мiлiцыя правяла сумесную аперацыю са сталiчнымi калегамi, каб спынiць злачынную групу «барсетачнiкаў». Яны дзейнiчалi ў Мiнску i Магiлёве: прабiвалi ля рынкаў кола аўтамабiля, i пакуль гаротны вадзiцель мяняў сапсаванае кола на запаску, выкрадалi з салона барсетку з грашыма i дакументамi. Цяпер «барсетачнiкi» затрыманы. Што ж датычыцца павелiчэння колькасцi крадзяжоў, то кiраўнiк магiлёўскай мiлiцыi прызнае, што, на жаль, пазiтыўнай дынамiкi тут пакуль не ўдаецца дасягнуць. Аднак разам з тым, Аляксандра Канавалава радуе, што людзi iдуць у мiлiцыю са сваiмi заявамi i вераць у справядлiвасць расследавання. Супрацоўнiкi органаў унутраных спраў абяцаюць рабiць усё магчымае, каб знайсцi злачынцаў i вярнуць людзям iх дабро. Алена КАЗЛОВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Колькасць крадзяжоў з кватэр i прадпрыемстваў не змяншаецца
|
|