21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Бацькаў гармонiк

25.08.2009 22:18 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Валянцiн КРЫЖЭВIЧ

На конкурс апавяданняў

Хоць у чалавека i вялiкi, доўгi век, але найбольш жыве ён iмгненнямi, памятнымi яму. Пра такое шчаслiвае iмгненне, што стаiлася яму ў спадчыне, атрыманай ад бацькi, i апавядае журналiст Валянцiн Крыжэвiч, наш даўнi аўтар, лаўрэат звяздоўскага конкурсу апавяданняў.

Вiктар КАЗЬКО.


Летняе неба выглядала засмужаным, быццам падпечаным сонцам. Лёгкая сiнеча прабiвалася толькi ў зенiце, як купал неабсяжнага велiчнага храма, што навiсаў над вёскай.

На вулiцах панавала цiшыня. I не таму, што мясцовых жыхароў гарачыня загнала ў цянёк. У вёсцы жылi адны пенсiянеры, якiя толькi ў спрыяльнае надвор’е да першых вячэрнiх камароў заседжвалiся на пацямнелых ад дажджоў лаўках усцяж палiсаднiкаў.

Пятро, папрасiўшы адгул (ён працаваў у Аршанскiм чыгуначным дэпо), прыехаў днi на тры ў родную вёску. I сам толкам не мог зразумець, чаму так нясцерпна захацелася пабываць на радзiме. Мо таму, што менавiта ў гэтыя днi тры гады таму тут памёр i пахаваны бацька, вядомы на ўсю акругу гарманiст Васiль Груздоў. Мацi адышла ў лепшы свет яшчэ раней.

Малодшы брат Мiкола асталяваўся ў Калiнiнградзе, старэйшая сястра Галя — у Гродне. Перакiдвалiся словамi зрэдзь толькi па тэлефону. Але гэта не наталяла душэўную смагу. Па-сапраўднаму станавiлася спакайней на сэрцы толькi тады, калi Пятро прыпадаў да каранёў свайго роду. Звычайнага сялянскага роду, якi спрадвеку, незалежна ад перамен уладаў, працаваў на зямлi.

Пятро сядзеў на ганку, праз шчылiны якога прабiвалася трава. Слухаў, як на блiзкiм прырэчным лузе цягнуць сваю песню неўгамонныя цвыркуны-конiкi, як шапоча лiсце на бярозе, што вырасла на яго памяцi каля хаты з малюсенькай семкi, прынесенай ветрам. I паступова з гэтых гукаў пачала акрэслiвацца далёкая мелодыя, адтуль, з дзяцiнства. Любiмая мелодыя бацькi, якую ён часта граў на сваiм гармонiку.

Пятро яшчэ малым любiў слухаць i назiраць, як грае бацька. Пералiвiстыя гукi, блiшчастая перламутравая аздоба, чырвоныя палоскi, якiя выглядалi памiж рэбраў мяхоў, калi бацька расцягваў iх, — усё гэта зачароўвала хлопчыка.

Крыху падросшы, Пятро аднойчы спытаў у бацькi:

— Слухай, тата, а як табе ўдаецца трапляць на патрэбныя гузiкi гармонiка, нават не гледзячы на iх?

Васiль Груздоў ласкава паглядзеў на сына, крыху падумаў:

— Я над гэтым нiколi не задумваўся... Пальцы нiбы самi ведаюць... Людзi кажуць, што слых у мяне музычны ад прыроды. Для кожнага гуку на гармонiку — свой гузiк. А гарманiст збiрае гэтыя гукi ў адзiн ланцужок — i атрымлiваецца мелодыя.

Пятро мала што зразумеў з тлумачэнняў бацькi, але захацелася навучыцца граць самому. Папрасiў аб гэтым бацьку.

— Што ж, паспрабуй, — адказаў той, — можа, i будзе толк...

I вучыць узяўся даволi незвычайным спосабам: садзiў сына сабе на каленi, прывязваў яго пальцы да сваiх суровай нiткай, потым мацi, пасмiхаючыся, падавала гармонiк — i пачыналася вучоба. Падпарадкоўваючыся рухам бацькавых пальцаў, пальцы Петруся знаходзiлi халаднаватыя гладкiя гузiкi, цiснулi на iх — i гармонiк, крыху «кульгаючы», выдаваў мелодыю.

Паступова пальцы Петруся сталi быццам самi запамiнаць, на якiя гузiкi трэба цiснуць, ён ужо сам браў гармонiк i пацiху рыпаў на iм. Атрымлiвалася ўсё складней i складней... Калi вучыўся ў восьмым класе ў суседняй, за шэсць кiламетраў, вёсцы, быў пастаянным удзельнiкам школьнай мастацкай самадзейнасцi, i мог «падабраць» на гармонiку любую мелодыю. Скарыўся яму i баян, але любiмым iнструментам заставаўся гармонiк.

...Калi сонца чырвонай журавiнай апусцiлася за лес, палынна-сiвымi пластамi, хоць нажом рэж, напоўз на прыцiхлы луг туман. Час ад часу прабiваўся не вельмi музычны поклiч драча: «Дыр-дыр, дыр-дыр...».

Пятро, абкасiўшы збольшага бацькоўскае падвор’е, зарослае бур’янам, падаўся спаць. У нежылой хаце, якую так нiхто i не купiў, пахла цвiллю i павуцiннем. Але прагрэтая праз вокны сонцам пасцель была цёплай i ўтульнай. Тым не менш не засыналася. Недзе ў куце зацягнуў мелодыю ўжо не лугавы, а хатнi цвыркун. Спачатку яна здавалася надакучлiвай, але паступова, як калыханка, схiлiла Пятра да сну.

Усю ноч яму снiўся бацька. То на лузе з касой, то ў полi за конным плугам, то ў рэчцы з сеткай-таптухай... Аднак больш — з гармонiкам. Бацька граў на iм тую далёкую мелодыю, з дзяцiнства, i пытаў Петруся:

— Ну як, сынок, яшчэ служыць табе мой гармонiк?

...Аўтобус з райцэнтра прыходзiў у вёску ранiцай толькi два разы на тыднi. Пятро ўстаў на досвiтку, каб не спазнiцца, — не шыбаваць жа тады пехатой тры кiламетры да шашы на спадарожную машыну. А з галавы не выходзiла бацькава пытанне, пачутае ў сне: «Ну як, сынок, яшчэ служыць табе мой гармонiк?»

Справа ў тым, што адзiнай рэччу, якую ўзяў Пятро пасля смерцi бацькi, быў гармонiк. Браў, бажыўся раднi, што сабралася на хаўтурах: «Буду граць толькi на бацькавым гармонiку!». Прывёз iнструмент дамоў у Оршу, паклаў у антрэсоль — i забыўся. Хрыплаватым ад старасцi падаўся яму бацькаў гармонiк, ды яшчэ i на некалькiх клавiшах аслабелi спружынкi, i часам неспадзеўкi прабiвалася непатрэбная нота.

Ад’язджаў Пятро з вёскi як нiколi раней — з пачуццём душэўнага неспакою. Гэтае пачуццё суправаджала яго ўсю дарогу, не пакiнула i дома, у Оршы.

У першыя ж пасля паездкi ў вёску выхадныя дастаў з антрэсолi запылены бацькаў гармонiк, асцярожна працёр яго мяккай тканiнай, расцягнуў мяхi, крануўшы пальцамi гузiкi. I адразу патрапiў на хрыплаваты клавiш. «Усё, буду рамантаваць!» — рашыў для сябе.

На круглым стале ў зале падаслаў кавалак полiэтыленавай плёнкi i пачаў раскручваць дробныя шрубкi, якiмi былi змацаваны скрынкi гармонiка, дзе жыла яго душа, паселеная ў тонкiх металiчных пласцiнках, што пад цiскам паветра з мяхоў вiбрыравалi i нараджалi музыку.

Гармонiкi Пятро нiколi не рамантаваў, але лiчыў, што справа гэтая ўвогуле няхiтрая: падумаеш — падцягнуць спружынкi, пачысцiць пласцiнкi-галасы, падцiснуць мацаваннi... Але калi стаў здымаць асноўную нясучую планку на правай каробцы гармонiка, маленькiя спружынкi нечакана пасыпалiся на стол, заскакалi, як конiкi, слiзганулi з плёнкi на дыван.

Пятро ўважлiва разгледзеў, куды што мацуецца, потым пачаў шукаць спружынкi. Крэкчучы, прысеў на кукiшкi i стаў мацаць рукой у пушыстым ворсе дывана. Пасля нядоўгiх намаганняў зразумеў, што навобмацак усе спружынкi хутка не знойдзе, таму апусцiўся на карачкi i стаў поўзаць па дыване, выглядваючы дробныя дэталькi.

За гэтым заняткам яго i заспела жонка Антанiна, якая вярнулася з магазiна.

— Ты што робiш? — спытала здзiўлена.

— Ды во, спружынкi ад бацькавага гармонiка шукаю. Рамантаваць стаў, а яны разбеглiся...

— Вось прыдумаў! У цябе ж ёсць добры новы гармонiк, навошта табе гэтая хрыпатая старызна?

— Прычым тут старызна?! — амаль крыкнуў ён. — Гэта бацькаў гармонiк, i калi бацька памёр, то хай хоць гармонiк са мной жыве...

I столькi дакору было ў голасе Пятра, што Антанiна не стала спрачацца, а толькi моўчкi пакiвала галавой.

Ледзь не паўдня Пятро шукаў спружынкi, чысцiў затуманеныя латунныя пласцiнкi галасоў, потым усё збiраў у адно цэлае. I вось гармонiк, паблiскваючы пацьмянелым перламутрам, застыў нiбы ў чаканнi на стале. Пятро асцярожна ўзяў яго ў рукi, накiнуў рэмень на плячо, расправiў мяхi, узяўшы акорд...

Гук атрымаўся на дзiва чысты, не сапсаваны сiпеннем пранiкаючага праз шчылiны клавiш паветра. Пятро, настройваючы iнструмент, пацiху зайграў. Сам не ведаючы што. Даставаў з гармонiка музыку, якая паступова ператваралася ў тую далёкую, знаёмую з дзяцiнства мелодыю, што так любiў бацька. Пятро i дагэтуль не ведаў, як яна называецца i хто яе склаў. Магчыма, гэта нават, як зараз кажуць, iмправiзацыя. Iмправiзацыя самога бацькi, сабраная iм па крупiнцы з народных песень. Але ад гэтай музыкi станавiлася неяк вусцiшна ў душы.

У пакой зазiрнула Антанiна. Прытулiлася да вушака дзвярэй i заслухалася.

А Пятро граў i граў... I праз гукi музыкi да яго быццам даносiўся голас бацькi:

— Ну як, сынок, яшчэ служыць табе мой гармонiк?

г. Чавусы.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хоць у чалавека i вялiкi, доўгi век, але найбольш жыве ён iмгненнямi, памятнымi яму. Пра такое шчаслiвае iмгненне, што стаiлася яму ў спадчыне, атрыма
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика