Цяжкасцi перамагання рассеянага склерозу«Звязда» супраць рассеянага склерозу Эфектыўныя спосабы лячэння рассеянага склерозу, рэабiлiтацыi такiх хворых iснуюць. Магчыма гэта i ў нашай краiне. Аднак магчыма, дзякуючы неверагодным намаганням блiзкiх хворых i энтузiязму вопытных спецыялiстаў, якiя яшчэ колькi гадоў таму займалiся ў рэспублiцы навуковым даследаваннем праблемы i былi блiзкiя да вырашэння некаторых яе аспектаў...— Як можа заявiць пра сябе рассеяны склероз? НЕДЗВЕДЗЬ Георгiй Канстанцiнавiч, доктар медыцынскiх навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнiк Рэспублiканскага навукова-практычнага цэнтра «Неўралогiя i нейрахiрургiя»: — Рассеяны склероз — хранiчнае захворванне цэнтральнай нервовай сiстэмы, якое ў большасцi выпадкаў прыводзiць да iнвалiднасцi. Згодна з данымi Мiнiстэрства аховы здароўя, зараз у нашай краiне каля 3,5 тысячы такiх хворых. Гэта менавiта тыя, каго паставiлi на ўлiк, каму прысвоiлi iнвалiдную групу. Разам з тым мы можам меркаваць, што дзесьцi яшчэ каля 1,5 тысячы чалавек жывуць з раннiмi прыкметамi рассеянага склерозу, але iмкнуцца не афiшаваць сваю праблему. З другога боку, i самi ўрачы не спяшаюцца з выстаўленнем дыягназу. Абумоўлена гэта ў тым лiку каварствам працякання захворвання, паколькi апошняе не мае тыповых прыкмет. Пра зараджэнне хваробы можа сведчыць, напрыклад, галавакружэнне, зняменне рукi цi нагi, кароткачасовае дваенне ў вачах. Не варта пры гэтым забываць, што «пiк» захворваемасцi на рассеяны склероз прыпадае дзесьцi на 18—25 гадоў. Гэта ўзрост, як мы разумеем, актыўнага навучання, экзаменаў, бясконцых выпрабаванняў. У гэты час маладыя людзi могуць нават не заўважаць вышэйпамянёных сiмптомаў. ХАДАСОЎСКАЯ Валянцiна Мiхайлаўна, кандыдат медыцынскiх навук, дацэнт кафедры нярвовых i нейрахiрургiчных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўнiверсiтэта: — Колькi людзей — столькi можа быць прычын, якiя падштурхнулi да пачатку развiцця захворвання. Сваё адмоўнае слова могуць сказаць i злоўжыванне алкаголем, i вiрусныя iнфекцыi, такiя як адзёр, краснуха, туберкулёз, хламiдыёз, герпес. Не так даўно загаварылi пра небяспеку бактэрыяльных iнфекцый, — пра той жа барэлiёз. Больш за тое, дамiнiзуючыя хваробы нервовай сiстэмы, да лiку якiх i адносiцца рассеяны склероз, — гэта шматачаговае паражэнне, якое адбываецца пад уплывам некалькiх фактараў. Што ў каго стала вызначальным, можна ўстанавiць падчас збору анамнезу, а вось прадвызначыць гэтыя фактары, каб папярэдзiць захворванне, вельмi складана. Чаму гаворка iдзе менавiта пра маладых людзей? Таму што «перагрузка» надыходзiць на фоне гарманальных перабудоў арганiзма, фармiравання трох важных сiстэм — нервовай, iмуннай i эндакрыннай. Дарэчы, адказаў на шматлiкiя пытаннi, звязаныя з рассеяным склерозам, было б больш, калi б у нашай краiне працягвалiся сур’ёзныя навуковыя даследаваннi. У свеце яны, безумоўна, праводзяцца. Дастаткова сказаць, што не так даўно замежныя вучоныя вынайшлi спецыфiчны фермент, якi перашкаджае развiццю рассеянага склерозу. У нас жа хоць i створаны каардынацыйны савет па гэтай праблеме пры Мiнiстэрстве аховы здароўя, але работу яго нельга прызнаць дастатковай з-за адсутнасцi той жа навуковай дзейнасцi, якая вялася некалi ў iнстытуце неўралогii. Сёння доследныя работы па гэтай праблеме можна пералiчыць па пальцах. Тым часам па неўралагiчнаму накiрунку рассеяны склероз выходзiць па распаўсюджанасцi на другое пасля эпiлепсii месца. — Наколькi я разумею, дыягнаставаць рассеяны склероз на ранняй стадыi амаль немагчыма, значыць, i лячэнне нерэальна прызначыць, што называецца, своечасова? I яшчэ: цi можа медыкаментозная тэрапiя тых жа вiрусных iнфекцый паслужыць прафiлактыкай рассеянага склерозу? НЕДЗВЕДЗЬ Г.К.: — Сучасныя метады дыягностыкi — магнiтарэзанансная тамаграфiя, iмуналагiчныя i электрафiзiялагiчныя тэсты дазваляюць паставiць дыягназ на ранняй стадыi захворвання. Што датычыцца iнфекцый, то праведзеная на раннiм этапе тэрапiя здольна затрымаць прагрэсiраванне захворвання, але не прадухiлiць яго. ХАДАСОЎСКАЯ В.М.: — Мiж iншым, вылечыць вiрусную iнфекцыю значна складаней, чым змагацца з рассеяным склерозам... Дакладней, варта сказаць так: стандарты лячэння рассеянага склерозу добра вядомыя. Але для таго, каб хворы адчуў паляпшэнне, каб ён як мага даўжэй заставаўся ў рэмiсii, патрабуецца пастаяннае, дынамiчнае назiранне ў спецыялiста, эфектыўнае купiраванне абвастрэнняў, iндывiдуальны падыход да кожнага. А за 10—12 дзён знаходжання ў бальнiцы не заўсёды ўдаецца зняць абвастрэнне... А далёка не ўсе пацыенты ведаюць, як важна прымаць вiтамiнныя комплексы, рацыянальна харчавацца, ужываць паболей вадкасцi... I гэтак далей. НЕДЗВЕДЗЬ Г.К.: — Сапраўды, дадатковыя рэкамендацыi маюць вялiкае значэнне. Такiя хворыя, асаблiва калi яны яшчэ намагаюцца працаваць, павiнны памятаць, што iм нi ў якiм разе нельга перанапружвацца. Нават такую простую, здавалася б, рэч пацыенту павiнен паведамiць спецыялiст. ХАДАСОЎСКАЯ В.М.: — У нас ёсць магчымасцi для ажыццяўлення дыягностыкi на абласным узроўнi, але ёсць i праблема кансультатыўна-дыягнастычных кабiнетаў. На маю думку, можна за кожным рэгiёнам замацаваць па гэтых пытаннях аднаго спецыялiста. Хворы i iх блiзкiя павiнны ведаць, куды, да каго звяртацца са шматлiкiмi пытаннямi. Неўролаг жа падчас звычайнага прыёму наўрад цi здолее ўсё патлумачыць. — Ад першых сiмптомаў захворвання да нерухомасцi можа прайсцi шмат гадоў. I чым далей, тым больш хворы будзе мець патрэбу ў падтрымцы i дапамозе з боку. Што ўяўляе сабой рэабiлiтацыя хворых на рассеяны склероз у нашай краiне? КАРЧЭЎСКI Аляксей Мiхайлавiч, старшыня праўлення Асацыяцыi хворых на рассеяны склероз: — На Захадзе ёсць рэабiлiтацыйныя ўстановы, дзе хворы можа разлiчваць на дапамогу дванаццацi спецыялiстаў. У нас жа ўвесь клопат пра хворага бяруць на сябе сваякi. А часта i тыя адмаўляюцца... Хвароба ў такiх выпадках хутчэй прагрэсiруе, працягласць жыцця рэзка скарачаецца. Не сакрэт, што смерць наступае не ўласна ад рассеянага склерозу, а ад яго ўскладненняў, узнiкненне якiх правакуюць застойныя працэсы ў лёгкiх, мочапалавой сiстэме i г.д. ХАДАСОЎСКАЯ В.М.: — На вялiкi жаль, рэабiлiтацыйнага цэнтра ў нашай краiне няма. Была ў мiнулым годзе спроба аказання комплекснай дапамогi 52 хворым на дабрачыннай аснове. Праграма, якую ўдалося рэалiзаваць на базе Дома мiласэрнасцi, так i называлася — «Сацыяльная рэабiлiтацыя хворых на рассеяны склероз». 12-дзённае пражыванне з абследаваннем, медыкаментозным лячэннем, фiзiяпрацэдурамi аплацiлi айчынныя спонсары. Нашы цяжка хворыя адчувалi сябе проста цудоўна. КАРЧЭЎСКI А.М.: — Зноў жа, у замежжы гэта было б звычайнай справай, паколькi там такiя структуры, як наша, не толькi дапамагаюць хворым iнфармацыяй, але i вырашаюць безлiч iншых пытанняў — ад рэабiлiтацыйных да сацыяльных. Асацыяцыi жывуць за кошт мецэнацтва. Мы ж можам дапамагчы сёння, напрыклад, з пошукам аздараўленчай базы. Можам уладкаваць на адно са сваiх невялiчкiх прадпрыемстваў, дзе працуюць у тым лiку людзi на групе. Аднак гаворка iдзе пра вельмi сцiплыя магчымасцi i наогул, хутчэй, пра псiхалагiчную, чым пра матэрыяльную падтрымку. I самае крыўднае, з кожным годам айчыннае спонсарства становiцца больш сцiплым. Дастаткова сказаць, што на сотню пiсьмаў з просьбай аб дапамозе ў зборы грошай на падарункi дзецям, якiя пражываюць у сем’ях нашых хворых, адгукнулiся толькi тры прадпрыемствы. I справа тут не ў нейкай чэрствасцi, а ў адсутнасцi стымулюючых спонсарскую дзейнасць рычагоў. НЕДЗВЕДЗЬ Г.К.: — Дарэчы, раней, калi пэўная фармацэўтычная кампанiя хацела прарэкламаваць якое-небудзь новае лякарства, яна ладзiла за свой кошт спецыяльны навуковы семiнар цi канферэнцыю. Будзем мы выкарыстоўваць гэты прэпарат цi не — справа iншая. Важна, што мы мелi магчымасць браць удзел у гэтых мерапрыемствах, маглi даведацца, куды рухаецца фармацэўтычная прамысловасць свету, што думаюць аб новых спосабах лячэння нашы замежныя калегi. Зараз жа мы прадастаўлены самi сабе. — Атрымлiваецца, Беларусь не мае доступу да сучасных магчымасцяў у лячэннi рассеянага склерозу? ХАДАСОЎСКАЯ В.М.: — Новыя метады даследавання выявiлi прагрэсiруючы характар паталагiчных працэсаў пры рассеяным склерозе. Гэта гаворыць аб неабходнасцi бесперапыннага лячэння, асноўнымi прынцыпамi якога з’яўляюцца купiраванне абвастрэнняў, запавольванне прагрэсiравання захворвання i рэабiлiтацыя. У кожным выпадку лячэнне павiнна насiць iндывiдуальны характар. Галоўнае — дынамiчнае назiранне хворага квалiфiкаваным спецыялiстам. Iснуе шэраг прэпаратаў з даказанай эфектыўнасцю. Да iх адносяцца, напрыклад, Бэтаферон, Рэбiф, Капаксон, чалавечы iмунаглабулiн, iнтэнсiўная iмунасубпрэсiя, мiтаксантрон, цыклафасфамiд, беларускi прэпарат лейкладзiн. Прымяняецца аўтатрансплантацыя ствалавых клетак, Т-клетачная вакцына або пептыдная вакцынацыя, нейрапратэктары. На жаль, нiводзiн з названых прэпаратаў не ўключаны ў пратакол лячэння пры рассеяным склерозе з-за высокага кошту. У кожным канкрэтным выпадку неабходна выявiць асноўную прычыну захворвання, механiзм захворвання. Аднак варта адзначыць, што ўнiверсальнага лячэння цi «таблеткi» ад рассеянага склерозу пакуль не знойдзена. Гутарыла Святлана БАРЫСЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Эфектыўныя спосабы лячэння рассеянага склерозу, рэабiлiтацыi такiх хворых iснуюць. Магчыма гэта i ў нашай краiне |
|