Заробкi ў «звязцы» з прадукцыйнасцю працы
Сяргей ГРЫБ
Нягледзячы на павышэнне кошту энерганосьбiтаў, праграма сацыяльна-эканамiчнага развiцця Беларусi застаецца без змяненняў — аб гэтым паведамiў намеснiк мiнiстра эканомiкi Андрэй Тур. У прыватнасцi, чакаецца, што па вынiках 2007 года тэмп росту заробкаў у краiне апярэдзiць iнфляцыю на 8—9 працэнтаў.
Як нагадаў Андрэй Тур, сярэднi ўзровень аплаты працы па Беларусi ў снежнi выйшаў на адзнаку 311,8, i ў тым лiку па бюджэтнай сферы — на 287 долараў у эквiваленце. Па гэтаму паказчыку наша краiна аказалася на трэцiм месцы ў СНД. Вышэй сярэднiя заробкi былi толькi ў Расii (426 долараў паводле даных за лiстапад) i Казахстане (331,9 долара зноў-такi па вынiках лiстапада). Варта заўважыць адразу, што ўзгаданыя лiчбы — сярэднiя. Тым не менш, даводзiцца канстатаваць — летась адбылося значнае (з 55 да 27,5 працэнта) скарачэнне колькасцi суб’ектаў гаспадарання, дзе агульны паказчык аплаты працы быў меншым за 200 долараў у эквiваленце. Адначасова, заўважыў Андрэй Тур, у краiне захаваўся параўнальна невысокi ўзровень дыферэнцыяцыi заробкаў па рэгiёнах — 1,45 раза. Перш-наперш з-за асаблiвасцяў мясцовай галiновай структуры, найбольш высокiм сярэднi паказчык зарплаты ў снежнi быў у Мiнску (755 тыс.), а найбольш нiзкiм — у Брэсцкай вобласцi (522,7 тыс. рублёў). Яшчэ адным цiкавым вынiкам сталася пэўнае скарачэнне мiжгалiновай дыферэнцыяцыi — з 4,4 раза ў 2005 годзе да 3,9 раза летась. У прыватнасцi, «верхняя планка» сярэдняй зарплаты ў снежнi была адзначана ў нафтаперапрацоўцы (1 млн. 427 тыс.), а «нiжняя» — у сельскай гаспадарцы (369,7 тыс. рублёў). Такiм чынам, Беларусь, яшчэ больш адышла ад «крытычнай» рысы, у якасцi якой, паводле мiжнародных падыходаў, прынята лiчыць адрозненнi больш чым у 5—5,5 раза. Праўда, не выключыў Андрэй Тур, у перспектыве магчыма прыняцце дадатковых рашэнняў па рэгуляванню аплаты ў такiх натуральных манаполiях, як энергетыка, газавая i нафтавая гаспадарка, сувязь, чыгунка — словам, галiн, работа якiх напрамую ўплывае на сабекошт любой прадукцыi. Да таго ж нельга не прызнаць, што iснуюць пэўныя праблемы па аплаце працы i «ўнутры» асобных арганiзацый — па лiнii «начальнiк—падначалены». Рознiца ў сумах па некаторых суб’ектах гаспадарання тут можа складаць 4—5, а ў асобных выпадках — нават 10 разоў. I тлумачэнне падобнай «разбежкi» знаходзiцца непасрэдна ў самой структуры аплаты працы. Так, паведамiў Андрэй Тур, у заробках шэрагу высокааплатных кiраўнiкоў тарыфная частка складае ўсяго 12—18 працэнтаў, тады як астатняе — гэта разнастайныя надбаўкi i прэмii. Таксама няпростая тэма — эканамiчныя падставы для павышэння заробкаў. Даволi красамоўнае параўнанне. Летась рост рэальнай, з улiкам змянення цэн на тавары i паслугi, зарплаты склаў 17,6 працэнта. У той час як тэмп росту прадукцыйнасцi працы — 8,2 працэнта. Таму, паведамiў Андрэй Тур, сёлета павелiчэнне прадукцыйнасцi працы i яе «звязка» з заробкамi будзе кантралявацца асобна. У адваротным выпадку, лiчыць намеснiк мiнiстра, узнiкае рызыка «праядання фондаў» i змяншэння канкурэнтаздольнасцi айчыннай эканомiкi. Разам з тым, падкрэслiў Андрэй Тур, аглядка на тэмпы прадукцыйнасцi працы нi ў якiм разе не павiнна прывесцi да якой-небудзь карэкцiроўкi планаў па росту зарплаты. Так, вызначана, што сёлета ў цэлым па краiне намiнальныя заробкi ўзрастуць на 15,6—18,8 працэнта i выйдуць у снежнi на адзнаку 682—701 тыс. рублёў, цi 340 долараў. I ў тым лiку сярэднi паказчык аплаты працы бюджэтнiкаў — на 602,2—632,6 тыс. рублёў, цi 300 долараў у эквiваленце. Прычым з улiкам запланаванага росту ВУП на 8—9 працэнтаў, у Мiнiстэрстве эканомiкi называюць гэтыя лiчбы рэальнымi. Да таго ж яшчэ адна крынiца росту заробкаў — павышэнне эфектыўнасцi выкарыстання энергарэсурсаў. Фактычна ў Беларусi iх затраты аказваюцца ўдвая вышэй, чым у эканамiчна развiтых краiнах. На задавальненне ўсiх патрэбаў кожнага грамадзянiна нашай краiны штогод спажываецца 2000—2100 кубаметраў газу, тады як у Бельгii, Аўстрыi i Германii — 700—800, а ў паўночных Швецыi i Фiнляндыi — каля 1000 кубаметраў. Мiж тым, мяркуюць у Мiнiстэрстве эканомiкi, новыя ўмовы нафтагазавых паставак не адаб’юцца на айчынным рынку працы. I ў тым лiку — з-за неспрыяльнай дэмаграфiчнай сiтуацыi. Горш iншае. Як паведамiў Андрэй Тур, паводле балансавых ацэнак, сёння ў краiне налiчваецца каля 1 млн эканамiчна неактыўных грамадзян. Каля 200 тыс. знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волi цi проста не маюць намеру i жадання працаваць, каля 370—380 тысяч — працуюць за межамi Беларусi, i амаль столькi ж з’яўляюцца хатнiмi гаспадынямi або жывуць ад даходаў з прысядзiбных гаспадарак. I калi тыя ж «гастарбайтэры» працуюць на айчынную эканомiку прынамсi ўскосна (у прыватнасцi, значная частка заробленых iмi грошай у рэшце рэшт аказваецца на беларускiм спажывецкiм рынку), то астатнiя — не. Праўда, мяркуюць у мiнiстэрстве, доля грамадзян, якая знаходзiцца па-за легальнай эканомiкай, застаецца нязначнай i складае ад 0,5 да 6 працэнтаў. Прычым, зноў-такi згодна з ацэнкамi, прыкладна такой жа аказваецца агульная сума выплат заробкаў у «канвертах» — каля 3—7 працэнтаў ад агульнага фонду аплаты працы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нягледзячы на павышэнне кошту энерганосьбiтаў, праграма сацыяльна-эканамiчнага развiцця Беларусi застаецца без змяненняў — аб гэтым паведамiў намеснiк
|
|