Ад прынiжэнняў i голаду — да сусветнай славы
Сяргей РАСОЛЬКА
Да мастака з невялiкага беларускага мястэчка яна спазнiлася на дзесяцiгоддзi...
Самым дарагiм лотам па вынiках апошнiх таргоў аўкцыённага дома «Сотбiс» стаў «Партрэт мужчыны ў чырвоным шалiку». Карцiна была прададзена больш чым за 17 мiльёнаў долараў, паставiўшы такiм чынам новы рэкорд цаны на творы экспрэсiянiстаў. «Партрэт...» быў напiсаны ў 1921 годзе Хаiмам Суцiным, якi нарадзiўся ў Смiлавiчах цяперашняга Чэрвеньскага раёна. Зрэшты, гэтая навiна асаблiва не ўразiла спецыялiстаў. Некалi i сучаснiкi лiчылi Хаiма Суцiна зоркай першай велiчынi. Знаўца еўрапейскага мастацтва Канстанцiн Каровiн лiчыў яго адным з самых выдатных мастакоў свету нароўнi з вядомымi Манэ, Сезанам, Рэнуарам. Хаiм Суцiн нарадзiўся ў мястэчку Смiлавiчы ў 1894 годзе (па iншых звестках — у 1893 годзе). Ён быў дзесятым дзiцем у сям’i яўрэйскага краўца, а ўсяго ў сям’i было адзiнаццаць дзяцей. Дом Суцiных, на жаль, не захаваўся, аднак вядома, што ён знаходзiўся лiтаральна за два крокi да старой цэнтральнай вулiцы пасёлка — непадалёк ад цяперашняй аўтастанцыi. Жыла сям’я бедна, бацька, зразумела, бачыў свайго сына або рамеснiкам або равiнам. Але на здзiўленне ўсiм Хаiм вырашыў стаць мастаком, што выклiкала непаразуменне i нават жорсткасць у адносiнах з боку навакольных... У 1912 годзе Суцiн прыязджае ў Парыж i адразу з цягнiка накiроўваецца ў... Луўр. Потым былi гады, напоўненыя голадам, часовай чарнавой працай за кавалак хлеба, пастаянным пошукам жылля. У гэты час Суцiн знаёмiцца з Мадзiльянi, Пiкасо i iншымi прадстаўнiкамi так званай парыжскай школы. ...Калi пачынаецца Другая сусветная вайна, Хаiм Суцiн спрабуе добраахвотнiкам пайсцi ў армiю, але па стану здароўя i ўзросту яго камiсуюць. Амерыканцы прапаноўваюць яму перабрацца ў ЗША, але ён адмаўляецца i застаецца ў акупаванай Францыi, пераязджаючы з месца на месца. У гэты час у яго абвастраецца хвароба. Аперацыя аказваецца запозненай i ў пачатку жнiўня 1943 года Хаiм Суцiн памiрае... Пра свайго знакамiтага земляка ў Смiлавiчах памяталi заўсёды, за апошняе дзесяцiгоддзе гэты iнтарэс толькi павялiчваўся. Так, два апошнiя гады запар рэспублiканскае грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКО» пры падтрымцы пасольства Францыi ў нашай краiне арганiзоўвала ў гарпасёлку на базе аграрнага каледжа мiжнародны валанцёрскi лагер «Сядзiба». Яго ўдзельнiкi цiкавiлiся ў тым лiку i ўраджэнцам Смiлавiч Хаiмам Суцiным. Цяпер гаспадыня мясцовай агратурыстычнай сядзiбы «Конны фальварак» Наталля Шылiна на грамадскiх пачатках (як чалавек неабыякавы да гiсторыi роднага краю) рыхтуецца сустрэць студэнтаў з Белдзяржунiверсiтэта, якiя будуць аказваць дапамогу ў стварэннi мемарыяльнай экспазiцыi, прысвечанай славутаму земляку. Справа ў тым, што справа па ўвекавечванню памяцi Хаiма Суцiна нарэшце зрушыла з месца; пры падтрымцы i садзейнiчаннi Нацыянальнай камiсii Рэспублiкi Беларусь па справах ЮНЕСКО выдзелены грашовыя сродкi для стварэння мемарыяльнай экспазiцыi на базе памянёнага ўжо аграрнага каледжа. — Пакуль больш правiльна будзе гаварыць аб падрыхтоўцы першага этапу экспазiцыi, што павiнен быць завершаны да мая. Зараз iдзе распрацоўка дызайн-праекта, збор матэрыялаў: архiўных, мастацтвазнаўчых i iншых, — паведамiў журналiсту «Звязды» загадчык кафедры мастацтваў Дзяржаўнага iнстытута кiравання i сацыяльных тэхналогiй Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта Iгар Духан. — Адкрыццё першага этапу мемарыяльнай экспазiцыi будзе прымеркавана да правядзення сумесна з ЮНЕСКО Мiжнароднай канферэнцыi «Авангард i культуры». Падчас яе правядзення запланаваны «круглы стол» з удзелам французскiх, нямецкiх i расiйскiх калег, якi будзе прысвечаны творчасцi Хаiма Суцiна ў кантэксце еўрапейскай творчасцi. ...Напрыканцы я патэлефанаваў пляменнiцы Суцiна Нiне Аляксандраўне Ферапонтавай. Некалi да вайны родныя мастака жылi ў доме бацькоў у Смiлавiчах, браты Хаiма, як прыгадвала некалi жанчына, мелi хаты побач... Раз-пораз тэлефануючы Нiне Аляксандраўне мы, як землякi, абмяркоўвалi магчымасць увекавечвання памяцi Суцiна. Цяпер дамовiлiся сустрэцца ў маi ў Смiлавiчах. «Калi здароўе дазволiць», — з надзеяй сказала Нiна Аляксандраўна.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да мастака з невялiкага беларускага мястэчка яна спазнiлася на дзесяцiгоддзi...
|
|