«Я ехала дамоў»,Лiставанне пад такiм загалоўкам, вiдаць, можна было б надрукаваць лiст сп. Спiчак...Летась, 29 кастрычнiка, яна з Кiева прыехала ў Гомель. Да адпраўлення патрэбнай электрычкi на Рэчыцу часу заставалася вельмi мала, да таго ж пры ёй было «пасведчанне iнвалiда ЧАЭС першай катэгорыi», якое, па яе меркаванню, давала права бясплатнага праезду... Таму без бiлета яна i паехала. Следам, як вы здагадалiся, прыйшлi кантралёры. I як яна iм нi тлумачыла, што iнвалiд i ўдава iнвалiда (муж загiнуў ад абпраменьвання), што, як медык, з першых дзён пасля чарнобыльскай катастрофы працавала на абследаваннi ў тым лiку i нашых людзей i што зараз едзе не ў госцi, а на пахаванне брата, кантралёры слухаць не сталi — аштрафавалi. А галоўнае — да глыбiнi душы пакрыўдзiлi, «зняважылi перад iншымi, пахiснулi веру ў тое, што тут, на Радзiме, лепшыя ў свеце людзi, лепшыя, больш гуманныя, больш справядлiвыя парадкi». Кантралёры, штрафуючы безбiлетную пасажырку, нiчога падобнага ў думках, зразумела ж, не мелi. Проста выконвалi сваю справу... На дзiва аднадушна... У адносiнах да 70-гадовай зямлячкi i госцi нашай краiны. Не вiнаваты, а пацярпеў... За што? Гэта пытанне сябры (пад пiсьмом 23 подпiсы) i супрацоўнiкi (яшчэ 63...) галоўнага ветэрынарнага ўрача птушкафабрыкi сп. А. у апошнiя месяц-два накiроўваюць ва ўсе самыя высокiя iнстанцыi, ва ўсе сродкi масавай iнфармацыi, бо перакананы, што ён не вiнаваты... Суд, мiж тым, сцвярджае iншае. Прынамсi, па яго прыгавору сп. А. пакараны годам пазбаўлення волi (ва ўмовах пасялення) i пазбаўленнем права займаць кiруючыя пасады на працягу двух гадоў за халатнасць, што пацягнула за сабой масавую гiбель птушкi. Дзе iсцiна? Вычарпальны адказ на гэта пытанне можа даць толькi суд. Не згодныя (абвiнавачаны, яго радня, сябры, супрацоўнiкi) з вердыктам раённага, — можна абскардзiць прыгавор у абласны, не пагодзiцеся з прысудам абласнога — у Вярхоўны... Усе iншыя захады i апеляцыi ў выпадках, калi справа разглядаецца ў парадку крымiнальнага i грамадзянскага судаводста, практычна марныя. Хоць, шчыра кажучы, неабыякавасць людзей да лёсу блiжняга, iх жаданне падтрымаць, дапамагчы, па-чалавечы радуе. I абнадзейвае. Слёз — мала «Што такое мова? Гэта твар краiны, гэта — душа народа, нашых продкаў. Яны яе стварылi, збераглi i нам перадалi, а мы?.. Якая яшчэ краiна, якi народ адмаўляецца ад свайго, ад роднага? Толькi мы, беларусы...» Болем за гэта прасякнуты лiст сп.М з г. Старыя Дарогi ды i многiх iншых. Ведаеце, што пры гэтым цiкава? Што на канвертах з аддрукаваным (па-беларуску!) «каму» i «куды» напiсана: «Минск, ул. Б. Хмельницкого, д. 10-а. Редакция газеты «Звязда». Акурат таксама (па-руску) прыкладна ў 80 выпадках са 100 напiсаны адрас адпраўшчыка. Высновы? (Прабачце, не арыгiнальныя...) — трэба не толькi змагацца за чысцiню, трэба яшчэ i падмятаць. Што ў нашым кантэксце — так, трэба бiць у званы... Але ж не меней за тое — самому — думаць па-беларуску, гаварыць (хай спачатку i не вельмi правiльна: стоячы ля сцяны танцаваць не навучышся. — Аўт.), па-свойму пiсаць, выпiсваць (пакуль яны ёсць) беларускiя газеты i часопiсы, чытаць кнiжкi i казкi дзецям, падпiсваць канверты i паштоўкi... Гэта значыць, хоць нешта рабiць для таго, каб яна, наша мова, жыла. Што ж датычыцца слёз, то, ў змаганнi з бядой iх адных, як правiла, мала. Страўня карчме не перашкода Першы год (як прызнаецца ў першых жа радках свайго лiста) выпiсвае нашу газету сп. А. з Вiцебскага раёна i выказвае шмат слушных прапаноў, ставiць столькi ж вострых пытанняў. У тым лiку i гэта: «чаму мы (трэба разумець — краiна) падымаем, наладжваем эканомiку, сельскую гаспадарку» i пры гэтым «не працуем над стварэннем моўнай iнфармацыйнай прасторы». «Не дзiва, — пiша чытач, — што ўсе (? — пытальнiк мой. — Аўт.) з такой пагардай ставяцца да нас. Таму, што мы — гэтага варты: будзем паважаць сябе самi, будуць i другiя. А калi i не, то нас гэта не вельмi павiнна турбаваць...» Што канкрэтна прапануе сп. А.? Многае. I ў прыватнасцi, вяртанне (у тым лiку на старонкi «Звязды») забытых, цi напаўзабытых нашых слоў кшталту «адсоткi» (замест працэнты), «груганы» (замест вароны, што, дарэчы, няправiльна, бо груганы — гэта крумкачы), «гульнякi» (замест iгракоў), «лячэбнiца» (замест бальнiца), «карчма» (замест сталовая, што недакладна таксама, бо карчма — гэта, паводле слоўнiка «пiтны дом з начлегам...) i г.д. Што адказаць? Ды вiдавочнае: будзе жыць наша мова, будуць (без сумневу!) вяртацца старыя словы, будуць з’яўляцца новыя. А яна ад гэтага — толькi багацець. У чым, дасць Бог, будзе магчымасць пераканацца ўсiм, хто выпiсвае «Звязду» не першы год. Цi i першы, але не апошнi. Чытала лiсты Валянцiна ДОЎНАР. Ад яе ж (заўсёднае) — пiшыце.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
пад такiм загалоўкам, вiдаць, можна было б надрукаваць лiст сп. Спiчак... |
|