Напалеон Орда і яго вобраз Беларусі
Таццяна ПАДАЛЯК
11 лютага спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння Напалеона ОРДЫ — таленавітага піяніста, кампазітара, мастака, асветніка
Пра жыццё i творчасць нашага слыннага земляка мы гутарым з Аляксандрам ЛАКОТКАМ — дырэктарам Iнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору iмя К. Крапiвы НАН Беларусi, членам-карэспандэнтам НАНБ, доктарам архiтэктуры, доктарам гiстарычных навук, прафесарам. — Напалеон Орда — досыць незвычайнае для нашых мясцiн iмя i прозвiшча... — Ён нарадзiўся ў 1807 годзе ў фальварку Варацэвiчы Пiнскага павета Мiнскай губернi (зараз Iванаўскi раён). Нарадзiўся на пераломе эпох. Яшчэ нядаўна былi падзеi, звязаныя з Вялiкай Французскай рэвалюцыяй, яшчэ ў Еўропе толькi пачалiся тыя пераўтварэннi, якiя ўскалыхнулi ўвесь кантынент, — пад высакароднымi дэвiзамi рэвалюцыi пра свабоду, роўнасць, братэрства... Еўрапейскiя народы яшчэ з надзеяй глядзелi на пачынаючага iмператара Напалеона — са спадзяваннем, што гэтыя пошукi знойдуць працяг. Таму на пачатку ХIХ ст. у еўрапейскiх дваранскiх сем’ях было вельмi модна даваць хлопчыкам iмя Напалеон. Нездарма ж Пушкiн пiсаў: «Мы все глядим в наполеоны...». Хутка многiя расчаравалiся ў iмператары, усё пайшло iнакш. Еўропа апынулася ў лоне крывавых войнаў, але гэта было потым... Род Ордаў — татарскага паходжання. Далёкi продак Напалеона напрыканцы ХIV стагоддзя прыбыў з зямель Залатой Арды ў часы вялiкага князя лiтоўскага Вiтаўта. Орды аддана служылi сваёй новай Айчыне. Нарадзiўся Напалеон Орда ў адукаванай сям’i маршалка шляхты Кобрынскага павета, iнжынера-фартыфiкатара Мiхаiла Орды. А мацi была з роду Бутрымовiчаў — вядомага на Пiншчыне дваранскага роду. Яна была выдатнай пiянiсткай. Хлопчык атрымаў цудоўную пачатковую адукацыю ў родных Варацэвiчах. Потым паспяхова скончыў Свiслацкую гiмназiю, якая ў тагачаснай Расiйскай Iмперыi была досыць вядомай, славiлася добрай рэпутацыяй. У 1823 годзе паступiў у Вiленскi ўнiверсiтэт на фiзiка-матэматычны факультэт. А там, як i па ўсёй Еўропе, распаўсюджвалiся вальнадумныя дэмакратычныя iдэi. Напалеон Орда, Тамаш Зан, Уладзiслаў Сыракомля, многiя iншыя таленавiтыя юнакi ўнiверсiтэта ўдзельнiчалi ў розных тайных групоўках... Скончылася гэта арыштам, 15 месяцаў Орда адсядзеў у турме. Потым вярнуўся ў родны фальварак Варацэвiчы, але заставаўся пад наглядам палiцыi. — Удзел у паўстаннi Тадэвуша Касцюшкi 1830—1831 гг. кардынальна змянiў яго лёс? — Сапраўды, Орда прымаў актыўны ўдзел у паўстаннi ў складзе палка коннай гвардыi Лiтоўскага корпуса, атрымаў шэраг узнагарод... Пасля паражэння паўстання вымушаны быў эмiгрыраваць за мяжу. Ён выдаваў сябе за слугу свайго сябра Палонскага. Амаль што пешшу прайшоў Польшчу, Аўстрыю, Iталiю... Апынуўся ў Парыжы ў 1833-м. Напалеон Орда пазнаёмiўся з Шапэнам, Лiстам, Берлiёзам, Клодам Дэбюсi, Адамам Мiцкевiчам, Бальзакам, Тургеневым, Палiнай Вiярдо... З многiмi ён сябраваў. Гэта спрыяла развiццю яго прыродных дараванняў. Ён браў урокi музыкi ў Фрэдэрыка Шапэна. Ды i сам пiсаў даволi ўдалыя паланезы, вальсы, мазуркi, рамансы — яны былi ўхваленыя Ф. Шапэнам, Ф. Лiстам, С. Манюшкам. У 1838 годзе Н. Орда выдаў «Альбом твораў польскiх кампазiтараў». Ён напiсаў i шэраг вучэбных твораў па музыцы, па музычнай граматыцы. Яго музычныя заслугi былi прызнаныя ў Еўропе — у сярэдзiне 1940-х яго прызначылi на пасаду дырэктара Iтальянскай оперы ў Парыжы. — А якiм чынам Напалеон Орда захапiўся малюнкам? — Шапэн першым заўважыў яго мастацкiя здольнасцi i параiў звярнуцца ў студыю вядомага майстра архiтэктурнага пейзажа П’ера Жэрара. Хацелася б звярнуць увагу яшчэ на адну акалiчнасць. Калi Орда толькi трапiў у Парыж, на зыходзе эпохi Асветнiцтва, — лiдзiруючае становiшча ў культуры i мастацтве займала музыка. Нездарма там плённа працавала цэлая плеяда цудоўных еўрапейскiх кампазiтараў, якiя апынулiся ўсе ў адзiн час у адным месцы... Але рамантыка асветнiцкай эпохi заканчвалася, i наперадзе ўжо маячыла здань 1848 года. Рамантызм змяняецца на эпiчнасць, з’яўляецца пачуццё грамадзянскасцi ў дэмакратычным руху — у мастацтве патрэбен эпас, увогуле прэвалiруюць грамадзянскiя адносiны да культуры. Таму на першы план выходзiць жывапiс. У гэтай сiтуацыi, на маю думку, натуральная змена творчых арыенцiраў i ў Напалеона Орды. Ён глядзiць на асяроддзе, на гiстарычныя ландшафты, на помнiкi архiтэктуры менавiта як на эпас i лiчыць, што акурат тут ён можа выказаць сваю грамадзянскую пазiцыю. Пазiцыю чалавека, якi разумее ўнiкальнасць еўрапейскай культуры, еўрапейскай цывiлiзацыi — пры магчымай пагрозе непрадбачаных сацыяльных хваляванняў. Ён шмат падарожнiчае, робiць малюнкi ў Iспанii, Партугалii, у Францыi, Германii, Аўстрыi, Польшчы. Дарэчы, гэтыя яго замалёўкi сёння ўпрыгожваюць у еўрапейскiх краiнах шыкоўныя буклеты турыстычных фiрмаў. Тое, чаго ў нас пакуль няма!.. — Але, мабыць, туга па радзiме вярнула Напалеона Орду ў родныя мясцiны? — Калi Аляксандр II аб’явiў амнiстыю ўдзельнiкам паўстання Тадэвуша Касцюшкi ў 1856 годзе, Напалеон Орда адразу вяртаецца на радзiму. I амаль да самай смерцi (1883) з натхненнем працуе ў Беларусi, Лiтве, многiх рэгiёнах Украiны. Без перабольшвання можна сказаць, што Орда па сваёй прыродзе быў сапраўдным патрыётам. Будучы чалавекам сцiплым высакародным, ён захаваў у сабе iдэалы культуры i сумлення, якiмi захапiўся разам з сябрамi яшчэ ў Вiленскiм унiверсiтэце, i калi потым змагаўся ў паўстаннi Касцюшкi, iдэалы гэтыя знайшлi працяг пры знаёмстве са слыннымi творцамi еўрапейскай культуры. — Мастацкую творчасць Напалеона Орды называюць iлюстраванай энцыклапедыяй матэрыяльнай культуры ХIХ стагоддзя... — Творчая спадчына нашага земляка налiчвае больш як 1150 малюнкаў. Большасць з iх захоўваецца ў Кракаве (iх перадалi туды родныя мастака пасля яго смерцi), частка малюнкаў знаходзiцца ў Варшаве, у Львове. Некалькi арыгiнальных малюнкаў захоўвае фундаментальная бiблiятэка Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi. Вялiкая калекцыя лiтаграфiй з малюнкаў Н. Орды захоўваецца ў Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi. — Работы Напалеона Орды сведчаць, што ён быў нястомным падарожнiкам. — Безумоўна. Цяжка нават уявiць, колькi iм было ўжо ў сталым узросце пройдзена i наведана ў розных кутках — ад Ковенскай губернi да Кiеўскай, ад Магiлёўскай да Варшавы. Малюнак для Орды з’яўляецца не толькi творам мастацтва, але i гiстарычным дакументам, у якiм фiксуюцца каштоўныя архiтэктурныя помнiкi. Таму свае малюнкi ён суправаджае гiстарычнай анатацыяй, iмкнецца зафiксаваць уладальнiкаў сядзiб i палацаў, прыналежнасць культавых будынкаў адпаведнай канфесii, гады будаўнiцтва, фундацыi i iнш. У яго творах яскрава прасочваецца жаданне данесцi свае знаходкi i ўражаннi ад вандраванняў да гледача. — Больш за 200 малюнкаў Напалеона Орды прысвечана менавiта Беларусi... — Каштоўнасць гэтых замалёвак перш-наперш заключаецца ў тым, што гэта не толькi мастацкiя творы, але i канкрэтная гiстарычная крынiца. Iм зафiксаваны ландшафт, прырода, архiтэктура, людзi... Асяроддзе тых часоў! Многiя помнiкi архiтэктуры цi не захавалiся да сённяшняга дня, цi знаходзяцца ў дастаткова зруйнаваным стане. Малюнкi Орды маюць вялiкае значэнне для аднаўлення i рэстаўрацыi. Можна зрабiць выснову, што Напалеон Орда больш за ўсё любiў маленькiя старасвецкiя фальваркi i маёнтачкi, у якiх нарадзiлiся многiя яго сучаснiкi (Касцюшка, Убель, Манюшка, Калiноўскi, Ваньковiч, Мiцкевiч) i многiя славутыя дзеячы беларускай культуры. Ён лiтаральна апаэтазаваў гэтае асяроддзе, стварыў высакародную, лiрычную, шчырую карцiну мясцiн, якiя, на жаль, у большасцi сваёй можна бачыць толькi на малюнках Напалеона Орды. Лiчаныя маёнткi захавалiся. Адрэстаўраваныя Завоссе i Залессе Агiнскiх, Мерачоўшчына Касцюшкi, дом Ваньковiчаў у Мiнску... А фальваркаў, у якiх жылi патрыёты беларускай зямлi, налiчвалася тысячы... ...Невыпадкова мастацкую спадчыну Напалеона Орды называюць яшчэ i абагульненым вобразам Радзiмы. У маёй роднай вёсцы Дукора калiсьцi быў шыкоўны палац (мясцовыя жыхары называлi яго «панскi дом»). Выява палаца захавалася толькi на малюнку Напалеона Орды: у час Вялiкай Айчыннай вайны там размяшчаўся нямецкi гарнiзон, партызаны знiшчылi будынак... Пасля рэвалюцыi, у 1920-х гадах, у Дукорскiм палацы працавала школа, якую наведвала i мая бабуля Антанiна Аляксандраўна Падаляк (1913 года нараджэння). Калi яна ўбачыла малюнак Напалеона Орды — здзiвiлася, што гэта не фотаздымак: «Акурат такiм i быў панскi дом, i дрэвы каля яго...». I паклала малюнак сярод самых дарагiх фотаздымкаў — на памяць. — Блiскуча адораны чалавек, прыгожы мужчына... А хто жонка Напалеона Орды? — Францужанка Iрэн Батле. Ён ажанiўся ў 1943 годзе ў Парыжы. — Яна таксама мела дачыненне да музыкi, мастацтва? — Пра гэту жанчыну вельмi мала звестак. Увогуле, як нi парадаксальна, у Беларусi няма грунтоўных даследчыкаў-бiёграфаў Напалеона Орды... Калi ён вярнуўся на радзiму, пра жонку абсалютна нiякай iнфармацыi не было, яна не ўзгадваецца. — Звычайна сярод сялян з пакалення ў пакаленне перадавалiся нейкiя аповеды — на ўзроўнi легенд — пра жыццё гаспадароў iх мясцiн... — Орда вельмi доўга не быў на радзiме. А прыехаў ужо сталым чалавекам. Дарэчы, пасля вяртання ён мала жыў у Варацэвiчах. Шмат вандраваў. Некаторы час жыў у Гродне, у Пiнску. Апошнiя гады жыцця правёў у Варшаве. Пахаваны Напалеон Орда ў г. Iванаве, у радавым склепе — згодна з яго завяшчаннем. У 1997 годзе ў г. Iванаве яму ўстаноўлены помнiк (скульптар I. Голубеў). Спадзяюся, многiя «белыя плямы» бiяграфii i творчасцi нашага славутага земляка будуць лiквiдаваныя ў ходзе мiжнароднай навуковай канферэнцыi «Напалеон Орда: жыццё, творчасць i мастацкая спадчына». Яна пройдзе ў Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi 15—16 лютага, пад эгiдай ЮНЕСКО. У складзе аргкамiтэта — вiцэ-прэм’ер Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Косiнец, старшыня Нацыянальнай камiсii Беларусi па справах ЮНЕСКО Уладзiмiр Шчасны, мiнiстр культуры Беларусi Уладзiмiр Мацвяйчук, iншыя высокiя кiраўнiкi i вядомыя навукоўцы. У канферэнцыi будуць удзельнiчаць вучоныя з Польшчы, Лiтвы, Украiны. Iнстытут мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору невыпадкова з’яўляецца адным з арганiзатараў гэтага мерапрыемства: спадчына, якую збiраў, замалёўваў Н. Орда, — спрадвечны прадмет даследавання нашага iнстытута (помнiкi гiсторыi i культуры). Наш доктар мастацтвазнаўства Анатоль Кулагiн некалькi гадоў таму выдаў кнiгу «Беларусь у малюнках Напалеона Орды», якая карыстаецца шырокай папулярнасцю, двойчы была перавыдадзена...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
11 лютага спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння Напалеона ОРДЫ — таленавітага піяніста, кампазітара, мастака, асветніка |
|