Уладзiмiр Здановiч: «Прызначэнне рэктараў прыватных ВНУ — мiнiстрам адукацыi па прадстаўленню засна
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
Хоць да пачатку ўступнай кампаніі ў ВНУ яшчэ не адзін месяц, сёлетнія выпускнікі ўжо спрабуюць вызначыцца з месцам далейшай вучобы. З пісьмаў, якія дасылаюцца ў “Звязду”, яны цікавяцца ў тым ліку і прыватнымі ВНУ, іх перавагамі і недахопамі, прававым становішчам. У чацвер камiсiя па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчнаму прагрэсу Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi прагаласавала за ўнясенне ў законапраект «Аб вышэйшай адукацыi», што рыхтуецца да прыняцця ў другiм чытаннi, нормы, згодна з якой рэктары прыватных вышэйшых навучальных устаноў будуць прызначацца i вызваляцца з пасады мiнiстрам адукацыi па прадстаўленню заснавальнiка. Гэта стала нагодай для размовы са старшынёй профiльнай парламенцкай камiсii Уладзiмiрам ЗДАНОВIЧАМ.
— Сёння ў Беларусi дзейнiчае сетка прыватных ВНУ. У 1995 годзе iх было 20, а колькасць студэнтаў — 25,2 тысячы. За апошнiя дзесяць гадоў iх стала менш — 12, бо многiя не вытрымалi звычайных патрабаванняў, якiя прад’яўляюцца да ВНУ ў частцы арганiзацыi навучальнага працэсу, тэхнiчнай базы, кадраў i г.д. Тым не менш у ВНУ, якiя засталiся, вучыцца кожны сёмы студэнт краiны, усяго амаль 58 тысяч чалавек. — Прыватныя ВНУ часта скардзяцца на горшыя ўмовы дзейнасцi ў параўнаннi з дзяржаўнымi ВНУ. Iх прэтэнзii абгрунтаваныя? — Адразу хацелася б адзначыць, што стратных прыватных устаноў у Беларусi няма. Улiчваючы, што на пэўным этапе iнтарэс моладзi да адукацыi, асаблiва вышэйшай, узрос з-за таго, што толькi яна дае магчымасць атрымаць «чыстую» i дастаткова аплачваемую працу, адукацыя стала паслугай, якая добра прадаецца за вялiкiя грошы. Прыватныя ВНУ адкрываюць выключна гуманiтарныя спецыяльнасцi, зыходзячы з таго, што тут патрэбны найменшыя матэрыяльна-тэхнiчныя затраты на арганiзацыю навучання. I нiводная з iх не рыхтуе спецыялiстаў iнжынерна-тэхнiчнага, сельскагаспадарчага профiляў, у якiх мае патрэбу краiна. Акрамя таго, увесь прыбытак ад работы платных аддзяленняў дзяржаўных ВНУ, па сутнасцi, iдзе дзяржаве, а ад прыватных — толькi яе частка ў выглядзе падаткаў. Таму тое, што дзяржаўныя i прыватныя ўстановы адукацыi працуюць не зусiм у роўных умовах, не павiнна моцна здзiўляць, а тым больш — узрушваць. — Што не задавальняе прыватныя ВНУ? — У камiсii знаходзяцца патрабаваннi выдалiць 26 адрозненняў у дзейнасцi ВНУ ў залежнасцi ад формы ўласнасцi. Прычым практычна ўсе адрозненнi датычацца не столькi адукацыйнага працэсу, колькi фiнансавай дзейнасцi, падаткаў i прыбытку. Першая прэтэнзiя датычыцца рэгулявання прыёму ў прыватныя ВНУ, ад якога напрамую залежаць даходы ўстановы. Сёння ў краiне назiраецца перавытворчасць эканамiстаў, юрыстаў i бухгалтараў. Затое ёсць неабходнасць у кадрах iнжынернага, будаўнiчага профiляў, спецыялiстах аграпрамысловага комплексу — г.зн. назiраецца яўны дысбаланс у падрыхтоўцы кадраў, перавытворчасць некаторых катэгорый спецыялiстаў, у першую чаргу тых, якiх рыхтуюць прыватныя ВНУ. Так, у 12 прыватных ВНУ па спецыяльнасцях камунiкацыя, права, эканомiка, кiраванне вучыцца 55 250 чалавек, у 10 прыватных сярэднiх навучальных установах па гэтых жа спецыяльнасцях вучыцца 12 753 з 15 799 чалавек. Таму дзяржава абгрунтавана спрабуе ўплываць на гэты працэс, скарачаючы наборы па гэтых спецыяльнасцях ва ўсiх ВНУ. Паводле слоў мiнiстра адукацыi, патрэбы краiны ў спецыялiстах з вышэйшай адукацыяй вывучаны да 2015 года. На падставе гэтага аналiзу аб’ём падрыхтоўкi за кошт бюджэту ў 2006 годзе быў скарочаны на 3,8 працэнта ў параўнаннi з 2005 годам, на дзённай форме навучання — на 4,6 працэнта. Падлягае крытыцы i сцвярджэнне аб тым, што прыватныя ВНУ дастаткова хутка рэагуюць на кадравыя патрэбы рынку, адкрываючы новыя спецыяльнасцi i спецыялiзацыi. Можна прывесцi поўны пералiк спецыяльнасцяў прыватных ВНУ. Тэхнiкай там i не пахне. Хутка прыватныя ВНУ рэагуюць не на патрэбы рынку, а на попыт насельнiцтва на «модныя» спецыяльнасцi. — Доўга абмяркоўвалася пытанне падаткаабкладання. — Сапраўды, рэктары прыватных ВНУ патрабуюць аднолькавай падатковай базы i гавораць аб няроўных умовах гаспадарання. Як гэта нi парадаксальна, аднак, выраўняўшы падатковую базу, мы ў няроўныя, горшыя ўмовы, паставiм дзяржаўныя ВНУ, якiя сёння павiнны закрываць прарэхi ў кадрах па спецыяльнасцях складаных, загадзя стратных. Калi прыватныя ВНУ пачнуць падрыхтоўку спецыялiстаў у галiне ядзернай фiзiкi, прыборабудавання, нанатэхналогiй, касмiчнай тэхнiкi, адчыняць не эканомiка-прававую гiмназiю, а звычайную школу для дзяцей з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця, мы даб’ёмся выроўнiвання ўмоў па падаткаабкладанню. Адсутнасць шэрагу падаткаў у дзяржустаноў — гэта на сёння падатковыя льготы, якiя абгрунтавана прадастаўляюцца дзяржавай. Хачу адзначыць, што прыватным ВНУ створаны неблагiя ўмовы па фармiраванню кошту вучобы: эканамiчна абгрунтаваныя затраты плюс 25 працэнтаў рэнтабельнасцi. Але карыстацца гэтым правам не спяшаюцца. Бо разумеюць: не панясуць людзi вялiкiя грошы за тавар не вельмi высокай якасцi. — Вы лiчыце, што ў прыватных ВНУ не вельмi якасная адукацыя? — Гавораць, што многiя з прыватных ВНУ здолелi прыцягнуць высокаквалiфiкаваных выкладчыкаў, сфармiравалi добрую матэрыяльна-тэхнiчную базу лепш, чым дзяржаўныя, яны абсталяваны камп’ютарамi, сучаснымi аўдыторыямi. База — гэта добра, але гледзячы якi сэнс укладаць у гэта слова. Будынкi, аўдыторныя дошкi, камп’ютар — асноўная база большасцi прыватных ВНУ. Тое ж самае плюс лабараторыi, рэактывы, лазеры i электронныя мiкраскопы, iнтэрнаты i сталовыя — у дзяржаўных, якiя клапоцяцца яшчэ i аб здароўi сваiх студэнтаў. У якiм жа выпадку больш складана арганiзаваць матэрыяльна-тэхнiчную базу? Аб якiм захаваннi здароўя можа iсцi размова, калi з 12 у 5 прыватных ВНУ i двух фiлiялах увогуле няма харчавання. Пры гэтым неабходна адзначыць, што i ў дзяржаўных ВНУ знiжаецца працэнт забяспечанасцi студэнтаў месцамi на прадпрыемствах грамадскага харчавання. Якасць навучання залежыць не толькi ад матэрыяльна-тэхнiчнай аснашчанасцi, але i ад арганiзацыi навучальнага працэсу, ад кадравага саставу. А таксама ад дзённай i завочнай формы навучання. На завочнай форме навучання ў прыватных ВНУ атрымлiваюць адукацыю 43 357 (74,8 працэнта) студэнтаў i 14 618 — на дзённай i вячэрняй. За апошнiя тры гады колькасць дактароў навук у прыватных ВНУ паменшылася на 22 працэнты, колькасць кандыдатаў навук — на 11 працэнтаў. Колькасць студэнтаў на аднаго штатнага выкладчыка — 30 (у дзяржаўных ВНУ — 14). Нават студэнты пачалi разумець, што на завочнай форме атрымлiваць адукацыю ў прыватнай ВНУ — гэта ў многiх выпадках азначае проста выкiнуць грошы на вецер. Таму на вочную форму навучання колькасць пададзеных заяў расце (апошнi год — на 13 працэнтаў), а на завочную — падае (на 34 працэнты). — Чаму было вырашана змянiць прынцып прызначэння рэктараў прыватных ВНУ? — Цяперашняе заканадаўства прадугледжвае прызначэнне i звальненне кiраўнiкоў прыватных ВНУ заснавальнiкам. Ёсць прапанова, якой больш за ўсё баяцца заснавальнiкi i якую мы падтрымлiваем: каб гэтыя функцыi выконваў мiнiстр адукацыi па прадстаўленню заснавальнiка. Ва ўзнiкненнi гэтай прапановы неабходна абвiнавацiць ужо тых былых рэктараў прыватных ВНУ, якiя, па вялiкаму рахунку, скампраметавалi сiстэму прыватнай адукацыi, парушаючы законы i наносячы шкоду сваiм студэнтам. Увогуле, я быў вельмi здзiўлены рэакцыяй асобных рэктараў прыватных ВНУ i прадстаўнiкоў апазiцыi на гэта дастаткова мяккае змяненне ў законе. Дарэчы, яшчэ ў царскай Расii ў прыватных установах адукацыi не толькi кiраўнiкоў, але i выкладчыкаў прызначаў iнспектар адукацыi. Калi рэктары прыватных ВНУ спраўляюцца са сваiмi задачамi, калi ў iх ёсць вучоная ступень, калi яны не парушаюць закон, хто i для чаго пачне iх чапаць? Чаго баяцца заснавальнiку? Вядзi да мiнiстра талковага кiраўнiка i яго прызначаць. — Што чакае прыватныя ВНУ? — Нiхто не збiраецца лiквiдаваць сiстэму прыватнай адукацыi, але патрабаваннi да дзейнасцi прыватных устаноў адукацыi, таксама як i да дзяржаўных, былi i будуць самымi высокiмi. Усе яны павiнны аднолькава даказваць i паказваць якасць падрыхтоўкi выпускнiкоў i жыць iнтарэсамi Беларусi i яе грамадзян. ВНУ ў нашай краiне ствараюцца i дзейнiчаюць не дзеля заснавальнiкаў, рэктараў i выкладчыкаў. Яны перш за ўсё — для студэнтаў, для нашай моладзi. I адукацыя ў нашай краiне неабходна не дзеля дакумента, дыплома або атэстата, а для таго, каб выйсцi на якасна новы ўзровень у сацыяльна-эканамiчным развiццi. Зразумела, у заканадаўчым рэгуляваннi дзейнасцi прыватных устаноў адукацыi яшчэ застаюцца пытаннi, якiя патрабуюць вырашэння з дапамогай канкрэтных нарматыўна-прававых актаў. Па асобных накiрунках мы будзем падтрымлiваць прыватныя ВНУ. Па разумных прапановах у нашай камiсii любая ўстанова адукацыi незалежна ад формы ўласнасцi знойдзе падтрымку, а любы студэнт цi навучэнец — абарону ад неабгрунтаваных дзеянняў у яго адрас.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хоць да пачатку ўступнай кампаніі ў ВНУ яшчэ не адзін месяц, сёлетнія выпускнікі ўжо спрабуюць вызначыцца з месцам далейшай вучобы. З пісьмаў, якія да |
|