Каханне i грошы
Надзея ПЛЯСКОВА
Пераканана: жыццё пiша куды больш адмысловыя сцэнарыi, чым аўтары вядомых серыялаў. Наконт iншага сюжэта так i хочацца ўсклiкнуць: «Ды не можа быць!» Але — можа. I бывае...
Яны былi знаёмы са школы, i хоць кажуць, што дзiцячае каханне — да першай зоркi, iх пачуццё гэтага лёсу пазбегла. Яны добра закончылi школу, разам паступiлi ва ўнiверсiтэт, праўда, на розныя факультэты. Але на заняткi, да дому, на студэнцкiя вечарыны, дыскатэкi хадзiлi заўсёды разам i ўвогуле праз вiхуру шматлюднага студэнцкага жыцця бачылi толькi адно аднаго. Калi гэта не каханне — дык што? Парай яны былi адметнай: ён, Арцём, — вялiкi, дужы, русавалосы, яна, Алена, — падобная на ўсходнюю прыгажуню — танюткая, з вялiкiмi карымi вачамi. А яшчэ — яны былi сучаснай парай. I таму не луналi ў прыгожых марах кахання, а цвяроза планавалi далейшае сумеснае жыццё: скончыць унiверсiтэт, знайсцi добрую работу ў вялiкiм горадзе (а няхай i ў расiйскiм...), купiць кватэру (першую — можна танную, «мiкрараённую», другую — ужо шыкоўную, у цэнтры). Ну а потым падумаць пра дзетак. Запланавана — зроблена. Пасля заканчэння ўнiверсiтэта Арцём паехаў у Маскву. Уладкаваўся выдатнiк-бiёлаг вельмi ўдала: у невялiкую, але прыбытковую фiрму па вытворчасцi харчовых прадуктаў. Неблагiя грошы праз нейкi час дазволiлi купiць першую кватэру — аднапакаёўку ў прыгарадзе. I «выпiсаць» да сябе каханую... Праўда, афiцыйна аформiць шлюб маладыя не спяшалiся — умяшалiся, як кажуць, незапланаваныя абставiны. Былы калега прапанаваў Арцёму стаць саўладальнiкам новай фiрмы i параiў частку набываемай уласнасцi перавесцi на Алену. Маўляў, калi што — з неафiцыйнай жонкi браць няма чаго. Другiя нечаканыя акалiчнасцi ўзнiклi з боку Аленiных бацькоў. Яе мацi па жаночай лiнii паходзiла з паволжскiх немцаў i знайшла раптам сваякоў у Германii. З’ездзiла да iх, агледзелася i... вырашыла перабрацца ў Нямеччыну на пастаяннае месца жыхарства, прыхапiўшы з сабою мужа i дачку, якой, i менавiта незамужняй, як папярэдзiлi сваякi, лепей, лягчэй будзе прайсцi доўгую працэдуру атрымання грамадзянства... Да таго ж, адсутнасць штампа ў пашпарце нiколькi не бянтэжыла гэту пару: да асалоды ад кахання далучыўся новы прысмак — добрых грошай, якiя дазвалялi паехаць адпачываць за блiзкi свет, пагуляць у шыкоўных рэстаранах, завесцi «зiмовую» i «летнюю» машыны... Але за радасцямi жыцця нашы маладыя не забывалiся на цвярозыя планы. Паколькi Алене для атрымання грамадзянства трэба было з’ехаць у Германiю i амаль на год, было вырашана, што паехаць яна павiнна не адна. А з ...будучым дзiцяткам, каб там нарадзiць i запiсаць. Аднак менавiта гэты прыемны план «выконвацца» не жадаў. Прасадзiўшы амаль новую iншамарку на аналiзы, кансультацыi, дарагiх урачоў i клiнiкi, Алена прыйшла да пажылой дакторкi раддома. I тая, уважлiва прагледзеўшы паперкi, уздыхнула: «Тое, што вы з мужам здаровыя i можаце мець дзетак — сумненняў не выклiкае. Але... Хочаце верце, хочаце — не, а прыродзе чамусьцi не падабаецца, калi «дзiцячае пытанне» адкладаюць. А тым больш — надоўга. У мяне вельмi шмат такiх пацыентак... Дасць Бог — i ў вас будзе дзiцятка. Але, калi ўсё ж такi зацяжараце, яно павiнна радзiцца. Пры любых абставiнах... Зразумела?» ... Да бацькоў Алена паехала адна. Першыя тыднi думала, што звар’яцее — не хапала прасторы, паветра, сяброў i, вядома ж, Арцёма. Той быў загружаны справамi, нават SMS-кi ад яго былi кароценькiмi i дзелавымi, быццам пiсаў iх не каханай жанчыне, а партнёру па бiзнэсу. Ён не разумееў яе настрою. Кожны раз пасля «сумнага званка» пераводзiў на картку грошы — каб магла аплацiць «усе радасцi жыцця». А якiя радасцi? Курсы нямецкай мовы, вузкае кола чужых — хоць i былых суайчыннiкаў, што збiралiся па выхадных у маленькiм садку Аленiных бацькоў «на шашлыкi»?.. У адзiн з цёплых еўрапейскiх восеньскiх вечароў там з’явiўся сын суседзяў — невысокi чорнавалосы чалавек, крыху старэйшы за Алену... Не было ў iх нiякiх рамантычных сустрэч, падарункаў, заляцанняў — толькi страсць, якая можа ўзнiкнуць памiж маладымi здаровымi мужчынам i жанчынай на нейкiм дзiкiм востраве. А яны ж жылi менавiта на iм? Страсць скончылася праз два месяцы, калi Алена адчула, што зацяжарала, i сказала пра гэта бацьку будучага дзiцяцi. Той адрэагаваў, як у дрэнным серыяле — маўляў, ад малога ён не адмаўляецца, але што пры гэтым можа даць?.. Яму... Алене, якая прывыкла да раскошы i камфортнага жыцця? Ну, хiба, пазней, у перспектыве, калi атрымае грамадзянства i ўладкуецца на працу... Значыць, пазбавiцца трэба ад гэтай цяжарнасцi? Але ж нямецкi ўрач падцвердзiў словы той маскоўскай дакторкi: калi фройлен адважыцца на непрыемную аперацыю, то дзетак больш можа не мець — такая ў яе паталогiя. I гэта азначала... Гэта азначала паставiць крыж на сваiм жаночым шчасцi, на сямейным жыццi i Арцёме. Дарэчы, пра Арцёма, якi збiраўся да iх праз два месяцы на Ражство, Алена нават думаць баялася. Як паглядзець яму ў вочы, што сказаць, патлумачыць? Яны з мамай плакалi па начах i шукалi выйсце. Пабыць з Арцёмам на святы, а потым абрадаваць, што зацяжарала? Аднак неданошанае, а тым больш пяцiмесячнае немаўля немагчыма пераблытаць з даношаным, тым больш выдатнiку-бiёлагу. Сказаць праўду? Але Арцём нiколi не даруе... А значыць, нiколi больш яны не будуць разам, не паедуць за блiзкi свет, не пабудуюць уласны дом... Алена раптоўна адчула, як гэта жудасна — страцiць не толькi Арцёма, але i створаны iм лад жыцця. Бесклапотнага, заможнага, вольнага... У гiсторыю, якую яны з мацi «сачынiлi», не павiнен быў паверыць нават чалавек з незавершанай пачатковай адукацыяй. У Алены, маўляў, узнiклi складаныя «жаночыя» праблемы, прыйшлося класцiся на тэрмiновую аперацыю. Потым ёй сказалi, што дзеля захавання рэпрадуктыўнага здароўя трэба тэрмiнова падумаць аб цяжарнасцi. А паколькi Арцём далёка, i не званiў, не пiсаў, не звяртаў увагi на яе настрой, Алена згадзiлася на «штучную». Арцём гэту легенду «праглынуў». I на дзiва спакойна. Зрэшты, чаму на дзiва? Алена здагадвалася, што не толькi (а можа, i не столькi) каханне прымусiла яго прыняць гэту лухту за праўду. Яму патрабавалася замежнае грамадзянства — «запасны аэрадром» на ўсякi выпадак... На жонку была пераведзена частка маёмасцi i ўкладаў... Адным словам, «легенда» аказалася зручнай для iх абаіх. Планы мяняць яны таксама не сталi: напрыканцы зiмы Алена атрымала замежны пашпарт, на пачатку вясны яны распiсалiся. У маi нарадзiўся «штучны» сынок — маленькая, дзякаваць Богу, кропелька Алены. Арцём упершыню ўбачыў малога, калi таму споўнiлася два месяцы. На рукi за тыдзень ўзяў аднойчы — калi прыходзiлi суседзi з вiншаваннямi. Казаў, што да восенi скончыць рамонт у маскоўскай кватэры i забярэ Алену з малым. Аднак мiнула восень, амаль скончылася зiма... Алена па-ранейшаму жыве ў бацькоў. Арцём кажа, што нiяк не можа давесцi да ладу жыллё — не хапае часу. Шле грошы, мабiльныя карацелькi. Абяцае прыехаць. Абодва робяць выгляд, што ўсё памiж iмi па-ранейшаму... Сяброўкi, якiя засталiся ў Маскве i на гiстарычнай радзiме, Алене па-добраму зайздросцяць. Вакол толькi i размоў аб сямейных скандалах, гучных разводах, здрадах i шлюбах з «фiнансавым» падтэкстам — а тут трывалае каханне, дружная сям’я, жыццё, што складаецца як па нотах. Алена слухае iх моўчкi. Праўду яна не кажа. Нават самой сабе.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пераканана: жыццё пiша куды больш адмысловыя сцэнарыi, чым аўтары вядомых серыялаў. Наконт iншага сюжэта так i хочацца ўсклiкнуць: «Ды не можа быць!»
|
|