Першы кубак Палесся застаўся на радзiме
Iрына ПРЫМАК
Шайбу, шайбу! Гомель прэтэндуе стаць хакейнай сталiцай нашай краiны: мiжнародны хакейны турнiр «Кубак Палесся», якi днямi ўпершыню прымаў горад над Сожам, арганiзатары абяцаюць зрабiць традыцыйным i сабраць большае прадстаўнiцтва ўдзельнiкаў. Прыемна, што першы трафей выйграла нацыянальная зборная Беларусi.Перад стартавым матчам Уладзiмiр Навумаў, старшыня федэрацыi хакея Беларусi, прызнаўся, што iдэя правесцi такiя спаборнiцтвы iснавала даўно: «Спадзяюся, што «Кубак Палесся» будзе спрыяць падрыхтоўцы iгракоў да чэмпiянату свету, а для балельшчыкаў стане сапраўдным святам хакея. Я не сумняваюся ў тым, што гэты турнiр стане традыцыйным i збярэ большую колькасць каманд. Тады матчы можна праводзiць не толькi ў Гомелi, але i ў Жлобiне, дзе нядаўна быў адкрыты новы Лядовы палац. А наогул мая мара — каб кожныя выхадныя ў абласных цэнтрах былi такiя ж турнiры». Мэр горада Аляксандр Бяляеў пагадзiўся, што «Кубак Палесся» мае ўсе шанцы атрымаць пастаянную прапiску ў Гомелi. Дарэчы, на спаборнiцтвы завiтаў прадстаўнiк мiжнароднай федэрацыi хакея Ханс Добiда, якi высока ацанiў узровень правядзення турнiру i гульню беларускiх хакеiстаў: «Я быў у вашай краiне, калi «Юнацтва» на апошнiх хвiлiнах вырвала перамогу ў паўфiнале Кантынентальнага кубка, стаў сведкам i таго, як мiнчане выйгралi ў суперфiнале па булiтах. Ваша нацыянальная зборная паспяхова выступiла на чэмпiянаце свету ў Рызе i на Алiмпiядзе ў Солт-Лэйк-Сiцi, таму хачу пажадаць самага лепшага вашай федэрацыi i камандзе ў далейшым». За першы кубак Палесся змагалася чатыры каманды, прычым самага рознага статусу — зборныя Беларусi i Латвii, клуб расiйскай суперлiгi «Салават Юлаеў», а самым непрадказальным сапернiкам стаў уладальнiк кубка Алана, мацнейшы аматарскi клуб Канады (выступаў у форме нацыянальнай зборнай) «Паўэл Рывер Рэгалз». Цiкавасць да «Кубка Палесся» выклiкала некалькi iнтрыгуючых момантаў: цi зможа беларуская каманда сённяшняга ўзору ўзяць рэванш за паражэнне зборнай на квалiфiкацыйным турнiры ў Рызе-2005, дзе менавiта гаспадары не дазволiлi нашым iгракам паехаць на зiмовую Алiмпiяду ў Турын-2006; цi паўплывае на зыход матча «Салават Юлаеў» — Беларусь фактар свае — чужыя (некалькi нашых iгракоў выступаюць за ўфiмскi клуб). Апiсваць гульнi не стану, бо, спадзяюся, балельшчыкi глядзелi трансляцыi. Для тых жа, хто ў гэты час сачыў за матчамi Кубка Дэвiса, нагадаю вынiкi сустрэч: «Салават Юлаеў» — Канада — 2:0, Беларусь — Латвiя — 1:2 у авертайме (першы дзень турнiру), Канада — Латвiя — 2:9, Беларусь — «Салават Юлаеў» — 5:3 (другi дзень), «Салават Юлаеў» — Латвiя — 4:3, Беларусь — Канада — 9:2 (трэцi дзень). Становiшча каманд: Беларусь — 7 ачкоў, «Салават Юлаеў» — 6, Латвiя — 5, Канада — 0. Лепшымi iгракамi спаборнiцтваў сталi: абаронца Алег Лявонцьеў (Беларусь), галкiпер Чэд Вiзуцi (Канада), нападаючы Лаўрыс Дарзіньш (Латвiя), бамбардзiр Уладзiмiр Копаць (Беларусь). ТРЭНЕРСКIЯ КАМЕНТАРЫI ПАСЛЯ ТУРНIРУ: Курт ФРЭЙЗЕР (Беларусь): — Прыемна, што мы выйгралi. Я бачыў у раздзявальнi шчаслiвыя твары. Шкада толькi, што на спаборнiцтвах былi траўмаваны iгракi (у саставе беларусаў Андрэй Мiхалёў, Сяргей Кукушкiн i Максiм Цвяткоў). Рэзерв у зборнай ёсць, але праблема ў тым, што маладыя iгракi нацыянальнага чэмпiянату яшчэ не «паспелi», а вопытныя падыходзяць да ўзросту, калi хутка давядзецца завяршаць кар’еру. Зараз галоўнае — зрабiць высновы пасля турнiру i перад чэмпiянатам свету. Алег ЗНАРОК (Латвiя): — Матч з вашай зборнай быў цяжкiм. Я ведаў, што каманда будзе змагацца пасля таго пройгрышу ў Рызе... Мы нават не думалi, што пасля цяжкай гульнi з беларусамi расiяне так кiнуцца ў атаку, але яны знайшлi ў сабе сiлы. Праўда, пры лiку 4:0 мы змаглi супакоiцца i ўзвiнцiць тэмп, але выйграць не ўдалося нi ў апошнiм матчы, нi на турнiры. Сяргей МIХАЛЁЎ («Салават Юлаеў»): — Мы прыехалi, каб падрыхтавацца да рашаючай стадыi нашага чэмпiянату. Заўважу, што беларус Чупрыс быў адным з лепшых у нашай камандзе. Магчыма, трэба перанесцi матчы з Уфы ў Гомель, каб ён так добра выступаў далей? Тод IНГЛIШ (Канада): — Мы атрымалi вялiкую асалоду прадстаўляць сваю краiну ў Беларусi i згуляць з камандай пад кiраўнiцтвам майго калегi з суседняга пабярэжжа (аб Курце Фрэйзеры). Наш траўмаваны iгрок нават сказаў, што з задавальненнем застанецца ў вас яшчэ на некалькi дзён. СВАЕ — ЧУЖЫЯ? Яраслаў ЧУПРЫС («Салават Юлаеў»): — Лiчу, што турнiр прайшоў на высокiм ўзроўнi. Мне ён спадабаўся: тры шайбы закiнуў, чаму не спадабаецца? — Якi матч паказаўся самым складаным? — Канешне ж, са сваiмi, з беларусамi, бо такое ў мяне было ўпершыню, каб гуляў супраць сваёй зборнай. Я не засмучаюся, што мяне не выклiкалi ў нацыянальную каманду i давялося гуляць за свой клуб. Я размаўляў з беларускiм трэнерам: быццам нiякiх праблем са мной няма, вясной буду рыхтавацца да чэмпiянату свету. — Зборная Беларусi ўступiла камандзе Латвii, а ваша дружына выйграла ў iх. Як пракаментуеце? — Значыць, на сённяшнi момант «Салават Юлаеў» мацнейшы за зборную Беларусi (смяецца). Не, аб чым мы тут гаворым! Гэта ж хакей: калi хтосьцi прайграе нейкай камандзе, гэта не адлюстроўвае расстаноўку сiл, тым больш, што рознiца шайбаў не надта вялiкая. Напрыклад, у канцы нашай сустрэчы з латышамi яны маглi нас дабiць, пачалiся выдаленнi. Дзмiтрый МЯЛЕШКА («Салават Юлаеў): — На турнiры вы ў адрозненне ад Чупрыса гулялi за зборную Беларусi. Наколькi было цяжка выходзiць на лёд супраць свайго клуба? — Цяжка. Сваiх жа нельга ўдарыць (усмiхаецца), ды i яны, мяркую, таксама не могуць гуляць груба. — Перад матчам «Салават Юлаеў» — Латвiя вы прасiлi аднаклубнiкаў дапамагчы (менавiта перамога расiян не дазволiла латышам выйграць на турнiры)? — Яны самi настройвалiся на перамогу, ды i мы ў кожнай сустрэчы змагалiся, як маглi, бо прыехалi ў Гомель за кубкам. Канешне, яшчэ, каб найграць розныя схемы i саставы. — У зборную не прыехаў некалькі вядучых iгракоў. За кошт чаго ўдалося-такi выйграць Кубак Палесся? — Наша каманда моцная не саставам, а адзiным духам. Не мае значэння, хто выходзiў на лёд: ва ўсiх нас была адна мэта — перамагчы. Канстанцiн КАЛЬЦОЎ, капiтан зборнай Беларусi («Салават Юлаеў): — Што ў вашай гульнi змянiлася пасля таго, як сталi капiтанам? — Адчуваю большую адказнасць, iмкнуся падбадзёрваць iгракоў у цяжкiя моманты, размаўляць па душах. — Анекдоты расказваеце, каб зняць напружанне? — Пакуль не. У нас традыцыя: рэгулярна за дзень да гульнi на чэмпiянаце свету збiраемся камандай i дзеля псiхалагiчнага расслаблення расказваем смешныя гiсторыi. Зараз якраз займаюся падборкай жартаў i анекдотаў. — Што, на вашу думку, не хапае «Кубку Палесся», каб турнiр стаў традыцыйным i сапраўды прыносiў карысць? — Хацелася б, каб сярод удзельнiкаў былi славакi, немцы, швейцарцы. Калi такiя каманды змогуць прыехаць, не толькi ўзровень спаборнiцтваў, але i нашай зборнай будзе расцi, ды i для гэтых каманд, спадзяюся, будзе цiкава. Магчыма, запрасiць у Гомель некалькi лiдараў расiйскай суперлiгi з Омска, Казанi, Магнiтагорска. — Хто з сапернiкаў найбольш здзiвiў? — Хутчэй за ўсё «Салават Юлаеў», бо ў iх быў аслаблены састаў: шмат траўмаваных iгракоў. — Крыўдна, калi шайбы ў беларускiя вароты закiдвалi свае хакеiсты, якiя выступалi за клуб з Уфы? — Кожны выконвае сваю працу. Якая можа быць крыўда? — Чаму не змаглi выйграць у латышоў? — Занадта хвалявалiся i хацелi перамагчы, а латышы цудоўна згулялi ў абароне, у прыватнасцi галкiпер. Уладзiмiр КОПАЦЬ, лепшы бамбардзiр турнiру («Юнацтва-Мiнск»): — Гэты турнiр дапамог праверыць нашы сiлы, што вельмi важна, бо да чэмпiянату свету засталося не так шмат часу. Сапернiкi ў нас былi, як на падбор. Канаду хоць i прадстаўляла аматарская каманда, але яны выступiлi вельмi добра, завязалi барацьбу. Канадцы заўжды канадцы! «Салават» — адзiн з лiдараў суперлiгi, а латышы — цi не самы прынцыповы сапернiк? Прыемна, што мы выйгралi першы кубак, але галоўны турнiр наперадзе — чэмпiянат свету. — Некаторыя беларускiя iгракi казалi, што самым цяжкiм матчам для iх стала гульня супраць «Салавата», за якi выступаюць беларусы. А для вас? — У мяне столькi матчаў было, што паняцця «свае — чужыя» ў мяне няма. На лёд выходжу толькi супраць сапернiкаў i заўжды хачу перамагчы. Цяжка не таму, што супраць беларусаў, а што гульня атрымалася складаная. — Чаго не хапiла на турнiры? — Многiх iгракоў не хапае, каманднай гульнi. Будзем працаваць над гэтым. Час яшчэ ёсць. Усё адразу не атрымлiваецца: у нас новы трэнер, патрэбна прыцерцiся да яго патрабаванняў. У яго тактыка сiлавога цiску, што патрабуе лепшых фiзiчных кандыцый. Мiнск — Гомель — Мiнск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гомель прэтэндуе стаць хакейнай сталiцай нашай краiны: мiжнародны хакейны турнiр «Кубак Палесся», якi днямi ўпершыню прымаў горад над Сожам, арганiзат |
|