Давер — у чацвёрты раз
Старшынёй Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў у чацвёрты раз выбраны Аркадзь Карпуць. На першай арганiзацыйнай сесii аблсавета 25-га склiкання яго кандыдатуру падтрымалi 57 дэпутатаў (галасоў «супраць» не было, адзiн бюлетэнь падлiковая камiсiя прызнала несапраўдным). Два дэпутаты адсутнiчалi на сесii па прычыне хваробы.
Намеснiкам старшынi абласнога Савета дэпутатаў паўторна выбраны старшыня СВК «Абухава» Гродзенскага раёна Iлля Сянько. Акрамя яго, вопыт работы ў аблсавеце маюць яшчэ 22 дэпутаты. Сярод iх — дырэктар школы-лiцэя № 1 г. Гродна Ганна Дулуб i генеральны дырэктар прадпрыемства «Гроднааблаўтатранс» Пётр Ткачоў, якiя вылучылi кандыдатуру Аркадзя Карпуця, адзначыўшы яго ўменне ствараць творчую абстаноўку ў рабоце дэпутацкага корпуса, дасягаць разумнага кампрамiсу. У падтрымку Аркадзя Карпуця выказаўся i старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзiмiр Саўчанка. Кiраўнiк абласной выканаўчай улады прапанаваў дэпутатам перадаць яму для разгляду i прыняцця мераў тыя пытаннi, якiя былi ўзняты выбаршчыкамi падчас перадвыбарнай кампанii. Барыс ПРАКОПЧЫК. НОВЫЯ ЛIДАРЫ У Магiлёве адбылася першая арганiзацыйная сесiя абласнога Савета дэпутатаў 25-га склiкання. Старшынёй аблсавета абраны Уладзiмiр Панцюхоў, якi ўзначальваў яго i раней. Таксама на сесii Магiлёўскага аблсавета абраны прэзiдыум, зацверджаны шэсць пастаянных камiсiй i вызначаны iх старшынi. Першыя сесii прайшлi ва ўсiх раёнах i гарадах Магiлёўшчыны. У 10 гарадскiх i раённых Саветах дэпутатаў абраны новыя кiраўнiкi. Сярод iх нямала людзей, якiя працавалi ў структуры выканаўчай улады, у тым лiку i яе кiраўнiкi. Старшынёй Бабруйскага гарсавета стаў Мiхаiл Бандарэнка, якi раней узначальваў Бабруйскi гарвыканкам, а апошнiм часам займаў пасаду намеснiка старшынi гарвыканкама. Новы старшыня i ў Быхаўскага райсавета: iм аднагалосна абраны Валерый Шкапцоў, якi да гэтага працаваў кiраўнiком «вертыкалi» раёна. Кiраваць раённымi Саветамi прыйшлi i жанчыны. Напрыклад, у Хоцiмску райсавет узначалiла Святлана Шупенька, якая да гэтага працавала на пасадзе старшынi Батаеўскага сельскага Савета. У Чэрыкаве Саветам будзе кiраваць Наталля Гатоўчык, якая ўзначальвала аддзел зямельных рэсурсаў райвыканкама... На новы тэрмiн пераабраны старшыня Магiлёўскага гарсавета Валерый Свiстуноў. Алена КАЗЛОВА. ПЕРАВАГА ВОПЫТУ НАД МАЛАДОСЦЮ На першай сесii абласнога Савета 25-га склiкання старшынёй Брэсцкага абласнога Савета дэпутаты выбралi Сяргея Ашмянцава. Да гэтага Сяргей Дзмiтрыевiч працаваў намеснiкам старшынi аблвыканкама. Намеснiкам старшынi Савета стаў Iван Пацоўскi, якi працуе кiраўнiком упраўлення Нацыянальнага банка па Брэсцкай вобласцi. Сесiя таксама сфармiравала пяць пастаянных дэпутацкiх камiсiй i прэзiдыум аблсавета. Мандатная камiсiя прызнала паўнамоцтвы ўсiх 60 абраных дэпутатаў. У дакладзе мандатнай камiсii прагучала статыстыка, якая характарызуе асабовы склад новага выбарнага органа прадстаўнiчай улады. 26 дэпутатаў працуюць у прамысловасцi, транспарце, гандлi, сем — у сельскай гаспадарцы, дзевяць — у адукацыi, чатыры — у галiне аховы здароўя, чатыры — у праваахоўных органах i вайсковых часцях, сем — у iншых галiнах. На гэты раз абласнымi дэпутатамi сталi ўсяго дзевяць жанчын. Большасць членаў абласнога Савета — 32 чалавекi — маюць узрост ад 50 да 60 гадоў, да 40 гадоў — шасцёра дэпутатаў. Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старшынёй Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў у чацвёрты раз выбраны Аркадзь Карпуць |
|