Замест ФАПа ў Хмелеве з’явiлася амбулаторыя
Святлана ЯСКЕВIЧ
ДАЧАКАЛIСЯ На афiцыйнае адкрыццё новай амбулаторыi сабралася шмат хмелеўцаў, прыйшлi нават старшакласнiкi са сваiмi настаўнiкамi з сярэдняй школы. Побач з юнымi вяскоўцамi стаялi жанчыны пераважна пенсiйнага ўзросту — тыя, каму медыцынская ўстанова найбольш патрэбная. Адна з iх аказалася брастаўчанкай, якая прыехала даглядаць хворую сястру. Вядома, цяпер будзе лепей, калi на месцы ёсць доктар i не трэба везцi хворую на прыём у райцэнтр.Марыя Фёдараўна Вегера, былая загадчыца пошты, таксама рада, што медыцына становiцца блiжэй да вяскоўцаў у iх асобна ўзятым аграгарадку. Яшчэ пенсiянеркi амаль у адзiн голас выказвалi задавальненне тым, што ў новай установе застаецца працаваць былая загадчыца iх ФАПа Людмiла Макарэвiч. Людмiла Аляксандраўна ўсяго чатыры гады ў Хмелеве, а тутэйшыя жыхары ацанiлi яе за чуласць, спагаду, прафесiяналiзм. «Дыягназ нашай Аляксандраўны, — гаварылi кабеты, — яшчэ нi адзiн урач у раённай палiклiнiцы не паправiў». Людмiла Макарэвiч будзе працаваць тут па сваёй ранейшай i любiмай спецыяльнасцi — акушэркай. А загадчыкам новай амбулаторыi прызначаны Вiктар Санюк, урач раённага тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання. Фактычна з сярэдзiны студзеня новая вясковая ўстанова аховы здароўя прымае хворых. Раней у Хмелеве Жабiнкаўскага раёна быў ФАП, якi месцiўся ў прыстасаваным будынку. Але з атрыманнем летась вёскай статуса аграгарадка тут паўстала пытанне аб адкрыццi ўрачэбнай амбулаторыi. Пад памяшканне вызначылi другi паверх гандлёвага цэнтра. Тут правялi капiтальны рамонт за сродкi раённага бюджэту, аснасцiлi кабiнеты новым абсталяваннем. На гэта пайшло каля трохсот мiльёнаў рублёў. Новая амбулаторыя мае прасторныя пакоi для прыёму пацыентаў, працэдурную, лабараторыю, фiзкабiнет, палату для дзённага стацыянара, аптэчны кiёск. Не кожная гарадская палiклiнiка можа пахвалiцца такiм памяшканнем. Вiктар Санюк паказвае сваю гаспадарку: новенькi кардыёграф дазволiць кантраляваць стан сардэчнай дзейнасцi пацыента. У штаце ёсць лабарант, значыць, за элементарнымi аналiзамi не спатрэбiцца ехаць у раён. Два ложкi дзённага стацыянара гатовы, каб прыняць тых, хто мае патрэбу ў кропельнiцах, фiзiяпрацэдурах. Вiктар Аляксандравiч ездзiць на работу з горада, ён часовы чалавек на гэтай пасадзе. А недзе з пачатку восенi ў Хмелева атрымае прызначэнне пастаянны доктар, хутчэй за ўсё, малады спецыялiст, заяўкi на якiх зроблены РТМА. Па графiку пакуль будзе наведвацца з раёна i стаматолаг Таццяна Лiхута. Хмелеўская амбулаторыя абслугоўвае цяпер усе дзевяць вёсак сельсавета. Медыцынскай установе выдзелена санiтарная машына, i дабрацца да хворага нават у самы аддалены населены пункт перастала быць праблемай. «Сёння выпiсваецца жанчына з раддома, — расказвае ўчастковая медсястра Алена Крыцкая, — а заўтра мы яе наведваем самi, даём усе неабходныя парады па догляду нованароджанага». Зараз на ўчастку ў Алены — 14 дзяцей ва ўзросце да года, а летась у гэты час было ўсяго шасцёра. Усе немаўляты 2006 года нараджэння, паводле слоў медсястры, растуць здаровымi ў поўных нармальных сем’ях. Такi скачок нараджальнасцi медыкi, i перш за ўсё былая загадчыца мясцовага ФАПа Людмiла Макарэвiч, тлумачаць значнай сацыяльнай падтрымкай маладых сем’яў на вёсцы. З фельчарам салiдарная i выконваючая абавязкi старшынi Хмелеўскага сельскага Савета Iрына Андрайчук. Тутэйшы СВК апошнiм часам стаў устойлiвай стабiльнай гаспадаркай, будуецца многа жылля. Нядаўна капiтальна адрамантавалi школу, аўтобус падвозiць дзяцей на заняткi з iншых вёсак. Добраўпарадкаванне населеных пунктаў iдзе па плану. «I галоўнае — дапамога на траiх, чацвярых дзяцей, якую атрымлiваюць нашы матулi, часам перавышае iхнюю зарплату. Чаму ж не нараджаць?» — заключае Людмiла Макарэвiч. Зараз у акушэркi новай амбулаторыi сталi на ўлiк тры жанчыны, што чакаюць дзяцей. Людмiла Аляксандраўна рада, што зноў будзе займацца любiмай справай. Паўтара дзесятка гадоў яна адпрацавала ў радзiльным доме, дакладней, у радзiльнай зале, дзе прымала дзетак. I цяпер з гонарам прадэманстравала новае абсталяванне прасторнага кабiнета, але мякка перагарадзiла дарогу фотакарэспандэнту: «А тое, што за шырмай, здымаць не трэба, гэта святая святых...» Пройдзе яшчэ колькi дзён, i канчаткова выветрыцца пах свежай фарбы. Амбулаторыя зажыве прывычнымi буднямi, як i амбулаторыя ў пасёлку Ленiнскi, якую адкрылi летась. У Ракiтнiцы такi ж аб’ект адрамантавалi i аснасцiлi ў мiнулым годзе. Пра гэта сказаў на адкрыццi сельскай медыцынскай установы ў Хмелеве Мiкалай Токар, старшыня Жабiнкаўскага выканаўчага камiтэта самага маленькага па тэрыторыi ў краiне раёна.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На афiцыйнае адкрыццё новай амбулаторыi сабралася шмат хмелеўцаў, прыйшлi нават старшакласнiкi са сваiмi настаўнiкамi з сярэдняй школы |
|