Замiнае юрыдычная неадукаванасць
Леанiд ТУГАРЫН
ПРАВАВЫ ЛIКБЕЗ Чатыры пятыя зваротаў у пракуратуру неабгрунтаваныя — гэтыя даныя агучыў начальнiк прэс-цэнтра Рэспублiканскай пракуратуры Мiхаiл Вавула. Размова iшла аб рабоце з пiсьмамi i зваротамi грамадзян у сувязi з рэалiзацыяй прэзiдэнцкай дырэктывы аб дэбюракратызацыi.У заможных заходнiх дзяржавах чалавек, перш чым звярнуцца ў iнстанцыю (часцей за ўсё ў суд), раiцца са сваiм адвакатам i толькi потым падае iск, скаргу. У нас жа значная частка насельнiцтва, асаблiва вясковага, зыходзiць з уласных уяўленняў аб кампетэнтнасцi дзяржаўных органаў i таму часта дасылае ў пракуратуру пiсьмы, як гаворыцца, не па адрасу. Так, летась колькасць зваротаў туды павялiчылася да 66,8 тысячы, што на 6,7 працэнта больш, чым у 2005 годзе. Больш як дзве трэцi зваротаў вырашаны непасрэдна супрацоўнiкамi пракуратуры. Кожны пяты зварот, цi 9,1 тысячы, прызнаны абгрунтаваным. Мiхаiл Вавула канстатаваў, што рост заяў у многiм абумоўлены фармалiзмам i бяздушнымi адносiнамi службовых асобаў на месцах да патрэб людзей. Разам з тым, у Рэспублiканскай пракуратуры лiчаць, што ўзросшая колькасць зваротаў у пэўным сэнсе сведчыць аб павышэннi даверу грамадзян да дадзенай праваахоўнай структуры. Пры аналiзе зместу пошты за мiнулы год супрацоўнiкi пракуратуры звярнулi ўвагу на тое, што ў кожным трэцiм звароце былi выкладзеныя пытаннi i просьбы, якiя датычацца кампетэнцыi мясцовых органаў улады i распарадчых органаў. Туды i былi накiраваны больш за 22 тысячы скаргаў i заяў грамадзян. Юрыдычная неадукаванасць — галоўная прычына таго, што звароты накiроўваюцца «не па адрасу». Часткова вырашыць яе дазваляе пашырэнне геаграфii i павелiчэнне часу, адведзенага на прыём грамадзян супрацоўнiкамi пракуратуры на месцах iх работы i жыхарства. Таксама выкарыстоўваецца i такая форма ўзаемадзеяння пракуратуры i органаў мясцовай улады, як накiраванне апошнiм iнфармацыйных запiсак з аналiзам сiтуацыi аб рабоце са зваротамi грамадзян на iх тэрыторыi. Мiхаiл Вавула паведамiў, што, у прыватнасцi, дзякуючы такiм кантактам расце юрыдычная адукаванасць наймальнiкаў — кiраўнiкоў мясцовых прадпрыемстваў, устаноў, арганiзацый, якiя нярэдка парушаюць працоўныя правы людзей з-за няведання таго цi iншага закона. Чатыры пятыя ўсiх зваротаў у пракуратуру прызнаны неабгрунтаванымi па розных прычынах. I асноўная з iх — прызнанне неправамернасцi пазiцыi аўтараў пiсьмаў, скаргаў. Чаму так здараецца? Людзi проста не знаёмыя са зместам нарматыўных актаў, не ведаюць сваiх правоў i абавязкаў. У вынiку трэць зваротаў была накiравана ў iншыя дзяржаўныя органы адпаведнасцi з iх кампетэнцыяй. Карыснай справай, лiчыць Мiхаiл Вавула, магло б стаць выданне масавым тыражом недарагiх юрыдычных даведнiкаў, напiсаных даходлiвай мовай i прызначаных як для работнiкаў выканкамаў, так i iх наведвальнiкаў. Варта было б выканкамам разам з пракурорамi падумаць над стварэннем на месцах сеткi даступнай юрыдычнай кансультацыi: дзе за прымальную аплату, дзе бясплатна, на грамадскiх пачатках. Далёка ж не кожны ў вёсцы цi нават у райцэнтры здольны аплацiць нятанныя паслугi адваката. А павышэнне юрыдычнай адукаванасцi — гэта катэгорыя i прававая, i сацыяльная, i эканамiчная. Мiхаiл Вавула паведамiў, што працэсы дэбюракратызацыi закранулi i органы пракуратуры. Так, летась за фармалiзм i валакiту пры арганiзацыi прыёму грамадзян i дрэнную работу са зваротамi быў вызвалены з пасады пракурор Астравецкага раёна. За дзевяць месяцаў мiнулага года ён прыняў толькi 8 з 216 грамадзян, якiя звярнулiся ў раённую пракуратуру. У адпаведнасцi з дырэктывай ацэнка падобных фактаў i з’яў будзе яшчэ больш жорсткай.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чатыры пятыя зваротаў у пракуратуру неабгрунтаваныя — гэтыя даныя агучыў начальнiк прэс-цэнтра Рэспублiканскай пракуратуры Мiхаiл Вавула |
|