Малым гарадам — высокі статус
Сяргей ПРОТАС
Сёння мiнчане, жыхары абласных i буйных гарадоў Беларусi маюць даволi высокi ўзровень жыцця i камфортныя ўмовы пражывання. На iх фоне беларуская глыбiнка — вёска i малыя гарады з колькасцю насельнiцтва да 50 тысяч — выглядае куды больш сцiпла. Але ж менавiта там пражывае прыкладна палова насельнiцтва краiны — такiх жа яе грамадзян, як i ўсе iншыя. Да 2010 года гэты дыспарытэт дабрабыту павiнен быць знiвелiраваны. Менавiта такую мэту мае Дзяржаўная комплексная праграма развiцця рэгiёнаў, малых i сярэднiх гарадскiх пасяленняў на 2007—2010 гады, праект якой абмяркоўваўся ўчора на нарадзе ў кiраўнiка дзяржавы.
— Мы ствараем дзяржаву для народа, — падкрэслiў Прэзiдэнт Беларусi, звяртаючыся да ўрада, губернатараў, прадстаўнiкоў мясцовай улады. — Такую дзяржаву, дзе будуць рэалiзаваны максiмальна спрыяльныя ўмовы жыццядзейнасцi чалавека, незалежна ад яго месцажыхарства. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў дачыненнi да адраджэння i развiцця вёскi прыняты ўсе неабходныя рашэннi. Рэалiзуецца адпаведная праграма. Малыя ж гарады аказалiся залежнымi ад «галавацяпства савецкiх часоў»: тут стваралiся горадаўтваральныя прадпрыемствы, якiя развалiлiся пасля распаду Савецкага Саюза, i большасць насельнiцтва аказалася без работы i нармальных умоў пражывання. Таму пасля наведвання кiраўнiком Беларусi шэрагу такiх гарадоў былi прыняты канкрэтныя рашэннi па iх адраджэнню. Больш таго, ужо iснуюць станоўчыя прыклады такой сацыяльнай рэабiлiтацыi з канкрэтнымi адрасамi. Паводле слоў Прэзiдэнта, пытання: «Як рабiць?» быць не павiнна. Стварыць людзям працоўныя месцы, нармальныя ўмовы жыцця ў такiх населеных пунктах неабходна ўжо ў гэту пяцiгодку. — Мы павiнны падцягнуць умовы працы i быту жыхароў малых гарадоў да ўзроўню мiнчан, — заявiў Аляксандр Лукашэнка. Для рэалiзацыi гэтай задачы Прэзiдэнт у свой час даручыў ураду распрацаваць праект дзяржаўнай комплекснай праграмы. Прычым з жорсткiмi патрабаваннямi: нiякага канцэптуалiзму, а толькi звод канкрэтных населеных пунктаў i неабходных мерапрыемстваў. Прэзiдэнт таксама запатрабаваў эканомнага выкарыстання бюджэтных рэсурсаў, якiя будуць накiроўвацца на развiццё малых i сярэднiх гарадскiх паселiшчаў. — Я вам не дазволю нiшчыць грошы. Сканцэнтруйце сродкi i вядзiце будаўнiцтва як трэба, — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзiдэнта, у рэспублiцы будзе наладжаны самы жорсткi кантроль за выкарыстаннем такiх бюджэтных сродкаў. Беларускi лiдар запатрабаваў ад Камiтэта дзяржаўнага кантролю ўзбуджаць крымiнальныя справы за безгаспадарчасць пры рэалiзацыi праектаў у малых i сярэднiх гарадах. — Мы ганяемся за жулiкамi i прайдзiсветамi, але яны крадуць 500 тыс. долараў, мiльён. Тут жа крадуць дзесяткi i сотнi мiльёнаў долараў, — сказаў Прэзiдэнт. Гаворачы пра рэалiзацыю праграмы ў кожным асобна ўзятым населеным пункце, Аляксандр Лукашэнка заклiкаў быць беражлiвымi i ашчаднымi, пазбягаць лiшнiх выдаткаў i працаваць на ўжо iснуючай базе. — Не разбурайце ўклад вёскi, якi стагоддзямi там ствараўся. Будуйце, дабудоўвайце, ушчыльняйце вёску, а не стварайце на голым месцы «пацёмкiнскiя вёскi», — запатрабаваў кiраўнiк дзяржавы. — ... Даравання за безгаспадарчасць не будзе. Гаворачы аб неабходнасцi рэалiзацыi Дзяржпраграмы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яна прадугледжвае цэлы комплекс мераў па развiццю малых i сярэднiх гарадоў. Сярод iншага — стварэнне спрыяльных умоў для вядзення бiзнэсу, адкрыццё новых вытворчасцяў, каб «прадпрымальнiк пайшоў менавiта туды». — Тады за кошт вытворчасцi бiзнэс сам створыць нармальныя ўмовы для жыцця людзей у такiх гарадах, — лiчыць Прэзiдэнт. — Вядома, пад кантролем дзяржавы, каб прыбытак, якi будзе зарабляцца на месцы, iнвеставаўся ў развiццё малых гарадоў, пасёлкаў, а не раскладваўся па кiшэнях або, што яшчэ горш, вывозiўся за межы краiны. Яшчэ адна задача, пастаўленая Аляксандрам Лукашэнкам, — у малых i сярэднiх гарадах Беларусi павiнна быць наладжана вытворчасць iмпартазамяшчальных тавараў. Як адзначыў, прадстаўляючы Дзяржпраграму, прэм’ер-мiнiстр Беларусi Сяргей Сiдорскi, дакумент ахоплiвае 187 населеных пунктаў, у тым лiку 95 пасёлкаў гарадскога тыпу, 73 малыя гарады, 15 сярэднiх гарадоў з колькасцю да 50 тыс. чалавек, горад Слонiм, а таксама 1 сельскi пасёлак (Iльiч) i 2 вёскi (Бiгосава Вiцебскай i Гадылёва Магiлёўскай абласцей). Вызначаны пералiк са 188 праблемных арганiзацый i распрацаваны меры па стабiлiзацыi iх дзейнасцi. Прадугледжана рэалiзацыя 335 iнвестыцыйных праектаў i комплексных мерапрыемстваў па развiццю малых i сярэднiх гарадоў: 97 — стварэнне новых, 152 — мадэрнiзацыю дзеючых вытворчасцяў. 372 арганiзацыям мяркуецца ўстанавiць шэраг падатковых прэферэнцый. У вынiку рэалiзацыi Дзяржаўнай праграмы чакаецца, што да 2011 года ў малых i сярэднiх гарадскiх паселiшчах будзе створана 99,3 тысячы працоўных месцаў, значна знiзiцца ўзровень беспрацоўя, намiнальная налiчаная заработная плата ў 2010 годзе ў параўнаннi з 2005 годам узрасце да 1,9—2,1 раза. Таксама запланаваны значны рост аб’ёмаў вытворчасцi прадукцыi, работ i паслуг — ад 141 да 156 працэнтаў. У комплексе з Дзяржпраграмай падрыхтаваны праекты шэрагу ўказаў кiраўнiка дзяржавы. Так, праект Указа «Аб спрошчанай сiстэме падаткаабкладання» прадугледжвае ўдасканаленне i значнае пашырэнне выкарыстання спрошчанай сiстэмы падаткаабкладання для суб’ектаў малога прадпрымальнiцтва. У прыватнасцi, прапануецца пашырыць колькасць суб’ектаў гаспадарання, якiя маюць права выкарыстоўваць спрошчаную сiстэму, за кошт змянення крытэрыяў максiмальнай колькасцi наёмных работнiкаў з 15 да 100 чалавек i павелiчэння сярэднегадавога памеру валавой выручкi да 2 млрд рублёў. Акрамя таго, у праекце прадугледжаны льготныя ўмовы спрошчанай сiстэмы для арганiзацый i зарэгiстраваных iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, якiя ажыццяўляюць вытворчую дзейнасць у малых населеных пунктах i аграгарадках. Па папярэднiх ацэнках, спрошчаную сiстэму падаткаабкладання змогуць выкарыстоўваць да 25 тысяч арганiзацый i 50 тысяч iндывiдуальных прадпрымальнiкаў. Мiнiстр фiнансаў Беларусi Мiкалай Корбут паведамiў, што на рэалiзацыю Дзяржпраграмы прадугледжана каля 22 трыльёнаў рублёў, з якiх 11,8 трыльёна — бюджэтныя сродкi. Аляксандра Лукашэнку цiкавiла падрабязная раскладка артыкулаў, на якiя будуць выдаткаваныя асноўныя сродкi. Кiраўнiк дзяржавы адзначыў пэўную блытанiну ў расходнай частцы праграмы, якая ўзнiкла з-за таго, што сюды трапiлi артыкулы расходаў i мерапрыемствы, ужо прадугледжаныя iншымi Дзяржпраграмамi: адраджэння i развiцця вёскi, развiцця аховы здароўя i г. д. — Не толькi перакрыжаванага субсiдзiравання, перакрыжаванай пiсанiны не павiнна быць! — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. Прэзiдэнт падкрэслiў, што Праграма не павiнна стаць «добрым намерам». Патрэбна канкрэтна вызначыцца па кожным населеным пункце, што трэба пабудаваць, адрамантаваць, абсталяваць i г. д., каб чалавек мог нармальна працаваць, годна жыць, адпраўляць дзяцей у добрую школу, атрымлiваць належную медыцынскую дапамогу... I колькi гэта будзе каштаваць. Зыходзiць трэба з пазiцыi простай жыццёвай логiкi. Прэзiдэнт даручыў ураду i губернатарам дапрацаваць праект праграмы з улiкам выказаных заўваг i прапаноў да пачатку другога квартала. Гэта значыць, што на няпростую, але вельмi важную i адказную работу засталося крыху больш за месяц.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння мiнчане, жыхары абласных i буйных гарадоў Беларусi маюць даволi высокi ўзровень жыцця i камфортныя ўмовы пражывання. На iх фоне беларуская глыбi |
|