Настасся Слуцкая стала... спадарожнiцай баевiкоў
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Тэлесеткi Сумеснае беларуска-расiйскае кiно хутка трапiць на тэлеэкраныВось i выпаў нарэшце шанц актрысе Купалаўскага тэатра Святлане Зелянкоўскай пацвердзiць, што ў кiно яна можа стварыць нешта большае i цiкавейшае, чым рамантычны вобраз слуцкай князёўны. Адбылося гэта ў 4-серыйнай псiхалагiчнай меладраме «Маёр Ветраў», якую знялi паводле твораў Мiкалая Чаргiнца расiйская кампанiя «Арт Сiнема Груп», Белтэлерадыёкампанiя i нацыянальная кiнастудыя «Беларусьфiльм». Праўда, роля ў Святланы не вялiкая i нават не самая галоўная, але ж запамiнальная. Лiтаральна ў студзенi 2007 года быў скончаны этап агучвання карцiны, а 26 лютага мы з вамi ўжо ўбачым першую серыю гэтага напалову баевiка—напалову меладрамы. ...Маёру Раману Ветраву — ветэрану афганскай вайны, кадраваму афiцэру спецназа — выпадае ўступiць у барацьбу з бандай мiжнароднага наркагандляра Хакiма. Той вырашыў арганiзаваць у родным горадзе Ветрава Рэчанску перавалачны пункт для перапраўкi ў Заходнюю Еўропу буйных партый наркотыкаў. У баi з бандай Хакiма гiне бацька Ветрава. Каханая дзяўчына маёра Марына выходзiць замуж за ягонага былога сябра — цяперашняга падручнага Хакiма, уладальнiка «наркатычнага» капiталу. Сам Ветраў трапляе пад суд i, бязвiнна асуджаны, iдзе ў турму. Аднак паколькi доўг гонару, вернасць i мужнасць для Ветрава — не пустыя словы, ён пачынае, здавалася б, безнадзейную барацьбу... i выйграе. Галоўнага героя, дарэчы, iграе Алег Штэфанко. На ролю Марыны была запрошана прызнаная прыгажуня Яўгенiя Крукава. Увогуле, у мiнi-серыяле заняты многiя вядомыя беларускiя i расiйскiя акцёры: Аляксандр Падабед, Славiк Сцепанян, Аляксандр Пяскоў, Уладзiмiр Янкоўскi, Iван Мацкевiч i г.д. Нягоднiкам Хакiмам стаў акцёр Мухтар Гусенгаджыеў, якому Кнiга рэкордаў Гiнеса дала званне самага гнуткага мужчыны планеты. Музычнае афармленне фiльма таксама беларускае — iм займаўся вядомы кампазiтар Леанiд Шырын, у саундтрэках гучаць галасы «Бi-2» i Карыяны. А вось над сцэнарыем i здымкамi працавала змяшаная каманда: рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Франскевiч-Лайе, пiсьменнiк Мiкалай Чаргiнец, сцэнарысты Глеб Шпрыгаў, Аляксандр Зайцаў. Трукi забяспечвалi беларускiя i расiйскiя каскадзёры, а ў масавых сцэнах там-сям занятая тэхнiка i войскi Мiнабароны РБ i МУС РБ. «У фiльма выдатная сцэнарная аснова, я маю на ўвазе раманы Мiкалая Чаргiнца «Уцёкi» i «Смерць за смерць», — адзначыла дырэктар дырэкцыi лiцэнзiйных праграм i кiнапаказу БТРК Ларыса Пiсарчык. — Мiкалай Iванавiч сам прайшоў Афган, ведае армейскiя i мiлiцэйскiя буднi не па чутках, таму атмасфера ў фiльме наблiжана да рэальнасцi. Асабiста мне было вельмi цiкава глядзець». Паводле слоў Ларысы Iванаўны, ужо ёсць прапановы наконт набыцця фiльма некаторымi цэнтральнымi расiйскiмi каналамi. Аднак беларусы ўбачаць «Маёра Ветрава» першымi!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сумеснае беларуска-расiйскае кiно хутка трапiць на тэлеэкраны |
|