21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Галоўны жабiнкаўскi турыст

25.08.2009 22:20 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Генадзь Турыцын — чалавек незвычайны. Ён можа пакiнуць у горадзе, не толькi супраць Дома культуры, дзе працуе дырэктарам яго жонка, але i ля вакзала (а Жабiнка — станцыя вузлавая, шматлюдная) свой белы «Мерседэс» незачыненым. Чужым, малазнаёмым людзям дае ключы ад свайго дома.

Разам з тым у свае 61 ён чалавек зусiм не дзiвакаваты i не наiўны. За яго плячыма багаты жыццёвы вопыт, у якiм усяго хапала. Ён, напрыклад, мае падзяку ад самога Мiкалая Шчолакава, колiшняга Мiнiстра ўнутраных спраў СССР, за праяўленую мужнасць пры затрыманнi небяспечнага злачынцы. Гэта адбылося далёка ад Беларусi, на глухой сiбiрскай станцыi. Служба маладога лейтэнанта чыгуначнай мiлiцыi Турыцына там была такая, што на ноч ён пад падушку клаў зброю, i здаралася — прымяняў. Злачынца, мiж iншым, быў на галаву вышэй Турыцына, а ў таго нават наручнiкаў не было. Стрэлiў, кажа, у паветра i схаваў пiсталет у кабуру, старанна зашпiлiў, бо разумеў: дойдзе справа да барацьбы, невядома яшчэ, у чыiх руках акажацца зброя. Страляць на паражэнне ён не стаў. Ён злодзея не толькi дагнаў (двойчы), звязаў (нейкiм поясам), але яшчэ i прывёз з глухой станцыi, на якой спынялiся далёка не ўсе цягнiкi, у горад. У дарозе, пакуль ён звязваўся па рацыi з гарадскiм аддзяленнем мiлiцыi i прасiў аб дапамозе — сустрэць на вакзале, адбылася яшчэ адна спроба ўцёкаў. А на вакзале iх чамусьцi нiхто так i не сустрэў, i давялося Турыцыну канваiраваць (калi можна так сказаць пра аднаго чалавека) затрыманага праз вакзальны натоўп... Прывёў у аддзяленне, там адразу ўсе забегалi, i ўжо адтуль, смяецца Генадзь Фядотавiч, злодзея павялi чацвёра...

Пра гэты факт турыцынскай бiяграфii мала хто ў Жабiнцы ведае. У раёне Турыцын вядомы, па-прастамоўнаму, як галоўны турыст. Больш дакладна будзе — галоўны арганiзатар i кiраўнiк турызму. Ён больш за 20 гадоў узначальвае Жабiнкаўскую станцыю дзiцячага i юнацкага турызму i краязнаўства. Можа таму i не баiцца пакiдаць «Мерседэс» незачыненым, што яго, Турыцына, тут ведаюць усе «складаныя» дзецi, у тым лiку i тыя, што былi дзецьмi 20, 10 гадоў таму. Не проста ведаюць: перажытыя разам прыгоды i моцныя ўражаннi зблiжаюць людзей i пакiдаюць у душы глыбокi адбiтак i, вiдавочна, — павагу да Генадзя Фядотавiча. Дарэчы, «турыцынскiя дзецi» нязменна першыя на абласных i рэспублiканскiх турыстычных злётах i спаборнiцтвах.

Цяпер Турыцын рыхтуе сабе змену. Збiраецца на пенсiю. Не таму, што стамiўся. Ён з жахам думае пра тое, што мог настаць час, калi ён адчуў бы сябе сапраўдным пенсiянерам. Чалавек, якi вадзiў дзяцей на Каўказ, пакараў вяршынi Карпат i Паўночнага Урала, нiколi не задаволiцца градкамi i канапай. Турыцын сыходзiць у вясковы турызм. Летась ён зарэгiстраваў у сельскiм Савеце свой дом як сялянскую сядзiбу i прымаў першых гасцей. Гэта, кажа, быў пробны камень. Сёлета плануе заняцца ўласнай сядзiбай, ён назваў яе «Рачная», усур’ёз. Планаў у яго — велiч.

Сядзiба

У Турыцына шмат чаго ёсць. Галоўнае — унiкальнае, надзвычай прыгожае месца. Яго дом стаiць на высокiм беразе Мухаўца, на ўскраiне старажытнай вёскi Здзiтава, ля знакамiтага Здзiтаўскага лесу.

— У гэты лес, — кажа Генадзь Фядотавiч, — раней прыязджала ўся Варшава. Ён быў накшталт Елiсейскiх палёў. Увесь падзелены на ўчасткi, якiя даглядалi мясцовыя жыхары. На жаль, зараз захламляецца...

Такiм чынам, турызм, прычым — «зялёны», у гэтых мясцiнах iснаваў здаўна. Лес захаваўся амаль у тым выглядзе, што i сто гадоў таму. Нядаўна, праўда, зрэзалi некалькi шматвяковых сосен, каб падвезцi пясок на пляж. «Ды яны, на самай справе, i не перашкаджалi», — з сумам заўважае Генадзь Фядотавiч. Ён спрабаваў абаранiць старажытныя дрэвы. Але аднаму яму захаваць унiкальны лес, як i чысцiню Мухаўца i яе берагоў, немагчыма. Калi б толькi адны мясцовыя ўлады паставiлi такую задачу сабе, таксама вырашыць яе было б складана. Але пры ўмове аб’яднання намаганняў Турыцына, яго суседзяў i ўладаў толк будзе. Прычым такое аб’яднанне зэканомiла б сродкi. А iнтарэс ва ўсiх адзiн: чысцiня, парадак, экалагiчная бяспека i прыбытак ад турыстаў.

Дом Генадзь Фядотавiч пабудаваў сам па ўласнаму праекту. Тут спатрэбiлася другая яго вышэйшая адукацыя (калi не лiчыць незакончанай педагагiчнай) — будаўнiчая. Цяпер, калi вырашыў заняцца вясковым турызмам, дом будзе трохi перарабляць. Напрыклад, абсталюе санвузел на другiм — гасцявым — паверсе. На першым санвузел з электракатлом у яго ёсць.

Для турыстаў, галоўным чынам, ён сам склаў дзве печкi. У дом падведзены газ, i гаспадарам печ не патрэбная. Але калi печкi ёсць, то i гаспадары маюць карысць. Адну ён склаў па сiбiрскiх чарцяжах — прывёз ад сваякоў, дымаход у ёй зроблены так, што яна цёплая не толькi зверху, але i знiзу. Днямi выпрабаваў: закалоў кабанчыка i кiлбасы смажыў — атрымалiся такiя, што розум з’ясi!

Тое ж датычыцца i спадарожнiкавага тэлебачання, без якога яны, у прынцыпе, маглi абысцiся (часу няма i на адзiн канал). I камп’ютар — навошта, скажыце, без малога пенсiянеру камп’ ютар у хаце?! А Фядотавiч прадумвае, як забяспечыць надзейны выхад у Iнтэрнэт. Бо сярод сучасных турыстаў, асаблiва «зялёных», могуць сустрэцца людзi дзелавыя, якiм доступ у сусветную сетку можа аказацца важным.

Тое датычыцца i лазнi. Была ў Генадзя Фядотавiча лазня — невялiчкая. Цяпер ён робiць амаль што комплекс: з пакойчыкам адпачынку (у якiм будзе дэкаратыўнае акно з падсветкай — па парадзе нямецкага спецыялiста па «зялёнаму» турызму), з рознымi вiдамi пары... Дачка неяк папракнула: што ты, маўляў, бацька, стараешся, грошы ўкладаеш, нiхто гэтым пасля цябе займацца не будзе. Але Турыцын, напэўна, адносiцца да людзей цiхiх, але надзвычай упартых. Ён уключае вiдэакасету, глядзiць на сваiх унучак, дзяцей, зяця i смяецца: «Усё, што я раблю, iм дастанецца, хай не ў якасцi справы, а для адпачынку. Цi гэта дрэнна?»

КРАЙ

Усё вышэйпералiчанае — дадатак да сядзiбы «Рачная». Не за парай i не за чароўным даляглядам з акна (а гэта сапраўды так) варта ехаць у Здзiтава. Турыцын хоча бачыць у сябе турыстаў, якiм цiкавы гэты край, народ, звычаi, гiсторыя. Турыцын можа прапанаваць прафесiйнае кiраўнiцтва i арганiзацыю паходу на байдарках, веласiпедах i пешшу. Ён з дзецьмi (па чарзе з усiх 12 школ раёна) тры гады ўжо ходзiць ад свайго дома ўверх па Мухаўцу — «з грэкаў у варагi», i ўнiз — «з варагаў у грэкi». Гэта толькi адзiн з 11 турыстычных маршрутаў, якiя Турыцын распрацоўвае з дапамогай краязнаўца Анатоля Бензярука.

— Я хачу зацiкавiць самых розных турыстаў, — кажа Генадзь Фядотавiч. — Падрыхтаваным павiнна спадабацца звiлiстая, хуткая i наравiстая рэчка Лясная, яна нагадвае мне Паўночна-Уральскую Сосьву. Для навiчкоў раблю непатапляльныя катамараны з двух слаламных байдарак. На iх можна спакойна пасадзiць любога госця, апранаю яшчэ выратавальныя камiзэлькi, каб людзi адчувалi сябе больш упэўнена, i ўсё. Увесну, Бог дасць, рэстаўрую марскую 9-месную шлюпку «Ял-4», на ёй можна быць i ў якасцi пасажыра, i павеславаць па-сапраўднаму. Мару пераабсталяваць яе пад старажытнае судна з ветразем.

Водныя маршруты для Турыцына — самыя любiмыя. Але i пешшу тут ёсць дзе вандраваць: той жа Здзiтаўскi лес, ад ускрайку якога вулiца Вiшнёвая вядзе да старажытнага помнiка палескага дойлiдства — Здзiтаўскай Свята-Мiкiцкай царквы. Ёй сёлета спаўняецца 505 гадоў. Падлога ў невялiкiм, утульным i цiхiм, як малiтва, храме месцамi сцерлася настолькi, што сталi бачнымi вялiзныя каваныя цвiкi...

Турыцын прапаноўвае лыжы — зiмой i веласiпеды — летам. Ён увогуле прыхiльнiк здаровага ладу жыцця. Калi чуе, што да яго едуць толькi каб чарку кульнуць, то адмаўляе. Калi людзям цiкава яшчэ хоць бы што-небудзь, то ён i сам налье ўласнага вiна з лясной чорнай парэчкi, i раскажа, як з яго дапамогай лепей за ўсё сагрэцца, прагнаць смагу.

Ды i грэх у такiх мясцiнах сядзець у хаце: амаль трэць Жабiнкаўскага раёна займае курортная зона рэспублiканскага значэння. У Здзiтава i за 5—20 кiламетраў ад вёскi людзi знаходзяць бурштын i крэмень...

Можна скарыстацца i аўтамабiлем: за 4 кiламетры ад сядзiбы праходзiць траса Брэст—Масква, а перпендыкулярна ёй, у бок Белавежскай пушчы, — старадаўнi гасцiнец. Жабiнкаўская зямля ўзгадавала героя двух кантынентаў Тадэвуша Касцюшку, тут, ля вёскi Чыжэўшчына, адбыўся знакамiты Крупчыцкi бой памiж паўстанцамi i расiйскiмi палкамi генерала Аляксандра Суворава. У Здзiтаўскай царкве адпявалi бацьку Тадэвуша Касцюшкi — Людвiка.

У Жабiнкаўскiм, самым маленькiм у Беларусi, раёне — 11 помнiкаў архiтэктуры, шмат мясцiн, звязаных з ваеннай гiсторыяй, археалагiчнымi знаходкамi i з iмёнамi неардынарных асобаў. У самой Жабiнцы — цукровы завод, экскурсii па якiм надзвычай падабаюцца дзецям. Навокал шмат дзiўных прыродных куткоў: алея з пяцiсотгадовых дубоў ля Здзiтаўскай царквы, закладзены ў сярэдзiне XIX стагоддзя парк Ацячызна ў пасёлку Ленiнскi, Касцюшкаўскi парк у Малых Сяхновiчах...

За 6 кiламетраў ад дома Генадзя Турыцына знаходзiцца Залуззеўскi дом народнай творчасцi з этнаграфiчным музеем «Вясковая хата». Тут сабрана ўсё, з чаго вякамi складалася жыццё мясцовага селянiна: ад посуду да кроснаў, ад сярпа да самаробнай каўбаснiцы... Ёсць куток, прысвечаны народнай медыцыне. У музеi экспануюцца жаночыя касцюмы XVII стагоддзя: жнiвеньскiя, купальскiя, троiцкiя, калядныя. Залуззеўскi музей «жывы» — тут можна павучыцца плесцi з лазы, ткаць, вязаць, вышываць, гуляць у народныя гульны. Ды i само Залуззе — вёска незвычайная, адна з нямногiх, якая ў жывым бытаваннi захавала абрад ваджэння карча (на трэцi дзень Троiцы) i «вхiдчыну» (уваходзiны).

Ёсць яшчэ на Жабiнкаўшчыне, у вёсцы Хмелева, Спаса-Праабражэнскi мужчынскi манастыр, вядомы тым, што ў храме пры iм адбываюцца «адчыткi», альбо «выгнанне чарцей» з дапамогай асаблiвых малiтваў.

К Турыцыну можна прыехаць i для таго, каб проста... наварыць варэння: сёлета ён не ведаў, куды яблыкi ды грушы падзець. А гаспадыня яго валодае рэцэптам вельмi смачных агуркоў у гарчыцы. I не толькi...

* * *

Яшчэ задоўга да стварэння на Беларусi грамадскага аб’яднання «Агра- i экатурызм», Генадзь Турыцын пабудаваў ля свайго дома турыстычны прытулак — у выглядзе горнай хацiны. Каб было дзе спынiцца, адпачыць, перачакаць непагадзь падчас шматдзённых паходаў з дзецьмi. Ён назваў прытулак «Манарага» — ёсць такая гара на ўпадабаным iм Паўночным Урале, перакладаецца як «мядзведжая лапа». Неяк ён прывёз у свой двор турыстычнае начальства, паказаў, усiм спадабалася, але тут жа Турыцыну было заўважана, што нi пад якi закон яго «Манарага» не трапляе. А значыць, яе будучыня неакрэсленая. Вось чаму Турыцын так узрадаваўся, калi пачуў спачатку пра вясковы турызм, а пазней пра Указ № 372 ад 2 чэрвеня 2006 года «Аб мерах па развiццю аграэкатурызму ў Рэспублiцы Беларусь», якi рабiў законным iснаванне i «Манарагi», i паляўнiчай хаткi «Над Сосьвай-ракой», i 2-меснага «Дамка з дзяцiнства» з чаротавым дахам, палацямi, печкай i гарышчам. Ён ужо выкапаў яму для фундамента, каб пабудаваць дом-карабель, стылiзаваны пад варажскi дракар, на «палубе» якога можна было б ладзiць застоллi, якi адначасова служыў бы i гаражом для «Яла». Ён збiраецца абсталяваць пад «Манарагай» пячору «гаспадынi Меднай гары» — нездарма ж назбiраў за сваё турыстычнае жыццё калекцыю самацветаў, горнага крышталю, мiнералаў, трэба яе i людзям паказаць. Турыцын — вопытны «зялёны» турыст, арганiзатар i пастаўшчык турыстычных паслуг — не сумняваецца, што сёння для развiцця вясковага турызму ў Беларусi створаны спрыяльныя ўмовы, i што гэты вiд адпачынку мае будучыню. А хто сумняваецца, прыязджайце да яго, ён сумненнi развее хутка. I, дарэчы, нядорага. Пакуль.

Жабінскаўскі раён.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Генадзь Турыцын — чалавек незвычайны. Ён можа пакiнуць у горадзе, не толькi супраць Дома культуры, дзе працуе дырэктарам яго жонка, але i ля вакзала (
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика