А на мой погляд...
Сяргей СТАРЫНАЎ
Патрэбны толькi кантэйнеры для збору другаснай сыравiны. I, магчыма, яшчэ крышачку культуры
Як сведчаць спецыялiсты, узровень здабычы другасных матэрыяльных рэсурсаў з адходаў, што ўтвараюцца ў насельнiцтва, застаецца пакуль недастатковым. Аб’ёмы сыравiны, што збiраецца зараз, складаюць адходы паперы i кардону, шкла, тэкстылю, металаў, пластмас. Астатняя частка камунальных адходаў падлягае захаванню на палiгонах. Аднак у iх саставе знаходзiцца да 60 працэнтаў другасных матэрыяльных рэсурсаў: акрамя традыцыйных вiдаў, у iх прысутнiчаюць адходы скуры, гумы, драўнiны, складанай бытавой тэхнiкi i iнш. Таму, згодна з распрацаванай комплекснай праграмай абарачэння з адходамi i выкарыстаннем iх у якасцi другасных матэрыяльных рэсурсаў, плануецца павялiчыць аб’ём другаснай сыравiны, што збiраецца ў насельнiцтва, з 3,8 працэнта ў 2005 годзе да 31,7 працэнта — у 2010-м. Людзi сталага ўзросту памятаюць, што ў савецкiя часы збор другаснай сыравiны ахоплiваў многiя катэгорыi насельнiцтва — ад пiянераў-камсамольцаў, сярод якiх нават ладзiлiся спаборнiцтвы, да аматараў дэфiцытнай на той час мастацкай лiтаратуры (за 20 кг здадзенай макулатуры давалi талон на набыццё жаданай кнiгi). Зараз матэрыяльны бок у гэтай справе калi i адыгрывае для каго значную ролю, дык, бадай, толькi для адной спецыфiчнай, скажам так, катэгорыi насельнiцтва. Але сучасны чалавек, бясспрэчна, разумее, што справа не заўсёды заключаецца ў грашах. Цi сартуеце асабiста вы на бытавым узроўнi ўласнай сям’i камунальныя адходы для збору другаснай сыравiны (шкла, паперы i iнш.)? Пры якiх умовах гэты працэс можа стаць для вас будзённай справай? Iрына КОЗIНА, намеснiк начальнiка ўпраўлення культуры Вiцебскага аблвыканкама. — Я вельмi сур’ёзна паставiлася да сартавання камунальных адходаў, калi ў нашым двары з’явiлiся кантэйнеры для iх раздзельнага збору. Выносiла, раскладвала смецце паасобку. Напачатку. А потым убачыла, што кантэйнеры па некалькi дзён нiхто не апаражняе, многiя жыльцы кiдаюць без разбору ўсе адходы, як на сметнiк, у адну кучу... Але проста выкiдаць адходы, якiя яшчэ могуць саслужаць службу, мне, шчыра кажучы, шкада. Напрыклад, старыя газеты не выкiдваю, iх з цягам часу можна выкарыстаць у гаспадарцы або, як варыянт, аддаць таму, хто iх здасць у прыёмны пункт. Самiм гэтым займацца няма часу. Вось каб нарыхтоўшчыкi ў двор прыехалi. Я думаю, што найперш тут сябе павiнны праявiць адпаведныя службы. Памятаю, як у Германii ўпершыню сутыкнулася вось з чым. Гаспадары сартуюць адходы i выстаўляюць пакеты прама на лесвiчную пляцоўку, а камунальныя службы iх рэгулярна вывозяць. Вось здорава, падумалася тады. Праўда, укаранiць у нас такi метад, думаю, пакуль наўрад цi атрымаецца з-за нiзкай культуры асобных грамадзян. Мiхаiл КАРПОВIЧ, галоўны iнжынер Мiнскiх кабельных сетак. — Я добра памятаю, як у савецкiя часы здаваў макулатуру, каб набыць кнiгу. I зараз паперу не выкiдваю: што для рамонту, скажам, можа спатрэбiцца, нешта для гаспадарчых патрэб мацi ў вёску завязу. Шчыра скажу, шклатару вельмi шкада кiдаць у смеццеправод. Я б не паленаваўся, знёс бы з шостага паверха ўнiз, калi б побач з пад’ездам быў спецыяльны кантэйнер. Дык няма. Я лiчу, што гэта не па-дзяржаўнаму. Патрэбна стварыць умовы для таго, каб чалавек меў выбар. Зразумела, усе адразу не пабягуць сартаваць адходы, але, упэўнены, народ у масе сваёй свядомы. Калi будзе выбар, тыя ж кантэйнеры для збору другаснай сыравiны, сумленне многiм не дазволiць кiнуць мiма iх тое, што яшчэ можа прынесцi эканомiцы, экалогii нейкую карысць. Скажам, у нас на тэрыторыi прадпрыемства паставiлi кантэйнер для збору пластыкавых бутэлек. I ён заўсёды поўны. Усе работнiкi хутка прызвычаiлiся несцi непатрэбную ўжо тару не абы-куды, а менавiта ў кантэйнер. Таму, паўтаруся, трэба толькi стварыць умовы. Сяргей ШАТРОЙКА, iндывiдуальны прадпрымальнiк, г. Брэст. — Слоiкi, бутэлькi я апошнi раз здаваў у прыёмны пункт гадоў 15 цi больш таму. Не з-за грошай — так прывучаны быў з дзяцiнства. Потым, калi жыў у старым доме, выносiў пустую шклатару, газеты-часопiсы, стары абутак на пляцоўку да смеццеправода, але не выкiдваў, проста пакiдаў побач. Ведаю, што некаторыя жыльцы дома потым неслi ўсё гэта ў прыёмныя пункты i, хоць грошы найчасцей у iх iшлi на «чарнiла», усё пэўную карысную функцыю (смяецца) яны, бясспрэчна, выконвалi. Зараз жыву ў новым доме i пакiдаць адходы каля смеццеправода неяк няёмка. Даводзiцца ўсё выкiдваць, аб чым шкадую. Былi б умовы — без праблем сартаваў бы адходы на паперу, шкло, пластык. Праўда, не буду хлусiць, сумняваюся, што суседзi перастануць пасля гэтага забiваць смеццеправод упаковачнай тарай. Таццяна КНЫШ, начальнiк аддзела эканомiкi Брагiнскага райвыканкама. — А вы ведаеце, работнiкi нашага раённага спажывецкага таварыства ўжо гады з два ездзяць у вызначаныя днi па дварах i забiраюць у насельнiцтва другасную сыравiну. Таму я збiраю i здаю макулатуру, метал, рыззё, прычым як дома, так i на працы. Зразумела ж, не дзеля нейкiх грошай. Людзi, я думаю, разумеюць, што павiнны беражлiва ставiцца ў тым лiку i да другаснай сыравiны — усяго таго, што можа быць карысным. I, дарэчы, наколькi я ведаю, у пачатку года, у адпаведнасцi з дзяржаўнай праграмай, у дварах павiнны пачаць устаноўку кантэйнераў для насельнiцтва для раздзельнага збору адходаў. Анатоль МЯЦЕЛЬСКI, начальнiк аддзела перавозак i кантролю даччынага ўнiтарнага прадпрыемства «Аўтобусны парк № 2 г. Слуцка». — Рэгулярна гэтым займаюся. У нашым невялiкiм мiкрараёне на 5 шматпавярховак на асобнай пляцоўцы ўстаноўлена шэсць спецыяльных кантэйнераў: для шкла, пластыку, паперы i г.д. Пляцоўка вельмi акуратная, агароджаная, камунальныя службы рэгулярна вывозяць адсартаваную другасную сыравiну. Скажу па вопыту свайго 9-павярховага дома: амаль усе жыльцы — ранiцай перад працай, увечары — разносяць па гэтых кантэйнерах адсартаваныя адходы, не iгнаруюць магчымасць здаць другасныя матэрыяльныя рэсурсы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Патрэбны толькi кантэйнеры для збору другаснай сыравiны. I, магчыма, яшчэ крышачку культуры |
|