Сiндром эмацыянальнага выгарання
Святлана БАРЫСЕНКА
Чаму «выгарае» адмiнiстрацыя сталiчнай раённай палiклiнiкi i ад чаго здаюць нервы ў пацыентаў?
Фрунзенскi раён г. Мiнска iмклiва разрастаецца. Будуюцца шматпавярхоўкi, засяляюцца кватэры, нараджаюцца дзецi. Магчыма, не так хутка, як удаецца гэта пералiчыць, але працэс дакладна iдзе. Чаго не скажаш пра ўзвядзенне-нараджэнне такiх жыццёва важных аб’ектаў, да лiку якiх адносiцца, скажам, палiклiнiка. З кожным годам нагрузка ўзрастае не толькi на дзеючыя структуры аказання першаснай меддапамогi, але i на нервовую сiстэму навасёлаў, якiх пераследуе думка, што iх тут не чакалi. Сапраўды, апошнiм хочацца меркаваць, што амбулаторыi, палiклiнiкi i стацыянары ўзнiкаюць, па меншай меры, паралельна з жылымi будынкамi. А яшчэ вось ужо дзесяцiгоддзi, як хочацца, каб у пунктах медабслугоўвання знiклi чэргi, заззялi ўсмешкi тутэйшых работнiкаў i за ўсё гэта шчасце не трэба было плацiць! «Цiкава, чаму нашы людзi не разумеюць, што нельга жыць тут, а медыцынскае абслугоўванне атрымлiваць, як у Швейцарыi?» — такое рытарычнае пытанне пачула я з вуснаў аднаго медработнiка. I праўда, — спрабую я развiць гэту думку ў крыху iншым накiрунку, — чаму на мiлiцыянера або «даiшнiка» мала хто дазваляе сабе павысiць голас, а вось на медыка — амаль кожны? З аднаго боку, незадаволенасць i раздражняльнасць наведвальнiкаў палiклiнiкi можна растлумачыць асаблiвасцямi працякання шэрагу захворванняў, а з другога?.. — Восенню мiнулага года мы аснасцiлi рэгiстратуру шасцю камп’ютарамi, тры з якiх знаходзяцца ў даведачным бюро, — тлумачыць галоўны ўрач 2-й цэнтральнай раённай палiклiнiкi Фрунзенскага раёна г. Мiнска Уладзiмiр КУРЫШКА. — На трох дзяжурных — тры камп’ютары i тры тэлефоны. Зразумела, што дзяжурны павiнен спалучаць адказ на тэлефонны званок з занясеннем адпаведнай iнфармацыi ў камп’ютар i пошукам медкарты таго, хто прыйшоў на прыём. У першыя месяцы новаўвядзення звольнiлiся пяць чалавек — не змаглi прызвычаiцца да такой нагрузкi. Канешне, у нас ёсць i адмiнiстрацыйны дзяжурны, якi спрабуе растлумачыць незадаволеным пацыентам парадак абслугоўвання, аднак не кожны «скандалiст» гатовы выслухаць. Павялiчыць жа штат супрацоўнiкаў рэгiстратуры мы не можам, таму што бюджэтная арганiзацыя атрымлiвае фiнансаванне згодна з мiнiмальнымi сацыяльнымi стандартамi... Цэнтральныя раённыя палiклiнiкi — зусiм не тое, што гарадскiя, паколькi яны ўзялi на сябе функцыi лiквiдаваных два гады таму раённых аддзелаў аховы здароўя, а значыць, цяпер патранiруюць дзейнасць усiх палiклiнiк, амбулаторый, стацыянараў пэўнага раёна. Акрамя гэтага, такiя ўстановы дапамагаюць гарадскiм медыцынскiм службам. На базе вышэйпамянёнай 2-й раённай палiклiнiкi дзейнiчаюць гарадскiя i мiжраённыя службы: траўматалагiчны пункт, алергалагiчны цэнтр, цэнтр перынатальнай ультрагукавой дыягностыкi, антырабiчны кабiнет (меддапамога i прафiлактыка шаленства), кабiнеты нарколага, псiхолага, псiхатэрапеўта i iншыя. Функцыянуе дзённы стацыянар на 30 ложкаў, або на 60 хворых, якiя не маюць патрэбы ў кругласутачным назiраннi. Такая форма аказання меддапамогi лiчыцца запатрабаванай i перспектыўнай, паколькi каласальна эканомiць дзяржаўныя грошы: яна прыкладна ў дзесяць разоў танней за кругласутачнае назiранне. Што называецца, паставiлi хвораму кропельнiцу, далi лекавы прэпарат, зрабiлi ўкол, масаж цi iншыя фiзiятэрапеўтычныя працэдуры i — дадому, пад нагляд блiзкiх. Грашовае пытанне — асаблiвае. Цiкавае ў тым сэнсе, што на пачатак года за палiклiнiкай можа быць замацавана 64,5 тысячы жыхароў, а пад канец — 70 тысяч. Плюс непрапiсаныя, але замацаваныя паводле асабiстых заяў. Фiнансаванне ж — «сiстэма» менш гiбкая: да канца года не прырастае. Растуць хiба што чэргi пад дзвярыма кабiнетаў вузкiх спецыялiстаў. — Гэтыя чэргi не знiкнуць па аб’ектыўных прычынах, — кажа Уладзiмiр Iванавiч. — Па-першае, таму, што за 12 гадоў колькасць насельнiцтва, якое мы абслугоўваем павялiчылася з амаль 30 тысяч да 80 (з улiкам непрапiсаных i амбулаторыi № 1). Па-другое, застаецца нявырашанай агульнарэспублiканская праблема недахопу медыцынскiх кадраў. У нашай палiклiнiцы, напрыклад, — адзiн з самых высокiх у горадзе каэфiцыентаў сумяшчальнiцтва — 1,5. Укамплектаванасць урачамi складае 65 працэнтаў, сярэднiм медыцынскiм персаналам — каля 70. Нарматывы штатнага раскладу не зацвярджаюць, а даводзяць лiмiт, пры якiм, як вы разумееце, усё залежыць ад уласных магчымасцяў. Па-трэцяе, спецыфiка работы прымушае людзей звальняцца, шукаць больш прыбытковай i спакойнай работы. У Еўропе ведаюць i ўлiчваюць той факт, што прафесiя ўрача адносiцца да лiку неспрыяльных для здароўя. У нас на сiндром эмацыянальнага выгарання, характэрны для тых жа медыкаў цi педагогаў, нiхто не звяртае ўвагi. Мiж тым, асаблiвасцi медыцынскай прафесii ўздзейнiчаюць на яго носьбiта напрамую i ўскосна. На сваiм працоўным месцы мы маем справу з людзьмi, ад якiх, як паказвае практыка, можна чакаць не толькi непрыстойных выказванняў, але i агрэсiўных паводзiнаў. З другога боку, псiхалагiчная i фiзiчная перагружанасць на рабоце не дазваляе некаторым урачам самiм своечасова звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Iх жыццё часта скарачаюць сардэчна-сасудзiстыя i анкалагiчныя захворваннi. Вось вам i «шавец без ботаў». Атрымлiваецца, што замест чатырох лор-урачоў застаўся адзiн, замест чатырнаццацi акушэраў-гiнеколагаў — сем, чатырох афтальмолагаў — два i г.д. Давайце не будзем забываць і пра льготнiкаў, колькасць якiх штогод павялiчваецца. Вось вы, напрыклад, прыйшлi да тэрапеўта па талончыку на 11.00, але да вас чаргу «скарэктавалi» ўдзельнiк вайны i ганаровы донар — прадстаўнiкi льготнай катэгорыi грамадзян. I давайце ўлiчваць, што для людзей сталага ўзросту палiклiнiка застаецца месцам стасункаў, абмену жыццёвым вопытам i ўражаннямi ад лячэння... Большасць працаздольных людзей, асаблiва мужчын, абходзяць палiклiнiку, як кажуць, за сем кiламетраў. Абходзяць, пакуль не «прыцiсне». У той жа час магчымасцi для бясплатнага агляду i абследавання на ўзроўнi палiклiнiк ёсць. — Улiчваючы вялiкую колькасць насельнiцтва, нам давялося зрабiць больш жорсткiмi патрабаваннi для прызначэння ўльтрагукавога даследавання, — кажа Уладзiмiр Iванавiч. — Iмкнёмся своечасова абследаваць малочную, шчытападобную залозы i прастату. Колькасць гэтых захворванняў няўхiльна расце, а мы, бывае, губляем час, пакуль восем разоў робiм ультрагук жоўцевага пузыра па прычыне камянёў... Што называецца, насуперак працэсу — па ўласнаму жаданню — ультрагук можна прайсцi за ўласны кошт. Дарэчы, аб’ём платных паслуг, якiя палiклiнiкi павiнны аказваць насельнiцтву, будзе толькi расцi. Уласна палiклiнiкi змогуць, дзякуючы гэтаму, палепшыць сваю матэрыяльна-тэхнiчную базу, а пацыенты — атрымаць высокатэхналагiчныя метады абследавання.. Так, для 2-й раённай палiклiнiкi аказалася магчымым набываць больш значныя пламбiровачныя матэрыялы для стаматалагiчных кабiнетаў. Быў закуплены iмунаферментны аналiзатар, якi дазваляе выяўляць iнфекцыi, якiя перадаюцца палавым шляхам, дыягнаставаць на раннiх стадыях рак прастаты, захворваннi шчытападобнай залозы. — Усё ж частка людзей згодна аплачваць медыцынскiя паслугi, — кажа галоўны ўрач. — Праблема толькi ў тым, што часам мы сутыкаемся з iх незадаволенасцю. «Платнiкам» хочацца атрымаць паслугу «тут i цяпер». Але мы павiнны спачатку аказаць бясплатную дапамогу — вытрымаць сацыяльны стандарт... Сацыяльны стандарт у галiне медыцыны павiнен быць (i заставацца) даступным абсалютна для любога нашага грамадзянiна — у мiнiмальным аб’ёме, у зручны час. На шчасце, для таго, каб узяць талончык, ужо не трэба сустракаць свiтанак на парозе палiклiнiкi. Атрымаць талончык можна i падчас вiзiту ранiцай цi пасля 17.00, i па тэлефоне — на два тыднi наперад. У 2-й палiклiнiцы працуюць шэсць тэлефонных нумароў. Асобныя — для стаматалогii, жаночай кансультацыi i выклiку на дом. Гiбкасць сiстэмы работы iснуючых палiклiнiк не здымае пытання аб нараджэннi новых полiклiнiчных устаноў. I сапраўды, такiя з’явяцца. Праз 2—2,5 года завершыцца будаўнiцтва палiклiнiкi на 850 наведванняў для дарослага i дзiцячага насельнiцтва, з жаночай кансультацыяй, у мiкрараёне Сухарава-2 нашай сталiцы. Плануецца, што праз 2—3 гады ў жылым доме на перасячэннi вулiц Гарэцкага i Янкоўскага з’явiцца стаматалагiчная палiклiнiка з двума артапедычнымi аддзяленнямi, паколькi магутнасцяў 7-й раённай стаматалагiчнай палiклiнiкi ўжо даўно нестае. Лiтаральна ў гэтым месяцы на базе дзiцячага садка па вулiцы Чагладзэ павiнен адкрыцца фiлiял наркалагiчнага дыспансэра на 120 месцаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму «выгарае» адмiнiстрацыя сталiчнай раённай палiклiнiкi i ад чаго здаюць нервы ў пацыентаў? |
|