«Хто падумаў пра наступствы «перабудоў» у выкладаннi гiсторыi Беларусi?»ПРАШУ СЛОВА Дазвольце выказаць свае меркаваннi ў абарону выкладання гiсторыi Беларусi ў школах з рускай i з беларускай мовамi навучання толькi на беларускай мове.Мы будуем нацыянальны суверэнны дом. Яго падмуркамi з’яўляюцца нацыя, Радзiма, дзяржава. У руках настаўнiка будучае гэтых падмуркаў. Мы iмкнёмся заняць годнае месца ў еўрапейскай цывiлiзацыi i сусветнай супольнасцi. I як не ўспомнiць у сувязi з гэтым Ф.М. Дастаеўскага: «Чым больш мы будзем нацыянальнымi, тым больш мы будзем еўрапейцамi». Вядома, што ў сваiх дзеяннях звычайныя людзi кiруюцца пачуццямi i iнтарэсамi, чыноўнiкi i палiтыкi ў сваiх дзеяннях кiруюцца толькi iнтарэсамi. Незразумела, у чыiх iнтарэсах чыноўнiкi з адукацыйнага Алiмпа прымалi рашэнне аб пераводзе выкладання гiсторыi Беларусi на рускую мову? Нацыi? Радзiмы? Дзяржавы? Вучэбна-выхаваўчая работа ў школе — вельмi жывы, складаны i рухавы працэс. Ён патрабуе прадуманай сiстэмы i перспектывы. Не апошняя роля ў гэтым працэсе адводзiцца гуманiтарным прадметам, маючым вялiкую маральную нагрузку, фармiруючым культуру выбару. З выкладаннем гiсторыi Беларусi ў апошнi час наладзiлася. Распрацаваны праграмы, падрыхтаваны добрыя падручнiкi з цудоўным дакументальным матэрыялам i метадычным апаратам, склалася сiстэма. А хто парушыў сiстэму? Чыноўнiкi. Прывяду некалькi прыкладаў. У 6-м, 7-м, 8-м класах гiсторыя Беларусi выкладалася на беларускай мове. У 9-м класе вучням далi падручнiк на рускай мове. Гэта факт выкладання гiсторыi Беларусi ў школе з рускай мовай навучання. Пра маленькага чалавека забылiся, стварылi яму цяжка вырашальныя праблемы. Як можна абаранiць сваё рашэнне ў адпаведнасці з Законам «Аб мовах», Законам «Аб адукацыi», Законам «Аб агульнай сярэдняй адукацыi»? У чыiх iнтарэсах дзейнiчаюць законы? У дадзенай сiтуацыi законы не абараняюць нi мову, нi вучняў. А павiнны абараняць i мову, i вучняў. У 8-м класе вывучаецца тэма «Умовы i асаблiвасцi фармiравання беларускай нацыi», у рамках гэтай тэмы вывучаюцца i праблемы фармiравання нацыянальнай самасвядомасцi. Менавiта ў курсе гэтай тэмы падкрэслiваецца, што беларуская мова на тэрыторыi «Северо-Западного края именовалась местным наречием». Аказваецца, што ў канцы ХIХ ст. не было нi Беларусi, нi беларускай мовы. Аб становiшчы мовы ў гэты час можна гаварыць доўга. Скажыце, як настаўнiку глядзець у дапытлiвыя вочы вучняў, калi аб гэтым гутарыць з iмi на рускай мове? Якiмi законамi цi пастановамi абаранiцца настаўнiку ад таго, што мы гаворым адно, а робiм другое? Дзiцячую псiхiку вельмi лёгка заразiць. А заразiць можна толькi тым, што маеш сам. Чаму мы не дапамагаем маленькаму чалавеку зрабiць выбар? А як працаваць над фармiраваннем веры i перакананасцi, калi словы i справы разыходзяцца? Хто падумаў пра наступствы «перабудоў» у выкладаннi гiсторыi Беларусi? ...А настаўнiк працуе над выкананнем законаў i пастаноў i маўчыць. Маўчыць настаўнiк не таму, што яму няма чаго сказаць альбо ён з усiм згодны. Калi ж настаўнiк паспрабуе выказаць сваю нязгоду цi паставiць нейкае пытанне, гэта абавязкова не спадабаецца тым, чые пасады ад адукацыі вышэйшыя за пасаду настаўнiка. Адказ будзе адзiн: «Сваiм пытаннем вы сведчыце аб тым, што не ўмееце працаваць i не збiраецеся вучыцца працаваць». У Мiнiстэрстве адукацыi Рэспублiкi Беларусь спасылаюцца на тое, што ў школе «вялiкая колькасць гадзiн на вывучэнне беларускай мовы» («Звязда» ад 24 студзеня 2007 г.). Давайце падлiчым. Сталае разуменне вучнямi моўных працэсаў пачынаецца з 8-га класа. У 8-м класе на вывучэнне мовы i лiтаратуры адводзiцца 105 гадзiн на вучэбны год; у 9-м — 105; у 10-м i 11-м класах — па 95. Па новаму вучэбнаму плану, якi ўводзiцца, на вывучэнне беларускай мовы i лiтаратуры адпускаецца па 70 гадзiн на год... Дапамагаў настаўнiку-фiлолагу настаўнiк гiсторыi, але ж беларуская мова камусьцi перашкодзiла. У барацьбе за годнае месца беларускай мовы ў настаўнiка памочнiкаў мала. Асаблiва прыкра, што не з’яўляецца памочнiкам тэлебачанне, якое называецца нацыянальным. Я асабіста не ведаю такой дзяржавы, у якой бы адносiлiся да роднай мовы так, як мы. Магчыма, я памыляюся? I калi б не беларускае радыё, то становiшча нашай мовы было б вельмi падобнае на тое, у якiм яна была ў часы «Нашай нiвы». Вельмi ўжо набалела... Валянцiна ГЕРАСIМАВА, вёска Жылiчы Кiраўскага раёна. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дазвольце выказаць свае меркаваннi ў абарону выкладання гiсторыi Беларусi ў школах з рускай i з беларускай мовамi навучання толькi на беларускай мове |
|