21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Iван Мiско: «Рукi скульптара павiнны быць заўсёды ў глiне...»

25.08.2009 22:20 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Таццяна ПАДАЛЯК

22 лютага вядомы беларускi скульптар, старшыня Рэспублiканскага мастацка-экспертнага савета па манументальным мастацтве Мiнiстэрства культуры Беларусi Iван Мiско адзначае 75-гадовы юбiлей.



Ён нарадзiўся ў вёсцы Чамяры Слонiмскага раёна ў сялянскай сям’i. Колькi помнiць сябе, заўсёды марыў стаць мастаком. Калi бацькоў не было дома, даставаў з печы вуголле i маляваў на акуратна пабеленым «палатне» вялiкай печы. Прыходзiлi бацькi, сварылiся на сына. А суседзi ўважлiва разглядалi малюнкi ды прарочылi: «А можа Ванька стане мастаком!»

Iван Мiско паступiў на аддзяленне жывапiсу, аднак калi ўбачыў скульптуру, адразу адчуў, што менавiта гэта яго прызванне...

Першае сур’ёзнае прызнанне прыйшло ў 70-х: за манумент Мацi-патрыёткi, устаноўлены ў Жодзiне, аўтарскаму калектыву ў складзе I. Мiско, А. Заспiцкага, Р. Рыжанкова i архiтэктара А. Трафiмчука прысуджана Дзяржаўная прэмiя СССР. Сюжэт гэтага помнiка, нагадаю, абсалютна дакументальны: мясцовая жыхарка Настасся Купрыянава адправiла на вайну пяцярых сваiх сыноў — i не дачакалася нiводнага з iх. Самаму малодшаму, Пятру Купрыянаву, прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Iван Мiско са сваiмi калегамi часта бываў у Настассi Фамiнiчны, якая намнога перажыла сваiх сыноў, — памерла ў 1979-м, было ёй 107 гадоў... А нядаўна майстар завяршыў работу над чатырохфiгурнай скульптурнай кампазiцыяй «Мацi герояў»: Настасся Купрыянава побач з мацi касманаўтаў Ю. Гагарына, П. Клiмука, Ул. Кавалёнка. Гэта тэма, па сутнасцi, — уся гiсторыя ХХ стагоддзя. Лёс мацярок — сiмвал мужнасцi i жыцця...

Iвана Мiско часта называюць «касмiчным» скульптарам. I невыпадкова: тэма космасу — адна з прыярытэтных у яго творчасцi. Ён сябруе з многiмi касманаўтамi, ды i сам марыў калiсьцi паляцець у космас. У Зорным гарадку шмат разоў сядзеў у цэнтрыфугах, яго пракручвалi на розных трэнажорах... Каб ляпiць скульптурны партрэт касманаўта, трэба, як кажуць, «пабыць у яго скуры», паспрабаваць хоць бы аддалена ўявiць «касмiчныя» адчуваннi...

* * *

У той дзень, калi я прыйшла браць iнтэрв’ю, убачыла скульптара... на даху майстэрнi. Ён скiдваў снег. Дах майстэрнi працякае, таму творца тэрмiнова выратоўваў становiшча...

Увогуле ўмовы працы Мiско без нацяжкi можна назваць экстрэмальнымi. Другi год у майстэрнi няма ацяплення. А паспрабуйце ўявiць, што такое скульптар у холадзе, калi глiна мерзне...

Здаецца, тут ужо не да гутарак «пра высокае». Аднак да нашай газеты ў Мiско асаблiвае стаўленне.

— У студэнцкiя гады я быў пазаштатным журналiстам «Звязды», — узгадвае ён.

— I якiм было супрацоўнiцтва?

— Я атрымлiваў камандзiроўкi ад газеты «Звязда» i ездзiў па ўсёй Беларусi — маляваў Герояў Сацыялiстычнай Працы. Мне гэта было вельмi цiкава... Малюнкi друкавалiся ў газеце.

Iван Якiмавiч са шкадаваннем аглядае працёкшую столь сваёй старэнькай майстэрнi. Потым падкiдае дровы ў печку, прызнаецца:

— Калi вялiкiя маразы, майстэрня выпрабоўвае мяне на выжывальнасць. Ну i вясной адпаведна... А тут жа не толькi дзесяткi, сотнi работ, але i вялiкi фотаархiў, эцюды, накiды, прысвечаныя тэме космасу. Гэта сур’ёзныя гiстарычныя дакументы, якiя павiнны быць захаваны. Яны не могуць заставацца незапатрабаванымi (а ўмовы майстэрнi: вiльгаць, перапады тэмпературнага рэжыму — баюся, матэрыялы могуць загiнуць...).

Я хацеў бы ўсё гэта падарыць гораду — каб майстэрня стала не проста музеем скульптуры, а музеем касманаўтыкi. Гэта галоўная мая мара. Дарэчы, касманаўты абяцалi дапамагчы нават экспанатамi... Сёння, здаецца, ужо ўсе ўсвядомiлi: хто валодае космасам, той валодае i зямным шарам. А Беларусь унесла значны ўклад у даследаванне космасу.

— Iван Якiмавiч, а непасрэдна гарадскiм уладам вы iдэю наконт майстэрнi-музея выказвалi?

— Шмат разоў гаварыў пра гэта i па тэлебачаннi, i па радыё, i ў «Звяздзе»... Афiцыйную паперу гарадскiм уладам пакуль не пiсаў. Спадзяюся, пытанне вырашыцца станоўча — на ўсеагульную карысць.

У Нацыянальным мастацкiм музеi мая персанальная выстаўка прымеркавана акурат да Дня касманаўтыкi. На адкрыццё выстаўкi абяцала прыехаць дачка Юрыя Гагарына Алена. Тэма выстаўкi — касманаўтыка. Хацелася б, каб потым выстаўка пайшла па тых краiнах, адкуль родам касманаўты. I вярнулася ў Мiнск ужо ў музей.

— Пытанне да вас як да старшынi Рэспублiканскага мастацка-экспертнага савета па манументальным мастацтве: ужо вырашана, якой будзе тэрыторыя каля Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi?

— Дзякуючы будынку бiблiятэкi адкрылася цудоўная панарама горада. Ужо знойдзены цiкавы варыянт творчага вырашэння «бiблiятэчнай» прасторы. Праект i эскiзы ўжо зацверджаны нашым саветам — на конкурснай аснове. Мы гатовы ў любы час пачаць працаваць у памеры i матэрыяле.

— Побач з бiблiятэкай будзе...

— ...скульптурная пластыка. Тэма: мiнулае, сучаснасць, будучыня — у шырокiм сэнсе. I самыя розныя матэрыялы: гранiт, бронза, дрэва... Усё гэта будзе разглядацца на пасяджэннi Савета Мiнiстраў краiны. Павiнна быць вырашана i пытанне фiнансавання.

На мой погляд, работа па Нацыянальнай бiблiятэцы павiнна працягвацца. Яна завершыцца, калi будзе цалкам аформлены ўвесь ландшафт. Гэта павiнна стаць самым прыгожым месцам у Мiнску: цэнтр культуры, дзе мы адначасова зможам любавацца сталiцай.

— Iдзе грандыёзная рэканструкцыя Опернага тэатра — парк ля тэатра таксама будзе добраўпарадкаваны?

— Скульптары распрацоўваюць прапановы-эскiзы. Пакуль канчатковае рашэнне не зацверджана. Паспрабуем вярнуцца да таго, што калiсьцi было задумана самiм Лангбардам.

— Дарэчы, вы не аднойчы выказвалi думку аб тым, што ў Мiнску абавязкова павiнна быць вулiца Лангбарда...

— Усе работы Лангбарда ўцалелi ў час Вялiкай Айчыннай вайны: Дом урада, Акадэмiя навук, Оперны тэатр, Дом афiцэраў. Але на сёння iмя архiтэктара не ўвекавечана нi ў назве вулiцы, нi ў мемарыяльнай дошцы; няма нi бюста яго, нi помнiка...

— Мабыць, гэта праблема ў тым лiку i творчых саюзаў, якiя не выходзяць з адпаведнымi прапановамi да органаў улады?

— Так, згодны, i праблема творчых саюзаў адначасова. Трэба думаць аб краiне — каб заставалася памяць. Паглядзiце: у Мiнску не ўстанаўлiваюцца помнiкi нi пiсьменнiкам, нi акцёрам, нi мастакам, нi вучоным... Затое насупраць Акадэмii навук паставiлi скульптуру веласiпедыста. I нiхто не зацвярджаў гэта! Дазволу на ўстаноўку Манументальны савет не даваў, нiхто да нас нават не звяртаўся... I ў цэлым па рэспублiцы падобнай «самадзейнасцi» нямала. Тады як менавiта Мiнiстэрства культуры нясе поўную адказнасць за ўсё тое, што робiцца ў краiне ў галiне культуры, манументальнай прапаганды. А ў нас многае робiцца стыхiйна.

Вось, калi ласка, яшчэ прыклад: прымаецца рашэнне, што праз два месяцы неабходна адкрыць бюст пiсьменнiка. I пачынаецца гарачка... Цi можна за такi тэрмiн забяспечыць добрую якасць? Безумоўна, не. Манументальны савет выязджае на месца, работа не прымаецца. Але мясцовае начальства тым не менш вырашае ўстанавiць бюст. Таму што да пэўнай даты бюст павiнен быць. Значыць, размова iдзе не пра якасць — пра тэрмiны! Вось такая стыхiйнасць не толькi не патрэбная, але шкодная: бюст жа ўстанаўлiваецца не «часова», а на вякi...

Дарэчы, у дворыку Белдзяржунiверсiтэта ўстаноўлены помнiкi нашым асветнiкам, аднак нiводная работа таксама не зацвярджалася Манументальным саветам.

— Магчыма, гэта «ўнутраная» справа ўнiверсiтэта?

— Асабiстая, прыватная ўласнасць можа быць толькi на дачы i на кухнi! Унiверсiтэцкi дворык — таксама дзяржаўная тэрыторыя.

— Многiя звяртаюць увагу на цiкавую дэталь: усе мужчыны-помнiкi ў БДУ сядзяць i толькi жанчына, Ефрасiння Полацкая, стаiць... Увогуле, як вы ацэньваеце гэтыя работы?

— Я магу ацэньваць работы толькi тады, калi яны прадстаўляюцца на савеце. Гэта неабходна. Ёсць адпаведны закон, якi трэба выконваць. А незаконна ўстаноўленыя помнiкi, згодна з рашэннем Савета Мiнiстраў, падлягаюць дэмантажу.

— Думаю, вы першы выступiце супраць, калi будзе прынята рашэнне аб дэмантажы...

— Я не стану выступаць за дэмантаж — але я выступаю за парадак... Работу трэба разглядаць не тады, калi яна адлiта ў бронзе (ужо позна тады штосьцi абмяркоўваць!), а на стадыi эскiза i ў мяккiм матэрыяле.

Я кажу не проста за горад, а ў цэлым за ўсю рэспублiку. Бо помнiкi — гэта гiсторыя нашай краiны, гiсторыя нашай культуры. А што ў нас сёння з гiстарычных помнiкаў? Фантанчык «Хлопчык з лебедзем» — i больш нiчога няма...

Хацелася б узняць яшчэ адну надзвычай важную праблему.

У нас на сёння няма зацверджанага ўрадам плана манументальнай прапаганды краiны. I гэта вельмi дрэнна. Таму што нашы вядучыя жывапiсцы, графiкi, манументалiсты не ведаюць, што яны будуць рабiць у блiжэйшай перспектыве.

Каб урад зацвердзiў план манументальнай прапаганды, кожная вобласць, кожны раён павiнны падаць свае прапановы ў Мiнiстэрства культуры. Яно ўсё падсумуе i выйдзе з адпаведнымi прапановамi ў Савет Мiнiстраў... Тады мы будзем ведаць, што запланавана на пяцiгодку, на кожны год...

Пад план можна будзе дакладна фармiраваць i фiнансаванне.

Найскладанейшае становiшча сёння ў скульптурнай пластыцы, у нашых скульптурных майстэрнях. Заказаў няма. Закупак няма. Мастак не можа аплацiць за майстэрню... А ў кожнага праектаў, iдэй надзвычай шмат, толькi вось як рэалiзоўваць?

— Iван Якiмавiч, цi вядома, калi будзе ўстаноўлены помнiк Мацi герояў?

— Мару пра гэта. Але ўвесь час чую: няма грошай. А калi яны былi? Грошай заўсёды не хапае... Сказалi: шукай спонсараў. А дзе ён, гэты спонсар? Я хацеў бы вылепiць яго зборны вобраз i паставiць фiгуру «Спонсар» (смяецца).

У нас шмат таленавiтых маладых скульптараў. Але скульптар — як i хiрург: калi ён увесь час не працуе, не лепiць, калi рукi не ў глiне, калi няма заказаў, дык ён не зможа ствараць... Нельга, каб таленавiтыя людзi пасля заканчэння Акадэмii мастацтваў з’язджалi за мяжу на заробкi i тварылi там. Мы павiнны даваць магчымасць узрошчаным нацыянальным талентам пакiдаць след на радзiме — каб яны ўносiлi ўклад менавiта ў беларускую культуру.

— Iван Якiмавiч, як будзеце адзначаць юбiлей?

— У майстэрнi, за работай. Рукi скульптара заўсёды павiнны быць у глiне...


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
22 лютага вядомы беларускi скульптар, старшыня Рэспублiканскага мастацка-экспертнага савета па манументальным мастацтве Мiнiстэрства культуры Беларусi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика