Валёнкі — FОRЕVЕR*!
Сяргей РАСОЛЬКА
Тутэйшае Мода на валёнкi сярод вяскоўцаў (не кажучы ўжо пра гараджан) практычна знiкла ў канцы мiнулага стагоддзя. Да нядаўняга часу хiба толькi састарэлыя людзi добраахвотна аддавалi iм перавагу як паўсядзённаму зiмоваму абутку ды клапатлiвыя бацькi iмкнулiся набыць для сваiх дзетак на халодную пару года лёгкiя i цёплыя валёначкi. Хоць сярод пэўных катэгорый — паляўнiчых, рыбаловаў, вартаўнiкоў, вайскоўцаў, мiлiцыянераў, камунальнiкаў — яны былi (i ёсць) у пашане заўсёды. Апошнiм жа часам, як падаецца, валёнкi атрымалi «другое жыццё»: напэўна, у рэдкага чалавека, якi мусiць калi-нiкалi знаходзiцца на адкрытым зiмовым паветры, няма такога зручнага абутку. Гэтаму «адраджэнню» моды на валёнкi паспрыялi як даволi марозныя зiмы, так i, у прыватнасцi, засваенне выпуску прыгожых сучасных мадэляў цёплага абутку з лямцу.«Валёнкi ўчора, сёння, заўтра» — пад такой назвай з 27 лютага па 25 сакавiка ў мастацкай галерэi Мiн- скага абласнога Цэнтра народнай творчасцi пройдзе мастацка-этнаграфiчная выстава, на якой упершыню будуць прадстаўлены разнастайныя традыцыйныя i сучасныя рэчы з лямцу: валёнкi, капелюшы, пано, сувенiры. Калi гаварыць, у прыватнасцi, найперш пра той жа зiмовы абутак, дык ён будзе прадстаўлены як фабрычнымi ўзорамi, так i творамi народных мастакоў-рамеснiкаў. Дарэчы будзе нагадаць, што валёнкi ў Беларусi вядомыя з другой паловы ХIХ стагоддзя, пераважна на ўсходзе i паўночным усходзе. На той час прэстыжны валены абутак маглi дазволiць сабе толькi заможныя сяляне, аднак у пачатку ХХ стагоддзя валёнкi пачалi шырока ўваходзiць у побыт як сялян, так i гараджан. Валенне лямцавых рэчаў (валёнак, шапак-магерак, капелюшоў) пад агульнай назвай «шапавальства» пераважала тады ў форме адыходнага промыслу, майстры на працягу зiмы хадзiлi са сваiмi вытворчымi прыладамi па вёсках i працавалi ў дамах заказчыкаў. А iншыя з iх працавалi дома — i для сваёй сям’i, i на продаж. У 20—30-я гады мiнулага стагоддзя валёнкi выраблялi таксама ў арцелях прамысловай кааперацыi. Пазней у Мiнску, Вiцебску, Наваполацку, Лiдзе, Бабруйску, Смiлавiчах на базе такiх арцеляў i традыцыйнага народнага рамяства былi створаны валяльна-лямцавыя фабрыкi, якiя выпускалi тэхнiчны i шорны лямец i валёнкi. На сённяшнi дзень на Мiншчыне працуе адзiная Смiлавiцкая валяльна-лямцавая фабрыка, якая хутка будзе адзначаць своё 80-гадовы юбiлей. Прадпрыемства выпускае 250 тысяч пар валёнак штогод. Прадукцыя акрамя ўнутранага рынку iдзе на экспарт у Расiю, краiны Балтыi, Iталiю, Канаду, Швецыю. Апошнiм часам на фабрыцы ўпершыню была засвоена вытворчасць прыгожых мадэляў для дзяцей i дарослых з аплiкацыяй, вышыўкай, аблямоўкай футрам, на гумавай падэшве. Калi гаварыць пра народных майстроў валюшнага рамяства, дык iх на Мiншчыне засталося няшмат. Большасць з iх па ўзросту i стану здароўя ўжо не могуць займацца гэтай справай, аднак спецыяльна для выставы змаглi падрыхтаваць узоры традыцыйнага майстэрства. — Валенне (катанне, бiццё) валёнак — справа нялёгкая, карпатлiвая, патрабуе не толькi фiзiчных сiл, моцных, спрытных рук, але i вялiкага цярпення, — расказвае кандыдат гiстарычных навук, вядучы метадыст па этнаграфii Дзяржаўнай установы «Мiнскi абласны Цэнтр народнай творчасцi» Нiна Буракоўская. — Увогуле, апрацоўка воўны i выраб з яе бытавых рэчаў — тканiны, валенага сукна для свiтак — традыцыйна з’яўлялiся жаночай справай, таму валёнкi валялi не толькi мужчыны, але часта i жанчыны. Дарэчы, цi здагадваецца хоць бы прыблiзна большасць чытачоў, як праходзiць вытворчасць валёнак? Кожны майстар валодае, канешне, асабiстымi сакрэтамi, але ў асноўным тэхналогiя аднолькавая (як пры ручным, так i фабрычным вырабе). Сыравiнай для валёнак з’яўляецца авечая шэрсць — воўна восеньскай стрыжкi. Яна карацейшая i больш прыдатная для валення (на фабрыцы, наколькi я памятаю, па шэрагу прычын выкарыстоўваецца шэрсць з Сярэдняй Азii; у дзяцiнстве я шмат палазiў сярод велiзарных цюкаў). Воўну ачышчаюць, сартуюць, але не мыюць, каб добра скочвалася, збiвалася. Спачатку яе разрыхляюць — расскубаюць рукамi, iншы раз расчэсваюць драўлянымi цi драцянымi шчоткамi (на фабрыцы ёсць спецыяльныя станкi, мне калiсьцi падабалася кiдаць на шырокую стужку транспарцёра шэрсць i потым назiраць з iншага боку, як на спецыяльныя валiкi накручваецца «палатно» з воўны). Увогуле прынцып валення валёнак наступны: пад уздзеяннем гарачай вады, пары, цiску, катання, бiцця з воўны атрымлiваюць валены матэрыял-лямец, з якога далей з дапамогай спецыяльных прылад фармавання вырабляюць абутак-валёнкi. Вытворчасць праходзiць у некалькi этапаў: закладка вырабу, раскочванне, фармаванне валёнка, сушка, аддзелка. Расчасаную воўну насцiлаюць на стол на змочаным вадой кавалку палатна, яго разам з воўнай скручваюць у рулон, згортваюць у канверт з розных бакоў i доўга, старанна мнуць, камечаць рукамi. Скрутак перыядычна апырскваюць гарачай вадой. Работа працягваецца, пакуль не атрымаецца тонкi звалены пласт лямцу. Разгортваюць, на лямец кладуць лякала, абгортваюць з усiх бакоў лямцавым пластом, дзе трэба, дадаюць кавалкi воўны (на насок больш, чым на халяву). Атрыманы вялiзны выраб-сырэц для ўшчыльнення неаднаразова раскочваюць, у вынiку «панчоха» значна змяншаецца ў памеры. Для надання патрэбнай формы змочаную гарачай вадой загатоўку валёнка насаджваюць на спецыяльныя калодкi i апрацоўваюць. Потым мыюць, выцiскаюць ваду i сушаць у лазнi, печы цi на печы ад аднаго да трох дзён (на фабрыцы — у спецыяльных камерах, куды па рэйках закатваюць спецыяльныя цялежкi з валёнкамi). Пасля сушкi выдаляюць лiшнi ворс — валёнкi гатовыя. Дарэчы, iх робяць на «адну нагу», аднолькавыя для правай i левай нагi. У залежнасцi ад колеру воўны валёнкi бываюць белыя, карычневыя, чорныя (пасля афарбоўкi), шэрыя. На мужчынскiя валёнкi патрэбна прыкладна 1200 грамаў воўны, на жаночыя — 1000, на дзiцячыя — ад 200 да 500 грамаў. — Усю гэтую i iншую iнфармацыю наведвальнiкi змогуць даведацца з вуснаў самiх народных майстроў. Валюшным рамяством здаўна былi вядомыя Барысаўшчына, Валожыншчына, Вiлейшчына, ужо згаданае смiлавiцкае наваколле, але асаблiва славiлася Мядзельшчына, — працягвае аповед вядучы метадыст па рамёствах i промыслах Дзяржаўнай установы «Мiнскi абласны Цэнтр народнай творчасцi» Наталля Сухая. — Вытворчасцю валёнак знакамiтыя вёскi Баяры, Габы, Дзягiлi, Княгiнiн, Лотва, Нагаўкi, Нарач, Пузыры, Чараўкi i нават Мядзел. У шэрагу выпадкаў гэта быў патомны промысел. Нягледзячы на тое, што многiя майстры пайшлi з жыцця, народная спадчына адраджаецца i развiваецца шляхам пераемнасцi пакаленняў. На жаль, на выставе нельга будзе набыць самаробныя валёнкi, хоць многiя (асаблiва састарэлыя людзi) аддаюць iм перавагу перад фабрычнымi. Справа ў тым, што ў леташнi Дэкрэт аб рамесніцкай дзейнасціаб рамёствах валенне валёнак не трапiла, адпаведна, калi б у майстра ўзнiкла жаданне iмi гандляваць, ён павiнен афармляцца як прыватны прадпрымальнiк, а гэта ўжо зусiм iншыя сумы падатковых плацяжоў (для рамеснiкаў яны мiнiмальныя). Як мы ўжо гаварылi, пераважная большасць народных майстроў — людзi сталага веку, таму наўрад цi будуць гэтым займацца. Хiба толькi калi-нiкалi для сябе ды родных валёнкi вырабяць... — Але я думаю што наведвальнiкi выставы не будуць расчараваныя, — кажа Наталля Сухая. — Акрамя ўласна валёнак, будуць прадстаўлены рэчы з лямцу, вырабленыя маладымi мастакамi з Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў. Пад кiраўнiцтвам свайго iдэйнага натхняльнiка — загадчыка кафедры мадэлявання адзення i мастацкага тэкстылю Валянцiны Бартлавай яны, як кажуць, жыўцом праiлюструюць народную прымаўку «Авечка вакол чалавечка». Сапраўды, гэта карысная жывёлiна спрадвеку «апранала» i «абувала» чалавека, i народная традыцыя ў выкарыстаннi авечай шкуры, воўны ў пэўнай ступенi дайшла праз стагоддзi да нашага часу i развiваецца далей у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мода на валёнкi сярод вяскоўцаў (не кажучы ўжо пра гараджан) практычна знiкла ў канцы мiнулага стагоддзя. Да нядаўняга часу хiба толькi састарэлыя люд
|
|